Лукаша 1 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Так як іншыя браліся ўкладаць аповесьці пра добра вядомыя між намі падзеі,
І як пераказалі нам тыя, якія ад самага пачатку былі вачавідцамі й служыцелямі Слова,
Гэтак і я прызволіў сабе, добра разьведаўшы ўсё ад пачатку, папарадку апісаць табе, высокадастойны Тэафіле,
Каб уверыўся ты ў праўдзівасьць таго вучэньня, у якім быў настаўлены.
Быў у дні Ірада, караля Юдэйскага, сьвячэньнік з чаргі Авіевай, на імя Захары, і жана яго з дочак Ааронавых, а імя ёй — Альжбета.
Былі-ж яны абое праведныя прад Богам, беззаганна трымаючыся прыказаньня і законаў Гасподніх.
І ня было ў іх дзіцяці, бо Альжбета была няплодная, і абое былі ўжо паджылыя ў гадох сваіх.
Аднойчы, калі ён у парадку чаргі свае служыў прад Богам,
Выпала яму, паводля ўкладу сьвятарскага, ўвайсьці ў Сьвятыню Гасподнюю кадзіць.
А ўся маса народу ў часе каджэньня малілася вонках.
І сталася: зьявіўся яму ангел Божы, стоячы з правага боку кадзільнага ахвярніка.
Захары, убачыўшы яго, сумеўся, і страх агарнуў яго.
Ангел-жа сказаў яму: — ня бойся, Захары, бо выслухана малітва твая, і жана твая Альжбета народзіць табе сына, і дасі яму імя — Ян.
І будзе табе радасьць і ўцеха, і многія ўзрадуюцца з нараджэньня яго.
Бо ён вялікі будзе прад Госпадам, ня будзе піць віна й пітва крэпкага, і напоўніцца Духам Сьвятым яшчэ ў улоньні маці свае.
І многіх сыноў Ізраілевых прыверне да Госпада Бога іх.
І пярэйдзе перад Ім у духу й сіле Ільлі, каб прывярнуць сэрцы бацькоў да дзецей, а нявернікаў да мудрасьці праведнікаў, каб паставіць прад Госпадам народ прыгатаваны.
І сказаў Захары ангелу: — пачым я пазнаю гэта? бо я ўжо стары, і жана мая ў гадох паджылых.
Ангел у адказ сказаў яму: — я Габрыель, прад Богам пастаўлены, і пасланы гаварыць з табою й абвесьціць табе гэтую дабравесьць.
Вось-жа ты анямееш, і ня будзеш магчы гаварыць аж да дня, у якім гэта станецца, за тое, што ты не паверыў словам маім, якія збудуцца ў часе сваім.
Тымчасам народ чакаў Захарыя й дзівіўся, што ён марудзіць у храме.
Калі-ж ён выйшаў, то ня мог гаварыць да іх; і яны зразумелі, што ён бачыў прывід у храме; а ён толькі паказваў на мігі, і астаўся нямым.
А калі скончыліся дні службы ягонай, вярнуўся ў дом свой.
Па тых-жа днёх зачала Альжбета, жана ягоная, і таілася пяць месяцаў і гаварыла:
— Так учыніў мне Гаспад у дні гэтыя, калі ўважыў на мяне, каб зьняць з мяне ганьбу між людзьмі.
На шостым-жа месяцы пасланы быў ангел Гаўрыель ад Бога ў места Галілейскае, званае Назарэт;
Да Дзевы, заручанай з мужам, на імя Язэп, з дому Давыдавага, а імя Дзевы — Марыя.
І ўвайшоўшы да яе, ангел прамовіў: — радуйся, добрадарная! Гаспад з табою! дабраславёная ты між жанчын.
Яна-ж, убачыўшы яго, затрывожылася ад слоў ягоных і разважала: што-б значыла прывітаньне гэткае?
І сказаў ёй Ангел: — ня бойся, Марыя, вось здабыла ты ласку ў Бога.
І ты зачнеш у ўлоньні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Ісус.
Ён будзе вялікім і Сынам Найвышэйшага назавецца; і дасьць Яму Гаспад Бог пасад Давыда, айца Ягонага.
І ўладарыць будзе над домам Якуба навек, і Ўладарству Яго ня будзе канца.
Марыя-ж сказала Ангелу: — як-жа гэта станецца, калі я мужа ня знаю?
І Ангел у адказ сказаў ёй: — Дух Сьвяты найдзе на цябе, і сіла Найвышэйшага ахіне цябе, таму й народжанае Сьвятое Сынам Божым назавецца.
Вось і Альжбета, сваячка твая, называная няплоднаю, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і гэта ўжо шосты месяц у яе.
Бо-ж у Бога не зьняважыцца ніводнае слова.
Тады Марыя сказала: — я слуга Гаспада, няхай станецца мне подля слова твайго; і адыйшоў ад яе Ангел.
І вось, у дні тыя, Марыя, ўстаўшы, сьпешна пайшла ў горную краіну, у места Юдава.
І ўвайшла ў дом Захарыя й вітала Альжбету.
І сталася: калі пачула Альжбета вітаньне Марыіна, узыгралася дзіцятка ў улоньні яе; і пранялася Альжбета Духам Сьвятым.
І ўсклікнула моцным голасам, прамовіўшы: — дабраславёна ты між жанчын, і дабраславёны плод улоньня твайго!
І скуль-жа мне гэта, што маці Госпада майго прыйшла да мяне?
Бо калі голас вітаньня твайго дайшоў да слыху майго, радасна ўзыграла дзіцятка ў улоньні маім.
І шчасьлівая ты, што паверыла, бо збудзецца сказанае ад Госпада.
І прамовіла Марыя: — вялічае душа мая Госпада,
І ўзрадаваўся дух мой у Богу Спасе маім.
Бо ўзглянуў Ён на пакорнасьць слугі Свае, і ад дзён гэтых уласкавёнай будуць зваць мяне ўсе роды.
Бо велікае ўчыніў мне Моцны, і Сьвятое Імя Яго.
І міласьць Яго з роду ў род для тых, хто баяцца Яго.
Выявіў магутнасьць рукі Сваей, расьвеяў пагардлівых у помыслах сэрцаў іхных;
Пазьнімаў уладных з прастолаў і ўзьняў пакорных;
Надзяліў галодных дабром, і багацеяў зьвёў да спусьцізны.
Успаняў Ізраіля, слугу Свайго, памянуўшы міласэрдзем Сваім;
Як прамоўляў айцам нашым — Абрагаму й патомству ягонаму на векі.
Прабыла-ж Марыя з ёю каля трох месяцаў ды вярнулася ў дом свой.
Альжбете-ж настаў час радзіць, і яна нарадзіла сына.
І дачуліся суседзі й сваякі яе, што абдарыў яе Гаспад міласьцю Сваею, і радаваліся з ёю.
І вось надыйшоў восьмы дзень, калі прыйшлі абрэзаць дзіцятка, і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага — Захары.
Але маці запярэчыла, сказаўшы: — не, няхай названы будзе Ян.
І сказалі ёй: — няма-ж нікога ў родзе тваім, хто-б зваўся імём гэтым.
Тады на мігі пыталіся ў бацькі яго, як-бы ён хацеў назваць яго.
Ён-жа зажадаў дошчачку й напісаў: Ян — імя яму; усе-ж задзівіліся.
І ўраз-жа расчыніліся вусны ягоныя й разьвязаўся язык, і ён пачаў гаварыць, праслаўляючы Бога.
І праняў страх ўсіх суседзяў, і расказвалі пра ўсё гэта па ўсей горнай краіне Юдэйскай.
Усе, хто чулі гэтае, прынялі ўсё да сэрца свайго й гаварылі: — што-ж будзе з дзіцяці гэтага? і рука Гасподняя была з ім.
Захары-ж, бацька яго, напоўніўся Духам Сьвятым і прарочыў, прамаўляючы:
— Сьвятаслаўлен Гаспад Бог Ізраілеў, Ён адведаў і ўчыніў выбаўленьне народу Свайму.
І ўзьняў голас збавеньня нашага ў доме Давыда, слугі Свайго;
Як абвесьціў вуснамі былых ад веку сьвятых прарокаў Сваіх:
Збавеньне ад ворагаў нашых і ад рукі ўсіх ненавісьнікаў нашых;
Праявіць міласьць да бацькоў нашых і ўспамяне Сьвяты Запавет Свой.
Прырачэньнем, якое даў айцу нашаму Абрагаму, абдарыць нас;
Каб выбаўленыя з рукі ворагаў нашых,
Мы бяз боязьні служылі Яму ў сьвятасьці й праўдзе прад Ім праз усе дні жыцьця нашага.
І ты, дзіцятка, прарокам Найвышэйшага назавешся, бо прадстанеш прад абліччам Госпада прыгатаваць шляхі Яму.
Падаць людзям сваім сьведамасьць збаўленьня праз адпушчэньне грахоў іхных.
Праз міласэрную літасьць Бога нашага, у якой адведаў нас Усход з вышыняў,
Прасьвяціць тых, хто ў цемры й змроку сьмяротным, накіраваць ногі нашыя на дарогу згоды.
Дзіця-ж узрастала і ўмацоўвалася духам, і было ў пустынях аж да дня зьяўленьня свайго Ізраілю.