Лукаша 4 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад В. Гадлеўскага
Іісус жа, поўны Духа Святога, вярнуўся ад Іардана; і паве́дзены быў Духам у пусты́ню,
А Езус, поўны Духа сьвятога, вярнуўся ад Ярдану і быў ведзены Духам у пустыню,
дзе сорак дзён спакуша́ў Яго дыявал; і не еў нічога ў тыя дні; а як скончыліся яны, урэ́шце адчуў голад.
праз сорак дзён, і быў спакушваны д’яблам. І нічога ня еў у гэтыя дні, а калі яны скончыліся, пачаў голад.
І сказаў Яму дыявал: калі Ты Сын Божы, скажы ка́меню гэтаму, каб стаў хле́бам.
І сказаў яму д’ябал: Калі ты Сын Божы, скажы гэтаму каменю, каб ён стаўся хлебам.
І сказаў Іісус яму ў адказ: напíсана, што «не хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам Божым».
І адказаў яму Езус: Напісана ёсьць, што «не адным хлебам жыве чалавек, але кожным словам Божым» (Паўл. Пр. 8:3).
І, узвёўшы Яго на высокую гару́, паказаў Яму дыявал усе царствы све́ту ў імгне́нне часу,
І завйў яго д’ябал на гару высокую і паказаў яму ўсе каралеўствы сьвету ў момант часу,
і сказаў Яму дыявал: Табе дам усю ўла́ду гэтую і славу іх, бо мне яна перада́дзена, і я, каму хачу, даю́ яе;
і сказаў яму: Табе аддам усю гэтую ўладу і славу іх, бо яны мне адданы, і каму хачу, даю іх.
і вось, калі Ты пакло́нішся перада мною, будзе ўсё Тваё.
Дык ты, калі паклонісься мне, усё тваё будзе.
І ў адказ Іісус сказаў яму: адыдзí ад Мяне, сатана; бо напíсана: «Госпаду Богу твайму пакланя́йся і Яму аднаму служы́».
І адказваючы Езус сказаў яму: Напісана ёсьць: «Пану Богу твайму кланяйся і яму аднаму служы» (Паўл. Пр. 6:13).
І павёў Яго ў Іерусалім, і паставіў Яго на крыле́ храма, і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы, кінься адсюль уніз;
І завёў яго ў Ерузалім, і паставіў яго на крыле сьвятыні, і сказаў яму: Калі ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз.
бо напíсана: «Ангелам Сваім Ён нака́жа пра Цябе ахава́ць Цябе;
Бо ёсьць напісана: што «анёлам сваім загадаў аб табе, каб сьцераглі цябе»,
і на рука́х панясу́ць Цябе, каб не спатыкну́ўся Ты аб ка́мень нагою Тваёю».
і «што на руках панясуць цябе, каб часам ня ўдарыў аб камень нагі сваей» (Пс. 90:11-12).
І ў адказ Іісус сказаў яму: ска́зана: «не спакуша́й Госпада Бога твайго».
І адказваючы Езус сказаў яму: Сказана ёсьць: «не спакушай Пана Бога твайго» (Паўл. Пр. 6:16).
І, скончыўшы ўсё спакушэ́нне, дыявал адышоў ад Яго да пэўнага часу.
І скончыўшы ўсё кушэньне, д’ябал адыйшоў ад яго аж да часу.
І вярнуўся Іісус у сіле Духа ў Галілею; і вестка пра Яго разышла́ся па ўсім навако́ллі.
І вярнуўся Езус у моцы Духа ў Галілею і разыйшлася весьць аб ім па ўсей краіне.
І Ён вучыў у іх сінагогах, і ўсімі быў сла́ўлены.
А ён навучаў па іхных бажніцах і ўсімі быў слаўлены.
І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадава́ны, і ўвайшоў, па звы́чаю Свайму, у дзень суботні ў сінагогу, і ўстаў, каб чытаць.
І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадаваны. І ўвайшоў паводле свайго звычаю ў дзень суботні ў бажніцу, і ўстаў, каб чытаць.
І падалí Яму кнігу Іса́іі прарока; і, разгарну́ўшы кнігу, Ён знайшоў ме́сца, дзе было напíсана:
І падалі яму кнігу Ізаія прарока. І адчыніўшы кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана:
«Дух Гасподні на Мне, бо Ён пама́заў Мяне дабраве́сціць убогім, паслаў Мяне ацалíць скру́шаных у сэрцы, абвясцíць палонным вызвале́нне і сляпым віду́шчасць, адпусцíць прыгне́чаных на волю,
«Дух Пана нада мною, дзеля гэтага намасьціў мяне, каб абвяшчаць эванэлію ўбогім. Паслаў мяне аздараўляць скрышаных сэрцам,
абвясцíць год Гасподні спрыя́льны».
абвяшчаць вязьням збаўленьне і сьляпым зрок, выпусьціць на волю прыгнечаных, абвясьціць год Пана прыемны і дзень адплаты» (Із. 61:1-2).
І, згарну́ўшы кнігу, аддаў служыцелю і сеў; і вочы ўсіх у сінагозе былі зве́рнуты да Яго.
І зачыніўшы кнігу, аддаў слузе і сеў. А вочы ўсіх у бажніцы былі зьвернены на яго.
І Ён пачаў гаварыць ім: сёння спо́ўнілася пісанне гэтае, пачутае вамі.
Ён-жа пачаў гаварыць да іх: Што сяньня споўнілася гэтае пісаньне ў вушах вашых.
І ўсе засве́дчылі Яму гэта, і дзівíліся сло́вам благадаці, якія выхо́дзілі з вуснаў Яго, і гаварылі: ці не Іосіфаў гэта Сын?
І ўсе давалі яму пасьведчаньне і дзівіліся з стройнасьці слоў, якія выходзілі з ягоных вуснаў і казалі: Ці ж ён ня сын Язэпаў?
Ён жа сказаў ім: вы, пэўна, скажаце Мне гэтае выслоўе: «ле́кару! ацалí само́га сябе»; тое, што, як мы чулі, адбыло́ся ў Капернау́ме, зрабі і тут, на ба́цькаўшчыне Тваёй.
І сказаў ім: Вы пэўне скажаце мне гэтае падабенства: «Лекару, вылячы самога сябе. Якія вялікія рэчы, мы чулі, дакананы ў Капарнауме, зрабі і тут у бацькаўшчыне тваей».
І сказаў: праўду кажу вам, што ніякага прарока не прымаюць на ба́цькаўшчыне яго.
І сказаў: Сапраўды кажу вам, што ніякі прарок ня ёсьць прыняты ў бацькаўшчыне сваей.
Па праўдзе кажу вам: многа было́ ўдоў у Ізраілі ў дні Іліí, калі зачы́нена было неба на тры гады і шэсць месяцаў, так што настаў голад вялікі па ўсёй зямлі;
Папраўдзе вам кажу: Многа было ўдоваў у Ізраілю ў дні Гальяша, калі неба было зачынена праз тры гады і шэсьць месяцаў, калі настаў вялікі голад па ўсей зямлі;
і ні адной з іх не быў пасла́ны Ілія́, толькі ў Сарэ́пту Сідо́нскую, да жанчыны-ўдавы́;
і да ніводнай з іх ня быў пасланы Гальяш, адно толькі ў Сарэпту сыдонскую, да жанчыны ўдавы.
і шмат было пракажо́ных у Ізра́ілі пры Елісе́і прароку, і ніводзін з іх не быў ачы́шчаны, акрамя Неема́на Сірыянíна.
І было многа пракажаных у Ізраілю за Елісея прарока, і ніхто з іх ня быў ачышчаны, апрача Наамана Сырыйца.
І напоўніліся я́расцю ўсе ў сінагозе, пачуўшы гэта;
А чуючы гэтае, усе ў бажніцы былі поўны гневу.
і, падняўшыся, вы́гналі Яго прэч з горада, і павялі Яго на верх гары́, на якой горад іх быў пабудаваны, каб скíнуць Яго;
І ўсталі, і выкінулі яго за места, і завялі яго аж на верх гары, на каторай было пабудованае іхнае места, каб скінуць яго.
Ён жа, прайшоўшы паміж імі, адышоў.
Ён-жа, прайшоўшы пасярод іх, адыйшоў.
І спусціўся ў Капернау́м, горад Галілейскі; і вучыў іх па суботах.
І прыйшоў у Капарнаум, места галілейскае, і там навучаў іх суботамі.
І здзіўляліся вельмі вучэнню Яго, бо з ула́даю было́ слова Яго.
І вельмі дзівіліся з навукі ягонай, бо з уладаю была мова яго.
І быў у сінагозе чалавек, які меў духа дэмана нячыстага, і закрычаў моцным голасам,
А ў бажніцы быў чалавек, маючы нячыстага духа, і закрычаў вялікім голасам,
ка́жучы: пакінь; што Табе да нас, Іісусе Назаранíне? Ты прыйшоў загубíць нас; ведаю Цябе, хто Ты, Святы́ Божы.
кажучы: Пакінь, што табе да нас, Езусе Назарэнскі? Прыйшоў ты згубіць нас? Знаю цябе, хто ты ёсьць, Сьвяты Божы.
Але Іісус забаранíў яму, ка́жучы: змоўкні і выйдзі з яго. І дэман, кінуўшы яго на сярэ́дзіну, выйшаў з яго, зусім не пашкодзіўшы яму.
І насварыўся на яго Езус, кажучы: Замоўкні і выйдзі з яго. І д’ябал, кінуўшы яго пасярод, выйшаў з яго і нічога яму не пашкодзіў.
І жах ахапíў усіх, і размаўлялі паміж сабою, гаворачы: што́ гэта за слова, што Ён з ула́даю і сілаю зага́двае духам нячыстым, і яны выхо́дзяць?
І агарнуў усіх страх, і гаварылі паміж сабою, кажучы: Што гэта за слова такое, што з уладаю і сілаю загадывае нячыстым духам і выходзяць?
І разне́слася по́галаска пра Яго па ўсіх навако́льных мясцíнах.
І разыходзілася слава аб ім па ўсякім месцы краіны.
Вы́йшаўшы з сінагогі, Ён увайшоў у дом Сíмана; а це́шча Сíманава была́ ахо́плена моцнай гара́чкай; і прасілі Яго за яе.
Езус-жа, устаўшы з бажніцы, увайшоў у дом Сымона. А цешча Сымонава была ў вялікай гарачцы, і прасілі яго за яе.
І, стаўшы над ёю, Ён забаранíў гара́чцы; і пакінула яе; і адразу ўстаўшы, яна прыслу́жвала ім.
І стаўшы над ёю, загадаў гарачцы, і пакінула яе. І зараз-жа ўстаўшы, паслугавала ім.
А як захо́дзіла сонца, усе, хто меў хворых на розныя хваробы, прыво́дзілі іх да Яго; Ён жа, усклада́ючы ру́кі на кожнага з іх, ацаля́ў іх.
А калі зайшло сонца, усе, што мелі хварэючых на розныя хваробы, прыводзілі іх да яго. Ён-жа, кладучы на кожнага рукі, аздараўляў іх.
Выходзілі таксама з многіх і дэманы, якія крычалі і казалі: Ты Хрыстос, Сын Божы. І, забараня́ючы, не дазваля́ў ім гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.
А выходзілі з многіх д’яблы, крычачы і кажучы: Што ты ёсьць Сын Божы. І насварыўшыся, не пазваляў ім гаврыць, бо ведалі, што ён ёсьць Хрыстус.
А як настаў дзень, Ён, вы́йшаўшы, адправіўся ў пустэ́льнае ме́сца; і людзі шукалі Яго, і прыйшлі да Яго, і затры́млівалі Яго, каб не адыходзіў ад іх.
А калі настаў дзень, ён, выйшаўшы, пайшоў у пустыннае месца. А грамады шукалі яго, і прыйшлі аж да яго, і затрымоўвалі яго, каб не адыходзіў ад іх.
Але Ён сказаў ім: і іншым гарадам павінен дабраве́сціць Я Царства Божае, бо на тое Я пасла́ны.
Ён сказаў ім: Што трэба мне і іншым местам абвяшчаць каралеўства Божае, бо на гэта я пасланы.
І прапаве́даваў у сінагогах Галілейскіх.
І навучаў па бажніцах Галілеі.