Лукаша 6 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

У шабат Езус праходзіў праз збожжа, а вучні Ягоныя зрывалі каласы і елі, расціраючы рукамі.
 
І давялося Яму ў суботу, першую па другім дні Пасхі, прахо́дзіць пасе́вамі, і вучні Яго зрыва́лі каласы і елі, расціра́ючы рука́мі.

Некаторыя ж з фарысеяў казалі: «Чаму вы робіце тое, што не дазволена ў шабат?»
 
Некато́рыя ж з фарысеяў сказалі ім: чаму вы робіце тое, што не дазво́лена рабіць па суботах?

Тады Езус сказаў ім у адказ: «Хіба не чыталі вы, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, хто быў з ім?
 
І сказаў ім Іісус у адказ: хіба́ вы не чыталі, што́ зрабіў Давід, калі згалада́ўся сам і тыя, што былí з ім?

Як увайшоў у дом Божы, узяў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці нікому, акрамя святароў, з’еў сам і даў тым, хто быў з ім».
 
як увайшоў ён у дом Божы і ўзяў хлябы́ выстаўле́ння, якіх не дазво́лена было́ есці нікому, а толькі адным святарам, і еў, і даў тым, што з ім былí.

І сказаў ім: «Сын Чалавечы — гаспадар шабату».
 
І казаў ім: Сын Чалавечы ёсць гаспада́р і суботы.

У іншы шабат Ён увайшоў у сінагогу і навучаў. А быў там чалавек з усохлай правай рукой.
 
Давялося і ў другую суботу ўвайсці Яму ў сінагогу і вучы́ць; і быў там чалавек, і правая рука ў яго была́ сухая.

А кніжнікі і фарысеі сачылі за Езусам, ці Ён лечыць у шабат, каб знайсці, у чым абвінаваціць Яго.
 
Кніжнікі і фарысеі сачылі за Ім, ці не ацалíць Ён у суботу, каб знайсці абвінава́чанне су́праць Яго.

Ён жа, ведаючы думкі іхнія, сказаў чалавеку з усохлай рукой: «Падыміся і стань пасярэдзіне». Той падняўся і стаў.
 
Але Ён ведаў по́мыслы іх і сказаў чалавеку, які меў сухую руку́: падыміся і стань пасярэ́дзіне. І той, падняўшыся, стаў.

Тады Езус сказаў ім: «Я пытаюся ў вас, ці дазволена ў шабат рабіць дабро або рабіць зло; уратаваць жыццё ці загубіць?»
 
Іісус жа сказаў ім: спытаюся Я ў вас: што́ дазволена рабіць па суботах — дабро рабіць ці зло рабіць? душу́ ўратава́ць ці загубíць? Яны ж маўчалі.

І, паглядзеўшы на іх усіх, сказаў таму: «Працягні руку сваю». Той так і зрабіў; і выздаравела рука ягоная.
 
І, паглядзе́ўшы на ўсіх іх, сказаў яму: працягнí руку́ тваю. І ён зрабіў так, і стала рука яго здаровай, як другая.

А яны напоўніліся лютасцю і гаварылі між сабою, што б зрабіць з Езусам.
 
Яны ж перапоўніліся шале́нствам і гаварылі між сабою, што́ ім рабіць з Іісусам.

У тыя дні Ён узышоў на гару памаліцца і правёў усю ноч у малітве да Бога.
 
І сталася ў тыя дні: выйшаў Ён на гару памаліцца і правёў усю ноч у малітве да Бога.

Калі настаў дзень, паклікаў сваіх вучняў і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі:
 
А калі настаў дзень, паклíкаў вучняў Сваіх і вы́браў з іх двана́ццаць, якіх і назваў Апосталамі:

Сымона, якога назваў Пятром, Андрэя, брата ягонага, Якуба і Яна, Філіпа і Барталамея,
 
Сíмана, якога і назваў Пятром, і Андрэя, брата яго, Іакава і Іаана, Філіпа і Варфаламе́я,

Мацвея і Тамаша, Якуба Алфеевага і Сымона, якога называлі Зелотам,
 
Матфея і Фаму́, Іакава Алфе́евага і Сíмана, называнага Зіло́там,

Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, які стаў здраднікам.
 
Іуду Іа́кавага і Іуду Іскарыёта, які і стаў прада́жнікам.

Калі сышоў з імі ўніз і стаў на раўніне, вялікі натоўп вучняў Ягоных і вялікае мноства людзей з Юдэі і Ерузалема, з узбярэжжа Тыра і Сідона
 
І, спусцíўшыся з імі, стаў Ён на роўным ме́сцы і многа вучняў Яго і вялікае мноства людзей з усёй Іудзеі і Іерусаліма, і ўзбярэ́жжа Ты́рскага і Сідонскага,

прыйшлі паслухаць Яго і аздаравіцца ад сваіх хваробаў. І тыя, хто цярпеў ад нячыстых духаў, вылечваліся.
 
што прыйшлі паслухаць Яго і ацалíцца ад хвароб сваіх, таксама і тыя, што паку́тавалі ад духаў нячыстых; і ацаля́ліся.

Усе людзі імкнуліся дакрануцца да Яго, таму што сіла сыходзіла ад Яго і вылечвала ўсіх.
 
І ўсе людзі імкну́ліся дакрану́цца да Яго, бо сіла ад Яго сыходзіла і ацаля́ла ўсіх.

А Ён, узняўшы вочы свае на вучняў сваіх, сказаў:«Шчаслівыя ўбогія, бо ваша ёсць Валадарства Божае.
 
І Ён, узвёўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, гаварыў: блажэ́нныя ўбогія духам, бо ваша ёсць Царства Божае.

Шчаслівыя, якія цяпер галадаеце, бо насычаны будзеце.Шчаслівыя, якія цяпер плачаце, бо смяяцца будзеце.
 
Блажэ́нныя галодныя цяпер, бо насы́ціцеся. Блажэ́нныя, хто плача цяпер, бо засмеяце́ся.

Шчаслівыя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі і калі адрынуць вас, будуць зневажаць і адкінуць імя вашае як зло з-за Сына Чалавечага.
 
Блажэ́нныя вы, калі ўзненавíдзяць вас людзі і калі адлу́чаць вас, і зга́ньбяць, і вы́кінуць імя́ ваша як зло, за Сына Чалавечага.

Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў небе. Бо так паступалі з прарокамі айцы іхнія.
 
Узрадуйцеся ў той дзень і ўзвесялíцеся, бо вось узнагарода ваша вялікая на небе. Таму што гэтак рабілі прарокам бацькí іх.

Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэнне!
 
Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атры́мліваеце ўце́ху вашу.

Гора вам, хто цяпер сыты, бо галадаць будзеце!Гора вам, хто цяпер смяецца, бо смуткаваць і плакаць будзеце!
 
Гора вам, перасы́чаныя цяпер, бо голад зазна́еце. Гора вам, хто смяе́цца цяпер, бо засмутку́еце і запла́чаце.

Гора вам, калі ўсе людзі будуць добра казаць пра вас! Бо так паступалі з фальшывымі прарокамі айцы іхнія.
 
Гора вам, калі добра будуць гаварыць пра вас усе людзі. Бо так рабілі лжэпрарокам бацькí іх.

Але кажу вам, хто слухае: любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць.
 
А вам, хто слухае, кажу: любíце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, што ненавíдзяць вас,

Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць.
 
благаслаўля́йце тых, што пракліна́юць вас, і малíцеся за тых, што кры́ўдзяць вас.

Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе плашч, не забараняй узяць і кашулю.
 
Таму, хто б’е цябе па шчацэ́, падстаў і другую; а таму, хто забірае ў цябе вопратку, не перашкаджа́й узяць і сарочку.

Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў тваё, не дамагайся звароту.
 
Кожнаму, хто просіць у цябе, дай; і ў таго, хто забірае тваё, не патрабуй назад.

Як хочаце, каб рабілі вам людзі, так вы ім рабіце.
 
І як вы хочаце, каб рабілі вам людзі, так і вы ім рабіце.

Калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць.
 
А калі вы лю́біце тых, што лю́бяць вас, якая вам за гэта падзяка́ бо і грэшнікі лю́бяць тых, хто іх лю́біць.

Калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? І грэшнікі робяць тое самае.
 
І калі робіце дабро тым, хто вам робіць дабро, якая вам за гэта падзя́ка? бо і грэшнікі тое самае робяць.

Калі пазычаеце тым, ад каго спадзяецеся атрымаць назад, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць столькі ж.
 
І калі пазыча́еце тым, ад каго спадзеяце́ся атрымаць назад, якая вам за гэта падзя́ка? бо і грэшнікі пазыча́юць грэшнікам, каб атрымаць назад столькі ж.

Але вы любіце ворагаў вашых, рабіце дабро і пазычайце, не чакаючы нічога ўзамен, а ўзнагарода вашая будзе вялікая, і будзеце вы сынамі Найвышэйшага, бо Ён ласкавы да няўдзячных і да злых.
 
Але вы любíце ворагаў вашых, і дабро рабíце, і пазыча́йце, ні на што не спадзеючы́ся; і будзе ўзнагаро́да ваша вялікай, і будзеце сына́мі Усявы́шняга; бо Ён добры і да няўдзя́чных і злых.

Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны.
 
Дык вось, будзьце міласэ́рныя, як і Айцец ваш міласэ́рны.

Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам.
 
Не судзíце, і вас не будуць судзíць; і не асуджа́йце, і не будзеце асу́джаны; прабача́йце, і вам праба́чаць;

Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана».
 
давайце, і вам будзе да́дзена: ме́ру добрую, шчы́льна накла́дзеную, утрэ́сеную, перапо́ўненую дадуць вам у прыпо́л; бо якою ме́раю ме́раеце, такою і вам адме́раецца.

І расказаў ім такую прыпавесць: «Хіба можа сляпы вадзіць сляпога? Ці ж не зваляцца абодва ў яму?
 
Сказаў ім таксама прытчу: хіба́ можа сляпы сляпога вадзíць? ці не абодва ў яму ўпаду́ць?

Вучань не большы за настаўніка. Але кожны добра падрыхтаваны стане такім, як яго настаўнік.
 
Вучань не вышэйшы за настаўніка свайго, але, удаскана́ліўшыся, кожны будзе, як настаўнік яго.

Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш?
 
Што ж ты глядзіш на парушы́нку ў воку брата твайго, а бервяна́ ў сваім воку не заўважа́еш?

Як ты можаш казаць брату свайму: “Браце, дай, я выму шчэпку з вока твайго”, калі сам не бачыш бервяна ў сваім воку? Крывадушнік, спачатку вымі бервяно са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць шчэпку з вока твайго брата.
 
Альбо, як можаш казаць брату твайму: бра́це, дай, я вы́му парушы́нку з вока твайго, — калі сам бервяна́ ў воку тваім не бачыш. Крываду́шнік, вы́мі перш бервяно з твайго вока, і тады ўбачыш, як вы́няць парушы́нку з вока брата твайго.

Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод.
 
Бо няма добрага дрэва, якое б радзíла кепскі плод, няма і кепскага дрэва, якое б радзíла добры плод.

Бо кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе; не збіраюць з церняў смоквы, а з куста ажын не збіраюць вінаграду.
 
Бо ўсякае дрэва па сваім пло́дзе пазнае́цца: бо з калючых кустоў не збіраюць смокваў і з цярно́ўніку не здымаюць вінаграду.

Добры чалавек выносіць з добрага скарбу сэрца дабро, а дрэнны чалавек з дрэннага сэрца выносіць зло, бо пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны ягоныя.
 
Добры чалавек з добрай ска́рбніцы сэ́рца свайго выно́сіць добрае, а ліхí чалавек з ліхо́й ска́рбніцы сэрца свайго выно́сіць ліхо́е; бо ад перапо́ўненасці сэ́рца гавораць ву́сны яго.

Што вы клічаце Мяне: “Пане, Пане”, а не выконваеце таго, што Я кажу?
 
Што́ ж клíчаце Мяне: «Госпадзі, Госпадзі!», а не робіце таго, што Я кажу?

Я пакажу вам, да каго падобны кожны, хто прыходзіць да Мяне, слухае Маё слова і выконвае яго.
 
Кожны, хто прыхо́дзіць да Мяне і слухае словы Мае́ і выко́нвае іх, пакажу вам, да каго падо́бны.

Ён падобны да чалавека, які, будуючы дом, глыбока выкапаў і заклаў падмурак на скале. Калі здарылася паводка, паток хлынуў на гэты дом, аднак не змог пахіснуць яго, таму што ён быў добра збудаваны.
 
Ён падо́бны да чалавека, які, буду́ючы дом, капа́ў і паглы́біўся і закла́ў падму́рак на ка́мені; калі ж зда́рылася разво́ддзе, нахлы́нула рака́ на дом той і не змагла́ пахісну́ць яго, бо ён быў закла́дзены на ка́мені.

А той, хто слухае і не выконвае, падобны да чалавека, які збудаваў дом на зямлі без падмурка. Паток хлынуў на яго, і ён адразу абваліўся, і вялікае было падзенне гэтага дому».
 
А хто пачуў і не вы́канаў, той падо́бны да чалавека, які збудава́ў дом на зямлі без падму́рка; калі ж нахлы́нула на яго рака́, адразу ён абвалíўся і было разбурэ́нне дома таго вялікае.