Псалтыр 88 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Рeraklad V. Hadleuski

 
 

Песьня. Псальм. Сыноў Карэявых. Кіраўніку хору. Паводля Махалат леанот. Вучэньне Гэмана Езрагіта.
 

Ягова, Божа збаўленьня майго, удзень я галашу і ўначы перад Табою.
 

Хай узыйдзе перад Аблічча Тваё малітва мая. Нахілі Вуха Тваё да маленьня майго,
 

бо насыцілася лíхам душа мая, і жыцьцё маё наблізілася да апраметнай.
 

Я прылічаны да тых, якія зыходзяць у магілу, я стаўся як чалавек, які ня мае ўспамогі,
 

бу́дучы ня мёртвым упадоблены сьцятым, якія ляжаць у магіле, якіх Ты больш ня ўспаміна́еш, якія адкінутыя ад Рукі Тваёй.
 

Ты паклаў мяне ў найглыбейшую яму, у цемру, у глыбíні цемры.
 

Цяжка цяжарыць мяне лютасьць Твая, усімі хвалямі Тваімі Ты гняцеш мяне долу. — Зэля.
 

Ты аддалíў ад мяне маіх знаёмых, зрабіў мяне агідным для іх. Я ўвязьнены і ня магу выйсьці.
 

Высахла вока маё ад гароты. Цябе, Ягова, клічу я ўвесь дзень. Да Цябе працягваю я мае рукі.
 

Ці зробіш Ты цуд над нябожчыкамі? Ці ўстануць нябожчыкі і будуць Цябе вызнаваць (і славіць)?
 

Ці стане хто ў магіле распавядаць пра Тваю Міласэрнасьць, у абадоньне пра Тваю Вернасьць?
 

Ці будуць пазнаны ў цемры Цуды Твае і ў зямлі забыцьця Справядлівасьць Твая?
 

І я, Ягова, я клічу да Цябе, і зраньня малітва мая сустракае Цябе.
 

Чаму, Ягова, адкідаеш Ты душу маю, хаваеш Ты Аблічча Тваё ад мяне?
 

Прыгнечаны я і набліжаюся да сьмерці ад юнацтва. Я нясу жахі Твае, я ў роспачы.
 

Нада мной прайшлі гне́вы Твае. Жахі Твае зьнішчаюць мяне.
 

Яны ахінаюць мяне, як воды, увесь дзень. Яны разам акружаюць мяне.
 

Ты аддаліў ад мяне сябра і блізкага. Знаёмыя мае ў цемры.