Лукаша 16 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Васіля Сёмухі
Казаў жа Ён і вучням Сваім: адзін чалавек быў багаты і меў домаўпра́ўніка, які быў абвінава́чаны перад ім, што растра́чвае маёмасць яго;
Сказаў жа і вучням Сваім: адзін чалавек быў багаты і меў упраўніка, на якога данесьлі яму, што распускае маёмасьць ягоную;
і, паклíкаўшы яго, сказаў яму: што́ гэта я чую пра цябе? дай адказ пра тваё ўпраўле́нне домам, бо ты не можаш больш упраўля́ць.
і паклікаўшы яго, сказаў яму: што гэта я чую пра цябе?
Сказаў жа домаўпра́ўнік сам сабе: што́ мне рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне ўпраўле́нне домам? капа́ць не зду́жаю, жабра́ваць саро́меюся;
Тады ўпраўнік сказаў сам сабе: што мне рабіць? гаспадар мой адбірае ў мяне ўправу над домам: капаць не магу, прасіць саромеюся;
ведаю, што́ зрабіць, каб мяне, калі адста́ўлены буду ад упраўле́ння, прынялí ў свае дамы́.
ведаю, што зрабіць, каб прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад управы над домам.
І, паклíкаўшы асобна кожнага з даўжніко́ў гаспадара́ свайго, казаў першаму: колькі ты вíнен гаспадару́ майму?
І паклікаўшы даўжнікоў гаспадара свайго, кожнага паасобку, сказаў першаму: колькі ты вінен гаспадару майму?
Той жа сказаў: сто мер але́ю. І сказаў яму: вазьмі сваю распíску і сядзь хутчэй напішы: пяцьдзесят.
Той сказаў: сто мераў алею. І сказаў яму: вазьмі тваю расьпіску і сядай, хутчэй напішы: пяцьдзясят.
Потым сказаў другому: а ты колькі вíнен? Той адказаў: сто мер пшаніцы. І сказаў яму: вазьмі сваю распіску і напішы: восемдзесят.
Потым другому сказаў: а ты колькі вінен? той сказаў: сто мераў пшаніцы. І сказаў яму: вазьмі тваю расьпіску і напішы: восемдзесят.
І пахваліў гаспадар няпра́веднага домаўпра́ўніка, што ён разумна зрабіў; бо сыны́ веку гэтага разумне́йшыя за сыноў святла ў родзе сваім.
І пахваліў гаспадар упраўніка нявернага, што абачліва зрабіў; бо сыны веку гэтага здагадлівейшыя за сыноў сьвету ў сваім родзе.
І Я вам кажу: здабыва́йце сабе сябро́ў багаццем няпра́ведным, каб яны, калі збядне́еце, прынялí вас у вечныя сялíбы.
І Я кажу вам: набывайце сабе сяброў багацьцем няправедным, каб яны, калі зубожыцеся, прынялі вас у вечныя сялібы.
Верны ў найме́ншым і ў многім верны, а няпра́ведны ў найме́ншым і ў многім няпра́ведны.
Верны ў малым і ў вялікім верны, а няверны ў малым няверны і ў вялікім.
Таму калі ў няпра́ведным багацці вы не былí верныя, хто вам даве́рыць сапра́ўднае?
Дык вось, калі вы ў няправедным багацьці ня былі верныя, хто даверыць вам сапраўднае?
І калі ў чужы́м вы не былí верныя, хто вам дасць ваша?
І калі ў чужым ня былі верныя, хто дасьць вам вашае?
Ніякі раб не можа служы́ць двум гаспадара́м, бо ці аднаго будзе ненавíдзець, а другога любíць, ці аднаго будзе трымацца, а другíм пагарджа́ць. Не мо́жаце Богу служы́ць і мамо́не.
Ніякі слуга ня можа служыць двум гаспадарам, бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаму пачне рупліва дагаджаць, а пра другога ня дбаць. Ня можаце служыць Богу і мамоне.
Чулі ўсё гэта і фарысеі, якія былí срэбралюбíвымі, і насміхаліся з Яго.
Чулі ўсё гэта і фарысэі, якія былі срэбралюбцы, і яны сьмяяліся зь Яго.
І Ён сказаў ім: вы паказваеце сябе пра́веднымі перад людзьмí, але Бог ведае сэ́рцы вашы; бо што ў людзей высокае, тое мярзо́та перад Богам.
Ён сказаў ім: вы аказваеце сябе праведнікамі перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя: бо, што высока ў людзей, тое брыдота перад Богам.
Закон і прарокі — да Іаана; з таго часу Царства Божае дабраве́сціцца, і кожны з намага́ннямі ўваходзіць у яго.
Закон і прарокі да Яна; з гэтага часу Царства Божае зьвястуецца, і кожны з намогаю ўваходзіць у яго.
Ды лягчэй небу і зямлі прайсцí, чым адной ры́сцы ў законе прапа́сці.
Але хутчэй неба і зямля мінуцца, чым адна рыска з закону прападзе.
Кожны, хто разво́дзіцца з жонкаю сваёю і бярэ іншую, той пралюбадзе́йнічае, і хто бярэ разве́дзеную з мужам, той пралюбадзе́йнічае.
Кожны, хто разводзіцца з жонкай сваёю і жэніцца зь іншаю, чыніць пералюб; і кожны, хто жэніцца з разьведзенай з мужам, чыніць пералюб.
Адзін чалавек быў багаты і апрана́ўся ў парфíру і вісо́н, і кожны дзень раско́шна банкетава́ў.
Нейкі чалавек быў багаты, апранаўся ў парфіру і вісон і кожны дзень банкетаваў раскошна.
І быў адзін убо́гі, íмем Ла́зар, які ляжаў перад варотамі яго, пакры́ты я́звамі,
Быў таксама нейкі жабрак, на імя Лазар, які ляжаў каля варотаў ягоных ў струпах
і хацеў насы́ціцца крошкамі, што па́далі са стала багача; а яшчэ і сабакі, прыхо́дзячы, ліза́лі я́звы яго.
і хацеў накарміцца крошкамі, што падалі са стала багацея, і сабакі праходзілі і лізалі струпы ягоныя.
І ста́лася, што памёр убо́гі і адне́сены быў Ангеламі на ло́на Аўраа́мава; памёр і багаты, і пахава́лі яго;
Памёр жабрак і ўзьнесены быў анёламі на ўлоньне Абрагамавае; памёр і багаты, і пахавалі яго;
і ў пе́кле, бу́дучы ў му́ках, узня́ў вочы свае і ўба́чыў здалёк Аўраа́ма і Ла́зара на ло́не яго;
і ў пекле, ужо ў пакутах, ён узьвёў вочы свае, убачыў удалечыні Абрагама і Лазара на ўлоньні ягоным,
і, ўсклíкнуўшы, сказаў: ойча Аўраа́ме, змíлуйся нада мною і пашлí Ла́зара, каб ён абмакну́ў канец пальца свайго ў ваду́ і астудзíў язык мой, бо я паку́тую ў полымі гэтым.
і загаласіўшы, сказаў: Войча Абрагаме! умілажалься сэрцам зь мяне і пашлі Лазара, каб умачыў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым.
Аўраа́м жа сказаў: дзіця́! успомні, што ты атрыма́ў добрае сваё ў жыццí сваім, а Ла́зар гэтак жа ліхо́е; цяпер жа ён тут суцяша́ецца, а ты паку́туеш;
Але Абрагам сказаў: дзіця! згадай, што ты атрымаў ужо добраснае тваё ў жыцьці тваім, а Лазар ліхое; і цяпер ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш;
і звыш усяго гэтага паміж намі і вамі про́рва вялікая ўстано́ўлена, каб тыя, што хо́чуць перайсці адсюль да вас, не маглі, і каб адтуль да нас не перахо́дзілі.
і звыш таго паміж намі і вамі пакладзена вялізная прорва, так што тыя, хто хоча перайсьці адсюль да вас, ня могуць, гэтак сама і адтуль да нас не пераходзяць.
Тады сказаў ён: прашу цябе, ойча, пашлí яго ў дом ба́цькі майго,
Тады сказаў ён: дык прашу цябе, войча, пашлі яго ў дом бацькі майго,
бо ў мяне пяць братоў, няхай ён засве́дчыць ім, каб і яны не прыйшлí ў гэтае месца мучэ́ння.
бо ў мяне пяць братоў: хай ён засьведчыць ім, каб і яны ня прыйшлі ў гэтае месца пакуты.
Кажа яму Аўраа́м: яны маюць Маісе́я і прарокаў; няхай слу́хаюць іх.
Абрагам сказаў яму: у іх ёсьць Майсей і прарокі; хай слухаюцца іх.
А той сказаў: не, ойча Аўраа́ме, але калі хто з мёртвых пры́йдзе да іх, пака́юцца.
А ён сказаў: не, войча Абрагаме! але калі хто зь мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца.
Ён жа сказаў яму: калі Маісе́я і прарокаў не слу́хаюць, то, калі б хто і з мёртвых уваскрэ́с, не паве́раць.
Тады Абрагам сказаў яму: калі Майсея і прарокаў ня слухаюцца, дык, калі б хто і зь мёртвых уваскрэс, не павераць.