Псалтыр 96 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Сьпявайце Ягове новую песьню, сьпявайце Ягове, уся зямля!
 

Сьпявайце Ягове. Багаслаўляйце Імя Ягонае. Абвяшчайце з дня ў дзень выратаваньне Ягонае.
 

Апавядайце між паганамі Славу Ягоную, сярод усіх народаў Ягоныя Цудоўныя Дзеі;
 

бо вялікі ёсьць Ягова і варты вялікага праслаўленьня; і варты багавейнасьці да страху больш за ўсіх багоў;
 

бо ўсе богі народаў ёсьць нішто, але Ягова стварыў нябёсы.
 

Веліч і Прыгажосьць перад Абліччам Ягоным, Магутнасьць і Раскоша ў Сьвятыні Ягонай.
 

Прыносьце ахвяры Ягове, (вы) плямёны народаў, прыносьце ў ахвяру Ягове славу і сілу.
 

Прыносьце ў ахвяру Ягове Славу Ягонага Імені. Прыносьце дар і ўваходзьце ў двары Ягоныя.
 

Пакланіцеся Ягове ў сьвятой урачыстасьці. Дрыжы перад Абліччам Ягоным уся зямля!
 

Кажыце сярод паганаў: «Ягова валадарыць, як Кароль!» Сапраўды, сусьвет цьвёрда ўгрунтаваны, ён ня пахісьнецца. Ён (Ягова) будзе судзіць народы па Праўдзе.
 

Хай весяляцца Нябёсы, і хай урачыста радуецца зямля. Хай моцна скажа мора і ўсё, што напаўняе яго.
 

Хай цешыцца поле і ўсё, што на ім. Тады хай узрадуюцца ўсе дрэвы ў лесе
 

перад Абліччам Яговы, бо Ён ідзе судзіць зямлю. Ён будзе судзіць сьвет у Справядлівасьці і народы паводля Сваёй Праўды.