Лукаша 23 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Анатоля Клышкi
І ўся множасьць іх, устаўшы, павялі Яго да Пілата.
І ўстала ўсё мноства іх і павялі Яго да Пілата.
І пачалі жалаваць на Яго, кажучы: «Мы знайшлі, што Гэты псуець народ наш і бароне даваць падачкі цэсару, кажучы, што Ён сам Хрыстос, Кароль».
І пачалі абвінавачваць Яго, кажучы: Мы знайшлі, што Гэты чалавек разбэшчвае наш народ і забараняе даваць падатак кесару, і кажа, што Сам Ён Хрыстос, Цар.
Пілат жа папытаўся ў Яго, кажучы: «Ці Ты кароль Юдэйскі?» І, адказуючы, Ён сказаў яму: «Ты кажаш».
І Пілат спытаўся ў Яго, кажучы: Ці Ты Іудзейскі Цар? — Ён жа ў адказ сказаў яму: Ты кажаш.
І Пілат сказаў найвышшым сьвятаром а гурбе: «Я не знаходжу выступу ў гэтым чалавеку».
І Пілат сказаў першасвятарам і натоўпам: Я не знаходжу ніякай віны ў Гэтым Чалавеку.
Але яны ўпіраліся, кажучы: «Ён узрушае люд, навучаючы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Ґалілеі аж дагэтуль».
Але яны настойвалі, кажучы: Ён бунтуе народ, навучаючы па ўсёй Іудзеі, пачаўшы з Галілеі аж дасюль.
Пілат жа, пачуўшы «Ґалілея», папытаўся, ці гэты чалавек быў Ґалілеянін.
І Пілат, пачуўшы [пра Галілею], спытаўся: Хіба Гэты Чалавек Галілеянін?
І даведаўшыся, што Ён быў прысуду Гірадавага, адаслаў Яго да Гірада, каторы сам таксама быў у Ерузаліме тых дзён.
І, даведаўшыся, што Ён уладанняў Ірада, паслаў Яго да Ірада, які і сам быў у Іерусаліме ў гэтыя дні.
Гірад, абачыўшы Ісуса, вельма ўсьцешыўся, бо даўно жадаў бачыць Яго, бо чуў шмат празь Яго і спадзяваўся бачыць які-колечы знак, учынены Ім.
Ірад жа, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо ён з даўняга часу хацеў убачыць Яго, таму што [шмат] чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць нейкі знак, здзейснены Ім.
І шмат пытаўся ў Яго, але Ён нічога яму не адказаў.
І задаваў Яму шмат пытанняў, ды Ён нічога не адказаў яму.
А найвышшыя сьвятары а кніжнікі стаялі і заўзята жалавалі на Яго.
І стаялі першасвятары і кніжнікі, заўзята обвінавачваючы Яго.
І Гірад із воямі сваімі ўлегцы замеў Яго, і, насьміяўшыся зь Яго, накінуўшы на Яго белае адзецьце, адаслаў назад да Пілата.
Ірад жа са сваімі воінамі, зняважыўшыся Яго і наглуміўшыся, апрануў Яго ў бліскучыя шаты і адаслаў Яго да Пілата.
І сталі таго дня Пілат і Гірад прыяцельмі мяжсобку, бо ўперад яны былі ў непрыязьньстве із сабою.
І ў той дзень Ірад і Пілат зрабіліся сябрамі між сабою; раней жа яны былі ў варажнечы адзін з адным.
А Пілат, пагукаўшы найвышшых сьвятароў а дзяржаўцаў а люд,
Пілат жа, склікаўшы першасвятароў, начальнікаў і народ,
Сказаў ім: «Вы прывялі да мяне Гэтага Чалавека, як узрушаючага люд; і вось, я выпытаў Яго перад вамі і не знайшоў нічога выступнага ў Гэтым Чалавеку ў тым, у чым жалуеце на Яго;
сказаў ім: Вы прывялі да Мяне Гэтага Чалавека, нібы Ён падбухторвае народ, і вось я, перад вамі дапытаўшы, не знайшоў за Гэтым Чалавекам ніякай віны, у чым вы Яго абвінавачваеце.
Ані Гірад, бо я паслаў вас да яго, і вось, нічога вартага сьмерці ня зроблена Ім.
І Ірад таксама, бо адаслаў Яго да нас55, і вось нічога, вартага смерці, Ён не зрабіў;
Дык, пакараўшы, звольню Яго».
дык, пакараўшы Яго, адпушчу.
Ён быў абавязаны звольніць ім аднаго на сьвята.
[А яму неабходна было адпусціць ім на свята аднаго вязня].
Але яны закрычэлі разам із усім грудам, кажучы: «Вон ізь Ім! вазьмі гэтага! а вывальні нам Вараўву»,
Яны ж закрычалі ўсе разам, кажучы: Забірай Гэтага56, а нам адпусці Вараву!
Каторы быў пасаджаны ў вязьніцу за бунт, узьняты ў месьце, і за ўбіўства.
Той быў кінуты ў турму за нейкі бунт, што адбыўся ў горадзе, і за забойства.
Дык Пілат ізноў загукаў, зычачы звольніць Ісуса.
І зноў Пілат усклікаў да іх, хочучы адпусціць Ісуса.
Але яны, адказуючы, крычэлі: «Укрыжуй, укрыжуй Яго!»
Яны ж крычалі, кажучы: Укрыжуй, укрыжуй Яго!
І ён сказаў ім трэйці раз: «Што ж благога ўчыніў Ён? я не знайшоў у Ім ніякае прычыны да сьмерці. Дык, пакараўшы, звольню Яго».
А ён трэці раз сказаў ім: «Якое ж зло ўчыніў Гэты Чалавек? Ніякай смяроотнай віны я не знайшоў у Ім; дык, пакараўшы Яго, адпушчу.
Але яны былі ўпорыстыя, вялікімі галасамі просячы, каб Ён быў укрыжаваньг. І перамаглі галасы іхныя а найвышшых сьвятароў.
Яны ж моцнымі галасамі настойвалі, патрабуючы, каб Яго ўкрыжаваць, і крыкі іх [і першасвятароў] адольвалі.
І Пілат рассудзіў досыць учыніць жаданьню іхнаму.
І Пілат вырашыў выканаць іх патрабаванне:
І ён звольніў, каго яны прасілі, каторы за бунт а ўбіўства быў пасаджаны ў вязьніцу, а Ісуса выдаў на іх волю.
і адпусціць кінутага ў турму за бунт і забойства, таго, што прасілі яны, Ісуса ж аддаў на іх волю.
І як павялі Яго, то, няўшы нейкага Сымона Кірынеяніна, з поля йдучага, узлажылі крыж на яго, каб нёс за Ісусам.
І калі яны павялі Яго, то, узяўшы аднаго кірэнца Сімана, што ішоў з поля, усклалі на яго крыж, каб нёс за Ісусам.
І йшлі за Ім вялікія множасьці люду а жанок, каторыя плакалі а галасілі па Ім.
А ўслед за Ім ішло вялікае мноства народу і жанчын, якія плакалі і галасілі па ім.
А Ісус, абярнуўшыся да іх, сказаў: «Дачкі ерузалімскія, ня плачча па Імне, але плачча па самых сабе а па дзяцёх сваіх;
І, павярнуўшыся да іх, Ісус сказаў: Дочкі Іерусалімскія, не плачце па Мне; а плачце па сабе і вашых дзецях,
Бо вось, надыходзяць дні, каторых скажуць: "Шчасьлівыя бясплодныя а ўлоньне, што не радзіла, і пелькі, што не саілі!"
бо вось надыходзяць дні, у якія скажуць: «Шчаслівыя бясплодныя і ўлонні, якія не нараджалі, і грудзі, якія не кармілі!»
Тады пачнуць казаць горам: "Зваліцеся на нас!" і ўзгоркам: "Дакрыйце нас!"
Тады пачнуць казаць гарам: «Упадзіце на нас!» і ўзгоркам: «Пакрыйце нас!»
Бо калі на сакаўным дзерве гэта дзеецца, што будзе на сухім?»
Бо калі гэта з сакаўным дрэвам робяць, то з сухім што будзе?
Вялі зь ім на сьмерць і двух іншых, ліхадзеяў.
Вялі ж з Ім на смерць і двух іншых — злачынцаў, каб пакараць смерцю.
І як прышлі на месца, званае Чарэпнішча, там укрыжавалі Яго і ліхадзеяў, аднаго паправе, а другога палеве.
І калі прыйшлі на месца, званае Чэрап, там укрыжавалі Яго і злачынцаў; аднаго справа, а другога злева.
І казаў Ісус: «Войча, даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць». І, дзелячы адзецьце Ягонае, кідалі на жэрабя.
[Ісус жа сказаў: Татухна, даруй ім, бо не ведаюць, што чыняць.] І, дзелячы між сабой Яго адзенне, кідалі жэраб.
І стаяў люд, гледзячы; і старцы таксама насьміхаліся, кажучы: «Іншых спасаў, няхай спасець Самога Сябе, калі Ён Хрыстос, абранец Божы».
І стаяў народ і глядзеў. Насміхаліся ж і начальнікі, кажучы: Ён іншых ратаваў, няхай выратуе Сам Сябе, калі Ён Хрыстос, Божы Абраннік.
Таксама й жаўнеры насьміхаліся зь Яго, падыходзячы, і падаючы Яму воцат,
І здзекваліся з Яго і воіны, падыходзячы і падносячы Яму воцат
І кажучы: «Калі Ты Кароль Юдэйскі, спасі Сябе Самога».
і кажучы: Калі Ты Іудзейскі Цар, уратуй Самога Сябе.
І быў над Ім надпіс грэцкімі а рымскімі а гэбрэйскімі літарамі: «Гэта Кароль Юдэйскі».
Быў жа і надпіс над Ім, [напісаны грэцкімі, рымскімі і яўрэйскімі літарамі]: «Гэта — Цар Іудзейскі».
Адзін із павешаных ліхадзеяў блявузґаў на Яго, кажучы: «Калі ты Хрыстос, спасі Сябе й нас».
А адзін з павешаных злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: Хіба Ты не Месія? Уратуй Самога Сябе і нас.
Але другі, адказуючы, зганіў яго, кажучы: «Ці не баішся Бога, ты, што пад тым самым рассудкам?
У адказ жа другі, сунімаючы яго, сказаў: Ці ж не баішся ты Бога, бо той самы маеш прысуд.
І мы запраўды справядліва, бо адзяржалі справядлівую заплату за тое, што мы зрабілі; а Ён нічога благога не зрабіў».
І мы асуджаны справядліва, бо артымліваем заслужанае за зробленае; Гэты ж Чалавек нічога благога не зрабіў.
І сказаў Ісусу: «Успомні Мяне, Спадару! як прыйдзеш да гаспадарства Свайго».
І ён казаў: Ісусе, успомні мяне57, калі Ты прыйдзеш у Царства Сваё.
І сказаў яму Ісус: «Запраўды кажу табе, сядні будзеш із Імною ў раю».
І Ён58 сказаў яму: Праўду кажу табе, сёння са Мною будзеш у раі.
І было каля шостае гадзіны, і сталася цемнь па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятае.
І было ўжо каля шостай гадзіны, і зрабілася цемра на ўсёй зямлі да дзевятай гадзіны,
І сонца зацьмела, і запона ў сьвятыні разьдзерлася па сярэдзіне.
бо сонца знікла59, а заслона ў храме разадралася пасярэдзіне.
І Ісус, загукаўшы вялікім голасам, сказаў: «Войча, у рукі Твае аддаю дух Мой!» І, сказаўшы гэта, выпусьціў дух.
І, усклікнуўшы моцным голасам, Ісус сказаў: Татухна, у Твае рукі аддаю Мой дух! — І, сказаўшы гэта, выпусціў дух.
Сотнік жа, бачачы, што сталася, уславіў Бога, кажучы: «Запраўды чалавек гэты быў справядлівы».
А сотнік, убачыўшы, што адбылося, услаўляў Бога, кажучы: Сапраўды Гэты Чалавек быў праведны.
І ўсі гурбы, што зышліся на гэту відаль, бачачы, што сталася, білі сябе ў грудзі, зварачаючыся.
І ўсе натоўпы, якія зышліся на гэтае відовішча, убачыўшы, што адбылося, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі.
ўсі, што зналі Яго, стаялі воддаль, таксама жанкі, што прапушчалі Яго з Ґалілеі, глядзелі на ўсе гэта.
А ўсе Яго знаёмыя і жанчыны, што прыйшлі ўслед за Ім з Галілеі, стаялі здалёку, глядзелі на гэта.
І вось, чалавек, на ймя Язэп, райца, муж добры а справядлівы, —
І вось чалавек, імем Іосіф, член рады, чалавек добры і праведны —
Ён не згаджаўся з радаю а ўчынкам ейным, — з Арымафеі, места юдэйскага, што таксама чакаў гаспадарства Божага,
гэты не згадзіўся ні з рашэннем, ні з учынкамі іх, — з Арымафеі, іудзейскага горада, што [і сам] чакаў Царства Божага,
Прыступіўшы да Пілата, прасіў цела Ісусавага.
гэты чалавек, прыйшоўшы да Пілата, папрасіў Ісусава цела
І, зьняўшы яго, завярнуў яго ў цянюсенькае палатно, і паклаў яго ў гробе, высечаным у скале, ідзе яшчэ ніхто ня быў ніколі пакладзены.
і, зняўшы Яго, абгарнуў палатном і паклаў Яго ў магільні, высечанай у скале, дзе яшчэ ніколі ніхто не ляжаў.
І быў гэта дзень прыгатовы, а сыбота наставала.
А быў дзень Рыхтавання60, і наставаў шабас61.
І пайшлі жанкі, што прышлі зь Ім із Ґалілеі, глядзець гробу і як цела Ягонае клалася.
І, пайшоўшы ўслед, жанчыны, што прыйшлі з Ім з Галілеі, бачылі магільню і як было пакладзена Яго цела,
І, зьвярнуўшыся, прыгатавалі пахі а масьці, і заставаліся супакойныя ў сыботу подле расказаньня.
і, вярнуўшыся, нарыхтавалі духмянасцяў і міра. І ў суботу, паводле запаведзі, адпачывалі.