Лукаша 9 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Паклікаўшы Дванаццаць, Езус даў ім сілу і ўладу над усімі злымі духамі, і ўладу лячыць хваробы.
 
Склікаўшы дванаццаць вучняў, Ісус даў ім уладу і магутнасць над усімі дэманамі і каб яны аздараўлялі ад хвароб,

Ён паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць хворых.
 
і паслаў іх прапаведаваць Валадарства Божае і аздараўляць хворых,

Ён сказаў ім: «Нічога не бярыце ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, не майце таксама па дзве вопраткі.
 
і сказаў ім: «Не бярыце нічога ў дарогу: ані кія, ані торбы, ані хлеба, ані грошай, ані дзвюх вопратак.

У які дом увойдзеце, там заставайцеся аж да свайго адыходу.
 
Ды ў які дом увойдзеце, там заставайцеся і адтуль выходзьце ў дарогу.

Калі ж вас нехта не прыме, то, выходзячы з горада таго, абтрасіце пыл з ног вашых на сведчанне супраць іх».
 
І, калі б дзе вас не прынялі, выходзячы з таго горада, пыл абтрасіце з ног вашых на сведчанне супраць іх».

Пайшоўшы, яны праходзілі па вёсках, абяшчаючы Добрую Навіну і аздараўляючы ўсюды.
 
Дык яны, выйшаўшы, абыходзілі вёскі, несучы Добрую Вестку і аздараўляючы ўсюды.

Тэтрарх Ірад пачуў пра ўсё, што здзяйснялася Езусам, і пачаў сумнявацца, бо адны гаварылі, што Ян паўстаў з памерлых,
 
А тэтрарх Ірад пачуў пра ўсё, што адбывалася, і не ведаў, што аб гэтым думаць, бо адны казалі: «Ян уваскрос з мёртвых»,

а другія, што з’явіўся Ілля, іншыя, што ўваскрос нехта з даўніх прарокаў.
 
другія: «Ілля з’явіўся», а трэція: «Адзін з даўнейшых прарокаў уваскрос».

І казаў Ірад: «Яну я адсек галаву; хто ж той, пра каго я чую такое?» І хацеў убачыць Яго.
 
І гаворыць Ірад: «Яну я адсёк галаву; хто ж тады Той, аб Якім я чую такое?» І стараўся пабачыць Яго.

Вярнуўшыся, Апосталы расказалі Езусу ўсё, што зрабілі. Тады Ён узяў іх з сабой і асобна адышоў да горада, званага Бэтсаіда.
 
Апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму пра ўсё, што зрабілі. Дык, узяўшы іх з Сабою, адышоў у пустыннае месца каля горада, які называўся Бэтсайда.

А калі людзі даведаліся, пайшлі за Ім. Ён прыняў іх, гаварыў ім пра Валадарства Божае і аздараўляў тых, каму было патрэбнае аздараўленне.
 
Калі пра гэта даведаліся натоўпы, пайшлі за Ім. І Ён прыняў іх, і прамаўляў ім аб Валадарстве Божым, а тых, што мелі патрэбу ў лячэнні, аздараўляў.

Калі дзень пачаў хіліцца да вечара, падышлі да Яго Дванаццаць і сказалі Яму: «Адпусці людзей, каб яны пайшлі ў навакольныя паселішчы і вёскі, дзе знойдуць начлег і ежу, бо мы тут у пустынным месцы».
 
А дзень пачаў сыходзіць, і, падышоўшы да Яго, дванаццаць сказалі Яму: «Адпусці людзей, каб пайшлі ў пасяленні і вёскі, што навокал, і знайшлі, што паесці, бо тут мы ў пустынным месцы».

Але Ён сказаў ім: «Вы дайце ім есці». Яны сказалі: «У нас няма больш пяці хлябоў і дзвюх рыбін, хіба што пойдзем купім ежы на ўвесь гэты люд».
 
А Ён гаворыць ім: «Вы дайце ім есці». А яны сказалі: «Мы не маем нічога, толькі пяць хлябоў і дзве рыбы, хіба толькі пойдзем і купім ежы на ўвесь гэты натоўп».

Было ж каля пяці тысяч чалавек. Але Ён сказаў вучням сваім: «Загадайце ім сесці групамі па пяцьдзясят чалавек».
 
Бо было іх каля пяці тысяч мужчын. Дык гаворыць Ісус Сваім вучням: «Зрабіце, каб яны паселі радамі па пяцьдзесят».

І зрабілі так, і пасадзілі ўсіх.
 
І яны зрабілі так, і рассадзілі ўсіх.

А Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеў на неба, благаславіў іх і паламаў, і даваў вучням, каб раздавалі людзям.
 
А Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы, зірнуў на неба, і дабраславіў іх, і паламаў, і даваў вучням Сваім, каб яны раздалі людзям.

І елі, і насыціліся ўсе, а рэшты кавалкаў сабрана было дванаццаць кашоў.
 
І елі ўсе, і наеліся; і сабрана было таго, што засталося ў іх, дванаццаць кашоў кавалкаў.

Калі Езус маліўся ў самоце, былі разам з Ім вучні. Ён спытаўся ў іх: «Кім лічаць Мяне людзі?»
 
І сталася, калі Ён адзін маліўся, а з Ім былі вучні, спытаўся Ён у іх, кажучы: «За каго лічаць Мяне людзі?»

Яны сказалі ў адказ: «Янам Хрысціцелем, іншыя — Іллёю, яшчэ іншыя кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос».
 
А яны, адказваючы, сказалі: «За Яна Хрысціцеля, другія — за Іллю, а іншыя кажуць: “Адзін з даўнейшых прарокаў уваскрос”».

Тады Ён спытаўся ў іх: «А вы кім лічыце Мяне?» Пётр, адказваючы, сказаў: «Месіяй Божым».
 
І сказаў Ён ім: «А вы за каго Мяне лічыце?» Адказваючы, сказаў Пётра: «За Хрыста Божага».

Але Ён, забараніўшы ім, загадаў нікому не казаць пра гэта,
 
Ён, аднак, забараніўшы ім, загадаў, каб нікому гэтага не казалі,

кажучы, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець і быць адкінутым старэйшынамі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.
 
кажучы: «Трэба, каб Сын Чалавечы шмат цярпеў і быў адкінуты старэйшынамі, і першасвятарамі, і кніжнікамі, і каб быў забіты, і на трэці дзень уваскрос».

А ўсім сказаў: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною.
 
А ўсім казаў: «Калі хто хоча ісці за Мной, хай адрачэцца ад самога сябе, і возьме крыж свой штодзённы, і ідзе следам за Мною.

Бо, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго. А хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго.
 
А хто б хацеў душу сваю ўратаваць, загубіць яе; а хто загубіць душу сваю за Мяне, выратуе яе.

Бо якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а сябе загубіць ці пашкодзіць сабе?
 
Бо што за карысць чалавеку, калі б увесь свет здабыў, але сябе загубіў або сабе шкоду зрабіў?

Хто ж будзе саромецца Мяне і Маіх словаў, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе сваёй, Айца і святых анёлаў.
 
Бо калі хто пасаромеецца Мяне і слоў Маіх, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй, і Айца, і святых анёлаў.

Праўдзіва кажу вам: некаторыя з тых, хто тут стаіць, не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Валадарства Божага».
 
Сапраўды кажу вам: некаторыя з тых, што тут стаяць, не спазнаюць смерці, перш чым не пабачаць Валадарства Божага».

Пасля гэтых словаў дзён праз восем, узяўшы з сабою Пятра, Яна і Якуба, Ён узышоў на гару памаліцца.
 
І сталася: [амаль] праз восем дзён пасля гэтых слоў Ён узяў з Сабой Пётру, і Яна, і Якуба і ўзышоў на гару, каб памаліцца.

Калі маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся, і адзенне Ягонае стала бліскуча-белым.
 
І сталася, калі маліўся, выгляд аблічча Яго перамяніўся, і адзенне Яго зрабілася бліскуча-белым.

І вось, два мужы размаўлялі з Ім, а былі гэта Майсей і Ілля.
 
І вось, два мужы гаварылі з Ім, а гэта былі Майсей і Ілля,

Яны з’явіліся ў славе і казалі пра Ягоны адыход, які Ён павінен здзейсніць у Ерузалеме.
 
якія, з’явіўшыся ў славе, гаварылі аб Яго зыходзе, які належала Яму здзейсніць ў Ерузаліме.

Пётр і тыя, хто быў разам з ім, былі змораныя сном. Калі ж абудзіліся, убачылі славу Яго і двух мужоў, якія стаялі разам з Ім.
 
Пётра ж і тыя, што з ім, былі змораны сном. А абудзіўшыся, убачылі славу Яго і двух мужоў, якія стаялі з Ім.

А калі яны адыходзілі адтуль, Пётр сказаў Езусу: «Настаўнік, добра нам тут быць. Таму зробім тры шатры: адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі». Не ведаў ён, што кажа.
 
І сталася, калі яны адыходзілі ад Яго, Пётра гаворыць Ісусу: «Вучыцель, добра нам тут быць, зробім тры палаткі: Табе адну, Майсею адну і Іллі адну», не ведаючы, што гаварыў.

Калі гаварыў гэта, з’явілася воблака і агарнула іх. І спалохаліся яны, калі тыя ўвайшлі ў воблака.
 
А калі ён гэта гаварыў, з’явілася воблака і засланіла іх; і спалохаліся яны, калі ўвайшлі у гэтае воблака.

А з воблака пачуўся голас, які казаў: «Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце».
 
І пачуўся голас з воблака, які казаў: «Гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце».

Калі гучаў гэты голас, Езус застаўся адзін. А яны маўчалі і ў тыя дні нікому нічога не казалі пра тое, што бачылі.
 
І калі голас сціх, Ісус застаўся адзін. І яны маўчалі, і нікому не расказвалі ў тыя дні нічога з таго, што бачылі.

У наступны дзень, калі яны сышлі з гары, вялікі натоўп выйшаў насустрач Яму.
 
І сталася на наступны дзень, калі сыходзілі з гары, сустрэў Яго вялікі натоўп.

І вось, адзін чалавек з натоўпу закрычаў: «Настаўнік, прашу Цябе, паглядзі на майго сына, бо ён у мяне адзін.
 
І вось, адзін чалавек з натоўпу закрычаў, кажучы: «Настаўнік, малю Цябе, глянь на майго сына, бо ён у мяне адзін.

Хапае яго дух, і ён раптам крычыць, і трасе яго, аж пускае пену. І з цяжкасцю адпускае, змучаўшы яго.
 
І вось жа, дух хапае яго, і ён раптоўна крычыць, ды кідае яго з пенай, і ледзь адступае ад яго, катуючы яго.

Я прасіў Тваіх вучняў выгнаць яго, але яны не змаглі».
 
І я прасіў вучняў Тваіх, каб яны выгналі яго, але не змаглі».

Адказваючы, Езус сказаў: «О пакаленне нявернае і распуснае, дакуль буду з вамі і дакуль буду цярпець вас? Прывядзі сюды свайго сына».
 
Тады Ісус, адказваючы, сказаў: «О род няверны і пераваротны, дакуль буду сярод вас ды буду вас цярпець? Прывядзі сына твайго сюды».

А калі ён падыходзіў, злы дух кінуў яго на зямлю і пачаў трэсці. Але Езус забараніў нячыстаму духу, вылечыў хлопца і аддаў яго бацьку.
 
А калі падыходзіў, таргануў яго дэман і кінуў яго. Але Ісус забараніў духу нячыстаму і аздаравіў юнака, і аддаў яго бацьку яго.

І ўсе дзівіліся велічы Божай.Другое прадказанне мукі і ўваскрасення Калі ўсе здзіўляліся ўсяму, што рабіў Езус, Ён сказаў сваім вучням:
 
Таму ўсе дзівіліся з магутнасці Бога. А калі ўсе дзівіліся ўсяму, што зрабіў Ісус, сказаў вучням Сваім:

«Укладзіце сабе ў вушы словы гэтыя, бо Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей».
 
«Укладзіце вы ў вушы свае гэтыя словы: Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей».

Але вучні не зразумелі сказанага, таму што гэта было ўкрыта ад іх, каб яны не зразумелі. А спытацца ў Яго пра сказанае баяліся.
 
Але яны не разумелі гэтага слова, бо было закрыта перад імі, каб не маглі ўцяміць яго, а баяліся запытацца ў Яго аб гэтым слове.

Паўстала між вучняў пытанне: хто з іх быў бы большы?
 
З’явілася ж у іх думка, хто з іх большы.

Але Езус, пазнаўшы задуму іх сэрца, узяў дзіця, паставіў яго перад сабою
 
А Ісус, ведаючы думкі сэрца іх, узяўшы дзіця, паставіў яго каля Сябе

і сказаў ім: «Хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, прымае таго, хто паслаў Мяне. Бо, хто меншы сярод усіх вас, той будзе вялікі».
 
і гаворыць ім: «Хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае, бо хто Мяне прыме, прымае Таго, Хто Мяне паслаў. Бо хто найменшы сярод вас усіх, той ёсць большы».

Ян сказаў у адказ: «Настаўнік, мы бачылі кагосьці, хто ў імя Тваё выганяе злых духаў, і забаранялі яму, бо ён не ходзіць з намі».
 
Адказваючы, Ян сказаў: «Вучыцель, мы бачылі, як нехта ў імя Тваё выганяў дэманаў, і мы забаранілі яму, бо ён не ходзіць з намі».

А Езус сказаў яму: «Не забараняйце; бо хто не супраць вас, той за вас».
 
І гаворыць яму Ісус: «Не забараняйце, бо хто не супраць нас, той за нас».

Калі надышлі дні Яго ўзнясення, Ён цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем
 
І сталася, калі набліжаліся дні зыходу Яго, Ён звярнуў аблічча Сваё, каб ісці ў Ерузалім,

і выслаў пасланцоў перад сабою. Пайшоўшы, яны ўвайшлі ў самаранскую вёску, каб падрыхтаваць Яму побыт.
 
і паслаў перад Сабой вестуноў. І, пакрочыўшы, яны ўвайшлі ў паселішча самарыцянскае, каб прыгатаваць для Яго.

Але там не прынялі Яго, бо Ён накіроўваўся ў Ерузалем.
 
Але не прынялі Яго, бо меў выгляд таго, хто ідзе ў Ерузалім.

Калі вучні Якуб і Ян убачылі гэта, сказалі: «Пане, хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і знішчыў іх?»
 
Калі ўбачылі гэта вучні Яго, Якуб і Ян, то сказалі: «Госпадзе, хочаш, мы скажам, каб сышоў агонь з неба і спаліў іх, як і Ілія зрабіў?»

Але Ён, абярнуўшыся, забараніў ім.
 
Але Ён, павярнуўшыся, забараніў ім, і сказаў: «Не ведаеце, якога вы духа:

І пайшлі ў іншую вёску.
 
бо Сын Чалавечы не прыйшоў душы людзей загубіць, але ўратаваць». І пайшлі ў другое сяленне.

Калі яны былі ў дарозе, хтосьці сказаў Яму: «Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў».
 
І сталася, калі яны ішлі дарогаю, нехта сказаў Яму: «Госпадзе, пайду за Табой, куды толькі пойдзеш».

А Езус сказаў яму: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву».
 
І гаворыць яму Ісус: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе б галаву прыхіліць».

Тады сказаў другому: «Ідзі за Мною». Але той адказаў: «Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго».
 
А іншаму гаворыць: «Ідзі за Мной!» А той сказаў: «Госпадзе, дазволь мне перш пайсці і пахаваць бацьку майго».

А Ён сказаў яму: «Пакінь памерлым хаваць сваіх памерлых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае».
 
Але Ісус сказаў яму: «Пакінь, хай мёртвыя хаваюць сваіх мёртвых, а ты ідзі абвяшчай Валадарства Божае».

Яшчэ іншы сказаў: «Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі».
 
А іншы гаворыць: «Пайду за Табой, Госпадзе, але дазволь мне перш развітацца з тымі, хто ў мяне дома».

А Езус сказаў яму: «Ніхто з тых, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага».
 
Але Ісус гаворыць яму: «Ніхто не прыдатны для Валадарства Божага, хто ўскладае руку сваю на плуг і азіраецца назад».