Да Рымлянаў 5 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Дык вось, бу́дучы апраўда́нымі па веры, мы ма́ем мір з Богам праз Госпада нашага Іісуса Хрыста,
 
Дык, апраўданыя вераю, мы жывём у міры з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,

праз Якога вераю і атрыма́лі мы до́ступ да той благада́ці, у якой стаíм і хва́лімся надзе́яй на сла́ву Божую.
 
праз Якога вераю маем доступ да той ласкі, у якой трываем, ды пахваляемся надзеяй славы Божай.

І не толькі гэтым, але хва́лімся і бе́дамі, ве́даючы, што бяда́ спараджа́е цярплíвасць,
 
Ды не толькі гэтым, але пахваляемся таксама прыгнётам, ведаючы, што прыгнёт спараджае цярплівасць,

а цярплíвасць — во́пытнасць, а во́пытнасць — надзе́ю,
 
а цярплівасць — досвед, а досвед — надзею.

надзе́я ж не саро́міць, таму што любоў Божая вы́лілася ў сэ́рцы на́шы Ду́хам Святы́м, да́дзеным нам.
 
А надзея не ганьбіць, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, Які нам дадзены.

Бо Хрыстос, калі мы былí яшчэ нямо́глымі, у вы́значаны час памёр за грэ́шнікаў.
 
Бо і Хрыстос памёр за бязбожнікаў у вызначаны час, калі мы былі яшчэ нямоглымі.

Нават за пра́ведніка наўра́д ці хто памрэ́; хоць за дабрадзе́я, магчы́ма, хто і адва́жыцца паме́рці.
 
Бо і за справядлівага наўрад ці хто памрэ; хіба за дабрадзея можа быць хто і памірае.

А Бог Сваю любоў да нас праяўля́е ў тым, што Хрыстос памёр за нас, калі мы былí яшчэ грэ́шнікамі.
 
Бог жа паказвае Сваю любоў да нас тым, што, калі мы былі яшчэ грэшнікамі, Хрыстос памёр за нас.

Дык тым больш цяпер, апраўда́ныя Крывёю Яго, мы ўратава́ны будзем праз Яго ад гневу.
 
Дык тым больш цяпер, апраўданыя крывёй Яго, будзем збаўлены праз Яго ад гневу.

Бо калі, бу́дучы ворагамі, мы прыміры́ліся з Богам праз смерць Сына Яго, то тым больш, прыміры́ўшыся, спасёмся жыццём Яго;
 
Бо калі мы, будучы ворагамі, пагадзіліся з Богам праз смерць Сына Яго, дык тым больш, ужо пагадзіўшыся, атрымаем збаўленне ў жыцці Яго.

больш таго, мы яшчэ і хвалімся Богам праз Госпада нашага Іісуса Хрыста, праз Якога мы цяпер атрыма́лі прымірэ́нне.
 
І не толькі гэта, але пахваляемся Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз Якога мы атрымалі цяпер прымірэнне.

Таму як праз аднаго́ чалавека грэх увайшо́ў у свет, а праз грэх — смерць, так і смерць перайшла́ на ўсіх людзе́й, паколькі ўсе саграшылі.
 
З гэтай прычыны, як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у свет, і праз грэх — смерць, гэтак і смерць перайшла на ўсіх людзей, бо ўсе людзі саграшылі.

Бо і да закону грэх быў у све́це; але грэх не залíчваецца, калі няма закону.
 
Бо і да закону быў грэх на свеце, але грэх не залічаецца, калі закон адсутнічае.

Аднак жа смерць панава́ла ад Адама да Маісея і над тымі, што не саграшы́лі падобна правíннасці Адама, які з’яўля́ецца право́бразам Таго, Хто меў прыйсцí.
 
Аднак ад Адама да Майсея смерць панавала нават над тымі, што не саграшылі на падабенства граху Адама, які ёсць узор будучыні.

Але з да́рам благада́ці не так, як з саграшэннем. Бо калі праз саграшэнне аднаго многія памерлі, то тым больш благада́ць Божая і дар па благада́ці аднаго Чалавека, Іісуса Хрыста, для многіх былі шчо́дра я́ўлены.
 
Але не так з дарам ласкі, як са злачынствам. Бо калі злачынства аднаго выклікала смерць многіх, то намнога большая ласка Божая і дар ласкі ад аднаго чалавека, Ісуса Хрыста, на многіх распаўсюдзіўся.

І з да́рам не так, як з правíнаю аднаго грэшніка; бо суд за адно саграшэ́нне — да асуджэ́ння, а дар благада́ці — да апраўда́ння ад многіх саграшэ́нняў.
 
І дар не такі, як [праз] аднаго, што саграшыў, бо прысуд за аднаго — на пакаранне, а ласка — на апраўданне за многія злачынствы.

Бо калі саграшэ́ннем аднаго смерць запанава́ла праз яго аднаго, то тым больш тыя, што прыма́юць мноства благада́ці і дар пра́веднасці, будуць панава́ць у жыццí праз аднаго́ Іісуса Хрыста.
 
І калі за злачынства аднаго смерць запанавала праз аднаго, то непараўнальна больш тыя, што атрымоўваюць шчодрасць ласкі і дару справядлівасці, панаваць будуць у жыцці праз аднаго, Ісуса Хрыста.

Таму, як праз саграшэ́нне аднаго́ — ўсім лю́дзям асуджэ́нне, так і праз пра́веднасць аднаго́ — ўсім лю́дзям апраўда́нне жыцця́.
 
Дык як праз злачынства аднаго пакаранне на ўсіх людзей, так праз справядлівасць аднаго — апраўданне жыцця на ўсіх людзей.

Бо як праз непаслушэ́нства аднаго́ чалавека многія сталі грэ́шнымі, так і праз паслушэ́нства аднаго стануць пра́веднымі многія.
 
І як праз непаслухмянасць аднаго чалавека сталіся грэшнікамі многія, так праз паслухмянасць аднаго многія стануцца справядлівымі.

Закон жа прыйшоў потым, і такім чы́нам памно́жылася саграшэ́нне. А калі памножыўся грэх, была шчо́дра я́ўлена благада́ць,
 
Закон жа прыйшоў пасля, каб злачынствы памнажаліся; а дзе памножыўся грэх, там празмерна памножылася ласка,

каб як грэх панава́ў на смерць, так і благада́ць запанава́ла праз пра́веднасць дзе́ля жыцця́ ве́чнага, праз Іісуса Хрыста, Госпада нашага.
 
каб як грэх запанаваў на смерць, так і ласка праз справядлівасць запанавала на жыццё вечнае праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага.