Лукаша 19 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І, увайшоўшы, праходзіў Ён праз Ерыхон.
Потым Ісус увайшоў у Ерыхон і праходзіў празь яго.
І вось, чалавек, якога звалі імем Закхей, і быў ён начальнік мытнікаў і чалавек багаты.
І вось, нехта на імя Закхей, начальнік мытнікаў і чалавек багаты,
І ён шукаў убачыць Ісуса, які Ён, і ня мог з-за натоўпу, бо быў малы ростам.
стараўся ўбачыць Ісуса, хто Ён, але ня мог з-за людзей, бо малога быў росту;
І, забегшы наперад, узьлез на фігавае дрэва, каб убачыць Яго, бо ён меўся праходзіць каля яго.
і забегшы наперад, залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Яму выпадала праходзіць міма яе.
І калі прыйшоў на гэтае месца, Ісус, глянуўшы, убачыў яго і сказаў яму: «Закхей! Зыходзь хутчэй, бо сёньня Я мушу спыніцца ў доме тваім».
Ісус, калі прыйшоў на гэтае месца, зірнуўшы, угледзеў яго і сказаў яму: Закхей! сыдзі хутчэй, бо сёньня трэба мне быць у цябе ў доме.
І той пасьпешліва зыйшоў, і прыняў Яго з радасьцю.
І ён пасьпешна сышоў і прыняў Яго з радасьцю.
І ўсе, якія бачылі ўсё гэта, наракалі, кажучы, што Ён увайшоў да грэшнага чалавека.
І ўсе, бачачы тое, пачалі наракаць і казалі, што Ён зайшоў да грэшнага чалавека.
А Закхей, стаўшы, сказаў Госпаду: «Госпадзе! Вось, палову маёмасьці маёй я аддаю ўбогім, і, калі каго абвінаваціў фальшыва, аддам учацьвёра».
А Закхей, стаўшы, сказаў Госпаду: Госпадзе! палавіну маёмасьці маёй я аддам убогім і, калі каго чым пакрыўдзіў, аддам учатыракроць.
Ісус жа сказаў яму: «Сёньня сталася збаўленьне дому гэтаму, таму што і ён — сын Абрагама.
Ісус сказаў яму: сёньня прыйшло збавеньне дому гэтаму, бо і ён сын Абрагамаў;
Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсьці і збавіць тое, што было загінуўшы».
бо Сын Чалавечы прыйшоў зыскаць і выратаваць тое, што загінула.
А тым, што слухалі гэтае, працягваючы, сказаў прыповесьць, бо Ён быў блізка Ерусаліму, і яны думалі, што адразу маюць убачыць Валадарства Божае.
А калі яны слухалі гэта, дадаў прытчу: бо Ён быў блізь Ерусаліма, і яны думалі, што неўзабаве павінна адкрыцца Царства Божае.
Тады Ён сказаў: «Нейкі чалавек высокага роду пайшоў у далёкі край узяць сабе валадарства і вярнуцца.
Дык вось сказаў: нейкі чалавек высокага роду выпраўляўся ў далёкую краіну, каб атрымаць сабе царства і вярнуцца;
Паклікаўшы ж дзесяць слугаў сваіх, даў ім дзесяць мінаў і сказаў ім: “Гандлюйце, пакуль прыйду”.
і паклікаўшы дзесяць рабоў сваіх, даў ім дзесяць мінаў і сказаў ім: пускайце іх у абарот, пакуль не вярнуся.
А грамадзяне ненавідзелі яго і паслалі сьледам за ім пасольства, кажучы: “Ня хочам, каб гэты валадарыў над намі”.
Але грамадзяне ненавідзелі яго і адправілі сьледам за ім пасольства, сказаўшы: ня хочам, каб ён валадарыў над намі.
І сталася, як ён вярнуўся, атрымаўшы валадарства, сказаў паклікаць да сябе слугаў тых, якім даў срэбра, каб даведацца, хто што зарабіў.
І калі вярнуўся, атрымаўшы царства, загадаў паклікаць да сябе рабоў тых, якім даў серабро, каб даведацца, хто што набыў.
І прыйшоў першы, кажучы: “Пане! Міна твая прынесла дзесяць мінаў”.
Прыйшоў першы і сказаў: гаспадару! міна твая прынесла дзесяць мінаў.
І ён сказаў яму: “Добра, добры слуга! За тое, што ты ў малым быў верны, будзеш мець уладу над дзесяцьцю гарадамі”.
І сказаў яму: выдатна, добры раб! за тое, што ты ў малым быў верны, вазьмі пад управу дзесяць гарадоў.
І прыйшоў другі, кажучы: “Пане! Міна твая зарабіла пяць мінаў”.
Прыйшоў другі і сказаў: гаспадару! міна твая прынесла пяць мінаў.
Сказаў і гэтаму: “І ты будзь над пяцьцю гарадамі”.
Сказаў і гэтаму: і ты будзь над пяцьцю гарадамі.
І трэці прыйшоў, кажучы: “Пане! Вось твая міна, якую я меў, завязаўшы ў хустку,
Прыйшоў трэйці і сказаў: гаспадару! вось твая міна, якую я захоўваў, загарнуўшы ў хустачку;
бо я баяўся цябе, што ты чалавек строгі, бярэш тое, што не лажыў, і жнеш тое, што ня сеяў”.
бо я баяўся цябе, таму што ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго ня клаў, і жнеш, чаго ня сеяў.
Той жа кажа яму: “Паводле вуснаў тваіх буду судзіць цябе, злы слуга. Ты ведаў, што я — чалавек строгі, бяру тое, што не лажыў, і жну тое, што ня сеяў.
Гаспадар сказаў яму: тваімі вуснамі судзіцьму цябе, ліхі раб! ты ведаў, што я чалавек жорсткі, бяру, чаго ня клаў, і жну, чаго ня сеяў;
Чаму ж ты не аддаў срэбра майго на стол [купцам], і я, прыйшоўшы, атрымаў бы яго з прыбыткам?”
чаму ж ты не аддаў срэбра майго ў абарот, каб я, прыйшоўшы, атрымаў яго з прыбыткам?
І сказаў тым, што побач стаялі: “Вазьміце ў яго міну і дайце таму, які мае дзесяць мінаў”.
І сказаў тым, што стаялі першыя: вазьмеце ў яго міну і дайце таму, які мае дзесяць мінаў.
І сказалі яму: “Пане, ён мае дзесяць мінаў!”
І сказалі яму: гаспадару! у яго ёсьць дзесяць мінаў.
“Кажу вам, што ўсякаму, хто мае, дадзена будзе, а ў таго, хто ня мае, будзе забрана і тое, што мае.
Кажу вам, што кожнаму, хто мае, дадзена будзе, а ў таго, хто ня мае, адымецца і тое, што мае;
А ворагаў маіх, тых, што не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзіце сюды і страцьце перада мною”».
а ворагаў маіх тых, якія не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзеце сюды і набеце перада мною.
І, сказаўшы гэтае, Ён пайшоў далей, узыходзячы ў Ерусалім.
Сказаўшы гэта, Ён пайшоў далей, уваходзячы ў Ерусалім.
І сталася, калі наблізіўся да Бэтфагі і Бэтаніі, да гары, якую называюць Аліўнай, паслаў двух вучняў Сваіх,
І калі наблізіўся да Віфагіі і Віфаніі, да гары, называнай Аліўнай, паслаў двух вучняў Сваіх,
сказаўшы: «Ідзіце ў мястэчка, што перад вамі, у якім, увайшоўшы, знойдзеце асьляня прывязанае, на якога ніхто з людзей ніколі не сядаў; адвязаўшы яго, прывядзіце.
сказаўшы: ідзеце ў селішча, што насупраць; увайшоўшы ў яго, знайдзеце маладога асла прывязанага, на якога ніхто зь людзей ніколі не садзіўся; адвязаўшы яго, прывядзеце;
І калі хто спытаецца ў вас: “Навошта адвязваеце?”, — скажыце яму так: “Госпад патрабуе яго”».
і калі хто спытаецца ў вас: навошта адвязваеце?, скажэце яму так: ён патрэбен Госпаду.
Пайшоўшы, пасланыя знайшлі, як Ён сказаў ім.
Пасланыя пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім.
Калі ж яны адвязвалі асьляня, гаспадары ягоныя сказалі ім: «Навошта адвязваеце асьляня?»
А калі яны адвязвалі маладога асла, гаспадары ягоныя сказалі ім: навошта адвязваеце асьляня?
Яны ж сказалі: «Госпад патрабуе яго».
Яны адказвалі: ён патрэбен Госпаду.
І прывялі яго да Ісуса, і, накінуўшы адзеньні свае на асьляня, пасадзілі на яго Ісуса.
І прывялі яго да Ісуса: і накінуўшы вопратку сваю на асьляня, пасадзілі на яго Ісуса.
І, калі Ён ехаў, пасьцілалі на дарозе адзеньне сваё.
І калі Ён ехаў, пасьцілалі вопратку сваю на дарозе.
Калі ж Ён наблізіўся да спуску з гары Аліўнай, усё мноства вучняў з радасьцю хваліла Бога моцным голасам за ўсе цуды, якія яны бачылі,
А калі Ён наблізіўся да спуску з гары Аліўнай, усё мноства вучняў пачало ў радасьці шматгалоса славіць Бога за ўсе дзівосы, якія бачылі яны,
кажучы: «Дабраслаўлёны Валадар, Які ідзе ў імя Госпада! Супакой на небе і слава на вышынях!»
кажучы: дабраславёны Цар, Які ідзе ў імя Гасподняе! Мір на нябёсах і слава ў вышынях!
І некаторыя фарысэі з натоўпу сказалі Яму: «Настаўнік! Забарані вучням Тваім!»
І некаторыя фарысэі з-паміж людзей сказалі Яму: Настаўнік! забарані вучням Тваім.
І, адказваючы, Ён сказаў ім: «Кажу вам, што, калі яны замоўкнуць, дык камяні закрычаць».
Але Ён сказаў ім у адказ: кажу вам, што калі яны замоўкнуць, дык камяні загалосяць.
І калі наблізіўся, убачыўшы горад, заплакаў па ім,
І калі наблізіўся да горада, дык, гледзячы на яго, заплакаў па ім
кажучы: «Каб і ты хоць у гэты дзень твой зразумеў, што дзеля супакою твайго! Але цяпер гэта схавана ад вачэй тваіх.
і сказаў: о, калі б і ты хоць бы ў гэты твой дзень уведаў, што служыць міру твайму! але гэта схавана сёньня ад вачэй тваіх;
Бо прыйдуць на цябе дні, і ворагі твае аточаць цябе валам, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адусюль,
бо прыйдуць на цябе дні, калі ворагі твае абложаць цябе акопамі, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адусюль,
і зьнішчаць дашчэнту цябе, і дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць у табе камяня на камяні дзеля таго, што не зразумеў ты час адведзінаў тваіх».
і зруйнуюць цябе, і заб’юць дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць у табе каменя на камені, за тое, што ты не даведаўся часу адведзінаў тваіх.
І, увайшоўшы ў сьвятыню, пачаў выганяць тых, якія продалі ў ёй і куплялі,
І ўвайшоўшы ў храм, пачаў выганяць тых, што прадавалі ў ім, і тых, што куплялі,
кажучы ім: «Напісана: “Дом Мой ёсьць дом малітвы”, а вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».
кажучы ім: напісана: «дом Мой ёсьць дом малітвы: а вы зрабілі зь яго логва разбойнікаў».
І навучаў кожны дзень у сьвятыні. А першасьвятары, і кніжнікі, і першыя ў народзе шукалі, як загубіць Яго,
І вучыў кожны дзень у храме. А першасьвятары і кніжнікі і старэйшыны народу намышлялі загубіць Яго,
і не знаходзілі, што зрабіць, бо ўвесь народ гарнуўся да Яго, слухаючы Яго.
і не знаходзілі, што б зрабіць зь Ім, бо ўвесь народ неадступна слухаў Яго.