1 да Карынфянаў 5 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Наогул, ходзяць чуткі пра блуд сярод вас, ды такі блуд, пра які не гавораць нават сярод язычнікаў: што нехта за жонку мае ба́цькаву жонку.
 
Ходзяць чуткі аб распуснасьці ў вас ды аб такой распусьце, якая не спатыкаецца ў паганаў, а менавіта, каб хто жыў з жонкай свайго бацькі.

А вы заганары́ліся, хоць лепш было б вам плакаць, каб вы́кінуты быў з вашага асяроддзя той, хто ўчыніў такое.
 
А вы хваліцеся, замест (заміж) з болем дамагацца, каб выгнаць з свайго асяроддзя таго, хто дапусьціўся такога злачынства.

Я ж, адсутны целам, але прысутны сярод вас духам, ужо вы́рашыў, як бы знахо́дзячыся з вамі, адносна таго, хто гэта ўчыніў,
 
Я хоць не прысутны целам, а толькі духам, я ўжо асудзіў як прысутны таго злачынцу.

каб на сходзе вашым у імя́ Госпада нашага Іісуса Хрыста, дзе і мой дух, сілаю Госпада нашага Іісуса Хрыста
 
Сабраўшыся разам у імя Госпада нашага Езуса, і з духам маім і моцай Госпада нашага Езуса,

аддаць яго сатане на загубу плоці, каб дух яго быў спасёны ў дзень Госпада нашага Іісуса Хрыста.
 
аддайце такога шатану на загубу цела, але на паратунак душы яго ў дзень Госпада Езуса.

Нядобра вам пахваля́цца. Хіба́ вы не ведаеце вы, што мала́я заква́ска ўсё цеста ква́сіць?
 
Дык ня маеце чым хваліцца (хвастацца). Ці ня ведаеце, што крошка закісі ўсё цеста заквасіць?

Дык ачы́сціцеся ад старой заква́скі, каб сталі вы новым цестам, таму што вы бясква́сныя, бо Пасха наша, Хрыстос, быў ахвярава́ны за нас.
 
Ачысьціце старую закваску, каб сталіся новай расчынай (цестам) так як вы прэсныя. Бо вось Пасхай нашай — ахвяраваны — укрыжаваны Хрыстус!

Таму давайце будзем святкава́ць не са старо́ю заква́скаю, не з заква́скаю зла і кава́рства, а з праснака́мі чысцінí і ісціны.
 
Дык сьвяткуйма сьвяты не ў старой заквасцы і не ў кісьлі сапсуцьця і бязчынства, але ў праснакох чыстасьці і праўды.

Я пісаў вам у пасла́нні не мець адносін з блуднікамі,
 
У лісце пісаў я вам, каб вы ня мелі зносін з распусьнікамі.

але не ўвогуле з блуднікамі свету гэтага, або хціўцамі, або рабаўнікамі, або ідалапаклоннікамі, бо тады вам належала б выйсці са свету;
 
Зразумела, не з усімі распусьнікамі гэтага сьвету, скупцамі, рабаўнікамі, з ідалапаклоньнікамі, бо давялося б хіба сыйсці з гэта сьвету.

а пісаў я вам не мець адносін з тым, хто, называ́ючыся бра́там, застане́цца блудніком, або хціўцам, або ідалапаклоннікам, або ліхасловам, або п’яніцам, або рабаўніком; з такім нават не есці разам.
 
Раней вам пісаў, каб вы ня мелі лучнас ці з тым, хто называецца братам, а ў сапраўднасьці ёсьць распусьнікам, хціўцам, ідалахвальцам, а пляткаром або п'яніцай, або рабаўніком з такімі нават разам ня ешце.

Бо нашто мне і знешніх судзíць? Хіба́ не тых, што сярод вас, вы су́дзіце?
 
Як жа мне судзіць тых, што навонкі? Ці ж вы ня судзіце тых, што ў вас (увонкі)?

Знешніх жа су́дзіць Бог. Дык вы́кіньце ліхога з вашага асяроддзя.
 
Тых жа што на вонкі (за намі) асудзіць Бог. Выкінець зло (ліхоцьце) спаміж сябе!