Марка 15 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Васіля Сёмухі
І адразу раніцай зрабілі нара́ду першасвятары́ са старэйшынамі і кніжнікамі, і ўвесь сінедрыён, і, звяза́ўшы Іісуса, павялі і перадалí Пілату.
І адразу раніцай першасьвятары з старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь сынедрыён зрабілі нараду і, зьвязаўшы Ісуса, завялі і перадалі Пілату.
І запытаў Яго Пілат: Ты Цар Іудзейскі? Ён жа сказаў яму ў адказ: ты кажаш.
Пілат спытаўся ў Яго: Ты Цар Юдэйскі? А Ён сказаў яму ў адказ: ты кажаш.
І абвінава́чвалі Яго першасвятары́ ў многім.
І першасьвятары вінавацілі Яго ў многім.
Пілат жа зноў запытаў Яго, ка́жучы: Ты нічога не адказваеш? глядзі, колькі су́праць Цябе све́дчаць.
А Пілат зноў спытаўся ў Яго: Ты нічога не адказваеш? бачыш, як многа супроць Цябе скаргаў.
Іісус жа больш нічога не адка́зваў, так што Пілат здзіўляўся.
Але Ісус і на гэта нічога не адказваў, так што Пілат зьдзіўляўся.
На свята ж ён адпускаў ім аднаго вя́зня, за якога прасілі.
А на кожнае сьвята ён адпускаў ім аднаго вязьня, за якога прасілі.
Быў жа адзін нехта, зва́ны Вара́вва, зняво́лены з саўдзе́льнікамі сваімі, якія пад час бу́нту ўчынíлі забойства.
Тады быў у кайданах нейкі Варава, са сваімі саўдзельнікамі, якія падчас бунту ўчынілі забойства.
І натоўп пачаў крычаць і прасіць Пілата аб тым, што ён заўсёды рабіў для іх.
І люд пачаў крычаць і прасіць у Пілата таго, што ён заўсёды рабіў ім.
Пілат жа адказаў ім, гаворачы: хочаце, адпушчу вам Цара Іудзейскага?
Ён сказаў ім у адказ: ці хочаце, адпушчу вам Цара Юдэйскага?
Бо ведаў, што па за́йздрасці вы́далі Яго першасвятары́.
Бо ведаў, што першасьвятары выдалі Яго з зайздрасьці.
Але першасвятары́ падбухто́рылі натоўп прасіць, каб лепш адпусціў ім Вара́вву.
Але першасьвятары падбухторылі людзей прасіць, каб адпусьціў ім лепей Вараву.
Пілат жа зноў сказаў ім у адказ: а што́ хочаце, каб я зрабіў з Тым, Каго вы называеце Царом Іудзейскім?
Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: а што хочаце, каб я зрабіў з Тым, Якога вы называеце Царом Юдэйскім?
Яны ж зноў закрычалі: распнí Яго!
Яны зноў закрычалі: укрыжуй Яго!
Пілат сказаў ім: якое ж зло Ён учыніў? А яны яшчэ мацней закрычалі: распнí Яго!
Пілат сказаў ім: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней закрычалі: укрыжуй Яго!
Тады Пілат, хочучы дагадзíць натоўпу, адпусціў ім Вара́вву, а Іісуса, пасля бічава́ння, аддаў на распя́цце.
Тады Пілат, хочучы дагадзіць людзям, адпусьціў ім Вараву, а Ісуса, бічаваўшы, аддаў на крыжаваньне.
Воіны ж адвялі Яго ўсярэ́дзіну двара, гэта значыць, у прэто́рыю, і скліка́юць увесь полк,
А воіны завялі Яго ўсярэдзіну двара, гэта значыцца, у прэторыю, і сабралі цэлы полк;
і апрана́юць Яго ў багранíцу, і, сплёўшы цярновы вяне́ц, усклада́юць на Яго;
і апранулі Яго ў пурпуру і, сплёўшы цярновы вянок, усклалі на Яго;
і пачалí віта́ць Яго: радуйся, Цар Іудзейскі!
і пачалі вітаць Яго: радуйся, Цару Юдэйскі!
І білі Яго па галаве кíем, і плявалі на Яго, і, стано́вячыся на калені, кла́няліся Яму.
І білі яго па галаве кіем, і плявалі на Яго і, кленчачы, кланяліся Яму.
І калі наглумíліся з Яго, знялí з Яго багранíцу і апрану́лі Яго ў адзе́жу Ягоную; і выводзяць Яго, каб распя́ць Яго.
А калі насьмяяліся зь Яго, зьнялі зь Яго пурпуру, адзелі Яго ў Ягонае адзеньне і павялі Яго, каб крыжаваць Яго.
І прымушаюць прахо́жага нейкага Сíмана Кірыне́яніна, які ішоў з поля, бацьку Аляксандра і Ру́фа, не́сці крыж Яго.
І прымусілі праходжага нейкага Кірынеяніна Сымона, бацьку Аляксандравага і Руфавага, які ішоў з поля, несьці крыж Ягоны.
І прыводзяць Яго на месца Галгофу, што значыць: «месца чэ́рапа».
І прывялі Яго на месца Галгофу, што азначае: «месца чарапоў».
І давалі Яму піць віно са смíрнаю, але Ён не ўзяў.
І давалі яму піць віно зь сьмірнаю; але Ён ня ўзяў.
І тыя, што распіна́лі Яго, дзялíлі адзе́жу Яго, кíдаючы жэ́рабя на яе, каму што ўзяць.
Тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя, каму што ўзяць.
Была́ ж трэцяя гадзíна, і распя́лі Яго.
Была гадзіна трэйцяя, і ўкрыжавалі Яго.
І быў зроблены надпіс віны́ Яго: Цар Іудзейскі.
І быў надпіс віны Яго: Цар Юдэйскі.
І з Ім распіна́юць двух разбойнікаў, аднаго справа, а другога злева ад Яго.
Зь Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго з правага, другога зь левага боку ад Яго.
І збыло́ся Пісанне, якое кажа: «і да злачы́нцаў залíчаны».
І збылося слова Пісаньня: «і да зладзеяў залічаны».
І тыя, што праходзілі міма, блюзне́рылі на Яго, ківа́ючы гало́вамі сваімі і ка́жучы: гэй! Ты, Які разбура́еш храм і за тры дні будуеш!
Тыя, што праходзілі міма, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: э! Той, Хто храм разбурае і за тры дні будуе!
Уратуй Самога Сябе і сыдзí з крыжа́.
уратуй Сябе Самога і сыйдзі з крыжа.
Гэтакса́ма і першасвятары́ з кніжнікамі, насміха́ючыся, адзін аднаму казалі: іншых ратава́ў, а Сябе не можа ўратава́ць.
Падобна і першасьвятары з кніжнікамі, насьміхаючыся, казалі адзін аднаму: іншых ратаваў, а Сябе ня можа ўратаваць!
Хрыстос, Цар Ізра́ілеў, няхай сы́дзе цяпер з крыжа́, каб мы ўбачылі, і ўве́равалі ў Яго. І распя́тыя з Ім га́ньбілі Яго.
Хрыстос, Сын Ізраілеў, хай сыйдзе цяпер з крыжа, каб мы бачылі, і ўверуем. І ўкрыжаваныя зь Ім ганілі Яго.
Калі ж надышла шостая гадзíна, це́мра настала па ўсёй зямлі да гадзíны дзевятай.
А на шостай гадзіне настала цемра па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай.
І ў дзевятай гадзíне ўскрыкнуў Іісус моцным голасам, ка́жучы: «Элаí, Элаí! ламма́ савахфанí?» што азначае: «Божа мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?»
На дзявятай гадзіне ўскрыкнуў Ісус моцным голасам: «Элоі, Элоі! ламма савахфані!», што азначае: «Божа, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?».
І некато́рыя з тых, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: вось, Ілію́ кліча.
Некаторыя, што стаялі тут, пачуўшы, казалі: вось, Ільлю кліча.
А адзін пабег, намачыў губку во́цатам і, насадзíўшы на кій, даваў Яму піць, ка́жучы: чакайце, пабачым, ці пры́йдзе Ілія́ зняць Яго.
А адзін пабег, набраў у губку воцату і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць, кажучы: чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго.
Іісус жа, ускрыкнуўшы моцна, вы́пусціў дух.
А Ісус, ускрыкнуўшы моцна, выпусьціў дух.
І заве́са ў храме разадра́лася напала́м зве́рху данíзу.
І завеса ў храме разадралася напалам, зьверху данізу.
Сотнік жа, які стаяў насу́праць Яго і бачыў, што Ён, так ускрыкнуўшы, вы́пусціў дух, сказаў: сапраўды́ Чалавек Гэты быў Сын Божы.
Сотнік, які стаяў насупраць Яго, убачыўшы, што Ён, так ускрыкнуўшы, выпусьціў дух, сказаў: сапраўды Чалавек Гэты быў Сын Божы.
Былí і жанчыны, што глядзелі здалёк, сярод іх была́ Марыя Магдалíна, і Марыя, маці Іа́кава Меншага і Іасíі, і Саламíя,
Былі тут і жанчыны, якія глядзелі здалёк; сярод іх была і Марыя Магдаліна, і Марыя, маці Якава меншага і Ясіі, і Саломія,
якія і тады, калі Ён быў у Галіле́і, хадзілі за Ім і служылі Яму; і іншыя многія, што прыйшлі разам з Ім у Іерусалім.
якія і тады, як Ён быў у Галілеі, ішлі сьледам за Ім і служылі Яму, і іншыя многія, што разам зь Ім прыйшлі ў Ерусалім.
І калі ўжо настаў вечар, — паколькі была́ пятніца, гэта значыць, пярэ́дадзень суботы, —
І як ужо зьвечарэла, бо была пятніца, гэта значыць — перадсубоцьце,
прыйшоў Іосіф, што з Арымафе́і, паважа́ны саветнік, які і сам чакаў Царства Божага, і, адва́жыўшыся, увайшоў да Пілата і папрасіў це́ла Іісусава.
прыйшоў Язэп з Арымафеі, знакаміты сябра рады, які і сам чакаў Царства Божага, адважыўся ўвайсьці да Пілата і прасіў Цела Ісусавага.
Пілат жа здзівіўся, што Ён ужо памёр; і, паклікаўшы сотніка, спытаў яго: ці даўно памёр?
Пілат зьдзівіўся, што Ён ужо памёр; і паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго: ці даўно памёр?
І, даве́даўшыся ад сотніка, аддаў це́ла Іосіфу.
І даведаўшыся ад сотніка, аддаў Цела Язэпу.
Ён, купіўшы плашчанíцу і, зняўшы Яго, загарну́ў у плашчанíцу і паклаў Яго ў магілу, што была́ вы́сечана ў скале́, і прывалíў ка́мень да дзвярэй магілы.
Ён, купіўшы палатно і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і паклаў у магіле, якая была высечана ў скале; і прываліў камень да магільных дзьвярэй.
Марыя ж Магдалíна і Марыя Іасíева глядзелі, дзе Яго пакла́лі.
А Марыя Магдаліна і Марыя Ясіева глядзелі, дзе Яго клалі.