Лукаша 14 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

Калі Езус прыйшоў у шабат да дому аднаго з кіраўнікоў фарысейскіх з’есці хлеба, яны сачылі за Ім.
 
І сталася, калі Езус увайшоў у дом нейкага старшага фарызэя ў суботу есьці хлеб, а яны наглядалі за ім.

І вось, стаў перад Ім чалавек, які хварэў на вадзянку.
 
І вось нейкі апухлы чалавек быў перад ім:

Адазваўшыся, Езус спытаўся ў кніжнікаў і фарысеяў: «Ці дазволена вылечыць у шабат ці не?»
 
І адказваючы Езус сказаў да вучоных у законе і фарызэяў, кажучы: Ці дазволена аздараўляць у суботу?

Яны ж маўчалі. І, дакрануўшыся, аздаравіў таго і адпусціў.
 
А яны маўчалі. Ён-жа ўзяўшы аздаравіў яго і адправіў.

А ім сказаў: «Калі ў каго-небудзь з вас сын або вол упадзе ў студню, ці ж не выцягне адразу яго ў дзень шабату?»
 
І адказваючы сказаў да іх: У каго з вас асёл або вол уваліцца ў студню, то ці ня зараз-жа выцягне яго ў дзень суботні?

І яны не змаглі запярэчыць Яму на гэта.
 
І не маглі яму на гэтае адказаць.

Заўважыўшы, што запрошаныя выбіралі першыя месцы, расказаў ім прыпавесць:
 
Казаў-жа прыповесьць і да запрошаных, угледаючыся, як яны выбіралі першыя мясцы, кажучы да іх:

«Калі нехта пакліча цябе на вяселле, не сядай на першае месца, каб не аказалася, што нехта з пакліканых ім больш ганаровы за цябе,
 
Калі ты будзеш запрошаны на вясельле, не садзіся на першым месцы, каб часам ня быў запрошаны ім паважнейшы за цябе,

і каб той, хто запрасіў і яго, і цябе, не падышоў і не сказаў табе: “Саступі яму месца”. Тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца.
 
і каб прыйшоўшы той, каторы цябе і яго паклікаў, сказаў табе: Дай гэтаму месца, і тады са стыдам пачаў-бы ты займаць апошняе месца.

Але калі запросяць цябе, прыйдзі і сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоў да цябе і сказаў: “Дружа, перасядзь вышэй”. Тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою.
 
Але калі ты будзеш пакліканы, ідзі, сядзь на апошнім месцы, каб прыйшоўшы той, каторы паклікаў цябе, сказаў табе: Дружа, узыйдзі вышэй. Тады будзе табе слава перад разам сядзячымі.

Бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца».
 
Бо кожны, хто сябе павышае, будзе паніжаны; а хто сябе паніжае, будзе павышаны.

Таксама сказаў кіраўніку фарысеяў, які запрасіў Яго: «Калі наладжваеш абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родных тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны не паклікалі цябе ў адказ, і ты атрымаў бы адплату.
 
Казаў і да таго, хто яго паклікаў: Калі ты даеш абед або вячэру, ня кліч прыяцеляў тваіх, ані братоў тваіх, ані сваякоў, ані багатых суседзяў, каб часам і яны цябе не паклікалі, і каб ня было для цябе нагароды.

Але калі наладжваеш гасціну, кліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых,
 
Але калі робіш пачастунак, пакліч убогіх, калекіх, кульгавых і сьляпых,

і будзеш шчаслівы, што яны не маюць як адплаціць табе, бо адплаціцца табе ў дзень уваскрашэння справядлівых».
 
і будзеў багаслаўлены затым што ня могуць нагарадзіць табе. Бо будзе нагароджана табе ва ўскрашэньні справядлівых.

Адзін з тых, хто сядзеў разам з Езусам, сказаў Яму: «Шчаслівы, хто будзе есці хлеб ў Валадарстве Божым».
 
Калі пачуў гэтае нехта з тых, што разам сядзелі, сказаў яму: Багаслаўлены, хто будзе есьці хлеб у каралеўстве Божым.

А Ён сказаў яму: «Адзін чалавек наладжваў вялікую вячэру і паклікаў многіх.
 
А ён сказаў яму: Адзін чалавек справіў вялікую вячэру і паклікаў многіх.

Калі настаў час вячэры, паслаў слугу свайго сказаць запрошаным: “Прыйдзіце, бо ўжо ўсё гатова”.
 
І паслаў слугу свайго ў гадзіну вячэры сказаць запрошаным, каб прыходзілі, бо ўсё ўжо гатова.

І пачалі ўсе, як адзін, адгаворвацца. Першы сказаў яму: “Я купіў поле, і мне трэба пайсці паглядзець яго. Прашу цябе, прабач мне”.
 
І пачалі ўсе разам апраўдывацца. Першы сказаў яму: Я купіў сялібу і трэба мне пайсьці і паглядзець яе, прашу цябе, мей мяне за апраўданага.

Другі сказаў: “Я купіў пяць пар валоў і іду выпрабаваць іх. Прашу цябе, прабач мне”.
 
А другі сказаў: Я купіў пяць пар валоў і іду пробаваць іх, прашу цябе, мей мяне за апраўданага.

Іншы сказаў: “Я ажаніўся, і таму не магу прыйсці”.
 
А іншы сказаў: Я жонку ўзяў, і дзеля гэтага не магу прыйсьці.

Вярнуўшыся, слуга расказаў пра гэта свайму гаспадару. Тады гаспадар дома разгневаўся і сказаў слугу свайму: “Ідзі хутчэй на вуліцы і завулкі горада і прывядзі сюды ўбогіх, калек, сляпых і кульгавых”.
 
І вярнуўшыся слуга паведаміў аб гэтым пана свайго. Тады пан, загневаўшыся, сказаў слузе свайму: Выйдзі скора на вуліцы і вулачкі гораду, і прывядзі сюды ўбогіх і калекіх і сьляпых і кульгавых.

І сказаў слуга: “Пане, зроблена, як загадаў ты, і яшчэ ёсць месца”.
 
І сказаў слуга: Пане, сталася, як ты загадаў, але яшчэ ёсьць месца.

Гаспадар сказаў слугу: “Ідзі да дарог і загарадзяў і прымушай прыйсці, каб напоўніўся мой дом.
 
І сказаў пан слузе: Выйдзі на дарогі і засьценкі і прымусь увайсьці, каб дом мой быў поўны.

Бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных людзей не пакаштуе маёй вячэры”».
 
А кажу вам, што ніводзен з тых мужоў, якія былі пакліканы, не пакаштуе вячэры маей.

Шмат людзей ішло за Езусам. Абярнуўшыся, Ён сказаў ім:
 
І ішлі вялікія грамады. І абярнуўшыся, сказаў ім:

«Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзеў бацькі свайго, маці і жонкі, дзяцей і братоў, сясцёр і нават жыцця свайго, той не можа быць Маім вучнем.
 
Калі хто ідзе да мяне і ня мае ў ненавісьці бацькі свайго, і маткі, і жонкі, і дзяцей, і братоў, і сясьцёр, а яшчэ і жыцьця свайго, ня можа быць маім вучнем.

Хто не нясе крыжа свайго, а ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем.
 
І хто не нясе крыжа свайго і ня ідзе за мною, ня можа быць маім вучнем.

Бо хто з вас, калі захоча пабудаваць вежу, спачатку не сядзе і не падлічыць выдаткаў, ці мае на завяршэнне будовы.
 
Бо хто з вас, хочучы збудаваць вежу, ці-ж уперад сеўшы не аблічыць коштаў, якіх патрэба, ці мае, каб скончыць?

Калі ж закладзе падмурак і не зможа закончыць, усе, хто ўбачыць, пачнуць смяяцца з яго,
 
Каб пасьля, як залажыў фундамэнт і ня мог скончыць, усе гледзячы не пачалі сьмяяцца з яго,

кажучы: “Гэты чалавек пачаў будаваць і не змог скончыць”.
 
кажучы: Што гэты чалавек пачаў будуваць і ня мог скончыць?

Або які кароль, ідучы на вайну супраць іншага караля, не сядзе і не параіцца спачатку, ці моцны ён, каб ісці з дзесяццю тысячамі супраць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі?
 
Або які кароль, каторы мае ісьці проціў другога караля, сеўшы ўперад не падумае, ці зможа з дзесяцьма тысячамі пераняць таго, каторы ідзе на яго з дваццацьма тысячамі?

Калі не, то пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасланцоў прасіць міру.
 
Бо інакш, пакуль той яшчэ далёка, вышле пасольства, просячы адносна міру.

Таму кожны з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем.
 
Так-то кожны з вас, хто не адрачэцца ад усяго, што мае, ня можа быць маім вучнем.

Соль — добрая рэч, але калі соль страціць смак, чым прыправіць яе?
 
соль добрая, але калі соль зьвятрэе, то чым яе прыправіць?

Ні для зямлі, ні для ўгнаення яна не прыдатная; яе выкідаюць вон. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
 
Яна не надаецца ані ў зямлю, ані ў гной, але вон будзе выкінута. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае!