Лукаша 6 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

І сталася ў другую сыботу па першай, што Ён ішоў пераз збожжа, і вучанікі Ягоныя каласавалі а елі, расьціраючы рукамі.
 
І сталася: у суботу, [першую па другім дні Пасхі], Ён праходзіў збажыною, і Яго вучні зрывалі калоссе і елі, расціраючы рукамі.

Некатрыя ж із фарысэяў сказалі ім: «Чаму вы робіце, чаго ня маеце права рабіць у сыботы?»
 
Некаторыя ж з фарысеяў сказалі [ім]: Чаму вы робіце тое, чаго не дазваляецца [рабіць] у суботы?

І, адказуючы, Ісус сказаў ім: «Хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, як прагнуў, і былыя зь ім?
 
І ў адказ ім Ісус сказаў: Няўжо вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі прагаладаўся сам і тыя, што былі з ім;

Як ён увыйшоў да Дому Божага, і ўзяў а еў пакладзены хлеб, і даў таксама былым ізь ім, каторага ня меў права есьці ніхто, апрача адных сьвятароў?»
 
як увайшоў ён у дом Божы і, узяўшы хлябы прапановы, ей і даў тым, што былі з ім, а іх не дазваляецца есці нікому, акрамя адных святароў?

І сказаў ім: «Сын Людзкі ё спадар і сыботы».
 
І Ён казаў ім: Сын Чалавечы — гаспадар [і] суботы.

І сталася таксама іншае сыботы, што Ён увыйшоў у бажніцу й вучыў. І быў там чалавек, у каторага правая рука была адсохшы.
 
І сталася: у другую суботу ўвайшоў Ён у сінагогу і вучыў. І быў там чалавек, і яго правая рука была сухая.

А кніжнікі а фарысэі ўважліва назіралі за Ім, ці ўздарове ў сыботу, каб знайсьці за што абжалаваць Яго.
 
Кніжнікі ж і фарысеі сачылі за Ім, ці не вылечвае Ён у суботу, каб знайсці за што абвінаваціць Яго.

Але Ён ведаў думкі іхныя. І кажа чалавеку, што меў адсохлую руку: «Устань а стань на сярэдзіне» І ён устаў і стаў.
 
Але Ён ведаў іх думкі і сказаў чалавеку, што меў сухую руку: Падыміся і стань пасярэдзіне. — І той, падняўшыся, стаў.

І сказаў ім Ісус: «Папытаюся Я ў вас адно: ці подле права належа ў сыботу дабро ці ліха рабіць? душу выбавіць ці загубіць?»
 
Ісус жа сказаў ім: Пытаюся ў вас, ці дазваляецца ў суботу дабро рабіць ці ліха чыніць, душу ўратаваць ці загубіць? [Яны ж маўчалі].

І, глянуўшы навокал на ўсіх іх, кажа чалавеку таму: «Выцягні руку сваю». І ён зрабіў гэтак; і стала рука ягоная здаровая, як другая.
 
І, аглядзеўшы іх усіх, сказаў яму: Выцягні сваю руку. — І ён зрабіў так і ажыла яго рука9.

А яны аж шалелі, і гукалі адзін аднаму, што ім зрабіць Ісусу.
 
Яны ж перапоўніліся шаленствам і казалі між сабою, што зрабіць бы Ісусу.

І сталася тых дзён, што Ён пайшоў на гару маліцца, і прабыў усю ноч на малітве Богу.
 
І сталася: у гэтыя дні Ён выйшаў на гару памаліцца, і цэлую ноч правёў у малітве да Бога.

І, як настаў дзень, пагукаў вучанікаў Сваіх і абраў зь іх двананцацёх, кагорых і назваў апосталамі:
 
І, калі настаў дзень, Ён паклікаў Сваіх вучняў і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі:

Сымона, каторага й назваў Пётрам, і Андрэя, брата ягонага, Якава а Яана, Піліпа а Варфаламея,
 
Сімана, якога і назваў Пятром, і Андрэя, яго брата, і Іякава, і Іаана, і Філіпа, і Варфаламея,

Мацьвея а Хаму, Якава Алфеявага а Сымона, званага Зылотам,
 
і Матфея, і Фаму, і Іякава Алфеевага, і Сімана, званага Зілотам,

Юду Якававага а Юду Іскарыёта, што потым стаў ізраднікам.
 
і Іуду Іякавага, і Іуду Іскарыёта, які зрабіўся здраднікам.

І ісступіўшы зь імі, стаў на раўніне, і груд чысьленых вучанікаў Ягоных, і множасьць вялікая люду з усяе Юдэі а зь Ерузаліму а з узморскіх Тыру а Сыдону, што прышлі паслухаць Яго і ўздаравіцца з хваробаў сваіх,
 
І, спусціўшыся з імі, Ён стаў на роўным месцы, і вялікая грамада Яго вучняў, і вялікае мноства народа з усяе Іудзеі і Іерусаліма і з узбярэжжа Тыра і Сідона,

І мучаныя нячыстымі духамі; і былі ўздараўляны.
 
што прыйшлі паслухаць Яго і вылечыцца ад сваіх хвароб; і тыя, каго даймалі нячыстыя духі, таксама вылечваліся,

І ўвесь груд стараўся даткнуцца да Яго, бо моц выходзіла зь Яго і ўздараўляла ўсіх.
 
і ўвесь натоўп шукаў дакрануцца да Яго, бо сіла ад Яго зыходзіла і вылечвала ўсіх.

А Ён, узьняўшы вочы Свае на вучанікаў Сваіх, мовіў: «Шчасьлівыя ўбогія, бо ваша ё гаспадарства Божае.
 
І Ён, падняўшы вочы Свае на вучняў Сваіх сказаў: Шчаслівыя ўбогія [духам], бо ваша ёсць Царства Божае.

Шчасьлівыя прагнучыя цяпер, бо насыцецеся. Шчасьлівыя плачучыя цяпер, бо будзеце сьміяцца.
 
Шчаслівыя, хто галадае цяпер, бо вы будзеце насычаны. Шчаслівыя, хто плача цяпер, бо будзе смяяцца.

Шчасьлівыя будзеце, калі вас будуць людзі ненавідзіць, і калі вылучаць вас, і будуць ганьбіць, і выкінуць імя вашае, як благое, за Сына Людзкога.
 
Шчаслівыя вы, калі вас зненавідзяць людзі і калі адлучаць вас і будуць ганьбіць, і адкінуць ваша імя як ліхое з-за Сына Чалавечага;

Цешчася таго дня а весяліцеся, бо, гля, заплата вашая вялікая на небе. Гэтак айцове іхныя рабілі прарокам.
 
узрадуйцеся ў той дзень і скачыце, бо вось вялікая ваша ўзнагарода ў небе; бо гэтак рабілі іх бацькі прарокам.

«Але бяда вам, багатым! бо вы адзяржалі пацеху сваю.
 
Але бяда вам, багатыя, бо вы атрымалі сваю ўцеху.

Бяда вам, каторыя насыціўшыся! бо прагнуць будзеце. Бяда вам, што сьмяіцеся цяпер! бо смуціцца а плакаць будзеце.
 
Бяда вам, сытыя цяпер, бо зазнаеце голад. Бяда вам, што смеяцеся цяпер, бо будзеце смуткаваць і плакаць.

Бяда вам, калі добра гукаць будуць праз вас усі людзі! бо гэтак рабілі айцове іхныя хвальшывым прарокам.
 
Бяда вам, калі пра вас будуць казаць добра ўсе людзі; бо гэтак рабілі іх бацькі лжэпрарокам.

«Але кажу вам, каторыя слухаеце: любіце непрыяцеляў сваіх; добра рабіце тым, што ненавідзяць вас;
 
Але вам, хто слухае, кажу: Любіце сваіх ворагаў, рабіце дабро тым, хто ненавідзіць вас,

Дабраслаўце тых, што вас праклінаюць, і маліцеся за тых, што наругаюцца вам.
 
добраслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто крыўдзіць вас.

І таму, хто вытне цябе па шчаццэ, падстаў і другую; і таму, хто возьме тваю вопратку, не барані й адзежы.
 
Таму, хто ўдарыць цябе па шчацэ, падстаў і другую, і таму, хто забірае ў цябе вопратку, не перашкаджай узяць і кашулю.

«Дай кажнаму, хто просе ў цябе, і з таго, хто возьме твае, не спаганяй назад.
 
Кожнаму, хто ў цябе просіць, дай, і ў таго, хто тваё забірае, не спаганяй назад.

І як хочаце, каб вам людзі рабілі, рабіце падобна вы ім.
 
І як хочаце, каб рабілі вам людзі, так і вы ім рабіце.

Бо калі любіце тых, каторыя любяць вас, якая вам падзяка? бо й грэшнікі любяць тых, што любяць іх.
 
І калі вы любіце тых, хто любіць вас, якая вам удзячнасць? Бо і грэшнікі любяць тых, хто іх любіць.

І калі робіце дабро тым, каторыя робяць дабро вам, якая падзяка вам? бо й грэшнікі робяць тое самое.
 
[Бо] калі робіце дабро тым, хто вам робіць дабро, якая вам удзячнасць? І грэшнікі тое самае робяць.

І калі пазычаеце тым, з каторых спадзяіцеся спагнаць, якая вам падзяка? бо нават грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб спагнаць толькі ж.
 
І калі пазычаеце тым, ад каго спадзеяцеся атрымаць назад, якая вам удзячнасць? І грэшнікі грэшнікам пазычаюць, каб атрымаць гэтулькі ж.

«Але вы любіце непрыяцеляў сваіх, і добра рабіце, і пазычайце, не спадзяючыся стуль нічога; і заплата вашая будзе вялікая, і будзеце дзецьмі Навышняга; бо Ён добры да няўдзячных а благіх.
 
А вы любіце сваіх ворагаў і рабіце дабро і пазычайце, не чакаючы нічога, і будзе вялікаю ваша ўзнагарода, і будзеце сынамі Усявышняга, бо Ён добры да няўдзячных і ліхіх.

Дык будзьце міласэрныя, як і Айцец вашы міласэрны.
 
[Дык] будзьце міласэрныя, як [і] ваш Бацька міласэрны.

Ня судзіце, і ня будзеце суджаны; не засуджайце, і ня будзеце засуджаны; даруйце, і вам даруюць.
 
І не судзіце, і вас не будуць судзіць; і не асуджайце, і вас не асудзяць. Даруйце, і вам даруюць;

Дайце, і вам дадуць: мераю добраю, уцісьненаю а ўтрэсенаю і з коптарам дадуць людзі ў вулоньне вашае; бо якой мераю мераеце, такой адмераюць вам».
 
давайце, і вам дадуць: мераю добраю, набітаю, утрэсенаю, перапоўненаю дадуць вам у палу; бо якою мерай вы мераеце, адмераюць вам.

І сказаў ім прыпавесьць: «Ці можа нявісны вадзіць нявіснога? ці не абодва ўваляцца ў яму?
 
І сказаў ім таксама прыпавесць: Хіба можа сляпы сляпога весці? Ці не абодва ў яму ўпадуць?

«Вучанік ня вышшы за вучыцеля, але кажны, удасканаліўшыся, будзе, як вучыцель ягоны.
 
Вучань не вышэйшы за [свайго] настаўніка; але кожны, удасканаліўшыся, будзе, як яго настаўнік.

«І што глядзіш ты на стрэмку ў воку брата свайго, а бярна ў воку сваім ня цеміш?
 
Што ж ты бачыш парушынку ў воку свайго брата, а бервяна ва ўласным воку не заўважаеш?

Альбо, як можаш сказаць брату свайму: Браце! дай, выму стрэмку з вока твайго; калі сам ня бачыш бярна ў воку сваім? Двудушніча! выкінь сьпярша бярно з вока свайго, і тады абачыш выразьліва, як выняць стрэмку з вока брата свайго.
 
Як ты можаш казаць свайму брату: «Браце, дай я выму парушынку, што ў тваім воку», калі сам бервяна ў сваім воку не бачыш? Крывадушнік, вымі спярша бервяно са свайго вока, тады ясна ўбачыш, як выняць парушынку, што ў воку твайго брата.

«Бо добрае дзерва ня родзе благога плоду, альбо благое дзерва ня родзе плоду добрага.
 
Бо няма добрага дрэва, якое радзіла б благі плод, няма і благога дрэва, якое радзіла б добры плод.

Бо кажнае дзерва пазнаюць із плоду ягонага; бо зь церня не абіраюць фіґаў ані з чупчыньніку не абіраюць вінных ягадаў.
 
Бо кожнае дрэва з свайго плоду пазнаецца; бо з цёрну не збіраюць фігі і з ажыны вінаградных гронак не зразаюць.

«Добрая людзіна з добрага скарбу сэрца свайго выносе добрае, а благая людзіна з благога скарбу сэрца свайго выносе благое; бо ад збытку сэрца гукаюць вусны.
 
Добры чалавек з добрай скарбніцы [свайго] сэрца выносіць добрае, а ліхі [чалавек] з ліхой [скарбніцы свайго сэрца] выносіць ліхое; бо ад перапоўненасці сэрца гавораць яго вусны.

«І чаму вы гукаеце Мяне: "Спадару, Спадару", а ня робіце таго, што Я кажу?
 
Што ж клічаце Мяне: «госпадзе, Госпадзе!», а не робіце таго, што Я кажу?

Кажны, што прыходзе да Мяне, і слухае словы мае, і поўне іх, Я пакажу вам, да каго падобны.
 
Кожны, хто прыходзіць да Мяне і слухае Мае словы і выконвае іх, — Я пакажу вам, да каго ён падобны;

Ён падобны да чалавека, што, становячы дом, капаў а ўглыбіўся а паклаў под на скале; і, як сталася паводка, плынь чханула на тый дом, але не магла захістаць яго, бо быў закладзены на скале.
 
падобны ён да чалавека, што будуючы дом, раскапаў і заглыбіўся і заклаў падмурак на скале; калі ж здарылася разводдзе, на той дом хлынула рака, і не змагла яго пахіснуць, боён быў добра збудаваны10.

Але тый, што пачуў, але не зрабіў, падобны да чалавека, што бяз поду пастанавіў дом на зямлі, на каторы чханула плынь, і якга ён паваліўся; і разьвярненьне таго дому было вялікае».
 
А хтопачуў і не выканаў, той падобны да чалавека, што збудаваў дом на зямлі, без падмурка, хлынула рака на яго, і адразу ён абваліўся, і руіна таго дома была вялікая.