Лукаша 13 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад В. Гадлеўскага
І ў гэты самы час прыйшлі некато́рыя і паве́дамілі Яму пра Галіле́ян, кроў якіх Пілат змяша́ў з ахвя́рамі іх.
А ў гэтым часе прыйшлі некаторыя, паведамляючы яго аб галілеянах, якіх кроў Пілат зьмяшаў з іх ахвярамі.
І ў адказ Іісус сказаў ім: вы думаеце, што гэтыя Галіле́яне былí грэшныя больш за ўсіх Галіле́ян, калі яны так пацярпе́лі?
І адказваючы сказаў ім: Вы думаеце, што гэтыя галілеяне былі болей грэшныя за ўсіх галілеян, што яны гэтак пацярпелі?
Не, кажу вам; але калі не пака́ецеся, усе гэтакса́ма загíнеце.
Не, кажу вам, але калі ня будзеце мець пакуты, усе таксама пагінеце.
Або тыя васемнаццаць, на якіх упа́ла ве́жа Сілаа́мская і пабіла іх, думаеце, што яны былí вінава́тыя больш за ўсіх людзей, якія жывуць у Іерусаліме?
Так як тыя васемнаццацёх, на каторых упала вежа ў Сілоэ і забіла іх, вы думаеце, што і яны былі болей вінаватымі за ўсіх людзей, жывучых у Ерузаліме?
Не, кажу вам; але калі не пака́ецеся, усе гэтакса́ма загінеце.
Не, кажу вам, але калі пакуты ня будзеце чыніць, усе таксама пагінеце.
І казаў такую прытчу: нехта меў у вінагра́дніку сваім паса́джаную смако́ўніцу; і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў;
Сказаў-жа і гэтае падабенства: Нехта меў фіговае дзерава, пасаджанае ў сваім вінаградніку; і прыйшоў, шукаючы плоду на ім, і не знайшоў.
і сказаў вінагра́дару: вось ужо трэці год я прыхо́джу шукаць пло́ду на гэтай смако́ўніцы і не знахо́джу; ссячы́ яе, нашто яна і зямлю́ марну́е?
І сказаў да вінаградара: Вось тры гады, як я прыходжу, шукаючы плоду на гэтай фізе, і не знаходжу. Дык зрубаў яе, нашто яна і зямлю займае?
Але той сказаў яму ў адказ: гаспадар! пакінь яе і на гэты год, пакуль я абкапа́ю яе і абкладу́ гноем,
А ён адказваючы сказаў яму: Пане, пакінь яе і на гэты год, аж пакуль яе не акапаю і аблажу гноем,
і можа, яна дасць плод; калі ж не, то нале́та ссячэ́ш яе.
а можэ яна прынясе плод; а калі не, то потым яе зрубаеш.
І вучыў Ён у адной з сінагог у суботу;
І быў навучаючы ў іхнай бажніцы ў суботу.
і вось, была́ там жанчына, што васемнаццаць гадоў ме́ла духа не́мачы; і была́ яна ску́рчаная і не магла вы́прастацца зусім.
І вось жанчына, якая мела духа немачы праз васемнаццаць гадоў, і была яна скорчыўшыся і зусім не магла ўзглянуць уверх.
Уба́чыўшы яе, Іісус падазва́ў і сказаў ёй: жанчына! ты вы́звалена ад не́мачы тваёй.
Калі Езус увідзеў яе, паклікаў яе да сябе і сказаў ей: Жанчына, ты звольнена ад немачы тваей!
І ўскла́ў на яе ру́кі; і адразу яна вы́прасталася, і сла́віла Бога.
І ўзлажыў на яе рукі, і зараз-жа выпраставалася і славіла Бога.
А старэйшына сінагогі, абу́рыўшыся, што Іісус ацалíў у суботу, сказаў на гэта народу: ёсць шэсць дзён, у якія нале́жыць працаваць; у тыя і прыходзьце ацаля́цца, а не ў дзень суботні.
А старшы над бажніцаю, загневаўшыся, што езус аздараўляў у суботу, адазваўшыся, сказаў да грамады: Ёсьць шэсьць дзён, у каторых трэба працаваць, дык у гэтыя прыходзьце і лячэцеся, а не ў дзень суботні.
Гасподзь жа сказаў яму ў адказ: крываду́шнік! ці ж не адвя́звае кожны з вас у суботу свайго вала́ або асла́ ад я́сляў і не вядзе паíць?
Адказваючы-ж яму Пан сказаў: Крывадушнікі, ці-ж кожны з вас не адвязвае ў суботу свайго вала або асла ад жолабу і не вядзе напаіць?
А гэтую дачку́ Аўраамаву, якую вось ужо васемнаццаць гадоў як звяза́ў сатана, ці не трэба было́ вы́зваліць ад пу́таў гэтых у дзень суботні?
А гэтаю дачку Абрагама, якую д’ябал быў зьвязаўшы вось васемнаццаць гадоў, ці-ж ня трэба было разьвязаць ад гэтай вязі ў дзень суботні?
І калі гаварыў ён гэта, засаромеліся ўсе працíўнікі Яго, і ўвесь народ радаваўся усім сла́ўным учы́нкам Яго.
І калі гэтае гаварыў, устыдаліся ўсе праціўнікі яго, а ўвесь народ радаваўся з усяго, што слаўна дзеялася праз яго.
Ён жа казаў: да чаго падо́бна Царства Божае, і з чым параўна́ю яго?
Дык гаварыў: Да чаго падобнае каралеўства Божае і да чаго падобным палічу яго?
яно падо́бна да зярня́ці гарчы́чнага, якое чалавек, узяўшы, пасадзíў у са́дзе сваім; і яно вы́расла, і стала вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя сялíліся ў го́ллі яго.
Яно падобнае да гарчычнага зярняці, якое ўзяўшы чалавек кінуў у свой гарод; і вырасла, і сталася вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя адпачывалі на галінах ягоных.
Яшчэ сказаў: з чым параўна́ю Царства Божае?
І ізноў сказаў: Да чаго падобным палічу каралеўства Божае?
яно падо́бна да заква́скі, якую жанчына, узя́ўшы, пакла́ла ў тры ме́ры мукí, пакуль не ўкíсла ўсё.
Яно падобнае да квасу, які ўзяўшы жанчына палажыла ў тры меркі мукі, пакуль усё ня ўкісла.
І прахо́дзіў Ён па гарадах і вёсках, навуча́ючы і трыма́ючы шлях у Іерусалім.
І ішоў праз гарады і мястэчкі, навучаючы, і адбываючы падарожу ў Ерузалім.
І сказаў Яму нехта: Госпадзі, ці ма́ла ёсць тых, якія спаса́юцца? Ён жа сказаў ім:
А нехта сказаў яму: Пане, ці мала такіх, што будуць збаўлены? Ён-жа сказаў да іх:
намага́йцеся ўвайсцí праз ву́зкія вароты; бо многія, кажу вам, будуць імкну́цца ўвайсцí, і не змогуць.
Старайцеся ўвайсьці праз цесную браму. Бо кажу вам, што многія будуць хацець увайсьці, і ня змогуць.
Калі ўста́не гаспадар до́ма і зачы́ніць дзверы, то вы, сто́ячы знадво́рку, пачняце́ сту́каць у дзверы і казаць: Госпадзі! Госпадзі! адчыні нам! І ў адказ Ён скажа вам: не ведаю вас, адкуль вы.
А калі гаспадар увойдзе і замкне дзьверы, вы пачнецё стаяць на дварэ і стукаць у дзьверы, кажучы: Пане, адчыні нам. А ён адказваючы скажа вам: Ня знаю вас, адкуль вы.
Тады пачняце́ каза́ць: мы елі перад Табою і пілí, і на вуліцах нашых вучыў Ты.
Тады пачнецё гаварыць: Мы елі перад табою і пілі, і ты на вуліцах нашых навучаў.
А Ён скажа: кажу вам: не ведаю вас, адкуль вы; адыдзíце ад Мяне ўсе, хто чы́ніць няпраўду.
І скажа вам: Ня знаю вас, адкуль вы. Адыйдзеце ад мяне ўсе чынячыя нягоднасьць.
Там будзе плач і скры́гат зубоў, калі ўбачыце Аўраа́ма, і Ісаа́ка, і Іа́кава, і ўсіх прарокаў у Царстве Божым, а сябе вы́гнанымі вон.
Там будзе плач і скрыгот зубоў, калі ўбачыце Абрагама, і Ізаака, і Якуба, і ўсіх прарокаў у каралеўстве Божым, а вас проч выкінутых.
І пры́йдуць з усхо́ду і за́хаду, і з по́ўначы і по́ўдня, і ўзля́гуць у Царстве Божым.
І прыйдуць з усходу і заходу, і з поўначы і поўдня, і засядуць у каралеўстве Божым.
І вось, ёсць апошнія, якія будуць першымі, і ёсць першыя, якія будуць апошнімі.
І вось апошнімі ёсьць тыя, каторыя будуць першымі, і першыя ёсьць, каторыя будуць апошнімі.
У той дзень падышлí некато́рыя з фарысеяў і казалі Яму: вы́йдзі і ідзі адсюль, бо Ірад хоча Цябе забіць.
У той-жа дзень падыйшлі некаторыя з фарызэяў, кажучы яму: Выйдзі і ідзі адгэтуль, бо гэрад хоча цябе забіць.
І сказаў ім: ідзіце, скажы́це гэтаму лíсу: вось, Я выганяю дэманаў і ацале́нні твару́ сёння і заўтра, а на трэці дзень ско́нчу;
І сказаў ім: Ідзеце і скажэце гэтай лісіцы: вось я выганяю д’яблаў і чыніў аздараўленьні сягоньня, і заўтра, а на трэці дзень для мяне канец.
аднак нале́жыць Мне сёння і заўтра, і ў насту́пны дзень хадзíць, бо не можа ста́цца, каб прарок загíнуў па-за Іерусалімам.
аднак-жа трэба мне сягоньня і заўтра і пазаўтра ісьці, бо ня можа быць, каб прарок згінуў па-за Ерузалімам.
Іерусаліме, Іерусаліме, які забіва́еш прарокаў і каме́ннем пабіва́еш пасла́ных да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка птушанят сваіх пад кры́лы, і вы не захаце́лі!
Ерузалім, Ерузалім, што забівае прарокаў і камянуеш тых, што пасланы да цябе; сколькі разоў хацеў я сабраць дзяцей тваіх, так як птушка гняздо сваё пад крыльлі, а ты не хацеў!
Вось, пакіда́ецца вам дом ваш пусты́. І кажу вам: не ўбачыце Мяне, пакуль не пры́йдзе час, калі скажаце: «благаславёны, Хто прыхо́дзіць у імя́ Гасподняе!»
Вось астанецца для вас дом ваш пустым. А кажу вам, што ня ўгледзеце мяне, пакуль ня прыйдзе, калі скажаце: «Багаслаўлены, каторы ідзе ў імя Пана».