Лукаша 11 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

І сталася, як Ён у адным месцы маліўся, калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Госпадзе! Навучы нас маліцца, як і Ян навучыў вучняў сваіх».
 
І сталася, калі ён быў у вадным месцы молячыся, калі перастаў, сказаў адзін з вучняў ягоных да яго: Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў.

Ён жа сказаў ім: «Калі моліцеся, кажыце: “Ойча наш, Які ёсьць у небе! Сьвяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё; будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі.
 
І сказаў ім: Калі моліцеся, кажэце: Ойча, сьвяціся імя тваё. Прыйдзі каралеўства тваё.

Хлеба нашага штодзённага давай нам кожны дзень.
 
Хлеба нашага штодзённага дай нам сяньня.

І адпусьці нам грахі нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога”».
 
І адпусьці нам грахі нашы, бо і мы адпускаем кожнаму вінаватаму нам. І не ўвядзі нас у пакусу.

І сказаў ім: «Нехта з вас, маючы сябра, прыйдзе да яго апоўначы і скажа яму: “Сябра! пазыч мне тры хлябы,
 
І сказаў да іх: Хто з вас будзе мець прыяцеля і пойдзе да яго ў поўначы і скажа яму: «Дружа, пазыч мне тры хлябы,

бо сябра мой з дарогі зайшоў да мяне, і мне няма чаго даць яму”.
 
бо прыяцель мой прыйшоў з дарогі да мяне і ня маю што палажыць перад ім».

А той, адказваючы з хаты, скажа: “Не дакучай мне; дзьверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае са мною ў ложку; не магу ўстаць і даць табе”.
 
А ён ізнутра адказваючы, сказаў-бы: «Не дакучай мне, ужо дзьверы замкнёны, і дзеці мае са мною ў ложку; не маю ўстаць і даць табе».

Кажу вам, калі ён, устаўшы, ня дасьць яму дзеля сяброўства з ім, дык дзеля дакучлівасьці яго, устаўшы, дасьць яму, колькі просіць.
 
І калі ён не перастане стукаць, кажу вам: хаця ўстаўшы ня дасьць яму затым што ёсьць прыяцелем ягоным, то дзеля дакучлівасьці ягонай устане і дасьць яму, сколькі яму патрэба.

І Я кажу вам: “Прасіце, і дадзена вам будзе; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам.
 
І я вам кажу: Прасеце, і будзе вам дадзена; шукайце і знойдзеце; стукайце, і будзе вам адчынена.

Бо ўсякі, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, адчыняць таму”.
 
Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і стукаючаму будзе адчынена.

Хто з вас бацька, калі сын папросіць хлеба, дасьць яму камень? Ці [калі папросіць] рыбы, дасьць яму зьмяю замест рыбы?
 
А хто з вас просіць у бацькі хлеба, няўжо дасьць яму камень? Або рыбы, няўжо дасьць яму замест рыбы зьмяю?

Ці калі папросіць яйка, дасьць яму скарпіёна?
 
Або калі папросіць яйца, няўжо падасьць яму скарпіёна?

Дык вось, калі вы, будучы злымі, умееце добрыя дары даваць дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасьць Духа Сьвятога тым, што просяць у Яго».
 
Дык калі вы, будучы благімі, умееце даваць добрыя дарэньні дзецям вашым, куды болей Айцец ваш з неба дасьць Духа добрага тым, што просяць у яго!

І было, выгнаў Ён дэмана, які быў нямы; і, калі дэман выйшаў, нямы стаў гаварыць; і натоўп зьдзівіўся.
 
І выганяў д’ябла, а ён быў нямы. І калі выгнаў д’ябла, прагаварыў нямы, і дзівіліся грамады.

Некаторыя з іх казалі: «Праз Бэльзэбула, князя дэманаў, Ён выганяе дэманаў».
 
А некаторыя з іх казалі: Ён праз Бэльзэбуба, д’ябэльскага князя, выганяе д’яблаў.

А іншыя, спакушаючы, патрабавалі ў Яго знаку з неба.
 
А іншыя спакушваючы дамагаліся ад яго знаку з неба.

Але Ён, ведаючы разважаньні іхнія, сказаў ім: «Усякае валадарства, якое разьдзялілася само ў сабе, апусьцее, і дом на дом упадзе.
 
Ён-жа, як убачыў думкі іх, сказаў ім: Усякае каралеўства, разьдзеленае проціў сябе, будзе спустошана, і дом на дом упадзе.

Калі ж і шатан разьдзяліўся сам у сабе, дык як устаіць валадарства ягонае? Бо вы кажаце, што Я праз Бэльзэбула выганяю дэманаў.
 
А калі і д’ябал ёсьць разьдзяліўшыся проціў сябе, то як устаіць ягонае каралеўства? Бо вы кажэце, што я праз Бэльзэбуба выганяю д’яблаў.

Калі ж Я праз Бэльзэбула выганяю дэманаў, сыны вашыя праз каго выганяюць іх? Дзеля гэтага яны будуць судзьдзямі вашымі.
 
А калі я праз Бэльзэбуба выганяю д’яблаў, то сыны вашыя праз каго выганяюць? Дзеля гэтага яны будуць вашымі судзьдзямі.

Калі ж Я пальцам Божым выганяю дэманаў, значыць дасягнула да вас Валадарства Божае.
 
Але калі я пальцам Божым выганяю д’яблаў, сапраўды прыйшло да вас каралеўства Божае.

Калі ўзброены асілак ахоўвае панадворак свой, тады ў бясьпецы маёмасьць ягоная.
 
Калі асілак уваружаны сьцеражэ свайго дому, у супакоі ёсьць усё, што ён мае.

Калі ж дужэйшы за яго, напаўшы, пераможа яго, бярэ ўсю зброю ягоную, на якую той спадзяваўся, і раздае дабро ягонае.
 
Але калі сільнейшы за яго, надыйшоўшы, пераможа яго, забярэ ўсё ягонае аружжа, на каторае ён спадзяваўся і раздасьць ягоны дабытак.

Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто не зьбірае са Мною, той раскідае.
 
Хто не са мною, той проціў мяне; а хто ня зьбірае са мною, той раскідае.

Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, праходзіць праз бязводныя месцы, шукаючы супачынку, і, не знаходзячы, кажа: “Вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў”.
 
Калі дух нячысты выйдзе з чалавека, ходзіць па бязводных мясцох, шукаючы супакою. А не знаходзячы, кажа: Вярнуся ў дом свой, адкуль я выйшаў.

І, прыйшоўшы, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным.
 
І прыйшоўшы, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным.

Тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, зьлейшых за сябе, і, увайшоўшы, жывуць там; і бывае для чалавека таго апошняе горш за першае».
 
Тады ідзе і бярэ з сабою сем другіх духаў, горшых за сябе, і ўвайшоўшы жывуць там. І бываюць апошнія рэчы гэнага чалавека горшымі за першыя.

І сталася, калі Ён гаварыў гэтае, адна жанчына, азваўшыся з натоўпу, сказала Яму: «Шчасьлівае ўлоньне, якое насіла Цябе, і грудзі, якія кармілі Цябе!»
 
Сталася-ж, калі ён гэтае гаварыў, нейкая жанчына з грамады, падняўшы голас, сказала яму: Багаслаўленае лона, каторае цябе насіла, і грудзі, каторыя ты ссаў.

А Ён сказаў: «Наадварот, шчасьлівыя тыя, якія чуюць слова Божае і захоўваюць яго».
 
А ён сказаў: Так, багаслаўленыя, каторыя слухаюць слова Божага і берагуць яго.

Калі ж натоўп пачаў зьбірацца, Ён пачаў гаварыць: «Пакаленьне гэтае злое; яно шукае знаку, і знак ня будзе дадзены яму, апрача знаку Ёны прарока.
 
Калі-ж зьбегліся грамады, пачаў гаварыць: Гэты род ёсьць родам нягодным: ён шукае знаку, а знаку яму ня будзе дадзена, апрача знаку Ёны прарока.

Бо, як Ёна стаўся знакам для Нініўцаў, так будзе і Сын Чалавечы для пакаленьня гэтага.
 
Бо як Ёна быў знакам для Нінівітаў, так будзе і Сын чалавечы для гэтага роду.

Валадарка з Поўдня ўстане на суд з людзьмі пакаленьня гэтага і асудзіць іх, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасьць Салямона, і вось, тут большы за Салямона.
 
Каралева з поўдня ўстане на судзе з мужамі гэтага роду і асудзіць іх, бо яна прыйшла з канцоў зямлі паслухаць мудрасьці Саламона, а вось тут болей як Саламон.

Нініўцы ўстануць на суд з пакаленьнем гэтым і асудзяць яго, бо яны навярнуліся праз пропаведзь Ёны, і вось, тут большы за Ёну.
 
Мужы Нінівейскія ўстануць на судзе з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакуту чынілі на Ёнава навучаньне, а вось тут болей як Ёна.

Бо ніхто, запаліўшы сьвечку, не стаўляе яе ў тайным месцы, ці пад пасудзіну, але на сьвечніку, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі сьвятло.
 
Ніхто не запальвае сьвятла і не ставіць у скрытым месцы, ані пад пасудзінай, але на ліхтар, каб тыя, каторыя ўваходзяць, бачылі сьвятло.

Сьветач цела ёсьць вока; дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, тады і ўсё цела тваё сьветлае, а калі яно будзе злое, тады і цела тваё цёмнае.
 
Сьветачам цела твайго ёсьць вока тваё. Калі вока тваё будзе шчырае, усё сэрца тваё будзе сьветлае; калі-ж будзе нягоднае, то і цела тваё цёмнае будзе.

Дык зважай, каб сьвятло, што ў табе, не было цемрай.
 
Дык глядзі, каб сьвятло, каторае ў табе, ня было цемрай!

Калі ж цела тваё ўсё сьветлае і ня мае ніводнае цёмнае часткі, дык будзе сьветлае ўсё, нібы бліскавіца асьвятліла цябе».
 
Дык калі ўсё цела тваё будзе сьветлае, ня маючае ніякай часткі цемры, то будзе ўсё сьветлае, і як сьветач яснасьці асьвеціць цябе.

Калі Ён сказаў гэтае, адзін фарысэй прасіў Яго, каб Ён абедаў у яго, і Ён, прыйшоўшы, узьлёг.
 
А калі гаварыў, прасіў яго нейкі фарызэй, каб паабедаў ў яго. І прыйшоўшы, сеў за стол.

Фарысэй жа зьдзівіўся, што Ён не абмыўся перад бяседай.
 
А фарызэй пачаў, сам у сабе думаючы, казаць: Чаму ён не абмыўся перад абедам?

Але Госпад сказаў яму: «Цяпер вы, фарысэі, келіх і місу звонку ачышчаеце, а нутро вашае напоўненае рабункам і зласьлівасьцю.
 
І сказаў Пан да яго: Цяпер вы, фарызэі, ачышчаеце што ёсьць зьверху кубка і місы, але што ўнутры вас ёсьць, яно поўнае грабества і нягоднасьці.

Неразумныя! Ці ня Той, Хто зрабіў тое, што звонку, зрабіў і нутро?
 
Безразумныя, ці-ж той, каторы ўчыніў тое, што ёсьць зьверху, ня ўчыніў так-жа таго, што ёсьць унутры?

Давайце лепш міласьціну з таго, што ў вас унутры ёсьць, і тады ўсё будзе ў вас чыстае.
 
Але што лішняе, аддайце на дарэньне, і вось усё для вас чыстае.

Але гора вам, фарысэі, што вы даяцё дзесяціну з мяты, руты і ўсякай гародніны, і абмінаеце суд і любоў Божую; і гэтае мусіце рабіць, і таго не пакідаць.
 
Але гора вам, фарызэям, што даецё дзясятую часьць з мяты і руты і ўсякай гародніны, а памінаеце суд і міласьць Божую. Бо гэтае трэба было рабіць, і таго не прапускаць.

Гора вам, фарысэі, што любіце першыя месцы ў сынагогах і вітаньні на рынках.
 
Гора вам, фарызэям, што любіце першыя лаўкі ў бажніцах і прывітаньні на рынку.

Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што вы быццам магілы схаваныя, і людзі, ходзячы над імі, ня ведаюць гэтага».
 
Гора вам, бо вы як магілы, каторых ня відаць, і людзі, каторыя ходзяць зьверху, ня ведаюць.

Адказваючы, нейкі законьнік кажа Яму: «Настаўнік, кажучы гэта, Ты і нас зьневажаеш».
 
Адказваючы-ж нейкі вучоны ў законе, сказаў яму: Вучыцель, гэтае гаворачы, ты робіш і нам ганьбу.

Ён жа сказаў: «І вам, законьнікі, гора, што вы абцяжарваеце людзей цяжарамі невыноснымі, а самі адным пальцам сваім не кранаеце цяжараў.
 
А ён сказаў: І вам, вучоным у законе, гора! Бо вы накладаеце на людзей цяжары, якіх яны насіць ня могуць, а самі вы адным пальцам вашым не кранецё цяжараў.

Гора вам, што будуеце магілы прарокам, а бацькі вашыя забівалі іх.
 
Гора вам, каторыя будуеце грабы прарокам, бацькі-ж вашыя забівалі іх.

Гэтым вы сьведчыце і згаджаецеся са справамі бацькоў вашых, што яны сапраўды забілі іх; а вы будуеце ім магілы.
 
Сапраўды вы сьведчыце, што згаджаецеся з учынкамі айцоў вашых; бо яны-то іх забівалі, а вы будуеце іхныя грабы.

Дзеля гэтага і мудрасьць Божая сказала: “Пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і з іх адных будуць забіваць, а другіх будуць перасьледаваць”,
 
Дзеля гэтага і мудрасьць Божая сказала: Пашлю да іх прарокаў і апосталаў, і з іх заб’юць і будуць прасьледаваць;

каб была спагнаная з пакаленьня гэтага кроў усіх прарокаў, пралітая ад заснаваньня сьвету,
 
каб была спагнана ад гэтага роду кроў усіх прарокаў, якая была праліта ад закладзін сьвету,

ад крыві Абэля да крыві Захарыі, забітага паміж ахвярнікам і Домам [Божым]. Так, кажу вам: будзе спагнана з пакаленьня гэтага.
 
ад крыві Абэля аж да крыві Захара, які згінуў між аўтаром і сьвятыняй. Сапраўды кажу вам, будзе спагнана ад гэтага роду.

Гора вам, законьнікі, што вы ўзялі ключ разуменьня: самі не ўвайшлі і тым, што ўваходзілі, забаранілі».
 
Гора вам, вучоным у законе, бо вы ўзялі ключ разуменьня; вы самі не ўвайшлі, і перашкаджалі тым, каторыя ўваходзілі.

Калі ж Ён гаварыў ім гэтае, кніжнікі і фарысэі пачалі дужа злавацца і дапытвацца ў Яго пра многае,
 
Калі-ж ён гэтае да іх гаварыў, фарызэі і вучоныя ў законе пачалі моцна прыставаць і засыпаць яго многімі пытаньнямі, цікуючы на яго і стараючыся злавіць нешта з вуснаў ягоных, каб абвінаваціць яго.

цікуючы на Яго і шукаючы злавіць [слова] з вуснаў Ягоных, каб абвінаваціць Яго.