Лукаша 13 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча
У той самы час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра галілейцаў, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі.
У тым часе былі прытомныя некатрыя, што наказалі Яму праз Ґалілеян, каторых кроў зьмяшаў Пілат із аброкамі іхнымі.
А Ён адказаў ім на гэтае: «Думаеце, што гэтыя галілейцы былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілейцаў, калі так пацярпелі?
І, адказуючы, Ён сказаў ім: «Ці думаеце вы, што тыя Ґалілеяне былі грэшнікі большыя за ўсіх Ґалілеян, што так пацярпелі?
Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце.
Не, кажу вам, але, калі не пакаецеся, усі таксама загінеце.
Думаеце, што тыя васямнаццаць, на якіх упала сілаамская вежа і забіла іх, былі больш вінаватыя за ўсіх людзей, якія жылі ў Ерузалеме?
Альбо, ці думаеце, што тых асьмінанцацёх, на каторых завалілася вежа Сілоамская й забіла іх, былі віншыя за ўсіх людзёў, што жывуць у Ерузаліме?
Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце».
Не, кажу вам, але, калі не пакаецеся, усі таксама загінеце».
І расказаў такую прыпавесць: «Адзін чалавек меў у сваім вінаградніку пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць на ёй плоду, але не знайшоў.
І сказаў ім гэтую прыпавесьць: «Меў хтось пасаджаную ў вінішчу сваім фіґу; і прышоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў.
Тады сказаў вінаградару: “Вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы, і не знаходжу. Ссячы яе. Навошта яна займае зямлю?”
І сказаў вінару: "Вось, я тры гады прыходжу, гледзячы плоду на гэтай фізе, і не знаходжу; сьсячы яе: нашто яна й зямлю псуець?"
Але той сказаў яму ў адказ: “Пане, пакінь яе на гэты год. Я абкапаю яе і абкладу гноем.
Але ён, адказуючы, кажа яму: "Спадару! пакінь яе й на гэты год, пакуль я абкапаю яе й абкладу гноям;
Можа, прынясе плод у будучым, а калі не, ссячэш яе”».
Ці ня дасьць плоду; калі не, просьле таго сьсячы яе"».
У адной з сінагог Ён навучаў у шабат.
І вучыў Ён у ваднэй з бажніцаў у сыботу:
Была там жанчына, якая васемнаццаць гадоў мела духа немачы: яна была згорбленая і зусім не магла выпрастацца.
І вось, была жонка, што мела духа недалужнасьці асьмінанцаць год, і яна была скорчыўшыся, і ані не магла выпрастацца.
Езус, калі ўбачыў яе, паклікаў і сказаў ёй: «Жанчына, ты вызвалена ад немачы сваёй».
І Ісус, абачыўшы яе, пагукаў і сказаў ёй: «Жонка, ты вывальнена ад недалужнасьці свае».
Ён усклаў на яе рукі, і яна адразу выпрасталася, і пачала праслаўляць Бога.
І паклаў рукі Свае на яе, і яна якга выпрасталася, і славіла Бога.
Але кіраўнік сінагогі, абураючыся, што Езус аздаравіў у шабат, сказаў народу: «Ёсць шэсць дзён, у якія трэба працаваць: тады і прыходзьце аздараўляцца, а не ў дзень шабату».
Начэльнік бажніцы, адказуючы, гневаючыся, што Ісус уздаравіў у сыботу, сказаў груду: «Ё шэсьць дзён, у каторыя належа рабіць, у тыя прыходзьце і ўздараўляйцеся, а ня ў сыботні дзень».
А Пан сказаў яму ў адказ: «Крывадушнікі, ці не адвязвае кожны з вас у шабат вала, ці асла свайго ад жолаба і не вядзе піць?
Але Спадар, адказуючы, сказаў: «Двудушнікі! ці ня кажны з вас адвязуе ў сыботу вала свайго альбо асла свайго ад жолабу і вядзець яго паіць?
А гэтую дачку Абрагама, якую звязаў сатана ўжо васемнаццаць гадоў назад, ці не трэба было вызваліць ад гэтых путаў у дзень шабату?»
А гэтую дачку Абрагамову, каторую шайтан зьвязаў, вось, ужо асьмінанцаць год, не належыла вывальніць ад вязі гэтае ў сыботні дзень?»
Калі ж Ён сказаў так, усе праціўнікі Яго засаромеліся, а ўвесь народ радаваўся ўсім слаўным учынкам Ягоным.
І, як Ён казаў гэта, усі, што працівіліся Яму, засароміліся, а ўвесь груд цешыўся з усіх славутых учынкаў, каторыя былі ўчынены Ім.
А Ён казаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае, і з чым параўнаю яго?
Ён жа сказаў: «Да чаго падобнае гаспадарства Божае? і да чаго магу прыраўнаваць яго?
Яно падобнае да гарчычнага зерня, якое ўзяў чалавек і пасадзіў у сваім садзе. А яно вырасла і стала вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя зрабілі гнёзды ў галінах яго».
Яно падобнае да гарчычнага зярняці, каторае, узяўшы, пасадзіў чалавек у гародзе сваім; і вырасла, і стала вялікім дзервам, і птушкі нябёсныя перабывалі ў гольлю яго».
І зноў сказаў: «З чым параўнаю Валадарства Божае?
І ўзноў сказаў: «Да чаго прыраўную гаспадарства Божае?
Яно падобнае да закваскі, якую жанчына ўзяла і паклала ў тры меры мукі, аж усё ўкісла».
Яно падобнае да закісі, каторую жонка узяўшы, уклала ў тры меркі мукі, пакуль ня ўкісла ўсе».
Накіроўваючыся ў Ерузалем, Ён праходзіў праз гарады і вёскі і навучаў.
І падарожжаваў Ён перазь месты а сёлы, вучачы й робячы падарожжа да Ерузаліму.
І нехта сказаў Яму: «Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?» А Ён сказаў ім:
І хтось сказаў Яму: «Спадару! ці мала тых, што спасаюцца?» Але Ён сказаў ім:
«Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць.
«Зглыбока сілуйцеся ўвыйсьці пераз вузкія дзьверы, бо кажу вам, шмат хто будзе шукаць увыйсьці, і ня зможа.
Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзверы, тады вы, стоячы знадворку, пачнеце стукаць у дзверы і казаць: “Пане, адчыні нам”. А Ён адкажа вам: “Не ведаю вас, адкуль вы”.
Як дамовы гаспадар устане й замкнець дзьверы, тады вы, стоячы вонках, будзеце стукаць у дзьверы, кажучы: "Спадару! адамкні нам"; але Ён, адказуючы, скажа вам: "Ня знаю вас, скуль вы".
І пачнеце казаць: “Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты”.
Тады пачніце казаць: "Мы елі ў прытомнасьці Тваёй і пілі, і Ты вучыў на вуліцах нашых!"
Але Ён скажа вам: “Не ведаю вас, адкуль вы; адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць”.
Але Ён скажа: "Кажу вам: ня знаю вас, скуль вы; адступіцеся ад Мяне ўсі дзеючыя бяспраўе".
Там будзе плач і скрыгатанне зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісаака і Якуба, і ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а сябе выкінутымі вон.
Там будзе плач а скрыгот зубамі, як абачыце Абрагама а Ісака а Якава і ўсіх прарокаў у гаспадарстве Божым, а сябе выгнаных вон.
Прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня і сядуць за стол у Валадарстве Божым.
І прыйдуць із усходу а захаду а з поўначы а з паўдня, і ўзьлягуць ля столу ў гаспадарстве Божым.
І вось, апошнія будуць першымі, а першыя будуць апошнімі».
І вось, ёсьць апошнія, што будуць першымі, і ё першыя, што будуць апошнімі».
У той час прыйшлі некаторыя з фарысеяў і сказалі: «Ідзі адгэтуль, бо Ірад хоча забіць Цябе».
Тае ж гадзіны прышлі некатрыя фарысэі, кажучы Яму: «Выйдзі і йдзі адгэтуль, бо Гірад хоча забіць Цябе».
А Ён сказаў ім: «Ідзіце, скажыце гэтаму лісу: “Вось выганяю злых духаў і аздараўляю сёння і заўтра, і на трэці дзень скончу.
І сказаў ім: «Ідзіце, скажыце гэнаму лісу: "Вось, выганяю нячысьцікаў і ўздараўляю сядні й заўтра, а пазаўтра скончу.
Аднак мне трэба хадзіць сёння, заўтра і ў наступны дзень, бо немагчыма, каб прарок загінуў па-за Ерузалемам”.
Маю Я, адылі, падарожжаваць сядні й заўтра й наступнога дня, бо ня можа быць, каб прарока загінуў вонках Ерузаліму".
Ерузалем, Ерузалем, ты забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе. Колькі разоў Я хацеў сабраць дзяцей тваіх, як птушка сваіх птушанят пад крылы, і вы не хацелі.
Ерузаліме, Ерузаліме, што забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе! як часта Я хацеў зьберці дзеці твае, як кураводка кураняты свае пад крылы свае, і вы не хацелі!
Вось, застаецца вам дом ваш. Кажу ж вам: не ўбачыце Мяне, пакуль не прыйдзе час, калі скажаце: “Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана”».
Вось, дом вашы пакінены вам пусты. І кажу ж вам, што вы не абачыце Мяне, пакуль ня прыйдзе час, што скажаце: "Дабраславёны Йдучы ў імя Спадарова!"»