1 да Карынфянаў 16 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Л. Гарошка
А што датычыць збору ахвяраванняў для святых, рабіце так, як устанавіў я ў Цэрквах Галатыйскіх:
у першы дзень тыдня кожны з вас няхай адкладае і зберагае столькі, колькі дазволіць яго дастатак, каб не збіраць ахвяраванняў тады, калі я прыйду.
Калі ж прыбуду, то тых, каго вы палíчыце годнымі, я з пісьмамі адпраўлю, каб занесці ваш дар у Іерусалім.
А калі варта будзе і мне пайсці, то яны пойдуць са мною.
Я прыйду да вас, калі прайду Македонію; бо я іду праз Македонію.
У вас жа, магчыма, затрымаюся, а то і перазімую, каб вы правялі мяне туды, куды я пайду.
Бо я не хачу з вамі цяпер бачыцца мімаходзь, а спадзяюся застацца ў вас на нейкі час, калі Гасподзь дазволіць.
У Эфесе ж я застану́ся да Пяцідзесятніцы;
бо перада мною адчынены вялікія дзверы для дзейнасці, ды праціўнікаў многа.
Калі ж прыйдзе Цімафей, глядзіце, каб у бяспецы быў ён у вас, таму што ён робіць справу Гасподнюю, як і я;
дык няхай ніхто не пагарджае ім, а правядзіце яго з мірам, каб ён прыйшоў да мяне, бо я чакаю яго з братамі.
А што датычыць брата Апалоса, то я вельмі прасіў яго, каб ён з братамі пайшоў да вас; але ён ніяк не жадаў ісці цяпер, а прыйдзе, калі будзе мець нагоду.
Трывайце, стойце ў веры, будзьце мужнымі, мацуйцеся;
усё ў вас няхай будзе з любоўю.
Прашу вас, браты, — вы ведаеце сямейства Сцяфана, што яно стала пе́ршынцам Ахаіі і яны прысвяцілі сябе служэнню святым, —
каб і вы падпарадкоўваліся такім, і кожнаму, хто дапамагае і працуе.
Я рады прыбыццю́ Сцяфана, Фартуната і Ахаіка: таму што яны замянілі для мяне вашу адсутнасць,
бо яны супакоілі мой і ваш дух. Дык шануйце такіх.
Вітаюць вас Цэрквы Асійскія; вітаюць вас у Госпадзе шчыра Акіла і Прыскіла з іх дамашняю Царквою.
Вітаюць вас усе браты. Вітайце адзін аднаго святым пацалункам.
Вітанне рукою маёю, Паўлаваю.
Хто не лю́біць Госпада Іісуса Хрыста, ана́фема, мара́н-афа́.
Благадаць Госпада Іісуса Хрыста з усімі вамі,
і любоў мая́ з усімі вамі ў Хрысце Іісусе. Амінь.