Лукаша 10 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад В. Гадлеўскага
Пасьля ж гэтага абраў Госпад і другіх семдзясят (вучняў) і паслаў іх па двое перад Абліччам Сваім у кожнае места і мейсца, куды Сам меўся ісьці,
Пасьля-ж гэтага вызначыў Пан і другіх семдзесяцёх двух, і паслаў па двух перад воблікам сваім і ўсякі горад і месца, куды сам меўся прыйсьці.
і казаў ім: жніва многа, а працаўнікоў мала, таму маліце Гаспадара жніва, каб выслаў працаўнікоў на жніво Сваё.
І казаў ім: Жніво-то вялікае, але работнікаў мала; дык прасеце пана жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё.
Ідзеце! Вось, Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў.
Ідзеце! Вось я пасылаю вас як ягнят паміж ваўкоў.
Ня бярыце (з сабой) ні мяшка, ні торбы, ні абутку, і нікога ў дарозе ня вітайце.
Не нясеце мяшка, ані торбы, ані абутку, і нікога ў дарозе ня вітайце.
У які дом увойдзеце перш кажыце: мір дому гэтаму;
У які-колечы дом увойдзеце, перш скажэце: Супакой гэтаму дому.
і сапраўды калі там будзе сын міру, то спачыне на ім мір ваш; а калі не, то да вас вернецца.
І калі там будзе сын супакою, супачыне на ім супакой ваш; калі-ж не, да вас вернецца.
І ў тым доме заставайцеся, ешце і піце, што ў іх (ёсьць); бо працаўнік варты платы сваёй. Ня пераходзьце з дому ў дом.
У тым-жа доме аставайцеся, ядучы і п’ючы тое, што ў іх ёсьць; бо варт работнік нагароды сваей. Не пераходзьце з дому ў дом.
І калі ў якое места прыйдзеце, і прыймуць вас, ешце, што вам пададуць.
І ў які-колечы горад увойдзеце, і прыймуць вас, ешце, што паложаць перад вамі;
І аздараўляйце ў ім хворых, і кажэце ім: наблізілася да вас Гаспадарства Бога.
і аздараўляйце хворых, якія ў ім ёсьць і кажэце ім: Прыблізілася да вас каралеўства Божае.
А калі да якога места прыйдзеце і ня прыймуць вас, то выйшаўшы на вуліцы ягоныя скажыце:
І ў які-колечы горад увойдзеце і ня прыймуць вас, выйшаўшы на вуліцы яго, скажэце:
і пыл, што прыстаў да нас зь места вашага абтрасаем вам; аднак (жа) ведайце тое, што наблізілась да вас Гаспадарства Бога.
«Нават пыл, які прыстаў да нас з вашага гораду, абтрасаем на вас. Аднак ведайце тое, што прыблізілася каралеўства Божае».
Кажу ж вам, што Садому ў дзень той лягчэй будзе, чым месту таму.
Кажу вам, што Садоме ў той дзень будзе лягчэй, чым гэнаму гораду.
Гора табе, Харазін! гора табе, Бэтсаіда! бо калі б у Тыры і Сідоне зьявіліся сілы, якія зьявіліся ў вас, (то яны) б даўно (ужо) пакаяліся, седзячы ў валасяніцы і попеле;
Гора табе, Корозаін, гора табе, Бэтсайда! Бо каб у Тыры і Сыдоне дзеяліся такія цуды, якія дзеяліся ў вас, даўно-бы, седзячы ў валасяніцы і попелі, пакутавалі.
але Тыру і Сідону лягчэй будзе на судзе, чым вам.
Аднака-ж Тыру і Сыдону лягчэй будзе на судзе, чым вам.
І ты, Капэрнавум, што да неба ўзьнесены, да пекла будзеш зрынуты.
І ты, Капарнауме, аж да неба ўзьнесенае, аж да пекла будзеш апушчана.
Хто слухае вас — Мяне слухае; і хто адрына́е вас — Мяне адрына́е; а хто адрына́е Мяне — адрына́е Таго, Хто паслаў Мяне.
Хто вас слухае, мяне слухае; і хто вамі пагарджае, мною пагарджае. А хто мною пагарджае, пагарджае тым, каторы паслаў мяне.
Вярнуліся ж семдзясят з радасьцю, гаворачы: Госпадзе! і дэманы пакараюцца нам дзеля Імені Твайго.
І вярнуліся семдзесяцёх двух з радасьцяй, кажучы: Пане, нават д’яблы паддаюцца нам у імя тваё.
Сказаў жа (Ён) ім: (Я) бачыў шата́на, які ўпаў зь неба, як маланка.
І сказаў ім: Я відзеў д’ябла, падаючага з неба як маланка.
Вось (Я) даю вам уладу наступаць на зьмеяў і скарпіёнаў і на ўсю сілу варожую, і нішто ня пашкодзіць вам.
Вось я даў вам уладу ступаць па зьмеях і скарпіёнах, і па ўсей сіле ворага, і нічога вам не пашкодзіць.
Аднак таму ня радуйцеся, што духі вам пакараюцца, а радуйцеся болей (з таго), што імёны вашыя запісаны на Нябёсах.
Аднака-ж не радуйцеся з таго, што духі вам паддаюцца, але радуйцеся, што імёны вашыя запісаны ў небе.
У той час узрадаваўся духам Ісус і сказаў: Слаўлю Цябе Тата, Госпадзе Неба і зямлі, што Ты ўтаіў гэтае ад мудрых і разумных і адкрыў гэтае малым дзецям. Сапраўды Тата! бо такая была добрая воля (Твая) перад Абліччам Тваім.
У тую часіну ўзрадаваўся Духам сьвятым і сказаў: Слаўлю цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што закрыў гэтае перад мудрымі і разумнымі, а аб’явіў гэтае маленькім. Так, Ойча, бо гэтак спадабалася табе.
І, зьвярнуўшыся да вучняў, сказаў: усё Мне перададзена Бацькам Маім, і Хто ёсьць Сын, ня ведае ніхто, акрамя Бацькі, і Хто ёсьць Бацька, (ня ведае ніхто), акрамя Сына, і каму Сын хоча адкрыць.
Усё мне ададана Айцом маім. І ніхто ня ведае, хто ёсьць Сын, толькі Айцец; і хто ёсьць Айцец, толькі Сын і каму-б Сын захацеў аб’явіць.
І, зьвярнуўшыся да вучняў асобна, сказаў: шчасьлівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце;
І звярнуўшыся да вучняў сваіх, сказаў: Багаслаўленыя вочы, каторыя бачаць, што вы бачыце!
бо кажу вам, што многія прарокі і каралі хацелі ўбачыць тое, што вы бачыце, і ня ўбачылі, і пачуць тое, што вы чуеце, і ня пачулі.
Бо кажу вам, што многа прарокаў і каралёў хацела бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі.
І вось устаў нейкі законьнік, спакушаючы Яго і гаворачы: Настаўнік! Што зрабіўшы ўнаследую жыцьцё вечнае?
І вось нейкі вучоны ў законе ўстаў, прабуючы яго і кажучы: Вучыцель, што робячы здабуду я жыцьцё вечнае?
Ён жа сказаў яму: у Законе што напісана? Як чытаеш?
А ён сказаў да яго: У законе што напісана, як чытаеш?
Ён жа, адказаўшы, сказаў: узьлюбі Госпада Бога твайго ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім розумам тваім, і бліжняга твайго, як самога сябе.
Ён адказваючы сказаў: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсею душою тваею, і ўсімі сіламі тваімі, і ўсей мысьляй тваею, а бліжняга твайго як самога сябе» (Паўл. Пр. 6:5; Лев. 19:18).
(Ісус) жа сказаў яму: правільна (ты) адказаў; рабі гэтае, і будзеш жыць.
І сказаў яму: Добра ты адказаў, гэтае рабі і будзеш жыць.
Ён жа, жадаючы сябе апраўдаць, сказаў Ісусу: а хто мой бліжні?
А ён, хочучы сам сябе апраўдаць, сказаў да Езуса: А хто мой бліжні?
Адказаўшы ж Ісус сказаў: нейкі чалавек ішоў із Ярузаліму да Ярыхону і папаўся рабаўнікам, каторыя зьняўшы зь яго вопратку і зьбіўшы (яго) пайшлі, пакінуўшы (яго) паўмёртвым.
Езус-жа адказваючы сказаў: Нейкі чалавек ішоў з Ерузаліму ў Ерыхон і трапіў на разбойнікаў, якія яго і аграбілі, і нарабіўшы ранаў адыйшлі, пакінуўшы ледзь жывога.
Выпадкова ж адзін сьвятар ішоў тою дарогаю і, убачыўшы яго, прайшоў міма.
І здарылася, што гэтай самай дарогай ішоў нейкі сьвятар і, угледзеўшы яго, прайшоў міма.
Таксама ж і лявіт, апынуўшыся на тым мейсцы, падыйшоўшы і ўбачыўшы (яго), прайшоў міма.
Таксама і левіт, будучы каля месца і бачачы яго, прайшоў.
А нейкі самарац, праяжджаючы, наблізіўся да яго і, убачыўшы яго, зьлітаваўся,
Нейкі-ж самаранін, адбываючы падарожу, праходзіў каля яго, і ўгледзеўшы яго, зьлітаваўся.
і, падыйшоўшы, перавязаў ягоныя раны, паліваючы алей і віно; (і) пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз яго ў заезд і паклапаціўся аб ім;
І прыблізіўшыся, абвязаў раны яго, наліўшы алівы і віна; і ўзлажыўшы яго на жывёлу сваю, завёз у заезд і заапекаваўся ім.
а на другі дзень, ад’яжджаючы, дастаў два дынары, даў гаспадару заезду і сказаў яму: дагледзі яго, і тое, што выдасі балей, я пры вяртаньні маім заплачу табе.
А надругі дзень выняў два дынары і даў гаспадару заезду і сказаў: Мей яго ў апецы, і што-толькі выдасі болей, я, калі вярнуся, аддам табе.
(Як) здаецца табе, каторы з гэтых трох стаўся бліжнім таму, хто папаўся да грабежнікаў?
Каторы з гэтых трох, здаецца табе, быў бліжнім таму, хто трапіў на разбойнікаў?
Ён жа сказаў: той, хто ўчыніў міласэрнасьць да яго. Тады сказаў яму Ісус: ідзі і ты рабі гэтак.
А ён сказаў: Той, хто ўчыніў над ім міласэрдзе. І сказаў яму Езус: Ідзі, і ты рабі таксама.
І сталася, як яны былі ў дарозе, і Ён зайшоў у адно сяло. Жанчына ж адна, па імені Марта, прыняла Яго ў дом свой.
Сталася-ж, калі яны ішлі, і ён увайшоў у вадно мястэчка, і адна жанчына, на імя Марта, прыняла яго ў свой дом.
І была ў яе сястра, на імя Марыля, якая села каля Ног Ісусавых і слухала Слова Ягонае.
А ў яе была сястра на імя Марыя, і яна седзячы каля ног Пана, слухала слова яго.
А Марта клапацілася аб вялікай паслузе, і, падыйшоўшы, сказала: Госпадзе! Цябе ня хвалюе, што сястра мая пакінула мяне служыць адну! Скажы ж ёй, каб дапамагла мне.
А Марта старалася каля рознай паслугі. Яна стала і сказала: Пане, ці ты ня дбаеш, што сястра мая пакінула мяне адну паслугаваць? Дык скажы ей, каб мне памагла.
Але, адказаўшы, Ісус сказаў ёй: Марта, Марта! ты клапоцішся і турбуешся пра многае,
І адказваючы сказаў ей Пан: Марта, Марта, ты клапоцісься аб вельмі многім,
а патрэбна толькі адно; Марыля ж выбрала добрую частку, якая ня адымецца ў яе.
а адно патрэбнае.