Да Рымлянаў 7 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Хіба́ вы не ведаеце, браты, — бо я кажу тым, хто ведае закон, — што закон ма́е ўладу над чалавекам, пакуль ён жывы́?
 
Ці ж вы не ведаеце, браты, — бо гавару тым, хто ведае закон, — што, дакуль жыве чалавек, закон пануе над чалавекам.

Замужняя жанчына да жывога мужа прывя́зана законам; калі ж памрэ муж, яна вызваля́ецца ад закону заму́жжа.
 
Падобна і замужняя жанчына звязана законам з жывым мужам; а калі муж памрэ, яна вызвалена ад мужа па закону.

Таму пры жывым мужу яна будзе называцца пралюбадзейкаю, калі выйдзе замуж за другога; калі ж памрэ муж, яна свабодная ад закону і не будзе пралюбадзейкаю, выйшаўшы замуж за другога.
 
Таму яна будзе называцца чужаложніцай, калі пры жывым мужу выйдзе замуж за другога; калі ж памрэ муж, яна вольная ад закону і не будзе чужаложніцай, калі выйдзе замуж за другога.

Так і вы, браты мае́, памерлі для закону Целам Хрыстовым, каб нале́жаць другому, Уваскрэсламу з мёртвых, каб мы прыносілі плод Богу.
 
Так і вы, браты мае, памерлі для закону праз Цела Хрыстова, каб належаць другому, Таму, Які ўваскрос з мёртвых, каб прыносіць плод Богу.

Бо калі мы жылí паводле плоці, тады стра́сці грахоўныя, якія выяўля́е закон, дзейнічалі ў членах нашых, каб плод прыно́сіць смерці;
 
Пакуль мы жылі ў целе, у членах нашых праз закон дзейнічалі грахоўныя жарсці, каб мы прыносілі плод смерці.

але цяпер, памёршы для закону, якім былí звя́заны, мы вы́зваліліся ад яго, каб нам служы́ць Богу ў новым духу, а не паводле старой літары.
 
Цяпер жа мы вызвалены ад закону, у якім утрымліваліся, памерлі для яго, каб служыць Богу ў абнаўленні Духа, а не па старой літары.

Дык што скажам? што закон — грэх? Ні ў якім разе; але я пазнаў грэх не інакш, як праз закон, бо я не разумеў бы і пажа́днасці, калі б закон не казаў: «не пажада́й».
 
Дык што скажам? Няўжо ад закону грэх? Ніякім чынам! Але я спазнаў грэх не інакш, як праз закон, бо я не разумеў бы пажадлівасці, калі б закон не казаў: «Не пажадай».

Але грэх, знайшоўшы падставу ў запаведзі, вы́клікаў ува мне ўсякую пажа́днасць; бо без закону грэх мёртвы.
 
Але грэх, які ўзяўся з нагоды прыказання, выклікаў у мяне ўсякія пажаданні, бо каб не было закону, — грэх быў бы мёртвы.

Я жыў не́калі без закону; але калі прыйшла запаведзь, то грэх ажыў,
 
Калісьці я жыў без закону, але, калі прыйшло прыказанне, ажыў і грэх,

а я памёр; такім чынам, запаведзь, да́дзеная для жыцця, прывяла мяне да смерці,
 
а я памёр; і я знайшоў, што прыказанне, якое было на жыццё, прывяло мяне на смерць.

бо грэх, знайшоўшы падставу ў запаведзі, увёў мяне ў зман і праз яе ўмярцвіў.
 
Бо грэх, што ўзяўся з нагоды прыказання, звёў мяне і праз яго забіў.

Так што закон святы́ і запаведзь святая, і праведная, і добрая.
 
Вось жа закон сам па сабе святы, і прыказанне святое, і справядлівае, і добрае.

Дык няўжо добрае стала для мяне смерцю? Ні ў якім разе; але стаў ёю грэх, каб быць вы́яўленым як грэх, які праз добрае нясе мне смерць, каб грэх стаў непамерна грэшным праз запаведзь.
 
Дык што, добрае сталася для мяне смерцю? Ніякім чынам! Але грэх праз добрае спарадзіў мне смерць, і, такім чынам, грэх выявіўся; каб стаўся грэх празмерна грэшным праз прыказанне.

Мы ж ведаем, што закон — духоўны, а я — цялесны, перада́дзены граху.
 
Ведаем бо, што закон духоўны, а я — цялесны, падлеглы граху.

Бо не разумею, што раблю: паколькі не тое раблю, што хачу, а што ненавіджу, тое раблю.
 
Я нават не разумею, што раблю, бо не раблю таго, чаго хачу, але тое, што ненавіджу, раблю.

Калі ж я раблю тое, чаго не хачу, то пагаджа́юся з законам, што ён добры,
 
А калі раблю тое, чаго не хачу, тады прызнаю, што закон — добры.

і таму ўжо не я раблю гэта, а грэх, які жыве ўва мне.
 
Тады ўжо не я раблю гэта, але грэх, што жыве ўва мне.

Бо я ведаю, што не жыве ўва мне, гэта значыць у плоці маёй, добрае; таму што жаданне дабра ёсць ува мне, але каб зрабіць дабро — таго няма.
 
Я бо ведаю, што ўва мне, значыць у целе маім, не жыве добрае: бо жаданне дабра ёсць ува мне, але каб зрабіць дабро, — не.

Дабра, якога хачу, я не раблю, а зло, якога не хачу, раблю.
 
Бо не раблю дабра, якога хачу, але раблю тое зло, якога не хачу.

Калі ж раблю тое, чаго не хачу, то ўжо не я раблю гэта, а грэх, які жыве ўва мне.
 
А калі раблю тое, чаго не хачу, значыць, не я ўжо гэта раблю, але грэх, што ўва мне жыве.

Дык вось, я знаходжу закон: калі хачу рабіць добрае, то ўва мне прысутнічае злое.
 
Дык вось знаходжу ў сабе закон, што, калі хачу рабіць дабро, то побач са мною зло.

Бо паводле ўнутранага чалавека я ма́ю асалоду ў законе Божым;
 
Бо паводле ўнутранага чалавека захапляюся законам Божым,

але ў членах маіх бачу іншы закон, які змагаецца су́праць закону розуму майго і бярэ мяне ў палон закону грахоўнага, які знаходзіцца ў членах маіх.
 
але ў членах маіх бачу іншы закон, які працівіцца закону майго розуму ды няволіць мяне законам граху, які ёсць у членах маіх.

Няшчасны я чалавек! хто збавіць мяне ад гэтага цела смерці?
 
Нешчаслівы я чалавек! Хто вызваліць мяне ад гэтага смяротнага цела?

Дзякую Богу праз Іісуса Хрыста, Госпада нашага. Дык вось, сам я розумам служу закону Божаму, а плоццю — закону грахоўнаму.
 
Дзякуй Богу праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага! Вось я розумам служу закону Божаму, хоць целам — закону граху.