Дзеі 5 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

І нейкі мужчына, на імя Гана́ня разам са сваёй жонкай Сахвіраю, прадаў маёмасьць,
 
Адзін муж, на імя Ананія, з жонкай сваёй Сафіраю прадаў маемасьць сваю

і тайна прысвоіў з цаны зь ведама і сваёй жонкі і, прынёсшы нейкую частку паклаў да ног Апосталаў.
 
ды прыхаваў із цаны, з ве́дама жонкі сваёй, і, прыне́сшы не́йкую частку, палажыў к нагам Апосталаў.

Але Пётра сказаў: Гана́ня, чаму напоўніў шатан сэрца тваё, каб ты салгаў Духу Сьвятому і тайна прысвоіў з цаны за зямлю?
 
Але Пётр сказаў: Чаму напоўніў сатана сэрца тваё, каб ашукаці Духа Сьвятога ды прыхаваці із цаны за зямлю?

Тое, што ты меў, ці ж ня тваё было, і прада́нае ці ж ня ў тваёй уладзе было? Дзеля чаго паклаў ты гэты ўчынак у сэрца тваё? (Ты) салгаў ня людзям, але Богу.
 
Ці-ж не тваё было, што ты ме́ў, дый праданае ці-ж не ў твае́й моцы было? Дзеля чаго паклаў ты дзе́ла гэтае ў сэрцы сваім? Ты ашукаў не людзе́й, а Бога.

Пачуўшы ж словы гэтыя Гана́ня ўпаў бяз духу, і вялікі страх ахапіў усіх, хто чуў гэта.
 
Пачуўшы словы гэтыя, Ананія ўпаў бяз духу. І вялікі страх зьняў усіх, што чулі гэта.

І, устаўшы, дзяцюкі абярнулі яго і вынясшы пахавалі.
 
І дзяцюкі, устаўшы, узялі яго ды, вынесшы, пахаранілі.

І сталася: гадзіны праз тры пасьля (гэтага) прыйшла і жонка ягоная ня ведаючы, што здарылася.
 
Сталася-ж гадзіны це́раз тры пасьля гэтага, прыйшла й жана ягоная, ня ве́даючы, што́ зда́рылася.

А Пётра спытаў і яе: скажы мне, ці за столькі вы прада́лі зямлю? Яна сказала: так, за столькі.
 
І прамовіў да яе́ Пётр: Скажы мне́, ці за гэтулькі аддалі вы зямлю? Яна-ж сказала: Але́, за гэтулькі.

Дык Пётра сказаў да яе: дзеля чаго гэта змовіліся вы спакусіць Духа Госпада? Вось каля дзьвярэй ногі тых, што пахавалі мужа твайго; вынясуць і цябе.
 
Дык Пётр сказаў да яе́: Дзе́ля чаго змовіліся вы спакусіць Духа Гасподняга? Вось ля дзьве́раў стопы тых, што пахавалі мужа твайго; яны вынясуць і цябе́.

І (яна) раптам упала каля ног ягоных і сканала. І, увайшоўшы, юнакі знайшлі яе мёртвай і вынясшы пахавалі каля мужа ейнага.
 
Дык яна ўраз павалілася да ног ягоных і аддала душу. А дзяцюкі, што ўвайшлі, знайшлі яе́ няжывую ды, вынесшы, пахавалі ля мужа яе́.

І зьняў вялікі страх царкву і ўсіх, што чулі гэта.
 
І вялікі страх зьняў усю царкву дый усіх, што чулі аб гэтым.

І рукамі Апосталаў чыніліся многія знакі і цуды ў народзе. І ўсе былі аднадушна ў прыбудове Салямона.
 
Рукамі-ж Апосталаў рабілася многа знакоў ды цудаў у народзе (і былі аднадушныя ўсе ў се́нях Салямонавых,

І ніхто са староньніх ня адва́жваўся далучыцца да іх, а народ высака ставіўся да іх.
 
з рэшты-ж ніхто не адважа́ўся далучыцца да іх; ды народ іх вы́сака стаўляў, —

А вернікаў усё болей і болей далучалася да Госпада: мноства мужчынаў і жанчынаў,
 
і ўсё бале́й прыбывала ве́руючых у Госпада, множства мужчын ды жанчынаў);

так што на вуліцы выносілі хворых і клалі на пасьцелях і ложках, каб хоць цень Пётры, калі ён праходзіў, ацяніў каго зь іх.
 
дык выносілі хворых на вуліцы й клалі на пасьце́лях і ложках, каб пры праходзе Пятра хоць це́нь ягоны ацяніў каго з іх.

І зыхо́дзіліся ў Ярузалім з навако́льных местаў мноства людзей, нясучы хворых ды апанаваных нячыстымі духамі, і былі азда-раўляемы ўсе.
 
І зыходзілася ў Ерузалім з акалічных ме́стаў множства людзе́й, нясучы хворых ды апанаваных нячыстымі духамі, дый усе́ яны аздараўляліся.

І паўстаўшы архірэй і ўсе, што зь ім, з тагачаснай гарэзіі саддукеяў, напоўніліся зайздрасьцяй.
 
І, паўстаўшы, архірэй і ўсе́, што былі з ім, тагачасная гэрэзія Саддуке́йская, напоўніліся зайздрасьцяй

І накла́лі ру́кі свае на Апосталаў ды ўвязьнілі іх у вязьніцу грамадскую.
 
і палажылі рукі свае́ на Апосталаў ды пасадзілі іх у вязьніцу грамадзкую.

Ангел жа Госпада ноччу адчыніў дзьверы вязьніцы і, вывеўшы іх, сказаў:
 
І Ангел Гасподні ўначы адамкнуў дзьве́ры вязьніцы і, вывеўшы іх, сказаў:

ідзіце і, стаўшы, кажыце ў Сьвятыні народу ўсе словы гэтага (Вечнага) Жыцьця.
 
Ідзе́це ды, стаўшы, кажэце ў царкве́ да народу ўсе́ словы жыцьця гэтага.

Выслухаўшы ж яны нараніцы ўвайшлі ў Сьвятыню і навучалі. Архірэй і быўшыя зь ім прыйшоўшы склікалі сынэдрыён і ўсіх старэйшын сыноў Ізраэля ды паслалі ў вязьніцу прывесьці іх.
 
Пачуўшы гэта, яны ўвайшлі нараніцы ў храм і навучалі. Прыйшоўшы-ж архірэй і тыя, што з ім, склікалі сынэдрыон і ўсю старшызну сыноў Ізраілявых ды паслалі ў вязьніцу прывясьці іх.

Але слугі прыйшоўшы ня знайшлі іх у вязьніцы, і, вярнуўшыся аб’явілі,
 
Слугі-ж, прыйшоўшы, не знайшлі іх у вязьніцы і, вярнуўшыся, расказалі, мовячы:

кажучы: вязьніцу мы знайшлі замкнутую з усёй перасьцярогаю і варту якая стаяла каля дзьвярэй; але, адамкнуўшы, усярэдзіне нікога ня знайшлі.
 
Вязьніцу дык знайшлі мы замкнёную ве́льмі крэпка, і варта во́нках стаяла перад дзьвярыма; але, адамкнуўшы, ўсярэдзіне нікога не знайшлі.

Калі ж пачулі словы гэтыя, і сьвятар і начальнік варты Сьвятыні, і архірэі разгублена зьдзіўляліся што б гэта значыла.
 
Калі-ж пачулі словы тыя сьвяшчэньнік і начальнік ва́рты царкоўнае ды архірэі, дык сумляваліся аб іх, што-б гэта сталася?

А нехта, прыйшоўшы, данёс ім, кажучы: вось мужчыны, якіх вы ўвязьнілі ў цямніцу, знаходзяцца ў Сьвятыні, стоячы і навучаючы народ.
 
І не́хта, прыйшоўшы, расказаў ім, кажучы: Што вось мужы, якіх вы кінулі ў вязьніцу, стаяць у храме й навучаюць народ.

Тады начальнік варты пайшоў разам са служкамі ды прывёў іх бяз прымусу, бо баяліся народу, каб ня быць бы ім каменаванымі.
 
Тады пайшоў начальнік варты з слугамі ды прывёў іх, але бяз прымусу, бо баяліся народу, каб не ўкаменаваў іх.

І прывёўшы (іх), паставілі іх у сынэдрыёне; і спытаўся ў іх архірэй,
 
І, прывеўшы, паставілі іх перад радай; і запытаўся ў іх архірэй, кажучы:

кажучы: ці ня забаранілі (мы) вам строга, каб (вы) ня вучылі ў Імя Гэтае. І вось (вы) напоўнілі Ярузалім вучэньнем вашым і хочаце навесьці на нас Кроў Чалавека Гэтага?
 
Ці не забаранілі мы вам крэпка навучаць у імя гэтае? І вось вы напоўнілі Ерузалім навукай вашай ды хочаце ўзьвясьці на нас кроў чалаве́ка гэнага.

Адказаўшы ж Пётра і Апосталы сказалі: належыць слухацца больш Бога, чым людзей.
 
І, адказваючы, Пётр ды Апосталы сказалі: Больш трэба слухацца Бога, чым людзе́й.

Бог ба́цькаў нашых уваскрасіў Ісуса, Якога вы забілі, павесіўшы на дрэве.
 
Бог айцоў нашых падняў Ісуса, якога вы забілі, паве́сіўшы на дзе́раве.

Яго, Начальніка і Збавіцеля, Бог узьнёс Правіцай Сваёй, каб даць Ізраэлю пакаяньне і дараваньне грахоў.
 
Яго Бог правіцай сваёй узвысіў на Павадыра й Спаса, каб даць Ізраілю пакаяньне й адпушчэньне грахоў.

І мы ёсьць сьведкі Ягоныя — слоў гэтых, а таксама Дух Сьвяты, Якога даў Бог тым, што слухаюцца Яго.
 
І сьве́дкі Яго на словы гэтыя — мы і Дух Сьвяты, Якога Бог даў тым, што слухаюцца Яго.

А тыя пачуўшы (ажно) лопаліся ад злосьці ды рваліся, каб забіць іх.
 
Тыя-ж, слухаючы, ажно лопаліся ды ра́дзіліся, каб пазабіваць іх.

Устаўшы ж у сынэдрыёне адзін хварысэй на імя Гамаліэль, вучыцель Закону, паважаны ўсім народам, загадаў вывесьці Апосталаў вонкі на кароткі час.
 
Устаўшы-ж адзін у сынэдрыоне, фарысэй, на імя Гамаліэль, вучыцель закону, паважаны ўсім народам, загадаў на часіну вывясьці Апосталаў

Тады сказаў ім: мужчыны ізраэльцяны! разважце самі сабе пра людзей гэтых, што маеце рабіць.
 
ды сказаў ім: Мужы Ізраільскія, разважце з сабою аб людзях гэтых, што́ маеце зрабіць.

Бо нязадоўга да гэтых дзён паўстаў быў Тэўда, называючы сябе некім, да якога далучыліся мужчын лікам каля чатырохсот; ён быў забіты, і ўсе, што слухаліся яго, расьсеяліся і абярнуліся ў нішто.
 
Бо перад гэтымі днямі паўстаў быў Тэўда, кажучы, што ён ёсьць не́хта, і да яго прыстала на лік каля чатырохсот людзей; ён забіты, і ўсе́, што́ слухаліся яго, разыйшліся й абярнуліся ў нішто.

Пасьля яго ў дні перапісу паўстаў Юда галілеяц і пацягнуў за сабою даволі народу; і ён загінуў, і ўсе, што слухаліся яго, былі разагнаны.
 
Пасьля яго ў дні сьпісаваньня паўстаў Юда Галіле́янін ды пацягнуў за сабою даволі народу; дый той пагіб, і ўсе́, што слухаліся яго, рассыпаліся.

І зараз кажу вам: адступецеся ад людзей гэтых і пакіньце іх; бо калі ад людзей задума гэтая ці ўчынак гэты, то (гэта) будзе разбурана.
 
І цяпе́р кажу вам: пакіньце гэтых людзе́й і дайце ім волю; бо, калі ад людзе́й рада гэтая ці дзе́ла гэтае, дык змарне́е,

А калі яно ад Бога, (то вы) ня можаце разбурыць яго: і (сьцеражыцеся) каб вам ня стацца супраціўнікамі Богу.
 
а калі ад Бога, дык ня здолееце зьніштожыць яго, дый каб самі ня сталіся змагарамі проці Бога.

І (яны) былі перакананы ім; і, прыклікаўшы Апосталаў, (і) зьбіўшы, загадалі ім ня гаварыць пра Імя Ісуса і звольнілі іх.
 
Яны паслухаліся яго і, паклікаўшы Апосталаў, пабіўшы, загадалі не гаварыць аб імі Ісуса ды звольнілі іх.

І яны пайшлі радуючыся ад аблічча сынэдрыёнавага, што сталіся годнымі зьняважэньня за Імя Ягонае,
 
Тыя-ж пайшлі ад аблічча сынэдрыонавага, радыя, што сталіся годнымі зьняважэньня за імя Ягонае,

і кожны дзень у Сьвятыні ды па дамох ня пераставалі вучыць і абвяшчаць пра Ісуса Хрыста.
 
ды кожын дзе́нь у храме й дома ня кідалі навучаць і абвяшчаць пра Ісуса Хрыста.