Лукаша 7 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2017
Калі скончыў сваю прамову да народу, увайшоў у Кафарнаум.
А калі напоўніў Ён Сваімі словамі вушы людзей, што слухалі Яго, накіраваўся ў Кафарнаўм.
У аднаго ж сотніка захварэў і быў пры смерці слуга, якім ён даражыў.
А ў аднаго сотніка быў паслугач, які быў яму вельмі дарагі, моцна хворы і пры смерці.
Пачуўшы пра Езуса, ён паслаў да Яго юдэйскіх старэйшын, каб папрасілі Яго прыйсці і аздаравіць ягонага слугу.
І, калі пачуў ён пра Ісуса, паслаў да Яго старэйшын юдэйскіх, просячы Яго, каб прыйшоў і аздаравіў паслугача яго.
Тыя прыйшлі да Езуса і настойліва прасілі Яго, кажучы: «Ён варты, каб Ты зрабіў яму гэта,
Калі яны прыйшлі да Ісуса, пераканаўча прасілі Яго, кажучы: «Варты ён, каб гэта яму зрабіў,
бо ён любіць наш народ і нават пабудаваў нам сінагогу».
бо ён любіць наш народ, і пабудаваў нам сінагогу».
І Езус пайшоў з імі. А калі Ён быў ужо недалёка ад дому, сотнік паслаў сяброў сказаць Яму: «Пане, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой.
Дык Ісус пайшоў з імі. А калі ўжо быў недалёка ад дома, паслаў сотнік сяброў сказаць Яму: «Госпадзе, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой,
Таму я не палічыў сябе вартым прыйсці да Цябе. Але скажы слова, і будзе аздароўлены слуга мой.
бо лічу, што і сам я не варты прыйсці да Цябе; але скажы слова, і паздаравее паслугач мой.
Бо і я чалавек падуладны, сам маю ў падначаленні жаўнераў, і кажу аднаму: “Ідзі”, і ідзе; а другому: “Прыйдзі”, і прыходзіць; а слугу майму: “Зрабі тое”, і робіць».
Бо і я — чалавек, пастаўлены пры ўладзе, маю пад сабой жаўнераў і кажу аднаму: “Ідзі”, і ён ідзе, а другому: “Прыйдзі”, і ён прыходзіць, і паслугачу свайму: “Рабі гэта”, і ён робіць».
Пачуўшы гэта, Езус дзівіўся яму і, павярнуўшыся да натоўпу, які ішоў за Ім, сказаў: «Кажу вам: нават у Ізраэлі Я не знайшоў такой вялікай веры!»
Ісус, пачуўшы гэта, падзівіўся на яго ды, звярнуўшыся да тых, што ішлі за Ім у натоўпе, сказаў: «Кажу вам, не знайшоў я такой веры ў Ізраэлі!»
Калі ж пасланцы вярнуліся дадому, яны засталі слугу здаровым.
І тыя, што былі адпраўлены дамоў, калі вярнуліся, знайшлі слугу здаровым.
На наступны дзень Езус пайшоў у горад, які называўся Наін, і разам з Ім ішлі вучні Ягоныя і вялікі натоўп.
І сталася пасля: адышоў у горад, які называецца Наін, і з Ім ішлі многія вучні Яго ды вялікі натоўп людзей.
Калі ж Ён наблізіўся да гарадской брамы, выносілі з яе памерлага, адзінага сына ў маці, якая была ўдавою. Шмат людзей з горада ішло разам з ёю.
А калі падыходзіў да брамы горада, якраз выносілі нябожчыка, адзінага сына маці сваёй, якая была ўдавой, ды мноства людзей з горада з ёю.
Убачыўшы яе, Пан злітаваўся над ёю і сказаў: «Не плач!»
Калі ўбачыў яе Госпад, пашкадаваў яе ды сказаў ёй: «Не плач!»
І, падышоўшы, дакрануўся да насілак. Тыя, хто нёс, спыніліся, а Ён сказаў: «Хлопча, кажу табе, устань!»
І падышоў і дакрануўся да труны; а тыя, што неслі, спыніліся. І гаворыць: «Юнача, кажу табе, устань!»
Мёртвы сеў і пачаў гаварыць. І аддаў яго Езус маці ягонай.
І сеў той, які быў мёртвы, і пачаў гаварыць, і аддаў яго маці яго.
Усіх жа ахапіў страх, і славілі Бога, кажучы: «Вялікі прарок паўстаў сярод нас» і: «Бог наведаў свой народ».
Дык усіх ахапіў страх і славілі Бога, кажучы: «Вялікі прарок паўстаў сярод нас» ды: «Бог наведаў народ Свой».
Так разышлася гэтая навіна пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсёй ваколіцы.
І разнесліся словы гэтыя пра Яго па ўсёй Юдэі і па ўсім наваколлі.
І расказалі Яну вучні яго пра ўсё гэта.
І паведамілі Яну яго вучні пра ўсё гэта.
Паклікаўшы дваіх з вучняў сваіх, Ян паслаў іх да Пана спытацца: «Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?»
Дык Ян паклікаў двух сваіх вучняў і паслаў іх да Ісуса, кажучы: «Ці Ты — Той, Які мае прыйсці, ці нам чакаць другога?»
Калі яны прыйшлі да Езуса, сказалі: «Ян Хрысціцель паслаў нас да Цябе спытацца: “Ці Ты той, які мае прыйсці, ці чакаць нам іншага?”»
Як толькі яны прыйшлі да Яго, сказалі: «Ян Хрысціцель паслаў нас да Цябе, кажучы: “Ці Ты — Той, Які мае прыйсці, ці нам чакаць другога?”»
У той самы час Езус шмат каго вылечыў ад хвароб, немачаў і ад злых духаў і многіх сляпых адарыў зрокам.
А ў гэты час Ісус аздаравіў многіх ад хвароб, і ад пакут, і ад ліхіх духаў ды многім сляпым даў зрок.
І Ён сказаў ім у адказ: «Ідзіце, раскажыце Яну, што вы бачылі і чулі: сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна.
І, адказваючы, сказаў ім Ісус: «Ідзіце і абвясціце Яну тое, што вы бачылі і чулі: сляпыя бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, убогя дабравесцяць;
І шчаслівы той, хто не спакусіцца праз Мяне».
і шчасныя тыя, што з Мяне не згоршацца».
Калі ж пасланцы Яна адышлі, Ён пачаў гаварыць народу пра Яна: «На што выйшлі вы ў пустыню глядзець? На трысціну, якую вецер хістае?
І, калі адышліся пасланцы Яна, пачаў Ён казаць пра Яна да народа: «Што вы выйшлі глядзець у пустыню? Ці трысціну, якую вецер калыша?
На што ж вы выйшлі глядзець? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Тыя, хто багата апранаецца і раскошна жыве, знаходзяцца ў каралеўскіх палацах.
Ды што выйшлі пабачыць? Мо чалавека, што апрануты ў мяккія шаты? Вось, тыя, што ў багатых шатах ды ў раскошы, у дамах царскіх жывуць.
На што выйшлі вы глядзець? На прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым на прарока.
Дык што вы выйшлі пабачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока.
Гэта той, пра каго напісана: “Вось пасылаю анёла Майго перад Табою,які падрыхтуе дарогу Тваю перад Табою”.
Ён той, аб кім напісана: “Вось жа, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які прыгатуе дарогу Тваю перад Табою”.
Кажу вам: сярод народжаных жанчынамі няма нікога большага за Яна. Але найменшы ў Валадарстве Божым большы за яго».
Бо кажу вам: паміж народжаных жанчынамі няма прарока большага за Яна Хрысціцеля, але найменшы ў Валадарстве Божым большы за яго».
Увесь народ, які слухаў яго, і мытнікі прызналі справядлівым Бога і ахрысціліся Янавым хростам.
І ўвесь народ, які Яго чуў, і мытнікі славілі справядлівасць Божую, хрысцячыся хростам Янавым.
А фарысеі і кніжнікі адкінулі волю Божую адносна сябе і не прынялі хросту ад яго.
Фарысеі ж і заканазнаўцы адкінулі волю Божую аб сабе і не прынялі хросту ад яго.
А Ён працягваў: «З кім параўнаю людзей гэтага пакалення? Да каго яны падобныя?
Тады Госпад сказаў: «З кім мог бы параўнаць Я гэтае пакаленне людзей і да каго яны падобны?
Яны падобныя да дзяцей, што сядзяць на рынку і аклікаюць адны другіх, кажучы: “Мы гралі вам на жалейцы, а вы не танцавалі,мы спявалі журботныя песні, а вы не плакалі!”
Яны падобны да дзяцей, што сядзяць на рынку і кажуць адны да адных: “Мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі, спявалі сумныя песні, а вы не плакалі”.
Прыйшоў Ян Хрысціцель, які не еў хлеба і не піў віна, а вы кажаце: “У ім злы дух!”
Прыйшоў Ян Хрысціцель, які хлеба не еў і віна не піў, — і вы кажаце: “Дэмана мае”.
Прыйшоў Сын Чалавечы, які есць і п’е, а вы кажаце: “Гэты чалавек абжора і п’яніца, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў!”
Прыйшоў Сын Чалавечы, Які есць і п’е, і вы кажаце: “Вось чалавек, абжора і п’яніца, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў”.
І была апраўдана мудрасць усімі дзецьмі сваімі».
І апраўдана мудрасць усімі яе сынамі».
Адзін з фарысеяў запрасіў Езуса паесці з ім. І Ён, увайшоўшы ў дом фарысея, заняў месца за сталом.
Адзін фарысей запрасіў Яго да сябе паесці разам з ім; і Ён, увайшоўшы ў дом фарысея, узлёг.
І вось, жанчына, якая была грэшніцай у горадзе, даведаўшыся, што Ён заняў месца за сталом у доме фарысея, прынесла алебастравы флакон міра
І вось, адна жанчына, што была ў горадзе грэшніцай, як даведалася, што Ён узлягае пры стале ў доме фарысея, прынесла алябастравую пасудзіну алейку,
і, стоячы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя слязьмі і валасамі сваёй галавы выцірала і цалавала ногі Яму, і намашчвала мірам.
ды, стаўшы ззаду каля ног Яго, пачала, плачучы, слязамі абліваць ногі Яго і абцірала валасамі сваёй галавы, ды цалавала ногі Яго і намашчала іх алейкам.
Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: «Калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто гэта жанчына, якая дакранаецца да Яго, што яна грэшніца».
Бачачы гэта, фарысей, што запрасіў Яго, падумаў, кажучы ў душы сваёй: «Каб Ён быў прарокам, ведаў бы, што гэта за жанчына, якая датыкаецца да Яго, бо яна — грэшніца».
Езус сказаў яму ў адказ: «Сымон, Я хачу нешта сказаць табе». Той прамовіў: «Скажы, Настаўнік».
І, адказваючы, сказаў яму Ісус: «Сімоне, маю табе нешта сказаць». А ён гаворыць: «Настаўнік, кажы».
«У аднаго пазыкадаўцы былі два даўжнікі. Адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі — пяцьдзясят.
«Нейкі пазычальнік меў двух даўжнікоў: адзін быў яму пяцьсот дынараў вінаваты, а другі — пяцьдзесят.
Паколькі не мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык хто з іх больш палюбіць яго?»
Але як не мелі з чаго аддаць, дараваў ім абодвум. Дык скажы, які з іх больш удзячны яму?»
Сымон адказаў: «Думаю, той, каму больш даравана». Ён сказаў яму: «Ты правільна разважыў».
Сімон, адказваючы, сказаў: «Думаю, што той, якому болей дараваў». А Ён сказаў яму: «Добра ты рассудзіў».
І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: «Бачыш гэтую жанчыну? Я прыйшоў у твой дом, і ты не даў Мне вады для ног, а яна слязьмі абліла Мае ногі і выцерла сваімі валасамі.
І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сімону: «Бачыш гэтую жанчыну? Увайшоў Я ў дом твой, і ты не падаў Мне вады на ногі; а яна слязамі абмыла ногі Мае і валасамі сваімі абцёрла.
Ты пацалунку Мне не даў, а яна з той хвіліны, калі ўвайшла, няспынна цалуе Мне ногі.
Ты Мне пацалунку не даў; а яна, як Я ўвайшоў, не перастае цалаваць ногі Мае.
Ты галавы Мне алеем не намасціў, а яна мірам намасціла Мне ногі.
Не намасціў ты галавы Маёй; а яна ногі Мае намасціла алейкам.
Дзеля гэтага кажу табе: даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла. А каму мала даруецца, той мала любіць».
Дзеля таго кажу табе: адпускаюцца многія грахі ёй, бо многа ўзлюбіла. А каму менш адпускаецца, той менш і любіць».
А ёй сказаў: «Адпускаюцца табе грахі твае».
Сказаў затым ёй: «Адпускаюцца грахі твае».
І тыя, хто быў за сталом разам з Ім, пачалі казаць самі сабе: «Хто Ён такі, што нават грахі адпускае?»
І тыя, што ўзлягалі разам з Ім, сталі гаварыць між сабой: «Хто Ён, што нават грахі адпускае?»
А Ён сказаў жанчыне: «Вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі!»
Затым сказаў Ісус жанчыне: «Вера твая збавіла цябе, ідзі ў супакоі».