Лукаша 20 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

У адзін з тых дзён, калі Ён навучаў народ у святыні і абвяшчаў Добрую Навіну, прыйшлі першасвятары і кніжнікі са старэйшынамі
 
І сталася аднаго дня, калі ён навучаў у сьвятыні і абвяшчаў эванэлію, зыйшліся архісьвятары і кніжнікі з старшымі

і спыталіся ў Яго: «Скажы нам, якой уладаю Ты робіш гэта? І хто даў Табе гэтую ўладу?»
 
і сказалі да яго, кажучы: Скажы нам, якою ўладай ты гэта робіш, або хто такі, хто даў табе гэтую ўладу?

Ён адказаў ім: «Спытаюся ў вас і Я, а вы адкажыце мне:
 
Езус-жа адказваючы сказаў да іх: Спытаюся і я ў вас аднаго слова; адкажэце мне:

хрост Янаў быў з неба ці ад людзей?»
 
хрост Яна быў з неба ці з людзей?

Яны ж, разважаючы, казалі адзін аднаму: «Калі скажам: “З неба”, то спытаецца: “Чаму ж вы не паверылі яму?”
 
А яны думалі самі ў сабе, кажучы: Што калі мы скажам «з неба», то ён скажа: «Дык чаму-ж вы яму не паверылі»?

А калі скажам: “Ад людзей”, то ўвесь народ закідае нас камянямі, бо ён упэўнены, што Ян — прарок».
 
Калі-ж скажам «з людзей», то ўвесь народ закамянуе нас, бо яны пэўныя, што Ян ёсьць прарок.

Таму адказалі, што не ведаюць, адкуль.
 
І адказалі, што яны ня ведаюць, адкуль ён.

Тады Езус сказаў ім: «І Я не скажу вам, якой уладай раблю гэта».
 
А Езус сказаў ім: І я вам не скажу, якою ўладаю я гэта раблю.

І пачаў Ён расказваць людзям такую прыпавесць: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік і аддаў яго вінаградарам, і выехаў на доўгі час.
 
І пачаў гаварыць да народу гэтую прыповесьць: Чалавек засадзіў вінаграднік і аддаў яго ў арэнду земляробам, а сам ад’ехаў на доўгі час.

У свой час паслаў да вінаградараў слугу, каб далі яму з пладоў вінаградніку. Але вінаградары пабілі яго і адправілі ні з чым.
 
І ў час паслаў да земляробаў слугу, каб яны далі яму з плоду вінаградніка. Яны, пабіўшы, адправілі яго з нічым.

Тады паслаў другога слугу, а яны і таго збілі і зняважылі, і адправілі ні з чым.
 
І ізноў паслаў другога слугу, але яны і гэтага пабіўшы і зьняважыўшы, адправілі з нічым.

Паслаў яшчэ трэцяга, але яны і таго паранілі і выгналі.
 
І паслаў яшчэ трэцяга, і гэтага яны параніўшы выкінулі.

Тады гаспадар вінаградніку сказаў: “Што мне рабіць? Пашлю свайго ўмілаванага сына, можа яго ўшануюць”.
 
І сказаў гаспадар вінаградніка: Што я зраблю? Пашлю сына майго дарагога, можа, угледзеўшы яго, пабаяцца.

Убачыўшы яго, вінаградары разважалі, кажучы адзін аднаму: “Гэта спадкаемца, хадземце, заб’ем яго, каб спадчына стала нашай”.
 
Калі ўгледзелі яго земляробы, думалі самі ў сабе, кажучы: Гэта-ж насьледнік, заб’ём яго, каб нашай была спадчына.

І, выкінуўшы яго з вінаградніку, забілі. Што зробіць з імі гаспадар вінаградніку?
 
І выкінуўшы яго за вінаграднік, забілі. Дык што зробіць ім гаспадар вінаградніка?

Ён прыйдзе і знішчыць тых вінаградараў, і аддасць вінаграднік іншым». Тыя, хто слухаў, сказалі: «Няхай не будзе гэтага!»
 
Прыйдзе і выгубіць тых земляробаў, а вінаграднік здасьць іншым. Пачуўшы гэтае, сказалі яму: Няхай Бог крые!

А Ён, паглядзеўшы на іх, сказаў: «Што ж азначае напісанае: “Камень, адкінуты будаўнікамі,стаў галавою вугла”?
 
А ён спаглянуўшы на іх, сказаў: Дык што значыць гэтае, што напісана ёсьць: «Той камень, каторы адкінулі будаўнічыя, стаўся галавою вугла»? (Пс. 117:22).

Кожны, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, таго раструшчыць».
 
Кожны, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца; а на каго-б ён упаў, сатрэ яго.

У тую гадзіну пачалі шукаць кніжнікі і першасвятары, як схапіць Яго, але пабаяліся натоўпу. Яны зразумелі, што Ён сказаў гэту прыпавесць пра іх.
 
І стараліся архісьвятары і кніжнікі налажыць на яго рукі ў тую часіну, але баяліся народу; бо пазналі, што на іх сказаў гэтае падабенства.

Пачаўшы сачыць за Ім, паслалі да Яго шпегаў, каб яны, удаючы праведных, злавілі яго на слове, і каб выдаць Яго начальству і ўладзе намесніка.
 
І сьледзячы паслалі здраднікаў, каб яны, удаючы справядлівых, падлавілі яго ў мове, каб выдаць яго старшынству і ўладзе начальніка.

І яны спыталіся ў Яго: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты добра кажаш і навучаеш, і не зважаеш на асобу, але праўдзіва вучыш шляху Божаму.
 
І спыталіся ў яго, кажучы: Вучыцель, мы ведаем, што ты правільна гаворыш і вучыш і не ўглядаесься на асобу, але дарогі Божай папраўдзе навучаеш.

Ці належыць нам плаціць падатак цэзару, ці не?»
 
Ці можна нам даваць падатак цэзару, ці не?

Зразумеўшы іх хітрасць, Ён сказаў ім:
 
Ён-жа, пазнаўшы іхную хітрасьць, сказаў да іх: Што вы мяне спакушваеце?

«Пакажыце мне дынар. Чыя на ім выява і надпіс?»
 
Пакажэце мне дынара. Чый мае ён воблік і надпіс? Адказваючы сказалі яму: Цэзараў.

Яны адказалі: «Цэзара». Тады Ён сказаў ім: «Дык аддавайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу».
 
І сказаў ім: Дык аддайце, што цэзарава, цэзару, а што Божае, Богу.

І не маглі перад народам падлавіць Яго на слове, і, здзівіўшыся адказу Яго, замоўклі.
 
І не маглі слова ягонага зганіць перад народам, і зьдзіўленыя з ягонага адказу, замоўклі.

Тады падышлі некаторыя з садукеяў, якія казалі, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго:
 
І падыйшлі некаторыя з садукеяў, якія цьвярдзяць, што няма ўскрашэньня і спыталіся ў яго,

«Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі ў некага памрэ брат, які меў жонку, і памрэ бяздзетны, то брат ягоны павінен узяць ягоную жонку і абудзіць патомства свайму брату.
 
кажучы: Вучыцель, Майсей напісаў нам: «Калі-б у каго брат, маючы жонку, памёр і ня было ў яго дзяцей, то каб брат ягоны ўзяў жонку яго і ўскрасіў патомства брату свайму» (Паўл. Пр. 25:5).

Было ж сем братоў. Першы, узяўшы жонку, памёр бяздзетны.
 
Дык было сем братоў. І першы ўзяў жонку і памёр без дзяцей;

Потым другі,
 
і ўзяў яе другі, і гэты памёр бяз сына;

і трэці ўзяў яе, таксама і ўсе сямёра, не пакінуўшы дзяцей, памерлі.
 
і трэці ўзяў яе; гэтаксама і ўсё сямёх, і не аставіўшы патомства, паўміралі.

Урэшце, памерла і жонка.
 
Наканец па ўсіх памярла і жанчына.

Дык вось, пасля ўваскрашэння, катораму з іх яна будзе жонкаю? Бо ў семярых яна была жонкаю».
 
Дык ва ўскрашэньні каторага з іх будзе яна жонкай? Бо-ж сямёх яе мелі за жонку.

Езус сказаў ім: «Дзеці гэтага веку жэняцца і выходзяць замуж.
 
І сказаў ім Езус: Сыны гэтага сьвету жэняцца і выходзяць замуж.

А тыя, хто будзе годны таго веку і ўваскрашэння з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж;
 
Але тыя, каторыя будуць прызнаны годнымі таго сьвету і ўскрашэньня з умерлых, ані замуж ня пойдуць, ані жанок браць ня будуць,

і памерці ўжо не змогуць, бо яны роўныя анёлам і з’яўляюцца сынамі Божымі, будучы сынамі ўваскрашэння.
 
бо яны ня будуць магчы болей уміраць, таму што яны ёсьць роўныя з анёламі і ёсьць сынамі Божымі, будучы сынамі ўскрашэньня.

А што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей засведчыў, кажучы пра палаючы куст, калі назваў Пана Богам Абрагама, Богам Ісаака і Богам Якуба.
 
А што ўмерлыя ўваскрэснуць, то і Майсей паказаў «каля куста», называючы Пана «Богам Абрагама, і Богам Ізаака, І Богам Якуба» (Вых. 3:6).

Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць».
 
Бог-жа ня ёсьць умерлых, але жывых; бо для яго ўсе жывуць.

На гэта сказалі некаторыя з кніжнікаў: «Настаўнік, Ты добра сказаў».
 
А некаторыя з кніжнікаў адказваючы, сказалі яму: Вучыцель, добра ты сказаў.

І ўжо ні пра што не адважваліся распытваць Яго.
 
І болей ня сьмелі аб чым-колечы пытацца ў яго.

Тады Ён сказаў ім: «Як могуць казаць, што Месія — сын Давіда?
 
І сказаў да іх: Як-жа кажуць, што Хрысус ёсьць сынам Давіда?

Бо сам Давід кажа ў кнізе псальмаў: “Сказаў Пан Пану майму: сядзь праваруч Мяне,
 
А сам Давід кажа ў кнізе псальмаў (Пс. 109:1): «Сказаў Пан Пану майму, сядзь праваруч мяне,

пакуль не пакладу ворагаў Тваіх як падножжа для ног тваіх”.
 
пакуль палажу ворагаў тваіх падножжам ног тваіх»?

Калі Давід называе Яго Панам, то які ж Ён яму сын?»
 
Дык Давід заве яго Панам, то як-жа ёсьць сынам ягоным?

І калі ўвесь народ слухаў, Езус сказаў сваім вучням:
 
Калі-ж слухаў увесь народ, сказаў сваім вучням:

«Асцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах, любяць прывітанні на рынках, першыя лавы ў сінагогах і першыя месцы на гасцінах.
 
Сьцеражэцеся кніжнікаў, каторыя хочуць хадзіць у доўгім адзеньні, і любяць прывітаньні на рынку, і першыя лаўкі ў бажніцах, і першыя мясцы на бяседах;

Яны аб’ядаюць дамы ўдоў і доўга моляцца напаказ; яны атрымаюць найбольшы прысуд».
 
каторыя аб’ядаюць дамы ўдоваў, прыкрываючыся доўгай малітвай, яны атрымаюць большае асуджэньне.