Лукаша 19 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

І, увайшоўшы, праходзіў Ён праз Ерыхон.
 
І ўвайшоўшы, паходзіў праз Ерыхон.

І вось, чалавек, якога звалі імем Закхей, і быў ён начальнік мытнікаў і чалавек багаты.
 
І вось чалавек, на імя Захей, каторы быў старшым над мытнікамі і быў багаты.

І ён шукаў убачыць Ісуса, які Ён, і ня мог з-за натоўпу, бо быў малы ростам.
 
І стараўся ўбачыць Езуса, хто ён такі, але ня мог за грамадою, бо быў малога росту.

І, забегшы наперад, узьлез на фігавае дрэва, каб убачыць Яго, бо ён меўся праходзіць каля яго.
 
І забегшы наперад, улез на дрэва дзікай фігі, каб убачыць яго, бо тудою меў прахадзіць.

І калі прыйшоў на гэтае месца, Ісус, глянуўшы, убачыў яго і сказаў яму: «Закхей! Зыходзь хутчэй, бо сёньня Я мушу спыніцца ў доме тваім».
 
І калі Езус прыйшоў да месца, узглянуўшы, убачыў яго і сказаў яму: Захей, зыйдзі пасьпешна, бо сягоньня трэба мне быць у тваім доме.

І той пасьпешліва зыйшоў, і прыняў Яго з радасьцю.
 
І пасьпешна зыйшоў і прыняў яго з радасьцяй.

І ўсе, якія бачылі ўсё гэта, наракалі, кажучы, што Ён увайшоў да грэшнага чалавека.
 
А як убачылі ўсе, наракалі, кажучы, што зайшоў да грэшнага чалавека.

А Закхей, стаўшы, сказаў Госпаду: «Госпадзе! Вось, палову маёмасьці маёй я аддаю ўбогім, і, калі каго абвінаваціў фальшыва, аддам учацьвёра».
 
А Захей стаўшы, сказаў да Пана: Вось, Пане, палавіну маей маемасьці даю на ўбогіх, а калі каго ў чым ашукаў, аддаю ўчэцьвера.

Ісус жа сказаў яму: «Сёньня сталася збаўленьне дому гэтаму, таму што і ён — сын Абрагама.
 
Сказаў да яго Езус: Што сягоньня для гэтага дому сталася збаўленьне, бо і ён ёсьць сын Абрагама.

Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсьці і збавіць тое, што было загінуўшы».
 
Бо Сын чалавечы прыйшоў шукаць і збаўляць тое, што было згінула.

А тым, што слухалі гэтае, працягваючы, сказаў прыповесьць, бо Ён быў блізка Ерусаліму, і яны думалі, што адразу маюць убачыць Валадарства Божае.
 
Калі яны гэтае слухалі, дадаючы сказаў прыповесьць: бо быў ён блізка Ерузаліму, і яны думалі, што зараз мела зьявіцца каралеўства Божае.

Тады Ён сказаў: «Нейкі чалавек высокага роду пайшоў у далёкі край узяць сабе валадарства і вярнуцца.
 
Дык сказаў: Адзін чалавек высокага роду ад’яжджаў у далёкі край, каб атрымаць для сябе каралеўства і вярнуцца.

Паклікаўшы ж дзесяць слугаў сваіх, даў ім дзесяць мінаў і сказаў ім: “Гандлюйце, пакуль прыйду”.
 
І паклікаўшы дзесяцёх сваіх слугаў, даў ім дзесяць грыўняў і сказаў да іх: Гандлюйце, пакуль ня прыеду.

А грамадзяне ненавідзелі яго і паслалі сьледам за ім пасольства, кажучы: “Ня хочам, каб гэты валадарыў над намі”.
 
Але ягоныя грамадзяне ненавідзелі яго і выслалі за ім пасольства, кажучы: Ня хочам, каб гэты панаваў над намі.

І сталася, як ён вярнуўся, атрымаўшы валадарства, сказаў паклікаць да сябе слугаў тых, якім даў срэбра, каб даведацца, хто што зарабіў.
 
І сталася, што ён вярнуўся, атрымаўшы каралеўства, і загадаў паклікаць слуг, каторым даў грошы, каб ведаць, сколькі кожны зарабіў.

І прыйшоў першы, кажучы: “Пане! Міна твая прынесла дзесяць мінаў”.
 
І прыйшоў першы, кажучы: Пане, твая грыўня прынясла дзесяць грыўняў.

І ён сказаў яму: “Добра, добры слуга! За тое, што ты ў малым быў верны, будзеш мець уладу над дзесяцьцю гарадамі”.
 
І сказаў гэтаму: Добра, слуга добры, таму што ты быў верны ў малым, будзеш мець уладу над дзесяцьма гарадамі.

І прыйшоў другі, кажучы: “Пане! Міна твая зарабіла пяць мінаў”.
 
Прыйшоў і другі, кажучы: Пане, твая грыўня прынясла пяць грыўняў.

Сказаў і гэтаму: “І ты будзь над пяцьцю гарадамі”.
 
І сказаў гэтаму: І ты будзь над пяцьма гарадамі.

І трэці прыйшоў, кажучы: “Пане! Вось твая міна, якую я меў, завязаўшы ў хустку,
 
Прыйшоў і іншы, кажучы: Пане, вось твая грыўня, якую я меў схаваную ў хустцы;

бо я баяўся цябе, што ты чалавек строгі, бярэш тое, што не лажыў, і жнеш тое, што ня сеяў”.
 
бо я баяўся цябе, таму што ты чалавек срогі: бярэш, чаго не палажыў, і жнеш, чаго ня сеяў.

Той жа кажа яму: “Паводле вуснаў тваіх буду судзіць цябе, злы слуга. Ты ведаў, што я — чалавек строгі, бяру тое, што не лажыў, і жну тое, што ня сеяў.
 
Сказаў яму: Вуснамі тваімі суджу цябе, нягодны слуга. Ты ведаў, што я чалавек срогі, бяру, чаго не палажыў і жну, чаго ня сеяў;

Чаму ж ты не аддаў срэбра майго на стол [купцам], і я, прыйшоўшы, атрымаў бы яго з прыбыткам?”
 
чаму-ж ты не аддаў маіх грашэй у банк, каб я, прыхаўшы, дастаў іх з працэнтам?

І сказаў тым, што побач стаялі: “Вазьміце ў яго міну і дайце таму, які мае дзесяць мінаў”.
 
І сказаў тым, што там стаялі: Вазьмеце ад яго грыўню і дайце таму, каторы мае дзесяць грыўняў.

І сказалі яму: “Пане, ён мае дзесяць мінаў!”
 
І сказалі яму: Пане, ён мае дзесяць грыўняў.

“Кажу вам, што ўсякаму, хто мае, дадзена будзе, а ў таго, хто ня мае, будзе забрана і тое, што мае.
 
А я вам кажу, што кожнаму, хто мае, будзе дадзена і будзе мець дастатак, а ад таго, хто ня мае, будзе аднята ад яго і тое, што ён мае.

А ворагаў маіх, тых, што не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзіце сюды і страцьце перада мною”».
 
Аднак-жа ворагаў маіх, тых, што не хацелі, каб я панаваў над імі, прывядзеце сюды пазабівайце перада мною.

І, сказаўшы гэтае, Ён пайшоў далей, узыходзячы ў Ерусалім.
 
І сказаўшы гэтае, ішоў наперад, ідучы ў Ерузалім.

І сталася, калі наблізіўся да Бэтфагі і Бэтаніі, да гары, якую называюць Аліўнай, паслаў двух вучняў Сваіх,
 
І сталася, калі прыбліжаўся да Бэтфагі і Бэтаніі пры гары, якая завецца Аліўнай, паслаў двух вучняў сваіх,

сказаўшы: «Ідзіце ў мястэчка, што перад вамі, у якім, увайшоўшы, знойдзеце асьляня прывязанае, на якога ніхто з людзей ніколі не сядаў; адвязаўшы яго, прывядзіце.
 
кажучы: Ідзеце ў сяло, якое наўпроць; уваходзячы ў яго знойдзеце прывязанае жэрабё асьліцы, на каторым ніхто з людзей ніколі не сядзеў; адвяжэце яго і прывядзеце.

І калі хто спытаецца ў вас: “Навошта адвязваеце?”, — скажыце яму так: “Госпад патрабуе яго”».
 
І калі-б у вас хто спытаўся: «Нашто адвязваеце»? так таму скажэце: «што Пан жадае ягонай паслугі».

Пайшоўшы, пасланыя знайшлі, як Ён сказаў ім.
 
І пайшлі тыя, што былі пасланы, і знайшлі, так як сказаў ім, стаячае асьлянё.

Калі ж яны адвязвалі асьляня, гаспадары ягоныя сказалі ім: «Навошта адвязваеце асьляня?»
 
Калі-ж яны адвязалі асьлянё, сказалі да іх гаспадары яго: Нашто адвязваеце асьлянё?

Яны ж сказалі: «Госпад патрабуе яго».
 
А яны сказалі: Што Пану яго патрэба.

І прывялі яго да Ісуса, і, накінуўшы адзеньні свае на асьляня, пасадзілі на яго Ісуса.
 
І прывялі яго да Езуса, і ўскінуўшы адзеньне сваё на асьлянё, пасадзілі Езуса.

І, калі Ён ехаў, пасьцілалі на дарозе адзеньне сваё.
 
Калі-ж ён ехаў, слалі адзеньне сваё на дарозе.

Калі ж Ён наблізіўся да спуску з гары Аліўнай, усё мноства вучняў з радасьцю хваліла Бога моцным голасам за ўсе цуды, якія яны бачылі,
 
І калі ўжо прыбліжаўся да спуску з Аліўнай гары, пачалі ўсе грамады вучняў, радуючыся, хваліць Бога вялікім голасам за ўсе цуды, якія яны бачылі,

кажучы: «Дабраслаўлёны Валадар, Які ідзе ў імя Госпада! Супакой на небе і слава на вышынях!»
 
кажучы: Багаслаўлены, каторы ідзе ў імя Пана; супакой на небе, і слава на вышынах!

І некаторыя фарысэі з натоўпу сказалі Яму: «Настаўнік! Забарані вучням Тваім!»
 
А некаторыя фарызэі з грамадаў сказалі да яго: Вучыцель, насварыся на сваіх вучняў!

І, адказваючы, Ён сказаў ім: «Кажу вам, што, калі яны замоўкнуць, дык камяні закрычаць».
 
Ён сказаў ім: Кажу вам, што калі-б яны маўчалі, каменьні будуць галасіць.

І калі наблізіўся, убачыўшы горад, заплакаў па ім,
 
І калі прыбліжыўся, убачыўшы горад, заплакаў над ім, кажучы:

кажучы: «Каб і ты хоць у гэты дзень твой зразумеў, што дзеля супакою твайго! Але цяпер гэта схавана ад вачэй тваіх.
 
Што каб пазнаў і ты, і ў гэты дзень твой, што для супакою твайго! Цяпер-жа закрыта ад вачэй тваіх.

Бо прыйдуць на цябе дні, і ворагі твае аточаць цябе валам, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адусюль,
 
Бо прыйдуць на цябе дні, і абвядуць цябе ворагі твае акопам, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адусюль,

і зьнішчаць дашчэнту цябе, і дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць у табе камяня на камяні дзеля таго, што не зразумеў ты час адведзінаў тваіх».
 
і паваляць цябе на зямлю і сыноў тваіх, каторыя ў табе; і не пакінуць у табе каменя на камені, таму што ты не пазнаў часу адведзінаў тваіх.

І, увайшоўшы ў сьвятыню, пачаў выганяць тых, якія продалі ў ёй і куплялі,
 
І ўвайшоўшы ў сьвятыню, пачаў выганяць прадаючых у ёй і купляючых,

кажучы ім: «Напісана: “Дом Мой ёсьць дом малітвы”, а вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў».
 
кажучы ім: Напісана ёсьць, што «дом мой ёсьць домам малітвы» (Із. 56:7), а вы зрабілі яго пячэрай разбойнікаў (Яр. 7:11).

І навучаў кожны дзень у сьвятыні. А першасьвятары, і кніжнікі, і першыя ў народзе шукалі, як загубіць Яго,
 
І вучыў штодня ў сьвятыні. А архісьвятары і кніжнікі і старшыя з народу шукалі загубіць яго,

і не знаходзілі, што зрабіць, бо ўвесь народ гарнуўся да Яго, слухаючы Яго.
 
і не знаходзілі, што-б зрабіць яму, бо ўвесь народ быў прывязаўшыся, слухаючы яго.