1 да Фесаланікійцаў 4 разьдзел
Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Нарэшце, браты, просім вас і молім Госпадам Іісусам, каб вы, пераня́ўшы ад нас тое як нале́жыць вам жыць і дагаджа́ць Богу, — што вы і робіце, — у гэтым яшчэ больш удаскана́льваліся,
Урэшце, браты, просім вас і заклікаем у Пану Езусе, каб вы, прыняўшы ад нас тое, як трэба вам сябе паводзіць і дагаджаць Богу, а вы так сябе паводзіце, каб больш вы ў гэтым узрасталі.
вы ж ведаеце, якія наказы мы далі вам ад Госпада Іісуса.
Вы ведаеце, якія мы далі вам наказы ад Пана Езуса.
Бо воля Божая — асвячэ́нне ваша, каб вы ўстрымліваліся ад распусты;
Бо воля Божая — гэта вашае асвячэнне, каб вы асцерагаліся распусты,
каб ведаў кожны з вас, як захоўваць свой сасуд у святасці і годнасці,
каб кожны з вас умеў утрымліваць сваё цела ў святасці і пашане,
а не ў запа́ле пажа́длівасці, падобна язы́чнікам, якія не ведаюць Бога;
а не ў пажадлівым захапленні, як язычнікі, што не ведаюць Бога.
каб вы не парушалі закону і не падма́нвалі ў гэтым брата свайго, бо кара́е Гасподзь за ўсё гэта, як і казалі мы вам раней і сведчылі.
Няхай ніхто не крыўдзіць і не выкарыстоўвае свайго брата ў гэтай справе, бо Пан — мсціўца за ўсё гэта, як мы сказалі вам раней і засведчылі.
Таму што паклікаў нас Бог не да нечыстаты́, а да святасці.
Бог паклікаў нас не да нячыстасці, але да святасці.
Дык вось, хто не прызнае́ гэтага, той не чалавека не прызнае́, а Бога, Які і даў нам Духа Свайго Святога.
Таму той, хто пагарджае гэтым, пагарджае не чалавекам, але Богам, які і дае вам свайго Духа Святога.
Пра браталюбства ж няма патрэбы пісаць вам, таму што вы самі наву́чаны Богам любíць адно аднаго;
Няма патрэбы пісаць вам пра братнюю любоў, бо вы самі навучаны Богам любіць адзін аднаго
бо вы так і ста́віцеся да усіх братоў ва ўсёй Македоніі. Закліка́ем жа вас, браты, яшчэ больш удаскана́львацца
і робіце так у дачыненні да ўсіх братоў ва ўсёй Македоніі. Заахвочваем вас, браты: узрастайце ў гэтым яшчэ больш,
і намага́цца жыць спакойна, рабіць сваю справу і працаваць сваімі рукамі, як мы наказвалі вам;
імкніцеся жыць у спакоі, выконвайце свае абавязкі і працуйце ўласнымі рукамі, як мы наказалі вам,
каб вы паводзілі сябе добрапрысто́йна перад зне́шнімі і ні ў чым не мелі нястачы.
каб вы належна паводзілі сябе адносна тых, хто жыве звонку, і каб ні ў чым не мелі патрэбы.
Не хачу ж, браты, пакінуць вас у няве́данні пра паме́рлых, каб вы не смуткава́лі, як іншыя, якія не маюць надзеі.
Мы не хочам, браты, пакідаць вас у няведанні пра памерлых, каб не тужылі вы, як іншыя, хто не мае надзеі.
Бо калі мы веруем, што Іісус памёр і ўваскрэс, то і памерлых у Іісусе Бог прывядзе з Ім.
Калі мы верым, што Езус памёр і ўваскрос, то разам з Ім Бог прывядзе да жыцця і тых, хто памёр у Езусе.
Бо гэта кажам вам словам Гасподнім, што мы, жывыя, якія засталіся да прышэ́сця Гасподняга, не апярэ́дзім памерлых,
Гэта кажам вам у слове Пана, што мы, жывыя, пакінутыя да прыйсця Пана, не апярэдзім тых, якія памерлі.
таму што Сам Гасподзь пры за́кліку, пры голасе Архангела і гу́ку трубы́ Божай, сы́дзе з неба, і мёртвыя ў Хрысце ўваскрэснуць першымі;
Бо сам Пан на заклік і на голас арханёла і трубы Божай сыдзе з неба, і памерлыя ў Хрысце ўваскрэснуць першымі.
потым мы, хто застане́цца жывы, разам з імі ўзяты будзем на воблакі на сустрэчу Госпада ў паветры, і так заўсёды з Госпадам будзем.
Пасля мы, пакінутыя жывымі, будзем падхоплены на аблоках разам з імі насустрач Пану ў паветра, і гэтак назаўсёды будзем з Панам.
Дык вось, суцяша́йце адно аднаго гэтымі словамі.
Таму заахвочвайце адзін аднаго гэтымі словамі.