Лукаша 7 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Як Ён скончыў усі словы Свае ў вушы люду, увыйшоў да Капернауму.
 
Калі Ён скончыў усе Свае словы да народу, што слухаў Яго, Ён увайшоў у Капернаум.

І адзін сотнікаў слуга, дарагі яму, быў хворы, блізу канаў.
 
А ў аднаго сотніка быў хворы, пры смерці, слуга, якім ён даражыў.

І, пачуўшы празь Ісуса, ён паслаў да Яго старцоў зь Юдэяў прасіць Яго, каб прышоў уздаравіць слугу ягонага.
 
Пачуўшы ж пра Ісуса, ён паслаў да Яго іудзейскіх старэйшын, просячы Яго, каб прыйшоў і выратаваў яго слугу.

І яны, прышоўшы да Ісуса, горача прасілі Яго, кажучы: «Ён гожы, каб Ты зрабіў яму гэтую ласку;
 
І яны, прыйшоўшы да Ісуса, горача прасілі, кажучы: Ён варты, каб Ты яму зрабіў для яго гэта;

Бо ён любе народ наш і пастанавіў нам бажніцу».
 
бо ён любіць наш народ, і сам пабудаваў нам сінагогу.

Тады Ісус пайшоў зь імі. І як Ён быў недалёка ад дому, сотнік паслаў прыяцеляў да Яго, кажучы Яму: «Спадару! ня трудуйся, бо я ня гожы, каб Ты ўвыйшоў пад страху маю.
 
І Ісус пайшоў з імі. І калі Ён быў ужо недалёка ад дома, сотнік паслаў сяброў, каб сказаць Яму: Госпадзе, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах;

Затым і я не ўважаў сябе за гожага прыйсьці да Цябе; але скажы слова, і слуга мой будзе ўздароўлены.
 
таму я і сябе самога не палічыў годным прыйсці да Цябе; але скажы слова і будзе здаровы мой слуга.

Бо я таксама чалавек падуладны, маючы пад сабою жаўнераў, і кажу аднаму: "Ідзі", і йдзець; і другому: "Прыйдзі", і прыходзе; і паслугачаму свайму: "Рабі гэта", і робе».
 
Бо і я чалавек падуладны, маю пад сабою воінаў і кажу аднаму: «Пайдзі» і ідзе; і другому: «Прыйдзі» і прыходзіць, і свайму слугу: «Зрабі гэта» і ён робіць.

Пачуўшы гэта, Ісус зьдзіваваўся зь яго і, абярнуўшыся, сказаў груду, што йшоў за Ім: «Кажу вам, што і ў Ізраелю Я не знайшоў такое вялікае веры».
 
Пачуўшы э гэта, Ісус здзівіўся яму і сказаў, павярнуўшыся да натоўпу, што ішоў за Ім: Кажу вам, нават у Ізраіле не знайшоў Я такой вялікай веры.

І пасланыя, зьвярнуўшыся двору, засьпелі хворага слугу здаровага.
 
І, пасланцы, вярнуўшыся дадому, знайшлі слугу здаровым.

І дзень пасьлей сталася, што Ён пайшоў да места, званага Наін; і зь Ім ішло шмат із вучанікаў Ягоных і шмат гурбы.
 
І сталася: неўзабаве пасля гэтага выправіўся Ён у горад, які называўся Наін, і ішлі з Ім Яго вучні і вялікі натоўп.

Якжа Ён дабліжыўся да месцкае брамы, гля, там выносілі нябожчыка, адзінага сына ў маці сваёй, а яна была ўдава; і ладны груд ізь места быў зь ёй.
 
Калі ж Ён наблізіўся да гарадской брамы, то вось, выносілі памерлага, адзінага сына ў яго маці, а была яна ўдава, і даволі вялікі натоўп з горада быў з ёю.

І, абачыўшы яе, Спадар зжаліўся над ёю і сказаў ёй: «Ня плач».
 
І, убачыўшы яе, Госпад злітаваўся над ёю і сказаў ёй: Не плач.

І, падышоўшы, даткнуўся да нашулкаў, а тыя, што несьлі, адзержыліся; і Ён сказаў: «Маладзёне! табе кажу, устань».
 
І, падышоўшы, дакрануўся да мараў, насільшчыкі ж спыніліся, і сказаў Ён: Юнача, табе кажу: устань!

Нябожчык, падняўшыся, сеў і пачаў гукаць; і аддаў яго маці ягонай.
 
І мёртвы сеў і пачаў гаварыць, і Ён аддаў яго маці яго.

І абняў усіх страх, і славілі Бога, кажучы: «Вялікі прарока паўстаў памеж нас» і «Бог даведаўся да люду Свайго».
 
І ўсіх ахапіў страх, і яны славілі Бога, кажучы: Вялікі прарок паўстаў між нас, і Бог наведаў Свой народ.

І галасы пайшлі празь Яго па ўсёй Юдэі а па ўсёй аколіцы.
 
І гэтае слова пра Яго разышлося па ўсёй Іудзеі і па ўсім наваколлі.

І вучанікі Яанавы наказалі яму праз усі гэтыя падзеі.
 
І паведамілі Іаану яго вучні пра ўсё гэта. І, паклікаўшы двух са сваіх вучняў, Іаан

І Яан, пагукаўшы двух вучанікаў сваіх, паслаў да Ісуса, кажучы: «Ці Ты тый, што мае прыйсьці, ці чакаць нам іншага?»
 
паслаў іх да Госпада [Ісуса]: «Ці Ты Той, што павінен прыйсці, ці чакаць нам іншага?»

Прышоўшы да Яго, тыя мужы сказалі: «Яан Хрысьціцель паслаў нас да Цябе, кажучы: «Ці Ты тый, што мае прыйсьці, ці маем чакаць іншага?»
 
І, прыйшоўшы да Яго, мужчыны сказалі: Іаан Хрысціцель паслаў нас да Цябе спытацца: Ці Ты Той, што павінен прыйсці, ці чакаць іншага?

І тае самае гадзіны Ён шмат каго ўздаравіў ад хваробаў а болькаў а нячысьцікаў, і шмат якім нявісным даў відзеньне.
 
У той11 час Ён вылечыў многіх ад хвароб, немачаў і ліхіх духаў і многім сляпым падараваў зрок.

Тады Ісус, адказуючы, сказаў ім: «Пайдзіце й паведаміце Яану, што вы бачылі й чулі: што нявісныя празіраюць, кульгавыя ходзяць, пракажаныя ачышчаны, глухія чуюць, мертвыя ўскрысаюць, бедным абяшчаецца дабравесьць.
 
І ў адказ Ён сказаў ім: Пайдзіце, паведаміце Іаану тое, што бачылі і чулі: сляпыя робяцца відушчымі, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Дабравесце,

І дабраславёны, хто не спакусіцца перазь Мяне!»
 
і шчаслівы той, хто не ўсумніцца ўва Мне.

А, як пасланцы Яанавы пайшлі, Ён пачаў гукаць люду празь Яана: «Чаго глядзець хадзілі вы на пустыні? трысьціны хістанае ветрам?
 
А калі адышлі Іаанавы пасланцы, Ён пачаў казаць натоўпам пра Іаана: Што выйшлі вы ў пустэльню паглядзець? Ці трыснёг, што гайдаецца ад ветру?

Чаго ж глядзець хадзілі вы? чалавека, што адзеўшыся ў мяккое адзецьце? Гля, у каралеўскіх палацах тыя, што багата адзеўшыся й раскошна жывуць.
 
Што ж выйшлі вы ўбачыць? Чалавека, увабранага ў мяккія шаты? Дык жа тыя, што ў паглядных уборах і ў раскошы жывуць, знаходзяцца у царскіх палацах.

Але чаго глядзець хадзілі вы? прарокі? Але, кажу вам, і балей чымся прарокі.
 
Што ж выйшлі вы ўбачыць? Прарока? Так, кажу вам, і большага, чым прарок.

Гэты ё, праз каторага напісана: "Во, Я пасылаю пасланца Свайго перад відзеньням Тваім, каторы прыгатуе дарогу Тваю перад Табою".
 
Гэта той, пра каго напісана: «Вось Я пасылаю перад Тваім абліччам Майго пасланца, які падрыхтуе Тваю дарогу перад Табою».

Бо кажу вам: памеж народжаных із жанок няма вялікшага прарокі за Яана Хрысьціцеля; але найменшы ў гаспадарстве Божым вялікшы за яго».
 
Кажу вам: Між народжаных ад жанчын няма ніводнага [прарока] большага, чым Іаан [Хрысціцель]; але меншы ў Царстве Божым большы за яго.

І ўвесь люд, што чуў, і мытнікі прызнавалі справядлівасьць Божую, хрысьціўшыся хрыстом Яанавым.
 
І ўвесь народ, што слухаў, і зборшчыкі падаткаў прызналі слушнасць Бога, ахрысціўшыся Іаанавым хрышчэннем;

Але фарысэі а праўнікі адкінулі замер Божы ўзглядам сябе, ня хрысьціўшыся ў яго.
 
фарысеі ж і законнікі адкінулі Божую волю аб сабе, не хрысціўшыся ад яго.

І Спадар сказаў: «Дык да каго прыраўную людзёў роду гэтага? і да каго яны падобныя?
 
[І Госпад сказаў:] Дык з кім параўнаю людзей гэтага пакалення і да каго яны падобныя?

Яны падобныя да дзяцей, што сядзяць на торзе, гукаюць адны адных і гамоняць: "Мы дудзелі вам, і вы не скакалі; мы галасілі, а вы ня плакалі".
 
Яны падобныя да дзяцей, што сядзяць на рыначнай плошчы і звяртаюцца адно да аднаго, кажучы: «Мы ігралі вам на флейце, а вы не скакалі, мы спявалі [вам] пахавальныя песні, а вы не плакалі».

Бо прышоў Яан Хрысьціцель, ня есьць хлеба ані п’ець віна, і кажаце: "У ім нячысьцік".
 
Бо прыйшоў Іаан Хрысціцель — хлеба не есць і віна не п’е, і вы кажаце: «У ім дэман».

Прышоў Сын Людзкі, есьць і п’ець, і кажаце: "Во жэрлівы чалавек а вінажлоп, прыяцель мытнікаў а грэшнікаў".
 
Прыйшоў Сын Чалавечы — есць і п’е, вы кажаце: «Вось абжорлівы чалавек і віналюб, сябар зборшчыкаў падаткаў і грэшнікаў».

Але апраўлена мудрасьць усімі дзецьмі яе».
 
Ды апраўдана мудрасць усімі яе дзецьмі.

І адзін із фарысэяў папрасіў, каб Ён паспытаўся ежы ў яго; і Ён увыйшоў у дом фарысэяў і ўзьляжаў.
 
А адзін з фарысеяў прасіў Яго, каб падсілкаваўся з ім; і, Ён увайшоўшы ў фарысееў дом, узлёг пры ядзе.

І вось, жонка месцкая, грэшніца, даведаўшыся, што Ён узьляжыць у доме фарысэявым, прынесла алябастравы слоік масьці.
 
І вось жанчына з таго горада, якая была грэшніцаю, даведаўшыся, што Ён узлягае ў фарысеевым доме, прынесла алебастравы флаконік міра.

І, стаўшы адзаду ля ног Ягоных, плачучы, пачала мыць ногі Ягоныя сьлязьмі, і выцірала валасамі галавы свае, і цалавала ногі Яго, і масьцяй мазала.
 
І, стаўшы ззаду каля Яго ног, пачала, абліваць слязьмі Яму ногі, і валасамі свае галавы выцірала, і цалавала Яго ногі, і мазала мірам.

Бачачы гэта фарысэй, што Яго быў пазваўшы, сказаў сабе ў думцы: «Калі б Ён быў прарока, то ведаў бы, хто й якая жонка датыкаецца да Яго, бо яна грэшніца».
 
А, убачыўшы гэта, фарысей, што запрасіў Яго, мовіў сам сабе, кажучы: Гэты чалавек, калі б Ён быў прарокам, ведаў бы, хто і якая гэта жанчына дакранаецца да Яго, што яна грэшніца.

І, адказуючы, Ісус сказаў яму: «Сымоне, Я маю штось сказаць табе». Ён кажа: «Кажы, Вучыцелю».
 
І ў адказ Ісус сказаў яму: Сімане, Я маю нешта сказаць табе, — А ён кажа: Скажы, Натсаўніку.

У ваднаго пазычэньніка былі два даўжбіты: адзін вінен быў пяцьсот дынароў, а другі пяцьдзясят.
 
У аднаго ліхвяра было два даўжнікі: адзін быў вінаваты пяцьсот дынарыяў, а другі — пяцьдзесят.

І як яны ня мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвым. Дык скажы, каторы зь іх балей будзе любіць яго?»
 
Але, як яны не мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык хто з іх, [скажы,] будзе больш любіць яго?

Сымон, адказуючы, сказаў: «Думаю, тый, катораму балей дараваў». Ён сказаў яму: «Ты рассудзіў праўдзіва».
 
У адказ Сіман сказаў: Думаю, той, каму больш дараваў. — І Ён сказаў яму: Ты правільна разважыў.

І, зьвярнуўшыся да жонкі, сказаў Сымону: «Бачыш гэтую жонку? Я ўвыйшоў у дом твой, ты ня даў Імне вады на ногі Мае; а яна сьлязьмі памыла ногі Мае й выцерла. валасамі галавы свае.
 
І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сіману: Ці бачыш гэтую жанчыну? Я ўвайшоў да цябе ў дом, ты вады Мне на ногі не даў; яна ж слязьмі абліла Мае ногі і сваімі валасамі12 выцерла.

Ты ня даў Імне цалаваньня, а жонка гэтая, адгэнуль, як Я прышоў, не перастала цалаваць Мяне ў ногі.
 
Пацалунку ты Мне не даў; яна ж з таго часу, як Я ўвайшоў, не пераставала цалаваць Мае ногі.

Ты не памазаў масьцяй галавы Мае, а жонка гэтая памазала масьцяй ногі Мае.
 
Алеем ты Маёй галавы не памазаў; яна ж мірам памазала Мае ногі.

Затым кажу табе: дараваны ёй грахі ейныя, каторых шмат, бо яна шмат улюбіла; а каму мала даравана, тый мала любе».
 
А таму кажу табе: Дараваны ёй шматлікія грахі, бо шмат яна палюбіла. А каму мала даруецца, той мала любіць.

І сказаў ёй: «Грахі табе дараваны».
 
А ёй сказаў: Дараваны твае грахі.

І тыя, што ўзьляжалі зь Ім, пачалі гукаць мяжсобку: «Хто гэта, што й грахі даруе?».
 
І пачалі тыя, што ўзляглі з Ім, казаць самі сабе: Хто гэта, што грахі даруе?

І сказаў Ён жонцы: «Вера твая спасла цябе; ідзі ў супакою».
 
Ён жа сказаў жанчыне: Твая вера ўратавала цябе; ідзі з мірам.