Лукаша 10 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад В. Гадлеўскага

 
 

Пасля гэтага абра́ў Гасподзь і іншых семдзесят вучняў і паслаў іх па двое перад аблíччам Сваім у кожны горад і месца, куды Сам збіраўся ісці,
 
Пасьля-ж гэтага вызначыў Пан і другіх семдзесяцёх двух, і паслаў па двух перад воблікам сваім і ўсякі горад і месца, куды сам меўся прыйсьці.

і казаў ім: жніва́ многа, а работнікаў ма́ла; таму малíце Гаспадара́ жніва́, каб вы́веў работнікаў на жніво́ Сваё.
 
І казаў ім: Жніво-то вялікае, але работнікаў мала; дык прасеце пана жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё.

Ідзíце! вось Я пасылаю вас, як ягнят пасярод ваўкоў.
 
Ідзеце! Вось я пасылаю вас як ягнят паміж ваўкоў.

Не бярыце з сабой ні мяшка, ні торбы, ні абутку і нікога ў дарозе не віта́йце.
 
Не нясеце мяшка, ані торбы, ані абутку, і нікога ў дарозе ня вітайце.

Калі ж у які дом уво́йдзеце, перш кажыце: мір дому гэтаму;
 
У які-колечы дом увойдзеце, перш скажэце: Супакой гэтаму дому.

і калі там будзе сын міру, то спачне́ на ім мір ваш; а калі не, то да вас ве́рнецца;
 
І калі там будзе сын супакою, супачыне на ім супакой ваш; калі-ж не, да вас вернецца.

і ў тым доме застава́йцеся, е́жце і пíце, што ў іх ёсць; бо працаўнíк ва́рты ўзнагароды сваёй. Не перахо́дзьце з дому ў дом.
 
У тым-жа доме аставайцеся, ядучы і п’ючы тое, што ў іх ёсьць; бо варт работнік нагароды сваей. Не пераходзьце з дому ў дом.

І калі ў які горад пры́йдзеце і пры́муць вас, ежце, што вам пададу́ць;
 
І ў які-колечы горад увойдзеце, і прыймуць вас, ешце, што паложаць перад вамі;

і ацаля́йце хворых, якія ёсць там, і кажыце ім: наблíзілася да вас Царства Божае.
 
і аздараўляйце хворых, якія ў ім ёсьць і кажэце ім: Прыблізілася да вас каралеўства Божае.

А калі ў які горад пры́йдзеце і не пры́муць вас, то, вы́йшаўшы на вуліцы яго, скажы́це:
 
І ў які-колечы горад увойдзеце і ня прыймуць вас, выйшаўшы на вуліцы яго, скажэце:

і пыл, што прыстаў да нас з горада вашага, мы абтраса́ем вам; аднак тое ведайце, што наблíзілася да вас Царства Божае;
 
«Нават пыл, які прыстаў да нас з вашага гораду, абтрасаем на вас. Аднак ведайце тое, што прыблізілася каралеўства Божае».

кажу вам, што Садому ў дзень той лягчэ́й будзе, чым гораду таму.
 
Кажу вам, што Садоме ў той дзень будзе лягчэй, чым гэнаму гораду.

Го́ра табе, Харазíне! го́ра табе, Віфсаíда! бо калі б у Ты́ры і Сідо́не явíліся сілы, я́ўленыя ў вас, яны б даўно ўжо, се́дзячы ў валасянíцы і по́пеле, пака́яліся;
 
Гора табе, Корозаін, гора табе, Бэтсайда! Бо каб у Тыры і Сыдоне дзеяліся такія цуды, якія дзеяліся ў вас, даўно-бы, седзячы ў валасяніцы і попелі, пакутавалі.

але Ты́ру і Сідо́ну лягчэ́й будзе на судзе́, чым вам.
 
Аднака-ж Тыру і Сыдону лягчэй будзе на судзе, чым вам.

І ты, Капернау́ме, што да неба ўзвы́сіўся, да пекла будзеш нізры́нуты.
 
І ты, Капарнауме, аж да неба ўзьнесенае, аж да пекла будзеш апушчана.

Хто слу́хае вас, той Мяне слу́хае; і хто адвярга́е вас, той Мяне адвярга́е; а хто адвярга́е Мяне, адвярга́е Таго, Хто паслаў Мяне.
 
Хто вас слухае, мяне слухае; і хто вамі пагарджае, мною пагарджае. А хто мною пагарджае, пагарджае тым, каторы паслаў мяне.

Вярнуліся ж семдзесят з радасцю, гаворачы: Госпадзі! і дэманы пакара́юцца нам у імя́ Тваё.
 
І вярнуліся семдзесяцёх двух з радасьцяй, кажучы: Пане, нават д’яблы паддаюцца нам у імя тваё.

Ён жа сказаў ім: бачыў Я сатану, што як маланка з неба ўпаў;
 
І сказаў ім: Я відзеў д’ябла, падаючага з неба як маланка.

вось Я даю вам ула́ду наступа́ць на зме́яў і скарпіёнаў і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашко́дзіць вам;
 
Вось я даў вам уладу ступаць па зьмеях і скарпіёнах, і па ўсей сіле ворага, і нічога вам не пашкодзіць.

аднак таму не радуйцеся, што ду́хі вам пакара́юцца, а радуйцеся, што імёны вашы запíсаны на нябёсах.
 
Аднака-ж не радуйцеся з таго, што духі вам паддаюцца, але радуйцеся, што імёны вашыя запісаны ў небе.

У той час узра́даваўся духам Іісус і сказаў: сла́ўлю Цябе, Ойча, Госпадзі неба і зямлі, што Ты ўтаíў гэта ад му́дрых і разумных і адкрыў гэта малы́м дзе́цям. Так, Ойча! бо гэта было добраўго́дна перад Табою.
 
У тую часіну ўзрадаваўся Духам сьвятым і сказаў: Слаўлю цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што закрыў гэтае перад мудрымі і разумнымі, а аб’явіў гэтае маленькім. Так, Ойча, бо гэтак спадабалася табе.

І, павярну́ўшыся да вучняў, сказаў: усё Мне перада́дзена Айцом Маім, і хто ёсць Сын, не знае ніхто, акрамя́ Айца, і хто ёсць Айцец, не знае ніхто, акрамя́ Сына, і каму Сын хоча адкры́ць.
 
Усё мне ададана Айцом маім. І ніхто ня ведае, хто ёсьць Сын, толькі Айцец; і хто ёсьць Айцец, толькі Сын і каму-б Сын захацеў аб’явіць.

І, павярну́ўшыся да вучняў, асобна сказаў: блажэ́нныя вочы, якія ба́чаць тое, што вы ба́чыце;
 
І звярнуўшыся да вучняў сваіх, сказаў: Багаслаўленыя вочы, каторыя бачаць, што вы бачыце!

бо кажу вам, што многія прарокі і цары́ хацелі ба́чыць тое, што вы ба́чыце, і не ба́чылі, і чуць тое, што вы чу́еце, і не чулі.
 
Бо кажу вам, што многа прарокаў і каралёў хацела бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі.

І вось, устаў нейкі законнік і, спакуша́ючы Яго, сказаў: Настаўнік! што мне рабіць, каб унасле́даваць жыццё вечнае?
 
І вось нейкі вучоны ў законе ўстаў, прабуючы яго і кажучы: Вучыцель, што робячы здабуду я жыцьцё вечнае?

Ён жа сказаў яму: у законе што́ напíсана? я́к чытаеш?
 
А ён сказаў да яго: У законе што напісана, як чытаеш?

Той жа сказаў у адказ: «узлюбí Госпада Бога твайго ўсім сэ́рцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і ўсёй сілаю тваёю, і ўсім разуме́ннем тваім», і «бліжняга твайго, як само́га сябе».
 
Ён адказваючы сказаў: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсею душою тваею, і ўсімі сіламі тваімі, і ўсей мысьляй тваею, а бліжняга твайго як самога сябе» (Паўл. Пр. 6:5; Лев. 19:18).

Іісус сказаў яму: правільна ты адказаў; рабí гэта, і будзеш жыць.
 
І сказаў яму: Добра ты адказаў, гэтае рабі і будзеш жыць.

Але той, хочучы апраўда́ць сябе, сказаў Іісусу: а хто мой бліжні?
 
А ён, хочучы сам сябе апраўдаць, сказаў да Езуса: А хто мой бліжні?

На гэта Іісус сказаў: чалавек нейкі ішоў з Іерусаліма ў Іерыхо́н і тра́піў да разбойнікаў, якія раздзе́лі яго і пара́нілі, і пайшлі, пакíнуўшы ледзь жывога.
 
Езус-жа адказваючы сказаў: Нейкі чалавек ішоў з Ерузаліму ў Ерыхон і трапіў на разбойнікаў, якія яго і аграбілі, і нарабіўшы ранаў адыйшлі, пакінуўшы ледзь жывога.

Выпадкова адзін свята́р ішоў тою дарогаю і, уба́чыўшы яго, прайшоў міма.
 
І здарылася, што гэтай самай дарогай ішоў нейкі сьвятар і, угледзеўшы яго, прайшоў міма.

Таксама і левíт, бы́ўшы на тым месцы, падышоў і, уба́чыўшы, прайшоў міма.
 
Таксама і левіт, будучы каля месца і бачачы яго, прайшоў.

А нейкі Самаранíн, што быў ў дарозе, натра́піў на яго і, ўбачыўшы яго, зжа́ліўся,
 
Нейкі-ж самаранін, адбываючы падарожу, праходзіў каля яго, і ўгледзеўшы яго, зьлітаваўся.

і, падышо́ўшы, перавяза́ў раны яго, узліва́ючы але́й і віно; і, пасадзíўшы яго на сваю жывёліну, прывёз яго ў гасцініцу і паклапаціўся пра яго;
 
І прыблізіўшыся, абвязаў раны яго, наліўшы алівы і віна; і ўзлажыўшы яго на жывёлу сваю, завёз у заезд і заапекаваўся ім.

а на другі дзень, ад’язджа́ючы, дастаў два дына́рыі і даў гаспадару́ гасцíніцы, і сказаў яму: паклапацíся пра яго, а калі болей што патра́ціш, я, як вярнуся, адда́м табе.
 
А надругі дзень выняў два дынары і даў гаспадару заезду і сказаў: Мей яго ў апецы, і што-толькі выдасі болей, я, калі вярнуся, аддам табе.

Каторы з гэтых трох, здае́цца табе, быў блíжнім таму, хто тра́піў да разбойнікаў?
 
Каторы з гэтых трох, здаецца табе, быў бліжнім таму, хто трапіў на разбойнікаў?

Ён сказаў: той, што ўчыніў міласць яму. Сказаў жа яму Іісус: ідзі, і ты рабі гэ́так.
 
А ён сказаў: Той, хто ўчыніў над ім міласэрдзе. І сказаў яму Езус: Ідзі, і ты рабі таксама.

І ста́лася: калі яны былí ў дарозе, зайшоў Ён у адно пасе́лішча; і жанчына нейкая, íмем Марфа, прыняла́ Яго ў дом свой;
 
Сталася-ж, калі яны ішлі, і ён увайшоў у вадно мястэчка, і адна жанчына, на імя Марта, прыняла яго ў свой дом.

і была́ ў яе сястра, што зва́лася Марыя, якая, се́ўшы каля ног Іісуса, слухала слова Яго.
 
А ў яе была сястра на імя Марыя, і яна седзячы каля ног Пана, слухала слова яго.

Марфа ж клапацíлася, каб як найле́пш услужы́ць, і, падышоўшы, сказала: Го́спадзі! ці ж не абыя́кава Табе, што сястра мая́ адну мяне пакíнула ўслу́жваць? скажы ёй, каб дапамагла́ мне.
 
А Марта старалася каля рознай паслугі. Яна стала і сказала: Пане, ці ты ня дбаеш, што сястра мая пакінула мяне адну паслугаваць? Дык скажы ей, каб мне памагла.

Іісус жа сказаў ёй у адказ: Марфа! Марфа! ты клапо́цішся і турбу́ешся пра многае,
 
І адказваючы сказаў ей Пан: Марта, Марта, ты клапоцісься аб вельмі многім,

а толькі адно патрэ́бна; Марыя ж вы́брала добрую долю, якая не ады́мецца ў яе.
 
а адно патрэбнае.