Лукаша 12 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Тым часам, калі сабраліся тысячы людзей, так што цяснілі адзін аднаго, Ён пачаў гаварыць спачатку вучням сваім: «Сцеражыцеся закваскі крывадушнасці фарысейскай.
Тым часам, калі сабра́ліся многія тысячы людзей, так што цíснулі адзін аднаго́, Ён пачаў гаварыць найпе́рш вучням Сваім: сцеражы́цеся заква́скі фарысейскай, гэта значыць крываду́шнасці.
Няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і патаемнага, што б не стала вядомым.
Няма нічога схава́нага, што не адкры́ецца, і тае́мнага, што не ста́не вядо́мым;
Таму ўсё, што вы сказалі ў цемры, будзе пачута пры святле, і што сказалі на вуха ў пакоях, будзе абвешчана на дахах.
таму ўсё, што казалі вы ў це́мры, пры святле пачу́та будзе; і што́ вы прамо́вілі на вуха ў пакоі, будзе абве́шчана на да́хах.
Кажу ж вам, маім сябрам: не бойцеся тых, хто забівае цела, а потым не можа нічога больш зрабіць.
Кажу ж вам, сябра́м Маім: не бойцеся тых, што забіва́юць це́ла і пасля́ гэтага нічога больш не могуць зрабіць;
Я пакажу вам, каго трэба баяцца: бойцеся таго, хто, забіўшы, мае ўладу ўкінуць у геену; сапраўды кажу вам, яго бойцеся.
але ўкажу́ вам, каго баяцца: бойцеся таго, хто, забіўшы, ма́е ўладу ўкíнуць у гее́ну; так, кажу вам, яго бойцеся.
Ці ж не пяць вераб’ёў прадаецца за два асы? І ніводзін з іх не забыты перад Богам.
Ці не пяць вераб’ёў прадаю́цца за два аса́рыí і ніводзін з іх не забы́ты перад Богам.
А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Не бойцеся, вы вартыя больш за мноства вераб’ёў.
А ў вас і валасы́ на галаве ўсе палíчаны. Таму не бойцеся: вы больш ва́ртыя, чым мноства вераб’ёў.
Кажу вам: кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, прызнае і Сын Чалавечы перад анёламі Божымі.
Гавару ж вам: кожнага, хто вы́знае Мяне перад людзьмí, таго і Сын Чалавечы вы́знае перад Ангеламі Божымі;
А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, той будзе адрынуты перад анёламі Божымі.
а хто адрачэ́цца ад Мяне перад людзьмí, той адры́нуты будзе перад Ангеламі Божымі.
Кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, будзе адпушчана; але таму, хто блюзнерыць супраць Духа Святога, не будзе адпушчана.
І кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, дарава́на будзе; а хто будзе блюзне́рыць на Духа Святога, таму не будзе дарава́на.
Калі павядуць вас у сінагогі, да кіраўнікоў і ўлад, не турбуйцеся, што ці як адказваць у абарону ці што сказаць,
Калі ж прывяду́ць вас у сінагогі, і да начальства, і да ўлад, не турбуйцеся, я́к ці што́ адказа́ць, альбо што́ гаварыць;
бо Дух Святы навучыць вас у тую гадзіну, што трэба сказаць».
бо Святы Дух наву́чыць вас у тую гадзíну, што́ трэба каза́ць.
Нехта з натоўпу сказаў Яму: «Настаўнік, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай».
І сказаў Яму нехта з народу: Настаўнік! скажы брату майму, каб ён раздзялíў са мною спа́дчыну.
Але Ён адказаў яму: «Чалавеча, хто паставіў Мяне над вамі суддзёю або пасрэднікам?»
Ён жа сказаў яму: чалавеча, хто Мяне паставіў судзíць або дзялíць вас?
І сказаў ім: «Глядзіце, сцеражыцеся ўсялякай прагнасці, бо нават калі хтосьці мае дастатак, жыццё яго не залежыць ад ягонай маёмасці».
І сказаў ім: глядзíце, захо́ўвайце сябе ад хцíвасці, бо нічыё жыццё не зале́жыць ад празме́рнай яго маёмасці.
І расказаў ім прыпавесць: «У аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле.
І расказаў ім прытчу, гаворачы: у аднаго багатага чалавека добра ўрадзíла зямля;
І ён разважаў сам-насам: “Што мне рабіць? Няма куды мне сабраць ураджай мой”.
і ён разважа́ў, сам сабе ка́жучы: што́ мне рабіць? не ма́ю куды сабраць свой ураджай.
І сказаў: “Вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і збяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё.
І сказаў: вось што зраблю: разбяру́ свíрны мае́ і бо́льшыя збудую, і збяру́ туды ўсе плады́ свае і ўсё дабро сваё;
І скажу душы маёй: Душа, шмат дабра ў цябе ляжыць на многія гады. Адпачывай, еш, пі і весяліся”.
і скажу душы́ сваёй: душа́! маеш многа дабра́, на многія гады́ скла́дзенага — адпачыва́й, еж, пі, весяліся.
Але Бог сказаў яму: “Неразумны! Гэтай жа ноччу забяруць душу тваю ў цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?”
А Бог сказаў яму: неразу́мны! у гэтую ноч душу́ тваю забяру́ць ад цябе; а тое, што ты назапа́сіў, каму даста́нецца?
Так бывае з тым, хто збірае сабе скарбы, а не багацее перад Богам».
Так бывае з тым, хто збірае ска́рбы для сябе, а не ў Бога багаце́е.
І сказаў сваім вучням: «Таму кажу вам: не турбуйцеся аб сваім жыцці, што будзеце есці, і пра цела, у што апранацца.
І сказаў вучням Сваім: дзе́ля таго кажу вам: не турбу́йцеся для душы́ вашай, што будзеце есці, ні для це́ла, у што апра́нецеся;
Бо жыццё важнейшае за ежу, а цела — за вопратку.
душа́ больш значыць за ежу, а це́ла за адзе́нне.
Паглядзіце на крумкачоў: яны не сеюць і не жнуць, не маюць ні сховішчаў, ні засекаў, а Бог корміць іх. Наколькі ж вы больш каштоўныя за птушак.
Паглядзíце на воранаў: яны не сеюць, не жнуць, няма ў іх ні камо́ры, ні жы́тніцы, і Бог корміць іх. Наколькі ж вы ле́пшыя за птушак!
І хто з вас, турбуючыся, можа дадаць да свайго росту хоць бы локаць?
І хто з вас, турбу́ючыся, можа падо́ўжыць свой век хоць на адзін локаць?
Дык калі вы не можаце зрабіць нават дробнай справы, чаму турбуецеся пра астатняе?
Дык вось, калі і найме́ншага не мо́жаце, чаго пра іншае турбу́ецеся?
Паглядзіце на палявыя кветкі, як растуць. Яны не працуюць і не ткуць. Але кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх.
Паглядзíце на ліле́і, як яны расту́ць: не працу́юць, не праду́ць; але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй так не апрана́ўся, як кожная з іх.
І калі палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, то наколькі ж больш вас, малаверныя.
Калі ж траву, якая сёння ў полі, а заўтра ў печ будзе ўкíнутая, Бог убірае так, то тым болей вас, малаве́ры!
І вы не шукайце, што вам есці і што піць, і не турбуйцеся.
І вы не шука́йце, што́ вам есці, ці што́ піць, і не клапацíцеся,
Бо усяго гэтага шукаюць людзі гэтага свету. Айцец ваш ведае, што вам патрэбна.
бо ўсяго гэтага шука́юць народы свету; Айцец жа ваш ведае, што вы ма́еце патрэ́бу ў гэтым;
Шукайце найперш Яго Валадарства, і гэта дадасца вам.
шукайце толькі Царства Божага, і гэта ўсё дада́сца вам.
Не бойся, малы статак, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам Валадарства.
Не бойся, мало́е ста́да! бо Айцец ваш меў ласку даць вам Царства.
Прадайце, што маеце, і дайце міласціну. Зрабіце сабе торбы, якія не нішчацца, скарб бязмежны ў нябёсах, куды злодзей не пранікне і дзе моль не знішчыць.
Прадайце маёмасць вашую і разда́йце як мíласціну. Рыхту́йце сабе мяхí, якія не зно́шваюцца, скарб невычэ́рпны на нябёсах, куды злодзей не набліжа́ецца і дзе моль не знішча́е;
Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.
бо дзе скарб ваш, там і сэ́рца ваша будзе.
Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя;
Няхай будуць паяснíцы вашыя падпераза́нымі і свяцíльнікі запа́ленымі;
а вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму.
а вы — падобнымі да людзей, што чакаюць гаспадара́ свайго, калі ён ве́рнецца з вяселля, каб, як пры́йдзе і пасту́кае, адразу адчынíць яму.
Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе. Сапраўды кажу вам, што ён падпяражацца і пасадзіць іх, і, падышоўшы, пачне служыць ім.
Блажэ́нныя рабы́ тыя, якіх, прыйшо́ўшы, гаспадар заста́не нядрэ́мнымі; праўду кажу вам: падперажэ́цца ён і паса́дзіць іх за стол, і, падышо́ўшы, будзе прыслу́жваць ім.
І калі ў другую і ў трэцюю варту прыйдзе і застане іх за гэтым, то шчаслівыя яны.
І калі пры́йдзе ў другую ва́рту, і калі ў трэцюю ва́рту пры́йдзе, і заста́не іх такімі, то блажэ́нныя рабы́ тыя.
Ведайце, што калі б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не дазволіў бы ўварвацца ў дом свой.
Вось што ведайце: калі б гаспадар дома ведаў, у які час пры́йдзе зло́дзей, то не спаў бы і не дазволіў бы падкапа́ць дом свой;
І вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы».
будзьце ж і вы гатовы, бо ў час, пра які не думаеце, Сын Чалавечы пры́йдзе.
Тады сказаў Пётр: «Пане, гэтую прыпавесць расказваеш нам ці таксама ўсім?»
Тады сказаў Яму Пётр: Госпадзі! нам прытчу гэтую гаворыш, ці ўсім?
Пан сказаў: «Хто ж верны і разумны эканом, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі даваць ім у свой час меру хлеба?
А Гасподзь сказаў: хто ж ёсць верны домаўпра́ўнік і му́дры, якога паставіць гаспадар над слу́гамі сваімі, каб даваў ім у свой час ме́ру хле́ба?
Шчаслівы той слуга, якога гаспадар ягоны, калі прыйдзе, застане, што ён так робіць.
Блажэ́нны раб той, якога гаспадар яго, прыйшоўшы, заста́не, што ён робіць так;
Праўду кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёй паставіць яго.
праўду кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёю паставіць яго.
Калі ж гэты слуга ў сэрцы сваім скажа: “Не хутка гаспадар мой прыйдзе”, і пачне біць слугаў і служанак, есці, піць і ўпівацца,
Калі ж скажа раб той у сэ́рцы сваім: «не хутка гаспадар мой пры́йдзе», і пачне́ біць слуг і служанак, есці і піць, і напіва́цца, —
то прыйдзе гаспадар слугі гэтага ў дзень, калі ён не чакае, і ў гадзіну, аб якой не ведае. Адлучыць яго і вызначыць яму лёс з нявернымі.
пры́йдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзíну, якой ён не ведае, і рассячэ́ яго напала́м, і вы́значыць яму адзін лёс з няве́рнымі.
А той слуга, які ведаў волю гаспадара свайго, але не быў гатовы і не рабіў паводле волі яго, будзе моцна пабіты.
Той раб, які ведаў волю гаспадара́ свайго і не падрыхтава́ўся і не зрабіў па волі яго, будзе бíты многа;
Той жа, які не ведаў і зрабіў вартае пакарання, будзе пабіты мала. З кожнага, каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат; і каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць.
а той, які не ведаў, але зрабіў нешта ва́ртае пакара́ння, будзе бíты ма́ла. З кожнага, каму да́дзена многа, многа будзе спагна́на з яго, і каму дару́чана многае, бо́льшага будуць патрабава́ць ад яго.
Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся!
Агонь прыйшоў Я зве́сці на зямлю́, і як хачу Я, каб ён ужо загарэ́ўся!
Хростам павінен Я ахрысціцца і як жа пакутую, пакуль гэта не споўніцца!
Хрышчэ́ннем ма́ю Я быць ахры́шчаны, і як Я тамлю́ся, пакуль гэта не здзе́йсніцца!
Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, хутчэй раздзяленне.
Вы думаеце, што Я прыйшоў даць мір на зямлí не, кажу вам, а хутчэй раздзяле́нне;
Бо з гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзеленыя, трое супраць дваіх і двое супраць траіх.
бо ад гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць раздзе́леныя: трое су́праць двух і двое су́праць трох;
Бацька будзе супраць сына, і сын супраць бацькі, маці супраць дачкі, і дачка супраць маці, свякроў супраць нявесткі сваёй, і нявестка супраць свекрыві».
раздзе́ляцца: бацька су́праць сы́на, і сын су́праць ба́цькі; маці су́праць дачкí, і дачка́ су́праць маці; свякроў су́праць нявесткі сваёй, і нявестка су́праць свекрывí сваёй.
І сказаў натоўпу: «Калі бачыце хмару, якая падымаецца з захаду, адразу кажаце: “Дождж будзе”, і так адбываецца.
Гаварыў Ён і народу: калі вы бачыце, што хмара падыма́ецца з за́хаду, адразу ка́жаце: «будзе дождж», і бывае так;
А калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце: “Спякота будзе”, і так адбываецца.
і калі дзьме паўднёвы вецер, ка́жаце: «будзе спёка», і бывае.
Крывадушныя, аблічча зямлі і неба распазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаеце?
Крываду́шнікі! аблíчча зямлí і неба распазнава́ць уме́еце, як жа часу гэтага не распазнаяце́?
Чаму ж вы і па саміх сабе не судзіце, што слушнае?
Чаму ж вы і самі па сабе не су́дзіце, што́ правільнае?
Калі ідзеш з праціўнікам тваім да кіраўніка, то па дарозе пастарайся пагадніцца з ім, каб ён не прывёў цябе да суддзі, а суддзя не аддаў цябе дазорцу, а дазорац не ўкінуў цябе ў вязніцу.
Бо калі ты ідзеш з працíўнікам сваім да нача́льніка, то па дарозе пастарайся пазба́віцца ад яго, каб ён не пацягну́ў цябе да суддзí, а суддзя́ не аддаў цябе пры́ставу, а пры́стаў не кінуў цябе ў цямнíцу;
Кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняй лепты».
кажу табе: не вы́йдзеш адтуль, пакуль не аддасí і апошняга гро́ша.