1 Яна 3 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Антонія Бокуна
Глядзíце, якую любоў даў нам Айцец: каб мы называ́ліся дзе́цьмі Божымі; і мы з’яўля́емся імі. Свет таму не ве́дае нас, што не спазна́ў Яго.
Глядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб нам называцца дзецьмі Божымі. Сьвет дзеля таго не пазнае вас, што не пазнаў Яго.
Узлю́бленыя! мы цяпер дзе́ці Божыя; але яшчэ́ не адкры́лася, чым мы будзем; ве́даем толькі, што калі адкры́ецца, то падо́бнымі да Яго будзем, таму што ўба́чым Яго, як Ён ёсць.
Улюбёныя! Мы цяпер дзеці Божыя, і яшчэ ня выявілася, што мы будзем, а ведаем, што, калі выявіцца, будзем падобныя да Яго, бо ўгледзім Яго, як Ён ёсьць.
І кожны, хто ма́е надзею гэтую на Яго, ачышча́е сябе, пако́лькі і Ён чы́сты.
І ўсякі, хто мае гэтую надзею на Яго, ачышчае сябе, бо Ён чысты.
Кожны, хто робіць грэх, робіць і беззако́нне; бо грэх — гэта беззако́нне.
Усякі, хто робіць грэх, робіць і беззаконьне, і грэх ёсьць беззаконьне.
І вы ве́даеце, што Ён явíўся, каб узя́ць грахí нашы, а ў Ім граху́ няма.
І вы ведаеце, што Ён зьявіўся, каб узяць грахі нашыя, і што ў Ім няма грэху.
Кожны, хто ў Ім застае́цца, не грашы́ць; кожны, хто грашы́ць, той не бачыў Яго і не спазна́ў Яго.
Усякі, хто ў Ім застаецца, не грашыць; усякі, хто грашыць, ня бачыў Яго і не пазнаў Яго.
Дзеткі! няха́й ніхто не ўво́дзіць вас у зман. Хто ро́біць па пра́ўдзе, той пра́ведны, падо́бна як Ён пра́ведны.
Дзеткі! Няхай ніхто вас не падмане. Хто чыніць праведнасьць, той праведны, як і Ён праведны.
Хто робіць грэх, той ад дыя́вала, таму што дыя́вал ад пача́тку грашы́ць. Для таго і явіўся Сын Божы, каб знíшчыць спра́вы дыя́вала.
Хто чыніць грэх, той ад д’ябла, бо ад пачатку д’ябал грашыць. Дзеля гэтага і зьявіўся Сын Божы, каб зьнішчыць справы д’ябла.
Кожны наро́джаны ад Бога не ро́біць граху́, таму што се́мя Яго застае́цца ў ім; і ён не можа грашы́ць, бо наро́джаны ад Бога.
Усякі, хто народжаны ад Бога, грэху ня робіць, таму што насеньне Ягонае застаецца ў ім, і ён ня можа грашыць, бо народжаны ад Бога.
Вось па чым пазнаю́цца дзеці Божыя і дзеці дыя́вала: кожны, хто не ро́біць па пра́ўдзе, той не ад Бога, такса́ма і той, хто не лю́біць брата свайго.
Дзеці Божыя і дзеці д’яблавы выяўляюцца гэтак: усякі, хто ня робіць праведнасьць, ня ёсьць ад Бога, і той, хто ня любіць брата свайго.
Бо вось запаве́т, які вы чулі ад пачатку: каб мы любíлі адзін аднаго́;
Бо гэткая ёсьць вестка, якую вы чулі ад пачатку, каб мы любілі адзін аднаго.
не так, як Каін: ён быў ад злога і забíў бра́та свайго. А чаму забíў яго́ Таму, што спра́вы яго былі злымі, а спра́вы брата яго пра́веднымі.
Ня гэтак, як Каін, што быў ад злога і замардаваў брата свайго. І дзеля чаго замардаваў яго? Бо ягоныя ўчынкі былі злыя, а брата ягонага — праведныя.
Не здзіўля́йцеся, браты́ мае́, калі ненавíдзіць вас свет.
Не зьдзіўляйцеся, браты мае, калі сьвет ненавідзіць вас.
Мы ведаем, што мы перайшлí ад сме́рці ў жыццё, таму што лю́бім братоў; хто не лю́біць брата, той застае́цца ў сме́рці.
Мы ведаем, што перайшлі ад сьмерці ў жыцьцё, бо любім братоў; хто ня любіць брата, застаецца ў сьмерці.
Кожны, хто ненавíдзіць бра́та свайго, той чалавеказабо́йца; і вы ве́даеце, што ніякі чалавеказабо́йца не ма́е жыцця ве́чнага, якое б у ім застава́лася.
Усякі, хто ненавідзіць брата свайго, ёсьць чалавеказабойца; і вы ведаеце, што ніводзін чалавеказабойца ня мае жыцьця вечнага, якое ў ім застаецца.
Любоў спазна́лі мы ў тым, што Ён за нас душу́ Сваю пакла́ў; і мы павíнны за брато́ў ду́шы свае кла́сці.
У гэтым пазналі мы любоў, што Ён паклаў за нас душу Сваю; і мы павінны пакладаць душы свае за братоў.
А хто будзе мець дабрабы́т у све́це і будзе ба́чыць, што брат яго ў няста́чы, але закры́е сэрца сваё ад яго, то як жа застане́цца ў ім любоў Божая́
А хто мае маёмасьць у сьвеце, і бачыць брата свайго ў патрэбе, і зачыняе ад яго нутро сваё, дык як любоў Божая застаецца ў ім?
Дзеткі мае́! дава́йце будзем любíць не сло́вам і не языко́м, а спра́ваю і íсцінаю.
Дзеткі мае! Будзем любіць ня словам ці языком, але ўчынкам і праўдаю!
І па гэтым пазнаём, што мы ад íсціны, і супако́ім перад Ім сэ́рцы нашы:
І з гэтага даведаемся, што мы ад праўды, і супакоім перад Ім сэрцы нашыя.
бо калі сэ́рца будзе асуджа́ць нас, Бог бо́льшы за сэ́рца наша і ведае ўсё.
Бо калі сэрца нас дакарае, дык Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё.
Узлю́бленыя! калі сэ́рца наша не асуджа́е нас, то мы ма́ем адва́гу перад Богам,
Улюбёныя! Калі сэрца нашае не дакарае нас, мы маем адвагу перад Богам,
і чаго б ні прасíлі, атрыма́ем ад Яго, бо за́паведзі Яго выко́нваем і ўго́днае Яму ро́бім.
і чаго ні папросім, атрымаем ад Яго, бо захоўваем прыказаньні Ягоныя і тое, што падабаецца [Яму], робім перад Ім.
А за́паведзь Яго такая: каб мы ве́равалі ў імя́ Сына Яго Іісуса Хрыста́ і любíлі адзін аднаго́, як Ён запаве́даў нам.
І гэткае прыказаньне Яго, каб мы верылі ў імя Сына Ягонага Ісуса Хрыста і любілі адзін аднаго, як Ён даў нам прыказаньне.
І хто выко́нвае за́паведзі Яго, той застае́цца ў Ім, і Ён у тым. А што Ён застае́цца ў нас, пазнаём па Ду́ху, Якога Ён даў нам.
І хто захоўвае прыказаньні Ягоныя, той застаецца ў Ім, і Ён у тым. І што Ён застаецца ў нас, даведваемся паводле Духа, Якога Ён нам даў.