Яна 2 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2017
А на трэці дзень было́ вясе́лле ў Ка́не Галіле́йскай, і Маці Іісусава была́ там.
І на трэці дзень спраўлялася вяселле ў Кане Галілейскай, і была там Маці Ісуса.
Запро́шаны таксама быў Іісус і вучні Яго на вясе́лле.
Таксама Ісус разам з вучнямі Яго быў пакліканы на вяселле.
І калі не хапíла віна, Маці Іісусава кажа Яму: віна не маюць.
А калі не хапіла віна, Маці Ісуса кажа Яму: «Віна не маюць».
Кажа Ёй Іісус: што́ Мне і Табе, Жанчына? яшчэ не прыйшоў час Мой.
І кажа Ёй Ісус: «Што Мне і Табе, жанчына? Яшчэ не прыйшла Мая гадзіна».
Кажа Яго Маці слу́гам: што́ скажа Ён вам, зрабíце.
Кажа тады Маці Яго паслугачам: «Зрабіце, што вам загадае».
Было ж там шэсць каме́нных пасу́дзін для вады, якія стаялі дзе́ля ачышчэ́ння Іудзейскага і змяшча́лі па дзве ці па тры ме́ры.
А было там шэсць каменных глякоў, што стаялі дзеля абмывання юдэяў, і кожны з іх змяшчаў па два або па тры меры.
Кажа ім Іісус: напоўніце пасу́дзіны вадою. І напоўнілі іх да ве́рху.
Кажа ім Ісус: «Напоўніце глякі вадой». І напоўнілі іх аж да краёў.
І кажа ім: цяпер чэ́рпайце і нясіце да распара́дчыка засто́лля. І яны пане́слі.
І кажа ім: «Чэрпайце цяпер і занясіце маршалку». І занеслі.
Калі ж распара́дчык пакаштава́ў вады, што зрабíлася віном, — а ён не ведаў, адкуль яно, ведалі толькі слугі, якія налівалі ваду, — кліча жаніха распара́дчык засто́лля
А калі маршалак пакаштаваў ваду, якая замянілася ў віно, — а не ведаў, адкуль узялося віно, паслугачы ж, што чэрпалі ваду, ведалі, — пазваў маршалак маладога
і кажа яму: кожны чалавек спача́тку добрае віно падае́, а калі нап’юцца, тады горшае; ты ж добрае віно захаваў дагэтуль.
і кажа яму: «Кожны чалавек дае найперш добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае: ты ж захаваў добрае віно аж дасюль».
Так паклаў Іісус пачатак цу́дам у Ка́не Галілейскай і явíў славу Сваю, і ўве́равалі ў Яго вучні Яго.
Такі вось пачатак знакаў учыніў Ісус у Кане Галілейскай і аб’явіў славу Сваю, і паверылі ў Яго вучні Яго.
Пасля гэтага прыйшоў Ён у Капернау́м, Сам і Маці Яго, і браты́ Яго, і вучні Яго, і там застава́ліся некалькі дзён.
Пасля таго пайшоў Сам, і Маці, і браты, і вучні Яго ў Кафарнаўм, і там заставаліся некалькі дзён.
І набліжа́лася Пасха Іудзейская, і прыйшоў Іісус у Іерусалім
І блізка была Пасха юдэйская, дык Ісус узышоў у Ерузалім.
і знайшоў, што ў храме прадавалі валоў, і авечак, і галубоў, і сядзелі мяня́лы грошай;
І знайшоў у святыні тых, што прадавалі валоў, авец і галубоў, і мянялаў грошай, што сядзелі.
і, зрабіўшы біч з вяровак, усіх вы́гнаў з храма, і авечак, і валоў, і парассыпа́ў грошы мяня́лаў і сталы́ перавярнуў;
І, зрабіўшы з вяровак біч, павыганяў усіх са святыні, таксама авечак і валоў, і грошы мянялаў рассыпаў і сталы перакуліў;
і прадаўцам галубоў сказаў: забяры́це гэта адсюль, не рабіце дом Айца Майго домам га́ндлю.
і тым, што прадавалі галубоў, сказаў: «Выносьце гэта адсюль! Не рабіце дома Айца Майго домам гандлю».
І ўспомнілі вучні Яго, што напíсана: «клопат пра дом Твой паглына́е Мяне».
І прыпомнілі вучні Яго, што напісана: «Руплівасць пра дом Твой з’ядае Мяне».
На гэта Іудзеі сказалі Яму: якім знаме́ннем Ты пакажаш нам, што маеш права гэта рабіць?
Тады юдэі, адказваючы, сказалі Яму: «Які знак пакажаш нам, што гэта робіш?»
У адказ Іісус сказаў ім: разбуры́це храм гэты, і Я за тры дні ўзвяду́ яго.
Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Зруйнуйце гэтую святыню, і Я ў тры дні адбудую яе».
І сказалі Іудзеі: сорак шэсць гадоў будаваўся храм гэты, а Ты за тры дні ўзвядзе́ш яго?
Дык сказалі тады юдэі: «Сорак шэсць гадоў будавалі гэтую святыню, а Ты ў тры дні адбудуеш яе?»
Ён жа гаварыў пра храм цела Свайго.
Але Ён гаварыў пра святыню цела Свайго.
Калі ж Ён уваскрэ́с з мёртвых, успомнілі вучні Яго, што Ён гэта казаў, і паве́рылі Пісанню і слову, якое сказаў Іісус.
Дык калі ўваскрос з мёртвых, вучні Яго прыпомнілі, што ім пра гэта казаў, і ўверылі Пісанню і словам, якія сказаў Ісус.
А калі Ён быў у Іерусаліме на свята Пасхі, многія ўверавалі ў імя́ Яго, бачачы цуды, якія Ён твары́ў.
А калі быў Ён у Ерузаліме ў дзень святочны на Пасху, многія паверылі ў імя Яго, бачачы знакі, якія Ён чыніў.
Але Сам Іісус не давяра́ўся ім, таму што Сам ведаў усіх,
Але Сам Ісус не давяраўся ім, таму што ведаў усіх,
і не меў патрэ́бы, каб хто све́дчыў пра чалавека, бо Сам ведаў, што́ было́ ў чалавеку.
і не меў патрэбы, каб хто сведчыў аб чалавеку: бо Ён ведаў, што ёсць у чалавеку.