Мацьвея 4 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Сабілы і Малахава
Тады Іісус быў узве́дзены Духам у пусты́ню, на спакушэ́нне ад дыявала.
Тады Ісус быў заведзены Духам у пустэльню дзеля спакушэньня ад д’ябла.
І, пасцíўшы сорак дзён і сорак начэй, урэ́шце адчуў голад.
І, прапасьціўшы сорак дзён і сорак ночаў, нарэшце згаладаўся.
І прыступíў да Яго спаку́снік і сказаў: калі Ты Сын Божы, скажы, каб камянí гэтыя сталі хляба́мі.
І, падступіўшыся да Яго, спакусьнік сказаў: калі Ты Сын Бога, скажы, каб каменьні гэтыя зрабіліся хле́бамі.
А Ён сказаў яму ў адказ: напíсана: «не хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім сло́вам, якое зыхо́дзіць з ву́снаў Божых».
Ён жа, адказаўшы, сказаў: напісана: ня хлебам адным жыць будзе чалавек, але ўсякім словам, выходзячым з Вуснаў Бога.
Тады бярэ Яго дыявал у святы горад і ставіць Яго на крыле́ храма,
Потым бярэ Яго д’ябал у сьвятое места і стаўляе Яго на крыле Сьвятыні,
і кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз; бо напíсана: «Ангелам Сваім Ён нака́жа пра Цябе, і на руках панясу́ць Цябе, каб не спатыкну́ўся Ты аб ка́мень нагою Тваёю».
і кажа Яму: калі Ты Сын Бога, кінься ўніз, бо напісана: «Ангелам Сваім накажа пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб (Ты) ня выцяўся аб камень Нагою Тваёю».
Казаў яму Іісус: напíсана яшчэ: «не спакуша́й Госпада Бога твайго».
Ісус сказаў яму: зноў жа напісана: ня спакушай Госпада Бога твайго.
Зноў бярэ Яго дыявал на вельмі высокую гару́ і паказвае Яму ўсе царствы свету і славу іх,
Ізноў бярэ Яго д’ябал на вельмі высокую гару і паказвае Яму ўсе валадарствы сьвету і славу іхнюю.
і кажа Яму: усё гэта Табе дам, калі, па́ўшы, пакло́нішся мне.
І кажа Яму: усё гэтае дам Табе, калі ўпаўшы паклонішся мне.
Тады кажа яму Іісус: адыдзí ад Мяне, сатана; бо напíсана: «Госпаду Богу твайму пакланя́йся, і Яму аднаму служы́».
Тады кажа яму Ісус: адыйдзі шатан, бо напісана: Госпаду, Богу твайму пакланяйся і Яму аднаму служы.
Тады пакіда́е Яго дыявал, — і вось, Ангелы прыступíлі і служылі Яму.
Тады пакідае Яго д’ябал, — і вось, Ангелы прыступіліся і служылі Яму,
Іісус, пачуўшы, што Іаан адда́дзены пад ва́рту, адышоў у Галіле́ю.
Дачуўшыся ж, што Яан у вязьніцы, Ісус адыйшоў у Галілею.
І, пакíнуўшы Назарэ́т, Ён прыйшоў і пасялíўся ў Капернау́ме прыморскім, у ме́жах Завуло́навых і Нефалíмавых,
І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоўшы асеў у Капэрнавуме прыморскім у межах Забулона і Нехталіма,
каб збыло́ся ска́занае праз прарока Іса́ію, які кажа:
каб збылося ска́занае праз Прарока Гісаю, які кажа:
«зямля Завуло́нава і зямля Нефалíмава, на дарозе прыморскай, за Іарданам, Галіле́я язычніцкая,
зямля Забулонава і зямля Нехталімава — дарога прыморская на тым баку Ярдану, Галілея паганская.
народ, што сядзíць у це́мры, убачыў святло вялікае, і ўсім, хто сядзíць у краіне і це́ні смерці, заззя́ла святло».
Народ, які сядзіць у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і тым, хто сядзіць у краіне і ценю сьмерці, сьвятло зазьзяла ім.
З таго часу Іісус пачаў прапаведаваць і казаць: пака́йцеся, бо наблíзілася Царства Нябеснае.
З таго часу Ісус пачаў абвяшчаць і казаць: пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябёсаў.
А прахо́дзячы каля мора Галілейскага, убачыў Ён двух братоў: Сíмана, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата яго, якія закідвалі мярэ́жы ў мора; бо яны былí рыбакамі.
Праходзячы ж каля мора Галілейскага Ісус убачыў двух братоў, Сымона, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідваюць сеткі ў мора, бо яны былі рыбакі.
І кажа ім: ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўца́мі людзей.
І кажа ім: ідзіце за Мною, і (Я) зраблю вас лаўцамі чалавекаў.
І яны адразу, пакíнуўшы мярэ́жы, пайшлі за Ім.
І яны адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі за Ім.
Адтуль прайшоўшы дале́й, убачыў Ён іншых двух братоў, Іакава Зевядзе́евага і Іаана, брата яго, у лодцы з Зевядзе́ем, ба́цькам іх, якія ла́дзілі мярэ́жы свае, і паклíкаў іх.
І адтуль прайшоўшы дале́й, убачыў (Ён) іншых двух братоў, Якуба Завядзеявага і Яана, брата ягонага, у чаўне з Завядзеям, бацькам іхным, праўлючых сеткі свае, і паклікаў іх.
І яны адразу, пакíнуўшы лодку і бацьку свайго, пайшлі за Ім.
І яны адразу, пакінуўшы човен і бацьку свайго, пайшлі за Ім.
І хадзіў Іісус па ўсёй Галіле́і, навуча́ючы ў сінагогах іхніх і прапаве́дуючы Дабраве́сце Царства, і ацаля́ючы ўсякую хваробу і ўсякую не́мач у народзе.
І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхных і абвяшчаючы Эвангельле Валадарства (Бога) ды аздараўляючы ад усякай хваробы і ўсякай немачы людзей.
І прайшоў пра Яго по́галас па ўсёй Сíрыі; і прыводзілі да Яго ўсіх нямо́глых, рознымі хваробамі і пакутамі ахо́пленых, і апанава́ных дэманамі, і лунатыкаў, і спаралізава́ных, і Ён ацаля́ў іх.
І прайшла пра Яго чутка па ўсёй Сірыі, і прывялі да Яго ўсіх нямоглых, ахопленых рознымі хваробамі і пакутамі, і апанаваных дэманамі, і люнатыкаў, і спаралізаваных, і (Ён) аздаравіў іх.
І за Ім ішло мноства люду з Галіле́і і Дзесяцігаро́ддзя, і з Іерусаліма, і з Іудзеі, і з-за Іардана.
І пайшлі за Ім мноствы народу з Галілеі і з Дзесяцігародзьдзя, і зь Ярузаліму, і зь Юдэі, і з-за Ярдану.