Лукаша 5 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад В. Гадлеўскага
І сталася, што натоўп ціснуўся да Яго, каб слухаць Слова Божае, і Ён стаяў каля возера Генезарэт.
І сталася, калі грамады напіралі на яго, каб паслухаць слова Божага, а ён стаяў каля возера Гэнэзарэт.
І ўбачыў Ён два чаўны, якія стаялі на возеры, а рыбаловы, выйшаўшы з іх, мылі сеці.
І ўбачыў дзьве лодкі, стаячыя на возеры, а рыбакі былі выйшаўшы і паласкалі сеці.
Увайшоўшы ў адзін човен, што быў Сымонаў, Ён прасіў яго адплыць крыху ад берагу і, сеўшы, вучыў натоўпы з чаўна.
І ўвайшоўшы ў вадну лодку, што была Сымонава, прасіў яго ад’ехаць трохі ад зямлі. І сеўшы, вучыў грамады з лодкі.
Калі ж перастаў гаварыць, сказаў Сымону: «Адплыві на глыбіню і закіньце сеці вашы дзеля лову».
Калі-ж перастаў гаварыць, сказаў да Сымона: Едзь на глыбіню і закіньце сеці вашыя на лоў.
І, адказваючы, Сымон сказаў Яму: «Настаўнік! Мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але паводле слова Твайго закіну сеці».
І адказваючы Сымон сказаў яму: Вучыцель, праз усю ноч працуючы, мы нічога не злавілі, але на слова тваё закіну сець.
І, зрабіўшы гэтае, яны злавілі вялікае мноства рыбы, і нават сетка ў іх прарывалася.
І калі гэта зрабілі, загарнулі вялікае мноства рыб, і рвалася іх сець.
І далі знак таварышам, што былі на другім чаўне, каб прыйшлі дапамагчы ім, і прыйшлі, і напоўнілі абодва чаўны, так што яны пачалі залівацца.
І далі знак таварышам, каторыя былі ў другой лодцы, каб прыбылі і памаглі ім. І прыбылі, і напоўнілі абедзьве лодкі, так што ледзь не танулі.
Убачыўшы гэта, Сымон Пётар упаў да каленаў Ісуса, кажучы: «Выйдзі ад мяне, Госпадзе, бо я — чалавек грэшны».
Бачачы гэтае, Сымон Пётр упаў да кален Езуса, кажучы: Выйдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны.
Бо страх ахапіў яго і ўсіх, што былі з ім, дзеля гэткага ўлову рыбаў, імі злоўленых,
Бо агарнула яго вялікае зьдзіўленьне і ўсіх, што з ім былі, з ўлову рыб, які злавілі;
таксама і Якуба і Яна, сыноў Заўдыя, якія былі супольнікамі Сымона. І сказаў Ісус Сымону: «Ня бойся, ад цяпер будзеш лаўцом чалавекаў».
а так-жа Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэявых, каторыя былі таварышамі Сымона. І сказаў Езус да Сымона: Ня бойся, адгэтуль ужо людзей лавіць будзеш.
І, выцягнуўшы чаўны на бераг, яны пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.
І выцягнуўшы лодкі на зямлю, пакінуўшы ўсё, пайшлі за ім.
І сталася, Ісус быў у адным горадзе, і прыйшоў чалавек увесь у праказе, і, убачыўшы Ісуса, упаўшы на аблічча, маліў Яго, кажучы: «Госпадзе! Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць».
І сталася, калі быў у вадным месьце, і вось чалавек поўны праказы; і ўбачыўшы Езуса і ўпаўшы на твар, прасіў яго, кажучы: Пане калі хочаш можаш мяне ачысьціць.
І Ён, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: «Хачу, будзь ачышчаны». І адразу праказа зыйшла з яго.
І працягнуўшы руку, дакрануўся да яго, кажучы: Хачу, будзь ачышчаны. І зараз-жа праказа адыйшла ад яго.
І Ён загадаў яму нікому не казаць, але пайсьці паказацца сьвятару і прынесьці ахвяру за ачышчэньне сваё, як загадаў Майсей на сьведчаньне ім.
А ён загадаў яму, каб нікому не казаў, але: Ідзі, пакажыся сьвятару і ахвяруй за ачышчэньне тваё, як загадаў Майсей, на пасьведчаньне ім.
Але тым больш разыйшлося слова пра Яго, і шматлікія натоўпы зьбіраліся да Яго слухаць і аздаравіцца ў Яго ад нядужасьцяў сваіх.
І болей разыходзілася гутарка аб ім; і зыходзіліся вялікія грамады, каб паслухаць і быць аздароўленымі ад сваіх немачаў.
А Ён адыходзіў у пустынныя [месцы] і маліўся.
Ён-жа адыходзіў на пустыню і маліўся.
І сталася, у адзін дзень, як Ён навучаў, і сядзелі фарысэі і законавучыцелі, якія прыйшлі з усіх мястэчак Галілеі, і Юдэі, і Ерусаліму, і сіла Госпадава была дзеля аздараўленьня іх,
І сталася аднаго дня, і ён сядзеў навучаючы, і сядзелі фарызэі і вучыцялі закону, якія былі прыйшоўшы з усіх мястэчак Галілеі і Юдэі і з Ерузаліму. А моц Пана была да аздараўленьня іх.
вось, нясуць мужчыны на ложку чалавека, які быў спараліжаваны, і хацелі ўнесьці яго [ў дом] і палажыць перад Ісусам;
І вось людзі, што нясьлі на пасьцелі чалавека, які быў спаралізаваны, і стараліся ўнясьці яго і палажыць перад ім.
і, не знайшоўшы, дзе пранесьці яго праз натоўп, узьлезьлі на дах і праз страху спусьцілі яго разам з ложкам на сярэдзіну перад Ісусам.
І дзеля народу, не знайшоўшы, кудою-б яго ўнясьці, узыйшлі на дах і праз сталаваньне спусьцілі яго з пасьцеллю ў сярэдзіну, перад Езусам.
І Ён, бачачы веру іх, сказаў яму: «Чалавеча! Адпускаюцца табе грахі твае».
Ён, бачачы іх веру, сказаў: Чалавеча, адпушчаюцца табе грахі твае.
І пачалі разважаць кніжнікі і фарысэі, кажучы: «Хто Ён такі, што кажа блюзьнерства? Хто можа адпускаць грахі, акрамя аднаго Бога?»
І пачалі думаць кніжнікі і фарызэі, кажучы: Хто ён такі, што гаворыць блюзьнерствы? Хто можа адпушчаць грахі, апроч аднаго Бога?
А Ісус, пазнаўшы думкі іхнія, адказваючы, сказаў ім: «Што вы думаеце ў сэрцах вашых?
А Езус, пазнаўшы думкі іх, адказваючы сказаў ім: Што вы думаеце ў сэрцах вашых?
Што лягчэй сказаць: “Адпускаюцца табе грахі твае”, ці сказаць: “Устань і хадзі”?
Што лягчэй: сказаць «Адпушчаюцца табе грахі», ці сказаць «Устань і хадзі»?
Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі», — сказаў Ён спараліжаванаму. — «Кажу табе: устань і, узяўшы ложак твой, ідзі ў дом твой».
Але каб вы ведалі, што Сын чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі — сказаў спаралізаванаму: Табе кажу, устань, вазьмі тваю пасьцель і ідзі ў дом твой.
І той, адразу ўстаўшы перад імі, узяў тое, на чым ляжаў, і пайшоў у дом свой, славячы Бога.
І ён, зараз-жа ўстаўшы перад імі, узяў пасьцель, на каторай ляжаў, і пайшоў у свой дом, славячы Бога.
І ўсе былі ў захапленьні, і славілі Бога; і напоўніліся страхам, кажучы: «Дзіўныя рэчы бачылі мы сёньня».
І агарнула ўсіх вялікае зьдзіўленьне, і славілі Бога, і напоўнены былі страхам, кажучы: Што мы відзелі сяньня дзіўныя рэчы.
І пасьля гэтага Ён выйшаў і ўбачыў мытніка, на імя Левій, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: «Ідзі за Мною».
І пасьля гэтага выйшаў і ўбачыў мытніка, на імя Левія, сядзячага пры мытніцы, і сказаў яму: Ідзі за мною.
І той, пакінуўшы ўсё, устаў і пайшоў за Ім.
І ён пакінуўшы ўсё, устаўшы, пайшоў за ім.
І зрабіў для Яго Левій у доме сваім вялікі пачастунак, і была шматлікая грамада мытнікаў і іншых, якія ўзьлягалі з імі.
І зрабіў яму Левій вялікі пачастунак у сваім доме; і была вялікая грамада мытнікаў і іншых, якія з імі сядзелі.
І наракалі кніжнікі і фарысэі вучням Ягоным, кажучы: «Навошта вы ясьцё і п’яцё з мытнікамі і грэшнікамі?»
І наракалі фарызэі і кніжнікі іх, кажучы да вучняў ягоных: Чаму вы з мытнікамі ясьцё і п’яцё?
І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, але хворыя.
І адказваючы Езус сказаў да іх: Не патрабуюць лекара здаровыя, але тыя, што дрэнна маюцца.
Я прыйшоў клікаць да навяртаньня ня праведных, але грэшных».
Ня прыйшоў я клікаць справядлівых, але грэшных да пакуты.
А яны сказалі Яму: «Чаму вучні Яна посьцяць часта і моляцца, таксама і фарысэйскія, а Твае ядуць і п’юць?»
А яны сказалі яму: Чаму вучні Янавы часта посьцяць і адпраўляюць малітвы, таксама і фарызэявы, а твае ядуць і п’юць?
А Ён сказаў ім: «Ці можаце прымусіць сыноў вясельля посьціць, калі з імі жаніх?
Ён сказаў ім: Ці можаце зрабіць, каб госьці маладога пасьцілі, пакуль з імі ёсьць малады?
Але прыйдуць дні, калі возьмуць у іх жаніха, і тады будуць посьціць у тыя дні».
Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога, тады будуць пасьціць у тыя дні.
І сказаў ім прыповесьць: «Ніхто латкі ад новага адзеньня не прышывае да старога адзеньня, бо іначай і новае разьдзярэ, і да старога не падыйдзе латка ад новага.
А казаў да іх і падабенства: Што ніхто не кладзе латы ад новае вопраткі да старое вопраткі, бо інакш і новае рве, і да старога не падходзіць лата з новага.
І ніхто не ўлівае маладога віна ў старыя мяхі, бо маладое віно прарве мяхі, і само выцячэ, і мяхі прападуць;
І ніхто ня лье новага віна ў старыя мяхі, бо інакш новае віно разарве мяхі, і віно разальецца, і мяхі прападуць.
але маладое віно трэба ўліваць у новыя мяхі; і захаваецца тое і другое.
Але новае віно трэба ліць у новыя мяхі, і адно і другое астаюцца цэлымі:
І ніхто, п’ючы старое віно, не захоча адразу маладога, бо кажа: “Старое лепшае”».
і ніхто, п’ючы старое, не адразу хоча новага, бо кажа: Старое лепшае.