Да Рымлянаў 9 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Ісціну кажу ў Хрысце, не лгу, све́дчыць мне сумле́нне маё ў Духу Святым,
 
Праўду кажу ў Хрысце, не маню, сведчыць аб гэтым маё сумленне ў Духу Святым,

што вялікі сму́так у мяне і няспы́нны боль у сэ́рцы маім:
 
што вялікі смутак у мяне і няспынны боль у сэрцы маім.

бо я хацеў бы сам быць адлу́чаным ад Хрыста́ дзе́ля братоў маіх, ро́дных мне па плоці;
 
Я  хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста за братоў маіх, родных мне паводле цела,

яны Ізраільця́не, ім нале́жаць усынаўле́нне, і слава, і запаве́ты, і законаўстанаўле́нне, і богаслужэ́нне, і абяца́нні;
 
якія ёсць Ізраэльцы, маючыя ўсынаўленне, і славу, і запавет, і ўклад законаў, і служэнне Богу, і абяцанні,

іхнія і айцы, з іх і Хрыстос па плоці, Ён — над усімі Бог, благаславёны на векі, амінь.
 
з іх і бацькі, з іх і Хрыстос паводле цела: Ён — Бог па-над усім, бласлаўлёны навечна. Амін.

Гэта не значыць, што слова Божае не здзе́йснілася. Бо не ўсе, хто пахо́дзіць ад Ізраіля, — Ізраільця́не,
 
Гэта не значыць, што слова Божае не здзейснілася. Бо не ўсе, што з Ізраэля, — Ізраэльцы.

і не ўсе, хто з пато́мства Аўраама, — дзеці яго; але ска́зана: «У Ісааку будзе назва́на тваё пато́мства».
 
Ды не ўсе нашчадкі Абрагама яго сыны, але: «Ад Ізаака будуць называцца твае нашчадкі».

Гэта значыць, што не дзеці па плоці з’яўляюцца дзе́цьмі Божымі, а дзеці абяца́ння лíчацца пато́мствам.
 
Гэта значыць, што не сыны паводле цела ёсць сынамі Божымі, але сыны абяцання лічацца нашчадкамі;

А сло́ва абяца́ння такое: «у гэты самы час Я прыду́, і будзе ў Са́рры сын».
 
слова ж абяцання такое: «Прыйду ў той самы час, і ў Сары будзе сын».

І не толькі гэта, а падобнае было́ і з Рэвекаю, якая зачала́ адначасова двух сыноў ад Ісаака, айца нашага,
 
Ды не толькі, але і Рэбэка пачала за адзін раз ад бацькі нашага Ізаака.

бо калі яны яшчэ не нарадзíліся і не зрабілі нічога добрага ці дрэ́ннага, — каб прадустанаўле́нне Божае ў абра́нні зале́жала
 
Калі яны былі яшчэ не народжаны ды нічога не ўчынілі: ані дабра, ані зла, — каб заставаўся Божы намер адносна выбрання, —

не ад спраў, а ад Таго, Хто паклíкаў, — ска́зана было́ ёй: «бо́льшы будзе служы́ць меншаму»,
 
сказана было ёй не дзеля ўчынкаў іх, але дзеля Таго, Хто заклікае: «Старэйшы будзе служыць малодшаму»,

як і напíсана: «Іакава Я ўзлюбíў, а Ісава ўзненавідзеў».
 
як напісана: «Якуба Я палюбіў, а Эзава ўзненавідзеў».

Дык што скажам? Няўжо няпраўда ў Бога? — Ні ў якім разе.
 
Што скажам на гэта? Няўжо Бог несправядлівы? Ніякім чынам!

Бо Ён кажа Маісею: «каго памíлаваць — памíлую; каго пашкадава́ць — пашкаду́ю».
 
Бо Ён кажа Майсею: «Я пашкадую таго, каго шкадую, ды буду літасцівы да таго, да каго літасцівы».

Дык вось, гэта зале́жыць не ад таго, хто хоча ці імкнецца, але ад Бога, Які мíлуе.
 
Гэта залежыць ані ад таго, хто хоча, ані ад таго, хто намагаецца, але ад Бога міласэрнага.

Бо ў Пісанні Бог кажа фараону: «дзе́ля таго Я і ўзвы́сіў цябе, каб паказа́ць на табе сілу Маю́ і каб прапаве́дана было́ імя́ Маё па ўсёй зямлі».
 
Бо ў Пісанні кажа фараону: «Дзеля таго Я паставіў цябе, каб паказаць на табе магутнасць Сваю, ды каб абвяшчалася імя Маё па ўсёй зямлі».

Дык вось, Ён каго хоча — мíлуе, а каго хоча — робіць жорсткім.
 
Дык, каго хоча, літуе і, каго хоча, закамяняе.

Ты скажаш мне: «за што ж яшчэ і дакара́е? бо хто супрацьста́не волі Яго?»
 
А ты скажаш мне: «Чаму тады дакарае? Хто бо зможа супрацівіцца волі Яго?»

А ты, чалавек, хто такі, што спрача́ешся з Богам? Хіба́ гліняны вы́раб скажа таму, хто зляпіў яго: «чаму ты мяне зрабіў такім?»
 
Чалавеча! Хто ты такі, каб мог адказваць Богу? Няўжо посуд гліняны будзе казаць таму, хто яго зляпіў: «Чаму ты мяне такім зляпіў?»

Хіба́ ж ганчар не ма́е ўлады над глінаю, каб з таго самага ме́сіва зрабіць адну пасудзіну для пачэ́снага ўжы́тку, а другую для непачэ́снага?
 
Ці ж ганчар над глінай не мае ўлады, каб з таго самага месіва зрабіць адну пасудзіну для пачэснага [ужытку], а другую — для простага?

Што ж, калі Бог, жада́ючы паказаць гнеў і явíць магутнасць Сваю, трываў з вялікай доўгацярплівасцю сасу́ды гневу, прызна́чаныя на пагібель,
 
Што ж, калі Бог, хочучы паказаць гнеў Свой або выявіць магутнасць Сваю, з вялікім цярпеннем ашчаджаў пасудзіны гневу, прызначаныя на загубу,

каб явíць багацце славы Сваёй над сасу́дамі міласэ́рнасці, якія Ён за́гадзя прыгатава́ў да славы, —
 
ды, каб выявіць багацце славы Сваёй над пасудзінамі міласэрнасці, якія наперад прыгатаваў на славу,

над намі, якіх Ён паклíкаў не толькі з Іудзеяў, але і з язы́чнікаў?
 
паклікаў нас не толькі з Юдэяў, але таксама з паганаў?

як і ў кнізе Асíі Ён кажа: «не Мой народ назаву Маім народам, і не ўзлю́бленую — узлю́бленай;
 
Як кажа таксама праз Озію: «Не Мой народ назаву Маім народам, а Нялюбую — Любай».

і на тым месцы, дзе было́ ска́зана ім: «вы не Мой народ», — там яны будуць назва́ны сына́мі Бога жывога».
 
І будзе: на месцы, дзе ім было сказана: «Вы — не Мой народ», там назавуцца сынамі Бога жывога.

А Ісаія абвяшча́е пра Ізра́іль: «хоць і будзе колькасць сыноў Ізра́іля, як пясок марскі, толькі аста́так спасе́цца;
 
А Ісая ўсклікае пра Ізраэля: «Хоць бы колькасць сыноў Ізраэля была як пясок марскі, толькі рэштка будзе збаўлена.

бо слова Сваё заве́ршыць і хутка здзе́йсніць у пра́веднасці, слова Сваё рашуча здзе́йсніць Гасподзь на зямлі».
 
Бо Госпад здзейсніць на зямлі Сваё слова рашуча ды без адкладу».

І як прадказа́ў Ісаія: «калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам се́мені, то мы б сталі як Садом і былі б падобныя да Гаморы».
 
І як таксама прадказаў Ісая: «Калі б Госпад Сабаот не пакінуў нам нашчадкаў, сталі б мы як Садом ды былі б падобнымі да Гаморы».

Дык што скажам? Язычнікі, якія не імкну́ліся да пра́веднасці, атрыма́лі пра́веднасць — пра́веднасць праз веру;
 
Дык што можам сказаць? Што пагане, якія не імкнуліся да справядлівасці, атрымалі справядлівасць, але справядлівасць, якая ёсць з веры.

а Ізра́іль, які імкну́ўся да закону пра́веднасці, не дасягну́ў закону пра́веднасці.
 
А Ізраэль, імкнучыся да закону справядлівасці, да закону не дайшоў.

Чаму́ Таму што яны шука́лі не ў веры, а ў справах закону; бо яны спатыкнуліся аб ка́мень спатыкне́ння,
 
Чаму? Бо [імкнуўся] не з веры, але з учынкаў. Яны спатыкнуліся аб камень спатыкнення,

як напíсана: «вось, кладу ў Сіёне ка́мень спатыкне́ння і скалу́ спаку́сы; і кожны, хто веруе ў Яго, пасаро́млены не будзе».
 
як напісана: «Вось жа кладу на Сіёне камень спатыкнення і камень згаршэння. Хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».