Псалтыр 9 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Кіроўцу хору. Пасьля сьмерці Лабэна. Псальма Давідава.
[Алэф] Славіць буду Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, абвяшчаць пра ўсе цуды Твае,
я буду радавацца, весяліцца, імя Тваё апяваць, Усявышні.
[Бэт] Як павернуць назад мае ворагі, — спатыкнуцца й загінуць прад абліччам Тваім,
бо Ты вёў мой суд і маю цяжбіну; Ты сеў на троне, Судзьдзя справядлівы.
[Гімэл] Ты абурыўся на народы, бязбожнага зьнішчыў, сьцёр іх імёны навечна.
[Далэт] У ворага зброі ня стала зусім, і гарады Ты разбурыў; загінула зь імі памяць пра іх.
[Гэ] А Гасподзь жыве вечна; Ён трон Свой на суд падрыхтаваў,
і Ён будзе судзіць сьвет па праўдзе, па справядлівасьці суд над народамі ўчыніць.
[Вав] І будзе Гасподзь прытулкам прыгнечанаму, прытулкам у скрушлівы час;
І спадзявацьмуцца на Цябе тыя, што ведаюць імя Тваё, бо Ты не пакідаеш тых, што шукаюць Цябе, Госпадзе.
Сьпявайце Госпаду, Які жыве на Сіёне, абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя,
бо Ён спаганяе за кроў; памятае іх, не забывае енку прыгнечаных.
[Хэт] Умілажалься зь мяне, Госпадзе; глянь на цярпеньні мае ад ненавісьнікаў маіх, — Ты, Які ўзносіш мяне над брамаю сьмерці,
каб я абвяшчаў усю славу Тваю ў браме дачкі Сіёна: буду радавацца з майго ратаваньня Табою.
[Тэт] Народы пападалі ў яму, якую выкапалі; у сетку, якую схавалі яны, ублыталі ногі свае.
Гасподзь быў спазнаны праз суд, які Ён учыніў; бязбожнік злоўлены дзеямі рук сваіх.
[Ёд] Хай шыбуюць бязбожнікі ў пекла, — усе народы, што забываюць Бога,
[Каф] бо не назаўсёды забудзецца ўбогі, і надзея ўбогіх не назаўсёды загіне.
Паўстань, Госпадзе, хай чалавек не адужае, хай народы судзяцца прад абліччам Тваім.
Навядзі, Госпадзе, страху на іх; хай знаюць народы, што людзі яны.
[Ламэд] Навошта, Госпадзе, зводдаль стаіш, хаваеш Сябе ў часе скрухі?
Бязбожны з пагарды сваёй перасьледуе беднага; хай схоплены будуць яны хітрынамі, якія намысьлілі самі.
[Мэм] Бязбожны бо хваліцца пажадай душы сваёй; а карысьлівец сам сабе дагаджае.
[Нун] Пыхліва бязбожнік пагарджае Богам; «не спагоніць»; ва ўсіх думках ягоных: няма Бога!
[Аін] У кожным часе шляхі ягоныя згубныя; суды Твае далёкія ад яго; на ўсіх ворагаў сваіх ён глядзіць грэбліва;
і кажа ў сэрцы сваім: «не пахіснуся; і ніколі мяне не спадобіць ліха».
[Пэ] Вусны ягоныя поўныя праклёну, хітрасьці, крыўды; пад языком у яго пакуты і згуба.
[Цадэ] Сядзіць у засадзе ў задвор’і, у патайных мясьцінах забівае невінаватага; вочы ягоныя цікуюць за бедным;
у патайнай мясьціне пільнуе, нібы ў логвішчы леў; пільнуе ў засадзе, каб схапіць беднага; хапае беднага, цягне ў сеткі свае,
згінаецца, прыпадае, — і бедныя падаюць у моцныя кіпці ягоныя;
кажа ў сэрцы сваім: «забыў Бог, засланіў Свой твар, ня ўбачыць ніколі».
[Каф] Паўстань, Госпадзе Божа, падай руку Тваю, не забудзь прыгнечаных.
Навошта бязбожнік грэбуе Богам, кажучы ў сэрцы сваім: «Ты не спагоніш?»
[Рэш] Ты бачыш; бо Ты глядзіш на крыўды і ўціскі, каб аддаць Тваёю рукою. Табе аддае сябе бедны; сіраце Ты памочнік.
[Шын] Зламай мышцу бязбожнаму і ліхому, каб шукаць і не знайсьці ягонага грэху.
Гасподзь — цар навечна, назаўсёды; зьнікнуць язычнікі зь зямлі Ягонай.
[Тав] Госпадзе! Ты чуеш жаданьні лагодных, умацуй сэрца ім; адкрый вуха Тваё,
каб даць суд сіраце і прыгнечанаму, хай не палохае больш чалавек на зямлі.