Лукаша 5 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

Было-ж тое, калі народ націскаўся да Яго, каб паслухаць Слова Божае, Ён стаяў пры возеры Генісарэцкім;
 

І ўбачыў Ён дзьве лодкі, якія стаялі на возеры, а рыбакі, выйшаўшы з іх, вымывалі сеці.
 

Увайшоўшы ў адну з тых лодак, якая была Сыманава, Ён прасіў яго адплысьці крыху ад берагу, і, сеўшы, навучыў народ з лодкі.
 

Калі-ж перастаў навучаць, сказаў Сымону: — адплыві на глыбіню, і закіньце сеці свае для лову.
 

Сыман-жа сказаў Яму ў адказ: — Вучыцель! цэлую ноч мы працавалі й нічога не злавілі, але на слова Тваё закіну сець.
 

І калі гэтае зрабілі, загарнулі такое мноства рыбы, што нават сець іх прарывалася.
 

І падалі знак сябрам, якія былі на другой лодцы, каб падыйшлі памагчы ім; і прыйшлі й напоўнілі абедзьве лодкі, аж яны сталі асаджвацца ў ваду.
 

Бачачы гэтае, Сыман-Пётра прыпаў да кален Ісусавых, кажучы: — адыйдзіся ад мяне, Госпадзе, бо я чалавек грэшны.
 

Бо жах ахапіў яго і ўсіх, хто быў з ім, ад такога мноства злоўленай рыбы.
 

Таксама й Якуба й Яна, сыноў Заведэевых, якія былі супольнікамі Сымана; і прамовіў да Сымона Ісус: — ня бойся, з гэтага часу будзеш лавіць чалавекаў.
 

І яны, выцягнуўшы на бераг абедзьве лодкі, пакінулі ўсё й пайшлі сьледам за Ім.
 

І было-ж, калі Ісус быў у адным месьце, вось чалавек увесь у струпох ад праказы, убачыўшы Ісуса, упаў прад Ім на аблічча сваё й прасіў Яго, кажучы: — Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
 

І, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго й сказаў: — хачу, ачысьціся; і ўраз праказа зыйшла з яго.
 

І загадаў яму нікому не расказваць, але сказаў: — ідзі пакажыся сьвятару й прынясі ахвяру за ачышчэньне твае, як запавядаў Майсей, у сьветчаньне ім.
 

Але тымбалей пашыралася мова пра Яго, і зьбіраліся вялікія грамады людзей, слухаць і вылечвацца ад Яго з нядугаў сваіх.
 

Ён-жа адыйходзіў у пустынныя мясцы і маліўся.
 

Было-ж аднаго дня, калі Ён навучаў, і сядзелі там фарысеі й законавучыцелі, якія прыйшлі з местаў Галілейскіх, Юдэйскіх і з Ерусаліму, і сіла Гасподняя выяўлялася ў ацаленьні нядужных.
 

І вось прынясьлі людзі на пасьцелі спараліжаванага чалавека, і стараліся ўнесьці яго ў дом і палажыць прад Ісусам.
 

Але, не знайшоўшы праходу праз натоўп людзей, узьлезьлі на верх будыніны й праз стрэху спусьцілі яго з пасьцельлю ў сярэдзіну прад Ісуса.
 

Ён-жы, бачачы веру іхную, сказаў: — чалавеча, адпушчаюцца табе грахі твае.
 

Фарысеі-ж і кніжнікі разважалі ў сабе: — хто Ён такі, што гэтак блюзьнерыць? хто-ж можа адпушчаць грахі? — толькі Сам Бог.
 

Ісус, разумеючы помыслы іхныя, сказаў ім у адказ: — што вы разважаеце ў сэрцах вашых?
 

Што лепш сказаць: — адпушчаюцца табе грахі твае, ці сказаць — устань і йдзі?
 

Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі, — і сказаў Ён спараліжаванаму: — табе кажу — устань, вазьмі пасьцель тваю і йдзі ў дом твой.
 

І той зараз-жа ўстаў, сабраў пасьцель, на якой ляжаў, і пайшоў у дом свой, славячы Бога.
 

І вялікае падзіўленьне абняло ўсіх, і славілі Бога; а, пранятыя страхам, гаварылі: — цудоўныя дзеі бачылі мы сёньня.
 

Пасьля гэтага Ісус, выйшаўшы, ўбачыў мытніка на імя Левій, які сядзеў на месцы мытнага збору, і кажа яму: — ідзі за Мною.
 

І той, пакінуўшы ўсё, устаў і пайшоў за Ім.
 

І прыгатаваў для Яго Левій у доме сваім вялікі пачастунак, і было там шмат мытнікаў і іншых, якія сядзелі з імі.
 

Фарысеі й кніжнікі наракалі на іх, кажучы вучням Ягоным: чаму вы ясьце й п'яце з мытнікамі й грэшнікамі?
 

Ісус-жа сказаў ім у адказ: — не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, але хворыя.
 

І ня прыйшоў Я клікаць да пакаяньня праведнікаў, але грэшнікаў.
 

Яны-ж сказалі Яму: — чаму вучні Янавы посьцяць часта й маляцца, а таксама й фарысейскія, а Твае ядуць і п'юць?
 

І Ён сказаў ім: ці можаце змусіць сыноў бяседы вясельнае пасьціць, пакуль з імі жаніх?
 

Але прыйдуць дні, калі адыймецца ад іх жаніх, і тады будуць пасьціць у дні тыя.
 

Да гэтага сказаў ім прыпавесьць: — ніхто не прыстаўляе латкі з новае адзежыны да адзежыны старое; бо йначай, і новую падзярэ, і да старога не падойдзе новае.
 

І ніхто ня ўлівае віна новага ў мяхі старыя; бо іначай, маладое віно парве мяхі, і само выцеча, і мяхі зьнішчацца.
 

Але новае віно трэба ўліваць у мяхі новыя, тады захаваецца й адно й другое.
 

І ніхто, піўшы старое віно, не захоча зараз-жа новага, бо кажа — старое лепшае.