1 да Фесаланікійцаў 4 разьдзел
Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Антонія Бокуна
Нарэшце, браты, просім вас і молім Госпадам Іісусам, каб вы, пераня́ўшы ад нас тое як нале́жыць вам жыць і дагаджа́ць Богу, — што вы і робіце, — у гэтым яшчэ больш удаскана́льваліся,
Нарэшце, браты, просім вас і молім праз Госпада Ісуса, каб тое, што вы прынялі ад нас, як мусіце вы хадзіць і падабацца Богу, яшчэ больш у вас памнажалася,
вы ж ведаеце, якія наказы мы далі вам ад Госпада Іісуса.
бо вы ведаеце, якія мы далі вам загады ад Госпада Ісуса.
Бо воля Божая — асвячэ́нне ваша, каб вы ўстрымліваліся ад распусты;
Бо гэта ёсьць воля Божая — сьвятасьць вашая, каб вы высьцерагаліся распусты,
каб ведаў кожны з вас, як захоўваць свой сасуд у святасці і годнасці,
каб кожны з вас умеў захоўваць сваё начыньне ў сьвятасьці і годнасьці,
а не ў запа́ле пажа́длівасці, падобна язы́чнікам, якія не ведаюць Бога;
а ня ў жарсьцях пажадлівасьці, як пагане, што ня ведаюць Бога;
каб вы не парушалі закону і не падма́нвалі ў гэтым брата свайго, бо кара́е Гасподзь за ўсё гэта, як і казалі мы вам раней і сведчылі.
каб не вывышаліся і не ашуквалі ў справах брата свайго, таму што Госпад — мсьціўца за ўсё гэтае, як і раней мы гаварылі вам і сьведчылі.
Таму што паклікаў нас Бог не да нечыстаты́, а да святасці.
Бо паклікаў нас Бог не да нячыстасьці, але да сьвятасьці.
Дык вось, хто не прызнае́ гэтага, той не чалавека не прызнае́, а Бога, Які і даў нам Духа Свайго Святога.
Дык хто гэта адкідае, той адкідае не чалавека, але Бога, Які Духа Свайго Сьвятога нам даў.
Пра браталюбства ж няма патрэбы пісаць вам, таму што вы самі наву́чаны Богам любíць адно аднаго;
Адносна братняй любові няма патрэбы пісаць да вас, бо вы самі навучаны Богам любіць адзін аднаго,
бо вы так і ста́віцеся да усіх братоў ва ўсёй Македоніі. Закліка́ем жа вас, браты, яшчэ больш удаскана́львацца
дый вы гэтак і робіце з усімі братамі па ўсёй Македоніі. Просім жа вас, браты, багацейце [ў гэтым] болей
і намага́цца жыць спакойна, рабіць сваю справу і працаваць сваімі рукамі, як мы наказвалі вам;
і намагайцеся жыць у супакоі, і рабіць сваю справу, і працаваць сваімі ўласнымі рукамі, як мы загадалі вам;
каб вы паводзілі сябе добрапрысто́йна перад зне́шнімі і ні ў чым не мелі нястачы.
каб вы хадзілі прыстойна перад тымі, што звонку, і ні ў чым ня мелі патрэбы.
Не хачу ж, браты, пакінуць вас у няве́данні пра паме́рлых, каб вы не смуткава́лі, як іншыя, якія не маюць надзеі.
Не хачу, каб вы, браты, ня ведалі адносна памёршых, каб вы не сумавалі, як іншыя, што ня маюць надзеі.
Бо калі мы веруем, што Іісус памёр і ўваскрэс, то і памерлых у Іісусе Бог прывядзе з Ім.
Бо калі мы верым, што Ісус памёр і ўваскрос, дык Бог і памёршых у Ісусе прывядзе з Ім.
Бо гэта кажам вам словам Гасподнім, што мы, жывыя, якія засталіся да прышэ́сця Гасподняга, не апярэ́дзім памерлых,
Гэта вось кажам вам словам Госпадавым, што мы, жывыя, якія засталіся да прыйсьця Госпада, не апярэдзім памёршых,
таму што Сам Гасподзь пры за́кліку, пры голасе Архангела і гу́ку трубы́ Божай, сы́дзе з неба, і мёртвыя ў Хрысце ўваскрэснуць першымі;
бо Сам Госпад з абвяшчэньнем, з голасам арханёла і трубой Божай зыйдзе з неба, і мёртвыя ў Хрысьце ўваскрэснуць першымі;
потым мы, хто застане́цца жывы, разам з імі ўзяты будзем на воблакі на сустрэчу Госпада ў паветры, і так заўсёды з Госпадам будзем.
пасьля мы, жывыя, што засталіся, разам з імі падхоплены будзем на аблоках на спатканьне з Госпадам у паветра, і гэтак заўсёды з Госпадам будзем.
Дык вось, суцяша́йце адно аднаго гэтымі словамі.
Дык пацяшайце адзін аднаго гэтымі словамі.