Дзеі 18 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Яна Станкевіча
Пасля гэтага Павел, пакінуўшы Афіны, прыйшоў у Кары́нф;
Просьле гэтага, пакінуўшы Атэны, ён прышоў да Карынту.
і, знайшоўшы нейкага Іудзея, па імені Акíла, родам Панцíйца, які нядаўна прыбы́ў з Італіі, і Прыскíлу, жонку яго, — таму што Кла́ўдзій загадаў усім Іудзеям пакінуць Рым, — ён прыйшоў да іх,
І знайшоўшы якогась Жыда, на ймя Аквіла, родам із Понту, што кагадзе прыбыў з Італі, і Прыськілу, жонку ягоную (бо Кляўд казаў усім Жыдом пакінуць Рым), прышоў да іх;
а паколькі ён вало́даў адно́лькавым з імі рамяство́м, то заста́ўся ў іх і працаваў; а рамяство́ іх было́ рабіць пала́ткі.
І, быўшы аднолькавага рамяства, застаўся ў іх і рабіў; бо рамяством іхным было гатаваць буданы.
Кожную ж суботу ён прамаўля́ў у сінагозе і перако́нваў Іудзеяў і Э́лінаў.
Кажную ж сыботу ён разважаў у бажніцы і пераконаваў Жыдоў а Грэкаў.
А калі прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімафей, то Павел быў натхнёны ду́хам све́дчыць Іудзеям, што Іісус гэта Хрыстос.
А як зышлі з Македоні Сіла а Цімох, Паўла, ацяжараны ў духу словам, урочыста сьветчыў Жыдом, што Ісус ё Хрыстос.
Паколькі ж яны працíвіліся і блюзне́рылі, то ён, абтро́сшы во́пратку сваю, сказаў ім: кроў ваша на гало́вах вашых; я чы́сты; цяпер іду да язычнікаў.
Але як яны працівіліся й блявузґалі, ён атрос адзецьце свае й сказаў ім: «Кроў ваша на галаву вашу; я чысты; адгэтуль пайду да паган».
І, пайшоўшы адтуль, ён прыйшоў у дом аднаго чалавека, па імені Іу́ст, які шанава́ў Бога і дом якога быў каля сінагогі.
І, адышоўшы стуль, прышоў да дому аднаго чалавека, на ймя Юст, што сьціў Бога, каторага дом стыкаўся з бажніцаю.
А Крысп, нача́льнік сінагогі, уве́раваў у Госпада з усім домам сваім, і многія з Кары́нфянаў, слу́хаючы, уве́равалі і ахрысцíліся.
Крысп жа, начэльнік бажніцы, уверыў у Спадара з усім домам сваім, і шмат хто з Корынцян, слухаючы, уверылі й ахрысьціліся.
Сказаў Гасподзь у начны́м відзе́нні Паўлу: не бойся, а гавары́ і не змаўка́й,
Спадар жа сказаў у відзені ночы Паўлу: «Ня бойся, але кажы і не змаўкай;
таму што Я з табою, і ніхто не нападзе́ на цябе, каб зрабіць табе зло; бо ў Мяне многа людзей у горадзе гэтым.
Бо Я з табою, і ніхто ня ўкрыўдзе цябе; бо ў Мяне шмат людзёў у гэтым месьце».
І ён застава́ўся там год і шэсць месяцаў, навуча́ючы іх слову Божаму.
І ён заставаўся год а шэсьць месяцаў, вучачы іх слова Божага.
Калі ж Галіён быў прако́нсулам у Аха́іі, паўста́лі Іудзеі аднаду́шна су́праць Паўла і прывялі яго на судзíлішча,
А як Ґалё быў праконсулам ув Ахаі, Жыды згодна паўсталі на Паўлу і прывялі яго да трыбуналу,
ка́жучы: не па закону ён ву́чыць людзей шанава́ць Бога.
Кажучы: «Гэты пераконуе людзёў сьціць Бога супроці Закону».
Калі ж Павел хацеў адкрыць ву́сны, Галіён сказаў Іудзеям: Іудзеі! калі б была́ якая несправядлíвасць або ўчы́нак ліхí, я меў бы падста́ву вы́слухаць вас;
Як жа Паўла хацеў адчыніць вусны, Ґалё сказаў Жыдом: «Жыды! калі б запраўды была якая крыўда, альбо выступнасьць, я цярпеў бы вас.
але паколькі ідзе спрэ́чка пра вучэ́нне, і пра імёны, і пра закон ваш, то разбіра́йцеся самі; бо я не хачу быць суддзёю ў гэтым.
Але калі будзе сьпярэчка праз слова а ймёны а Закон вашы, разглядайце самы: я не манюся быць судзьдзёю ў гэтым».
І прагна́ў іх з судзíлішча.
І прагнаў іх ад суду.
А ўсе Э́ліны, схапíўшы Сасфе́на, нача́льніка сінагогі, бíлі яго перад судзíлішчам; але Галіёна гэта зусім не хвалява́ла.
А ўсі Грэкі, схагііўілы Сосьфена, начэльніка бажніцы, білі яго перад трыбуналам; і Ґалё ані не парушаўся гэтым.
Павел жа, пабы́ўшы яшчэ даво́лі многа дзён, развіта́ўся з брата́мі і адплы́ў у Сíрыю, і з ім Акíла і Прыскíла; ён абстры́г галаву́ ў Кенхрэ́ях, бо даваў абе́т.
Паўла ж, пабыўшы яшчэ шмат дзён, разьвітаўся з братамі і паплыў да Сыры, — і зь ім Прыськіла а Аквіла, — агаліўшы галаву ў Кенхрэях, бо ўчыніў абятніцу.
Прыбы́ў ён у Эфе́с і пакінуў іх там, а сам пайшоў у сінагогу і вёў размову з Іудзеямі.
Прыбыўшы да Ефэсу, пакінуў іх там, сам жа, увыйшоўшы да бажніцы, даводзіў Жыдом.
Калі ж яны прасілі прабы́ць у іх больш часу, ён не згадзíўся,
А як яны прасілі яго пабыць даўжэй, ён не згадзіўся,
а развіта́ўся з імі, сказаўшы: мне трэба абавязкова праве́сці надыхо́дзячае свя́та ў Іерусаліме; да вас жа вярну́ся зноў, калі будзе воля Божая. І адправіўся з Эфе́са; Акíла ж застаўся ў Эфе́се.
Але разьвітаўся зь імі, кажучы: «Я маю канечне сьвяткаваць надыходзячае сьвята ў Ерузаліме; да вас ізноў зьвярнуся, калі будзе Божая воля»; і адплыў зь Ефэсу (Аквіла ж а Прыськіла засталіся ў Ефэсе).
Прыбы́ўшы ў Кесары́ю, ён зайшоў ў Іерусалім, прывіта́ў царкву і пайшоў у Антыяхíю,
Высеўшы ў Цэсарэі, ён прышоў, паздароваў царкву і зышоў да Антыёхі.
і, правёўшы там нейкі час, ён адышоў і прахо́дзіў паслядо́ўна Галацíйскую краіну і Фры́гію, умацо́ўваючы ўсіх вучняў.
Правёўшы там якісь час, адышоў і хадзіў зь месца да месца з парадку па краю Ґаляцкім а Фрыґі, мацнячы ўсіх вучанікаў.
Іудзей жа нейкі, па імені Апало́с, родам з Александры́і, чалавек красамо́ўны і добра дасве́дчаны ў Піса́ннях, прыйшоў у Эфе́с;
І якісь Жыд, на ймя Аполёс, родам із Аляксандры, муж вымоўны, моцны ў Пісьме, прыбыў да Ефэсу.
ён быў наста́ўлены на шлях Гасподні і, пала́ючы ду́хам, прамаўля́ў і вучы́ў пра Госпада правільна, зна́ючы толькі хрышчэ́нне Іаа́нава.
Ён быў навучаны дарогі Спадаровае і, палаючы духам, гукаў а вучыў дакладна празь Ісуса, знаючы толькі хрэст Яанаў.
Ён пачаў смела прамаўля́ць у сінагозе. Пачуўшы яго, Акíла і Прыскíла прынялí яго і дакла́дней растлума́чылі яму шлях Гасподні.
І ён пачаў адважна гукаць у бажніцы. Паслухаўшы яго, Прыськіла а Аквіла прынялі яго і дакладней зьясьнілі яму Дарогу Спадарову.
Калі ж ён хацеў пайсці ў Аха́ію, то браты, спрыя́ючы, напіса́лі ву́чням, каб прынялí яго; прыбы́ўшы туды, ён шмат садзе́йнічаў тым, хто ўве́раваў па благада́ці,
І як ён маніўся йсьці да Ахаі, браты пісалі да вучанікаў, сьхінаючы іх сардэчна прыняць яго; і ён, прышоўшы туды, шмат памагаў тым, што ўверылі пераз ласку;
бо ён рашу́ча выкрыва́ў Іудзеяў перад народам, дака́зваючы праз Пісанні, што Іісус гэта Хрыстос.
Бо ён прынародна моцна зьбіваў цьверджаньні жыдоўскія, даводзячы Пісьмом, што Ісус быў Хрыстос.