Лукаша 14 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча
Калі Езус прыйшоў у шабат да дому аднаго з кіраўнікоў фарысейскіх з’есці хлеба, яны сачылі за Ім.
І сталася, як Ён увыйшоў у сыботу ў дом аднаго з начэльнікаў фарысэйскіх есьці хлеб, што ўважна назіралі за Ім.
І вось, стаў перад Ім чалавек, які хварэў на вадзянку.
І вось, нейкі чалавек, хворы на вадзянку, быў там перад Ім.
Адазваўшыся, Езус спытаўся ў кніжнікаў і фарысеяў: «Ці дазволена вылечыць у шабат ці не?»
І Ісус, адказуючы, гукаў праўнікам а фарысэям, кажучы: «Дазволена ў сыботу ўздараўляць ці не?»
Яны ж маўчалі. І, дакрануўшыся, аздаравіў таго і адпусціў.
Але яны маўчэлі. І, няўшы яго, уздаравіў яго, і адпусьціў яго.
А ім сказаў: «Калі ў каго-небудзь з вас сын або вол упадзе ў студню, ці ж не выцягне адразу яго ў дзень шабату?»
І, адказуючы, сказаў ім: «У каторага з вас асёл альбо вол уваліцца ў студню, ці ён ня выцягне яго без адвалокі ў сыботні дзень?»
І яны не змаглі запярэчыць Яму на гэта.
І не маглі адказаць Яму на гэта.
Заўважыўшы, што запрошаныя выбіралі першыя месцы, расказаў ім прыпавесць:
І сказаў прыпавесьць пазваным, зацеміўшы, што яны першыя месцы абіралі, кажучы ім:
«Калі нехта пакліча цябе на вяселле, не сядай на першае месца, каб не аказалася, што нехта з пакліканых ім больш ганаровы за цябе,
«Калі цябе хто пазваў на вясельле, не ўзьлягай на пярэдняе месца за сталом, каб можа пачэсьліўшага за цябе не пазваў ён,
і каб той, хто запрасіў і яго, і цябе, не падышоў і не сказаў табе: “Саступі яму месца”. Тады з сорамам павінен будзеш заняць апошняе месца.
І тый, што пазваў цябе й яго, не падышоў і не сказаў: "Дай месца гэтаму"; і тады із сорамам зоймеш апошняе месца.
Але калі запросяць цябе, прыйдзі і сядай на апошняе месца, каб той, хто цябе запрасіў, падышоў да цябе і сказаў: “Дружа, перасядзь вышэй”. Тады будзе табе пашана перад тымі, хто сядзіць з табою.
Але, калі ты пазваны, ідзі й узьляж на апошняе месца, каб тый, што пазваў цябе, падышоўшы, мог сказаць табе: "Прыяцелю, узыйдзі вышэй"; тады будзе табе чэсьць перад усімі, што ўзьлягаюць за сталом із табою;
Бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца».
Бо кажны, што павышае сябе, паніжаны будзе; а хто паніжае сябе, будзе павышаны».
Таксама сказаў кіраўніку фарысеяў, які запрасіў Яго: «Калі наладжваеш абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні родных тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны не паклікалі цябе ў адказ, і ты атрымаў бы адплату.
І сказаў таксама таму, хто пазваў Яго: «Калі ты спраўляеш палудзень альбо вячэру, не заві прыяцеляў, ані братоў сваіх, ані сваякоў сваіх, ані багатых суседзяў, каб і яны цябе не пазвалі, і ня была табе адплата.
Але калі наладжваеш гасціну, кліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых,
Але, як спраўляеш чэсьць, гукай бедных, калекіх, кульгавых, нявісных,
і будзеш шчаслівы, што яны не маюць як адплаціць табе, бо адплаціцца табе ў дзень уваскрашэння справядлівых».
І будзеш шчасьлівы, бо яны ня маюць адплаты табе, бо будзе заплачана табе ў ускрысеньню справядлівых».
Адзін з тых, хто сядзеў разам з Езусам, сказаў Яму: «Шчаслівы, хто будзе есці хлеб ў Валадарстве Божым».
І адзін із тых, што ўзьляжалі за сталом ізь Ім, слухаючы гэта, сказаў Яму: «Шчасьлівы, хто будзе есьці хлеб у гаспадарстве Божым»
А Ён сказаў яму: «Адзін чалавек наладжваў вялікую вячэру і паклікаў многіх.
І сказаў яму: «Адзін чалавек справіў вялікую вячэру й пазваў шмат каго.
Калі настаў час вячэры, паслаў слугу свайго сказаць запрошаным: “Прыйдзіце, бо ўжо ўсё гатова”.
І як была гадзіна вячэры, паслаў слугу свайго сказаць пазваным: "Прыходзьце, бо ўжо гатова".
І пачалі ўсе, як адзін, адгаворвацца. Першы сказаў яму: “Я купіў поле, і мне трэба пайсці паглядзець яго. Прашу цябе, прабач мне”.
І пачалі ўсі згодна прасіць выбачэньня. Першы сказаў яму: "Я купіў зямлю і маю выйсьці паглядзець яе; калі ласка, выбач імне".
Другі сказаў: “Я купіў пяць пар валоў і іду выпрабаваць іх. Прашу цябе, прабач мне”.
А другі сказаў: "Я купіў пяць пар валоў і пайду прабаваць іх; калі ласка, выбачай імне".
Іншы сказаў: “Я ажаніўся, і таму не магу прыйсці”.
А іншы сказаў: "Я ажаніўся і затым не магу прыйсьці".
Вярнуўшыся, слуга расказаў пра гэта свайму гаспадару. Тады гаспадар дома разгневаўся і сказаў слугу свайму: “Ідзі хутчэй на вуліцы і завулкі горада і прывядзі сюды ўбогіх, калек, сляпых і кульгавых”.
І, прышоўшы, слуга паведаміў праз усе спадару свайму. Тады дамовы гаспадар, загневаўшыся, сказаў слузе: "Пайдзі борзда па вуліцах а завулках места і прывядзі ўбогіх а калекіх а кульгавых а нявісных".
І сказаў слуга: “Пане, зроблена, як загадаў ты, і яшчэ ёсць месца”.
І слуга сказаў: "Спадару, сталася, як ты казаў, і ё яшчэ месца".
Гаспадар сказаў слугу: “Ідзі да дарог і загарадзяў і прымушай прыйсці, каб напоўніўся мой дом.
І спадар сказаў слузе: "Пайдзі па дарогах і паўз платоў і прысіль прыйсьці, каб дом мой напоўніўся;
Бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных людзей не пакаштуе маёй вячэры”».
Бо кажу вам, што ні водзін із тых людзёў, што былі пазваныя, не паспытаецца вячэры мае".»
Шмат людзей ішло за Езусам. Абярнуўшыся, Ён сказаў ім:
І вялікія гурбы йшлі зь Ім, і Ён, абярнуўшыся, сказаў ім:
«Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзеў бацькі свайго, маці і жонкі, дзяцей і братоў, сясцёр і нават жыцця свайго, той не можа быць Маім вучнем.
«Калі хто прыходзе да Мяне, і не зьненавідзе айца свайго а маці а жонкі а дзяцей а братоў а сёстраў, дый собскага жыцьця свайго, ня можа быць вучанікам Маім;
Хто не нясе крыжа свайго, а ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем.
І хто не нясець крыжа свайго, і йдзець за Імною, ня можа быць вучанікам Маім.
Бо хто з вас, калі захоча пабудаваць вежу, спачатку не сядзе і не падлічыць выдаткаў, ці мае на завяршэнне будовы.
Бо хто з вас, зычачы пастанавіць вежу, ня сядзе перш і не паліча коштаў, ці мае ён за што споўніць гэта.
Калі ж закладзе падмурак і не зможа закончыць, усе, хто ўбачыць, пачнуць смяяцца з яго,
Каб, як пакладзець под яе, і ня зможа скончыць яе, усі, што абачаць яе, не пачалі сьміяцца зь яго,
кажучы: “Гэты чалавек пачаў будаваць і не змог скончыць”.
Кажучы: «гэты чалавек пачаў станавіць і ня мог скончыць»?
Або які кароль, ідучы на вайну супраць іншага караля, не сядзе і не параіцца спачатку, ці моцны ён, каб ісці з дзесяццю тысячамі супраць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі?
Альбо які кароль, ідучы на бітву ў вайне з другім каралём, ня сядзе перш, не парадзіцца, ці зможа ён ізь дзесяцьма тысячамі сустрэцца зь ідучым на яго з дваццацьма тысячамі?
Калі не, то пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасланцоў прасіць міру.
І калі не, пакуль тый яшчэ далёка, паслаўшы да яго пасолства, папросе ўмоваў міру.
Таму кожны з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем.
Гэтак кажны з вас, хто не пакіне ўсяго, што мае, ня можа быць вучанікам Маім.
Соль — добрая рэч, але калі соль страціць смак, чым прыправіць яе?
«Соль — добрая, але калі соль страце смак свой, чым адновіш смак яе?
Ні для зямлі, ні для ўгнаення яна не прыдатная; яе выкідаюць вон. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
Ані ў зямлю, ані ў гной ня годзіцца; яе выкідаюць вон. Хто мае вушы слухаць, няхай слухае».