Псалтыр 63 псалом

Псалтыр
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Псальм Давідавы. Калі ён быў у пустэльні юдэйскай.
 

Божа! Ты Бог мой. Я шукаю Цябе ад золку. Па Табе прагне душа мая. Па Табе ту́жыць цела маё ў зямлі пустой, высахлай і бязводнай.
 

У Сьвятыні я адкрыў Цябе, каб убачыць Сілу Тваю і Славу Тваю;
 

бо Міласэрнасьць Твая лепшая за жыцьцё. Вусны мае будуць славіць Цябе.
 

Я буду багаслаўляць Цябе ў жыцьці маім, буду ўзьнімаць ру́кі мае ў Імя Тваё.
 

Як ад шпíку і ту́ку будзе сытая душа́ мая. Я буду славіць Цябе ўрачыста радаснымі вуснамі,
 

калі я ўспамінаю Цябе на маім ложку у начных чуваньнях, я размышляю пра Цябе;
 

бо Ты — дапамога мая, і пад покрывам Крылаў Тваіх я буду ўрачыста ра́давацца.
 

Мая душа ту́ліцца да Цябе. Твая Правіца падтрымлівае мяне.
 

А тыя, што шукаюць душу́ маю, каб яе зьнішчыць, зыйдуць у апраметныя мейсцы зямлі.
 

Яны будуць аддадзены на адплату ме́чу. Яны стануць пажывай лíсаў.
 

А кароль будзе радавацца ў Богу. Будзе ўслаўлены кожны, хто Ім прысягае, бо зачынены будуць вусны тых, хто гаворыць ілжу.