Яна 12 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І вось Ісус за шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў у Бітаню, дзе быў Лазар памерлы, якога Ён ускрасіў зь мёртвых.
За шэсць дзён да Пасхі прыйшоў Езус у Бэтанію, дзе быў Лазар, якога Ён уваскрасіў.
І вось там Яму прыгатавалі вячэру, і Марта паслугоўвала, Лазар жа быў адным із супачываючых зь Ім за сталом.
Таму прыгатавалі Яму там вячэру, і Марта прыслугоўвала, а Лазар сядзеў разам з Ім пры стале.
Марыля ж, узяўшы хунт дарагой чыстай нардовай масьці, памазала Ногі Ісусавы і выцерла валасамі сваімі Ногі Ягоныя, і дом напоўніўся пахам ад масьці.
Марыя ж узяла фунт міра з чыстага і вельмі каштоўнага нарду і намасціла ногі Езусу, і абцёрла сваімі валасамі ногі Ягоныя. А дом напоўніўся пахам міра.
Тады кажа адзін із вучняў Ягоных Юда Сымонаў Іскарыёт, які маніўся Яго прадаць:
Сказаў тады Юда Іскарыёт, адзін з вучняў Ягоных, які збіраўся выдаць Яго:
чаму ня прадалі гэтае масьці за трыста дынараў і ня далí ўбогім?
«Чаму не прадалі гэтага міра за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?»
А сказаў гэта ня дзе́ля таго, што ён дбаў пра ўбогіх, але дзеля таго, што быў злодзей і меў (пры сабе) скарбонку, і насіў, што (туды) кідалі.
А сказаў гэта не таму, што клапаціўся пра ўбогіх, а таму, што быў злодзеем і, маючы скарбонку, забіраў тое, што туды кідалі.
Тады сказаў Ісус: пакінь яе; яна захавала гэта на дзень Майго пахаваньня,
Сказаў яму Езус: «Пакінь яе, каб яна захавала гэта на дзень Майго пахавання.
бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою, а Мяне́ ня заўсёды маеце.
Бо ўбогіх заўсёды маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце».
І вось даведаўся вялікі натоўп ізь юдэяў, што Ён ёсьць там, і прыйшлі ня то́лькі дзеля Ісуса, але каб і Лазара пабачыць, якога Ён ускрасіў зь мёртвых.
Мноства народу з юдэяў, даведаўшыся, што там Езус, прыйшлі не толькі дзеля Езуса, але каб таксама ўбачыць Лазара, якога Ён уваскрасіў з мёртвых.
Архірэі ж пастанавілі, каб і Лазара забіць,
Першасвятары ж пастанавілі забіць і Лазара,
бо дзеля яго многа юдэяў прыходзілі і верылі Ісусу.
бо многія з юдэяў адыходзілі ад іх і верылі ў Езуса.
Назаўтрае вялікі натоўп, які прыйшоў на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзе ў Ярузалім,
На другі дзень многія, хто прыйшоў на свята, пачуўшы, што Езус ідзе ў Ерузалем,
узялі пальмовае вецьце і выйшлі на спатканьне Яму, і крычалі: Госанна, багаслаўлёны Той, Хто йдзе ў Імя Госпада, Кароль Ізраэляў.
узялі пальмавыя галінкі і выйшлі Яму насустрач, і ўсклікалі: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана, Кароль Ізраэля!»
Ісус жа, знайшоўшы маладога асла, сеў на яго, як ёсьць напісана:
А Езус знайшоў асляня і сеў на яго; як напісана:
ня бо́йся, дачка Сыёну! Вось, Кароль твой ідзе, седзячы на маладым асьле асьліцы.
«Не бойся, дачка Сіёна. Вось Кароль твой ідзе, седзячы на асляняці».
І гэтага вучні Ягоныя сьпярша ня зразуме́лі, але, як Ісус быў услаўлены, тады ўспомнілі, што гэтак было аб Ім напісана, і гэтае зрабілі Яму.
Вучні Ягоныя спачатку не зразумелі гэтага, але калі Езус быў услаўлены, тады ўзгадалі, што так было пра Яго напісана і так Яму зрабілі.
Сьведчылі ж (і) людзі, якія былі зь Ім, калі Ён выклікаў Лазара зь ягонай магілы і ўскрасіў яго зь мёртвых.
Натоўп, які быў з Ім, сведчыў, што Ён паклікаў Лазара з магілы і ўваскрасіў яго.
Вось чаму і сустрэў Яго натоўп, бо пачуў (аб) гэтым Ім учыненым Цудзе.
Таму народ і сустрэў Яго, бо пачуў, што Ён учыніў такі знак.
Хварысэі ж сказалі міжы сабою: (вы) бачыце, што (вы) нічога ня пасьпява́еце! Вось, сьвет пайшоў за Ім.
А фарысеі казалі адзін аднаму: «Бачыце, што нічога не дапамагае? Увесь свет пайшоў за Ім!»
Былі ж нікаторыя грэкі сярод тых, што ўзыйшлі, каб пакланіцца ў сьвята.
Былі некаторыя грэкі сярод тых, хто прыйшоў пакланіцца Богу на свята.
І вось яны падыйшлі да Піліпа, (што быў) з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: пане, (мы) хочам бачыць Ісуса.
Яны падышлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: «Пане, мы хочам убачыць Езуса».
Піліп прыходзе і кажа Андрэю; і ізноў Андрэй і Піліп кажуць Ісусу.
Прыйшоў Філіп і сказаў пра гэта Андрэю. Потым Андрэй і Філіп пайшлі і расказалі Езусу.
А Ісус адказаў ім, кажучы: прыйшла гадзіна, каб услаўлены быў Сын Чалавечы.
А Езус сказаў ім у адказ: «Настала гадзіна, каб быў услаўлены Сын Чалавечы.
Праўду, Праўду кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, ня памрэ, яно застаецца адно, а калі памрэ, дае багаты плён.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён.
Хто надта шануе сваё жыцьцё (зямное), той згубіць яго, а хто нянавідзіць жыцьцё сваё на сьвеце гэтым, захавае яго ў Жыцьцё Вечнае.
Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго, а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця.
Калі хто Мне служыць, (няхай) ідзе за Мною, і дзе Я ёсьць, там і слуга Мой будзе; і калі хто Мне служыць, ушануе яго Бацька (Мой).
Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой. І хто Мне служыць, таго ўшануе Айцец Мой.
Цяпер Душа Мая моцна ўсхвалявана; і што Я скажу? Тата Мой, збаў Мяне ад гэтае гадзіны, але дзеля гэтага Я прыйшоў на гадзіну гэтую.
Цяпер усхвалявана душа Мая; і што Мне сказаць? Ойча, захавай Мяне ад гэтай гадзіны. Але ж дзеля гэтай гадзіны Я і прыйшоў.
Тата Мой, услаў Імя Тваё! зыйшоў тады Голас зь Неба: і ўславіў, і яшчэ ўслаўлю.
Ойча, услаў імя сваё!» І пачуўся з неба голас: «Уславіў і ўслаўлю зноў!»
Людзі ж, якія стаялі і пачулі, казалі: (гэта) быў гром. Другія казалі: Ангел прамаўляў да Яго.
Натоўп жа, які стаяў і чуў гэта, казаў: «Гэта гром». Іншыя казалі: «Анёл гаварыў з Ім».
Адказаў Ісус і сказаў: ня дзе́ля Мяне быў гэты Голас, але дзеля вас.
Адказваючы, Езус сказаў: «Не дзеля Мяне быў гэты голас, але дзеля вас.
Цяпер суд сьвету гэтаму; цяпер князь гэтага сьвету выгнаны будзе вон.
Цяпер адбываецца суд над гэтым светам; цяпер князь гэтага свету будзе выкінуты вон.
І Я, як буду падняты зь зямлі, усіх прываблю да Сябе.
І Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе».
Гэтае ж гаварыў Ён, паказуючы, якою сьмерцяй меўся Ён памерці.
Казаў жа Ён гэта, прадказваючы, якою смерцю меў памерці.
Людзі адказалі Яму: мы пачулі з Закону, што Хрыстос жыве вечна; і як Ты кажаш, што мусіць быць падняты Сын Чалавечы? Хто ёсьць Ён, Сын Чалавечы?
Натоўп спытаўся ў Яго: «Мы чулі з Закону, што Месія трывае навекі. Дык чаму Ты кажаш, што павінен быць узвышаны Сын Чалавечы? Хто гэты Сын Чалавечы?»
Тады сказаў ім Ісус: яшчэ малы час Сьвятло ёсьць з вамі; хадзіце, пакуль маеце Сьвятло, каб ня праглыну́ла вас цемра; а хто ходзіць у цемры, (той) ня ве́дае, куды йдзе.
Тады Езус сказаў ім: «Яшчэ нядоўга будзе святло сярод вас. Хадзіце, пакуль маеце святло, каб цемра не агарнула вас. А хто ходзіць у цемры, не ведае, куды ідзе.
Пакуль маеце Сьвятло, верце ў Сьвятло, каб (вы) сынамі Сьвятла сталіся. Гэтае сказаў Ісус і, адыйшоўшы, укрыўся ад іх.
Пакуль маеце святло, верце ў святло, каб стаць дзецьмі святла». Сказаўшы гэта, Езус адышоў і ўкрыўся ад іх.
І (хоць) гэтулькі шмат Цудаў Ён зрабіў перад імі, (яны) ня ве́рылі ў Яго:
Хоць Ён учыніў перад імі столькі знакаў, яны не паверылі ў Яго,
каб было споўнена слова прарока Гісаі, якое (ён) сказаў: Госпадзе! хто паверыў вестцы нашай? і Рука Госпадава каму была адкрыта? (Гісая 53:1)
каб збылося слова, сказанае прарокам Ісаем: «Пане, хто паверыў пачутаму ад нас? Каму адкрылася плячо Пана?»
Дзеля таго ня маглí (яны) верыць, што яшчэ Гісая сказаў:
Таму не маглі верыць, бо, як сказаў яшчэ Ісая:
(народ гэты) (вершы 37−39) заплюшчыў вочы свае, і сэрца сваё абярнуў у ка́мень, каб ім ня ўбачыць вачыма, і ня зразумець сэрцам, і каб ім ня навярнуцца (да Мяне), і каб Я аздаравіў іх.
«Ён асляпіў вочы іх і зрабіў жорсткімі сэрцы іхнія, каб не бачылі вачыма і не разумелі сэрцам, і не навярнуліся, каб Я вылечыў іх».
Гэтае сказаў Гісая, калі ўбачыў Славу Ягоную і абвясьціў аб Ім.
Гэта сказаў Ісая, бо бачыў славу Яго і казаў пра Яго.
Аднак нават і з начальнікаў многія ўверылі ў Яго, але дзеля хварысэяў ня вызнавалí Яго, каб ня былí (яны) адлучаны ад сынагогі,
Аднак жа і са старэйшын шмат хто паверыў у Яго, але праз страх перад фарысеямі не прызнаваліся, каб не выключылі іх з сінагогі,
бо палюбілі балей славу людзкую, чымся Славу Боскую.
бо яны больш любілі чалавечую славу, чым славу Божую.
Ісус жа крычаў і сказаў: хто верыць у Мяне, ня ў Мяне́ верыць, але ў Таго, Хто паслаў Мяне.
Езус усклікнуў і сказаў: «Хто верыць у Мяне, не ў Мяне верыць, а ў таго, хто паслаў Мяне.
І хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.
І хто бачыць Мяне, бачыць таго, хто паслаў Мяне.
Я Сьвятло прыйшоў у сьвет, каб кожны, хто верыць у Мяне, ня застава́ўся ў цемры.
Я, святло, прыйшоў на свет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры.
І калі хто пачуе Мае Словы і ня паве́рыць, Я ня суджу́ яго, бо Я прыйшоў ня каб судзіць сьвет, але каб ратаваць сьвет.
І калі хто пачуе словы Мае і не захавае іх, Я не суджу яго. Бо Я прыйшоў не судзіць свет, а збавіць свет.
Хто адкідае Мяне і ня прыйма́е Слоў Маіх, мае Тое, Што судзіць яго: Слова, Якое Я сказаў, Яно будзе судзіць яго ў апошні дзень;
Хто пагарджае Мною і не прымае Маіх словаў, той мае сабе суддзю — слова, якое Я абвяшчаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень.
бо Я ня ад Сябе́ сказаў, але Бацька, Які паслаў Мяне, Ён даў Мне Загад, што казаць і што гаварыць.
Бо Я казаў не ад сябе, але Айцец, які паслаў Мяне, Ён даў Мне запаведзь, што казаць і што гаварыць.
І Я ведаю, што Прыказаньне Ягонае ёсьць Жыцьцё Вечнае. І вось запраўды Я кажу, як сказаў Мне Бацька, так кажу.
І Я ведаю, што запаведзь Ягоная — гэта жыццё вечнае. Таму тое, што Я кажу, кажу так, як сказаў Мне Айцец».