Марка 4 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І зноў пачаў вучы́ць каля мора, і сабра́лася да Яго народу мноства, так што Ён увайшоў у лодку на моры і сядзеў, а ўвесь народ быў на зямлі пры моры.
 
І зноў пачаў вучыць каля мора; і сабралася да Яго мноства людзей, так што Ён увайшоў у лодку і быў на моры, а ўвесь люд быў на зямлі каля мора.

І навучаў іх многа прытчамі, і гаварыў ім у павучэнні Сваім:
 
І вучыў іх прытчамі многа і ў вучэньні Сваім казаў ім:

слухайце: вось, выйшаў се́йбіт сеяць.
 
слухайце: вось, выйшаў сейбіт сеяць;

І ста́лася, калі сеяў, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі ды падзяўблí тое.
 
і калі сеяў, сталася так, што іншае ўпала ўскрай дарогі, і наляцелі птушкі і падзяўблі тое;

Іншае ўпала сярод каме́ння, дзе няшмат было́ зямлі, і неўзаба́ве ўзышло́, бо зямля была́ неглыбокая;
 
іншае ўпала на камяністую мясьціну, дзе няшмат было зямлі, і неўзабаве ўзышло, таму што зямля была там ня глыбокая;

калі ж сонца падняло́ся — завяла і, не ма́ючы ко́раня, засохла.
 
а калі ўзышло сонца, завяла і, як ня мела карэньня, засохла;

Іншае ўпала ў це́рні, і выраслі це́рні і заглушы́лі яго, і яно не дало́ плоду.
 
іншае ўпала на церне, і церне вырасла і заглушыла насеньне, яно не дало плоду;

А іншае ўпала на добрую зямлю і дало́ плод, што падымаўся і ўзрастаў, і ўрадзíла па трыццаць, і па шэсцьдзеся́т, і па сто.
 
а іншае ўпала на добрую зямлю і дало плод, які ўзыйшоў і вырас, і ўрадзіла тое трыццаць, тое шэсьцьдзясят і тое сто.

І казаў: хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
 
І сказаў ім: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!

Калі ж Ён застаўся адзін, тыя, што былí пры Ім, разам з двана́ццаццю спыталі Яго аб прытчы.
 
Калі ж застаўся бязь людзей, усе, хто быў вакол Яго разам з дванаццацьцю, спыталіся ў Яго пра прытчу.

І сказаў ім: вам да́дзена ведаць тайны Царства Божага, а тым, хто звонку, у прытчах усё даецца;
 
І сказаў ім: вам дадзена ведаць тайны Царства Божага, а тым, вонкавым, усё бывае ў прытчах,

каб яны, гле́дзячы, бачылі і не ўспрыма́лі, і, слу́хаючы, чулі і не разумелі, каб не звярну́ліся і не былí ім адпу́шчаны грахі.
 
каб яны сваімі вачыма глядзелі, і ня ўбачылі; сваімі вушамі чулі, і не ўразумелі, каб не навярнуліся, і не дараваны былі ім грахі.

І кажа ім: не разуме́еце прытчы гэтай? Як жа ўсе прытчы зразуме́еце?
 
І кажа ім: не разумееце гэтай прытчы? як жа вам уразумець усе прытчы?

Се́йбіт слова сее.
 
Сейбіт слова сее.

І вось тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова: калі пачуюць, адразу прыходзіць сатана і забірае пасе́янае ў сэ́рцах іх.
 
Пасеянае ўскрай дарогі азначае тых, у якіх сеецца слова, але да якіх, калі пачуюць, адразу прыходзіць сатана і хапае слова, пасеянае ў сэрцах іхніх.

Таксама і пасе́янае сярод каме́ння — гэта тыя, якія, пачуўшы слова, адразу прыма́юць яго з радасцю,
 
Такім самым чынам і пасеянае на камяністых мясьцінах азначае тых, якія, калі пачуюць слова, адразу з радасьцю прымаюць яго,

але не маюць ко́раня ў сабе і нетрыва́лыя; калі настане ўціск або гане́нне з-за слова, адразу спакуша́юцца.
 
але ня маюць у сабе кораня і нясталыя; потым, калі настане ўціск і ганеньне за слова, адразу спакушаюцца.

А ў це́рнях пасе́янае — гэта тыя, што чуюць слова,
 
Пасеянае ў церне азначае тых, што чуюць слова,

але турбо́ты гэтага веку і спакуса багацця ды іншыя захапле́нні, увахо́дзячы ў іх, заглуша́юць слова, і яно застае́цца бясплодным.
 
але ў якіх турботы веку гэтага, панада багацьця і іншыя жаданьні, уваходзячы ў іх, заглушаюць слова, і яно бывае бяз плоду.

А пасе́янае на добрай зямлі — гэта тыя, якія слухаюць слова і прыма́юць, і даюць плод па трыццаць, і па шэсцьдзеся́т, і па сто.
 
А пасеянае на добрай зямлі азначае тых, якія слухаюць слова і прымаюць, і родзяць плод, адзін у трыццаць, другі ў шэсьцьдзясят, той ўстакроць.

І сказаў ім: хіба́ свечка прыно́сіцца, каб паставіць яе пад пасу́дзіну ці пад ло́жак? хіба́ не дзеля таго, каб паставіць яе на падсве́чнік?
 
І сказаў ім: ці на тое прыносіцца сьвечка, каб паставіць яе пад пасудзіну альбо пад ложак? ці не на тое, каб ставіць яе на сьвечніку?

Бо няма нічога тае́мнага, каб не стала я́ўным, і нішто не бывае схава́на, каб не адкрылася.
 
Няма нічога таемнага, што ня выйшла б на яву; і нічога няма схаванага, што ня выйшла б наверх.

Калі хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
 
Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай пачуе!

І казаў ім: заўважа́йце, што чуеце. Якою мераю ме́раеце, такою і вам адме́раецца, і дада́дзена будзе вам, хто слухае.
 
І сказаў ім: заўважайце, што чуеце: якою мераю мерыце, такою адмерана будзе вам і дададзена будзе вам, слухачам.

Бо хто ма́е, таму да́дзена будзе, а хто не ма́е, ады́мецца ў яго і тое, што ма́е.
 
Бо, хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае.

І казаў: так і Царства Божае, як чалавек, калі кіне зе́рне ў зямлю;
 
І сказаў: Царства Божае падобнае на тое, як калі чалавек кіне насеньне ў зямлю,

і спіць, і ўстае́ ўно́чы і ўдзень, а як насенне ўзыхо́дзіць і расце́, не ведае ён.
 
і сьпіць, і ўстае ноччу і днём, і як насеньне ўзыходзіць і расьце, ня ведае ён;

Бо зямля сама па сабе ро́дзіць напачатку зелень, потым колас, тады напаўняе зе́рне ў коласе.
 
бо зямля сама сабою родзіць спачатку зеляніну, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе;

Калі ж вы́спее плод, адразу пасыла́е серп, бо надышло́ жніво́.
 
калі ж высьпее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво.

І казаў: з чым параўна́ем Царства Божае́ ці якою прытчаю вы́явім яго?
 
І сказаў: да чаго прыпадобнім Царства Божае? альбо празь якую прытчу выявім яго?

Яно як зе́рне гарчы́чнае, што, калі сеецца ў зямлю, то ме́ншае за ўсякае насенне на зямлі,
 
Яно — як зерне гарчычнае, якое, калі сеецца ў зямлю, ёсьць найменшае з усіх зярнят на зямлі:

а калі пасеяна, вырастае і робіцца бо́льшым за ўсю зелянíну і пускае вялікае галлё, так што ў за́сені яго могуць пасялíцца птушкі нябесныя.
 
а як пасеяна, узыходзіць і робіцца большае за ўсякую траву, і пускае вялікае гольле, так што пад ценем ягоным могуць хавацца птушкі нябесныя.

І многімі такімі прытчамі абвяшчаў ім слова, наколькі маглі яны слухаць.
 
І такімі многімі прытчамі прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі чуць;

Без прытчы не прамаўляў да іх, а вучням Сваім асобна тлумачыў усё.
 
і бяз прытчы не казаў ім, а вучням сам-насам тлумачыў усё.

І кажа ім у той дзень з надыходам вечара: перапра́вімся на той бок.
 
Увечары таго самага дня сказаў ім: пераправімся на той бок.

І яны, адпусцíўшы людзей, бяруць Яго з сабою, як Ён быў у лодцы; і яшчэ лодкі былí з Ім.
 
І яны, адпусьціўшы людзей, узялі Яго з сабою, як Ён быў, у лодку; зь Ім былі і іншыя лодкі.

І ўзняла́ся з ветру вялікая бура; хвалі захлíствалі лодку, так што яна ўжо напаўня́лася.
 
І паднялася вялікая бура; хвалі білі ў лодку, так што яна ўжо напаўнялася вадою.

А Ён на карме́ спаў на ўзгало́ўі. І бу́дзяць Яго, і кажуць Яму: Настаўнік! хіба́ не хвалюе Цябе, што мы гíнем?
 
А Ён спаў на карме на ўзгалоўі. Яго будзяць і кажуць Яму: Настаўнік! няўжо Табе ня рупіць, што мы гінем?

І, устаўшы, Ён забаранíў ветру і кажа мору: сціхні, перастань. І суня́ўся вецер і настала цíша вялікая.
 
І ўстаўшы, Ён загразіў ветру і сказаў мору: суйміся, перастань. І вецер аціх, і зрабілася вялікая ціша.

І кажа ім: чаго вы такія баязлівыя? як гэта не маеце веры?
 
І сказаў ім: чаго вы такія палахлівыя? чаму ў вас няма веры?

І напоўніліся страхам вялікім, і гаварылі між сабою: хто ж гэта Ён, калі і вецер, і мора слухаюцца Яго?
 
І ўбаяліся страхам вялікім і гаварылі і паміж сабою: хто ж гэта, што і вецер і мора слухаюцца Яго?