Лукаша 20 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І сталася, калі ў адзін з тых дзён Ён навучаў народ у сьвятыні і дабравесьціў, прыйшлі першасьвятары і кніжнікі са старшынямі
 
У адзін з тых дзён, калі Ён вучыў людзей у храме і зьвеставаў, падступіліся першасьвятары і кніжнікі з старэйшынамі

і сказалі Яму, кажучы: «Скажы нам, якою ўладаю Ты гэтае робіш, ці хто даў Табе ўладу гэтую?»
 
і сказалі Яму: скажы нам, якою ўладаю Ты гэта робіш, альбо хто Табе даў уладу такую?

Адказваючы, Ён сказаў ім: «Спытаюся і Я ў вас адно слова, і скажыце Мне:
 
Ён сказаў ім у адказ: і Я ў вас пра адно папытаюся, і скажэце Мне:

Хрышчэньне Янава з неба было ці ад людзей?»
 
хрышчэньне Янава зь нябёсаў было, ці ад людзей?

Яны ж разважалі між сабою, кажучы: «Калі скажам: “З неба”, — Ён скажа: “Чаму тады вы не паверылі яму?”
 
А яны, разважаючы паміж сабою, казалі: калі скажам: зь нябёсаў, дык скажа: «чаму ж вы не паверылі яму?»,

А калі скажам: “Ад людзей”, — увесь народ паб’е нас камянямі, бо ён упэўнены, што Ян — гэта прарок».
 
а калі скажам: «ад людзей», дык увесь люд паб’е нас камянямі, бо ён упэўнены, што Ян ёсьць прарок.

І адказалі: «Ня ведаем адкуль».
 
І адказвалі: ня ведаем адкуль.

І сказаў ім Ісус: «Тады Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю».
 
Ісус сказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.

Пачаў жа Ён гаварыць да народу гэткую прыповесьць: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік, і здаў яго вінаградарам, і выехаў на доўгі час.
 
І пачаў Ён гаварыць народу прытчу такую: адзін чалавек насадзіў вінаграднік і аддаў яго вінаградарам, і адлучыўся на доўгі час;

І ў свой час паслаў да вінаградараў слугу, каб яны далі яму пладоў з вінаградніку, але вінаградары, зьбіўшы яго, адаслалі ні з чым.
 
і ў свой час паслаў да вінаградараў раба, каб яны далі яму пладоў зь вінаградніка; але вінаградары, прыбіўшы яго, адаслалі ні з чым.

Яшчэ паслаў іншага слугу; але яны і гэтага, зьбіўшы і зьняважыўшы, адаслалі ні з чым.
 
Яшчэ паслаў другога раба; але яны і гэтага, прыбіўшы і зганіўшы, адаслалі ні з чым.

Яшчэ паслаў трэцяга; але яны і таго, зраніўшы, выгналі.
 
І яшчэ паслаў трэйцяга; але яны і таго, пакалечыўшы, выгналі.

І сказаў гаспадар вінаградніку: “Што мне рабіць? Пашлю сына майго ўлюбёнага. Можа, убачыўшы яго, пасаромеюцца”.
 
Тады сказаў гаспадар вінаградніка: што мне рабіць? пашлю сына майго любаснага; можа, убачыўшы яго, пасаромеюцца.

Убачыўшы ж яго, вінаградары разважалі між сабою, кажучы: “Гэта спадкаемца; пойдзем, заб’ем яго, каб нашаю сталася спадчына”.
 
Але вінаградары, убачыўшы яго, разважалі паміж сабою, кажучы: гэта спадчыньнік; хадзем, заб’ём яго, і спадчына ягоная будзе наша.

І, выгнаўшы яго вон з вінаградніку, забілі. Дык што зробіць з імі гаспадар вінаградніку?
 
І, вывеўшы яго вонкі зь вінаградніка, забілі. Што ж зробіць зь імі гаспадар вінаградніка?

Прыйдзе і выгубіць вінаградараў гэтых, і аддасьць вінаграднік другім». Тыя, што чулі гэтае, сказалі: «Няхай ня станецца!»
 
Прыйдзе і загубіць вінаградараў тых і аддасьць вінаграднік іншым. Тыя, што чулі гэта, сказалі: хай ня будзе!

А Ён, глянуўшы на іх, сказаў: «Што тады значыць тое, што напісана: “Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавой вугла”?
 
Але Ён, зірнуўшы на іх, сказаў: што азначае гэта, напісанае: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім»?

Усякі, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца, а на каго ён упадзе, таго раздушыць».
 
Кожны, хто ўпадзе на той камень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць.

І шукалі ў гэтую гадзіну першасьвятары і кніжнікі, каб налажыць на Яго рукі, але баяліся народу, бо зразумелі, што пра іх сказаў Ён гэтую прыповесьць.
 
І намышлялі тым часам першасьвятары і кніжнікі, каб накласьці на Яго рукі, але пабаяліся народу, бо зразумелі, што пра іх сказаў Ён гэтую прытчу.

І, сочачы за Ім, паслалі шпегаў, якія ўдавалі сябе за праведнікаў, каб яны падлавілі Яго на слове, каб выдаць Яго начальству і ўладзе ваяводы.
 
І сочачы за Ім, падаслалі падступных людзей, якія прыкінуўшыся пабожнымі, падлавілі б Яго на якім-небудзь слове, каб перадаць Яго начальству і ўладзе правіцеля.

І тыя спыталіся ў Яго, кажучы: «Настаўнік! Мы ведаем, што Ты слушна гаворыш і навучаеш, і не глядзіш на аблічча, але паводле праўды шляху Божаму навучаеш.
 
І яны спыталіся ў Яго: Настаўнік! мы ведаем, што Ты праўдзіва гаворыш і вучыш, і не зважаеш на аблічча, а праўдзіва шляху Божаму вучыш;

Ці належыцца плаціць падатак цэзару, ці не?»
 
ці дазваляецца нам даваць падатак кесару, ці не?

А Ён, бачачы подступ іхні, сказаў ім: «Чаму вы Мяне спакушаеце?
 
А Ён, разгадаўшы злахітрасьць іхную, сказаў ім: што вы Мяне спакушаеце?

Пакажыце Мне дынар. Чый на ім вобраз і надпіс?» Яны, адказваючы, сказалі: «Цэзараў».
 
пакажэце Мне дынар: чыя на ім выява і надпіс? Яны адказвалі: кесаравыя.

Ён жа сказаў ім: «Дык аддавайце тое, што цэзарава, цэзару, а што Божае, — Богу».
 
Ён ім сказаў: дык аддайце кесару кесаравае, а Божае Богу.

І не маглі падлавіць Яго на слове перад народам, і, зьдзівіўшыся адказу Ягонаму, замоўклі.
 
І не маглі падлавіць Яго ў слове перад людзьмі і, зьдзівіўшыся з адказу Ягонага, замоўклі.

Прыйшоўшы ж, некаторыя з садукеяў, якія пярэчаць, што ёсьць уваскрасеньне, спыталіся ў Яго,
 
Тады падыйшлі некаторыя з садукеяў, што адмаўляюць уваскрэсеньне, і спыталіся ў Яго:

кажучы: «Настаўнік! Майсей напісаў нам: “Калі памрэ нечый брат, які меў жонку, і памрэ бязьдзетным, дык брат ягоны мае ўзяць жонку ягоную і аднавіць насеньне брату свайму”.
 
Настаўнік! Майсей напісаў нам, што калі ў каго памрэ брат, які меў жонку, і памрэ бязьдетны, дык брат ягоны павінен узяць ягоную жонку і адрадзіць семя брату свайму.

Было сем братоў; і першы, узяўшы жонку, памёр бязьдзетным.
 
Было сем братоў: першы, узяўшы жонку, памёр бязьдзетны;

І ўзяў другі тую жанчыну, і той памёр бязьдзетным.
 
узяў тую жонку другі, і той памёр бязьдетны;

І трэці ўзяў яе, і таксама ўсе сем, і не пакінулі дзяцей, і памерлі.
 
узяў яе трэйці, таксама і ўсе сямёра, і памерлі, не пакінуўшы дзяцей;

Пасьля ўсіх памерла і жанчына.
 
пасьля ўсіх памерла і жонка.

Дык пры ўваскрасеньні каторага з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёра мелі яе за жонку».
 
Дык вось, ва ўваскрэсеньні, катораму зь іх яна будзе жонкаю? бо сямёра яе мелі за жонку.

І адказваючы, сказаў ім Ісус: «Сыны веку гэтага жэняцца і выходзяць замуж;
 
Ісус сказаў ім у адказ: дзеці веку гэтага жэняцца і выходзяць замуж;

а тыя, якія вартыя дасягнуць таго веку і ўваскрасеньня з мёртвых, ня жэняцца і замуж не выходзяць,
 
а тыя, што спадобіліся дасягнуць таго веку і ўваскрэсеньня зь мёртвых, ні жэняцца, ні замуж ня выходзяць,

бо памерці ўжо ня могуць, бо яны роўныя анёлам і сыны Божыя, калі сталіся сынамі ўваскрасеньня.
 
і памерці ўжо ня могуць, бо яны роўныя анёлам і ёсьць сыны Божыя, будучы сынамі ўваскрэсеньня;

А што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей паказаў каля глогу, калі назваў Госпада Богам Абрагама, і Богам Ісаака, і Богам Якуба.
 
а што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей паказаў пры купіне, калі назваў Госпада Богам Абрагама і Богам Ісака і Богам Якава.

Ён ня ёсьць Бог мёртвых, але жывых, бо ў Яго ўсе жывыя».
 
Бог жа ня ёсьць Бог мёртвых, а жывых, бо ў Яго ўсе жывыя.

Адказваючы, некаторыя з кніжнікаў сказалі: «Настаўнік! Ты добра сказаў».
 
На гэта некаторыя з кніжнікаў сказалі: Настаўнік! Ты добра сказаў.

І ўжо не адважваліся ні пра што пытацца ў Яго. Ён жа сказаў ім:
 
І ўжо не адважваліся распытваць Яго ні пра што. А Ён сказаў ім:

«Чаму кажуць, што Хрыстос ёсьць Сын Давіда?
 
як кажуць, Хрыстос ёсьць сын Давідаў?

А сам Давід кажа ў кнізе псальмаў: “Сказаў Госпад Госпаду майму: "Сядзь праваруч Мяне,
 
А сам Давід кажа ў кнізе Псальмаў: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч ад Мяне,

пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх"”.
 
пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх».

Дык Давід называе Яго Госпадам, і як жа Ён — сын ягоны?»
 
Дык вось, Давід Госпадам называе Яго: як жа Ён сын яму?

І калі ўвесь народ слухаў, Ён сказаў вучням Сваім:
 
І калі слухаў увесь народ, Ён сказаў вучням Сваім:

«Сьцеражыцеся кніжнікаў, якія хочуць хадзіць у доўгіх шатах, і любяць вітаньні на рынках, і першыя месцы ў сынагогах і ўзьлягаць на першых месцах на вячэрах,
 
Асьцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгім адзеньні і любяць вітаньні на сходах народных, сядзець наперадзе ў сынагогах, і ўзьляжаць наперадзе на гасьцінах,

якія аб’ядаюць дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моляцца. Яны атрымаюць цяжэйшы прысуд».
 
якія паядаюць дамы ўдоваў і крывадушна доўга моляцца; яны прымуць тым большую асуду.