Якава 5 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Паслухайце вы, багатыя: плачце і галасеце над вашымі злыбедамі, якія на вас.
Паслухайце цяпер вы, багатыя! Галасіце і плачце дзеля няшчасьцяў вашых, якія прыходзяць!
Багацьце ваша спрахла, і вопратку вашу патачыла моль.
Багацьце вашае згніло, і шаты вашыя моль стачыла.
Золата ваша і срэбра паржавела, і ржа іхняя засьведчыць супраць вас і зьесьць плоць вашу, як вагонь: вы назапасілі сабе скарб на астатнія дні.
Золата вашае і срэбра паржавела, і іржа іхняя сьведчыць супраць вас і зьесьць цела вашае, як агонь. Вы сабралі сабе скарб на апошнія дні.
Вось плата, якую вы затрымалі ў працаўнікоў, што жалі палеткі вашыя, лямантуе, і лямант жняцоў дайшоў да вуха Госпада Саваофа.
Вось плата, якой вы пазбавілі работнікаў, што пажалі палі́ вашыя, кліча, і лямант жняцоў дайшоў да вушэй Госпада Магуцьцяў.
Вы раскашавалі на зямлі і асалодамі цешыліся; упасьвілі вашыя сэрцы, як бы на дзень заколу.
Вы мелі раскошу на зямлі і жылі ў распусьце; вы насыцілі сэрцы вашыя, быццам на дзень, калі будзеце на зарэз.
Вы засудзілі, забілі Праведніка: Ён не супрацівіўся вам.
Вы асудзілі, забілі Праведнага; Ён не супрацьстаў вам.
Дык вось, браты, будзьце доўгацярплівыя, да прышэсьця Гасподняга. Вось, араты чакае каштоўнага плоду зямлі і дзеля яго церпіць доўга, пакуль атрымае дождж раньні і позьні.
Дык будзьце доўгацярплівымі, браты, да прыйсьця Госпада. Вось, земляроб чакае каштоўнага плоду зямлі, і дзеля яго доўгацярплівы, аж пакуль атрымае дождж раньні і позьні.
Доўгацярпеце і вы, умацуйце сэрцы вашыя, бо прышэсьце Гасподняе блізіцца.
Будзьце доўгацярплівымі і вы, умацуйце сэрцы вашыя, бо прыйсьце Госпада набліжаецца.
Не наракайце, браты, адзін на аднаго, каб не асудзілі вас: вось, Судзьдзя стаіць каля дзьвярэй.
Не наракайце, браты мае́, адзін на аднаго, каб ня быць асуджанымі. Вось, Судзьдзя стаіць перад дзьвярыма.
Вазьмеце, браты мае, за прыклад ліхія пакуты і доўгацярпеньні продкаў, што прамаўлялі імем Гасподнім.
За прыклад злы́бедаў і доўгацярплівасьці вазьміце, браты мае́, прарокаў, якія гаварылі ў імя Госпада.
Вось, мы дагаджаем тым, што цярпелі. Вы чулі пра цярпеньні Ёва і бачылі канец ягоны ад Госпада, бо Гасподзь вельмі міласэрны і спагадлівы.
Вось, мы шчасьлівымі называем тых, якія вы́трывалі. Вы чулі пра цярплівасьць Ёва і ведаеце канец [яго] ад Госпада, бо Госпад вельмі спагадлівы і міласэрны.
А найперш, браты мае, не прысягайце ні небам, ні зямлёю, ані якою іншаю кляцьбою; а хай будзе ў вас: так-так і не-не, каб вам не падупасьці асудзе.
Дык перш за ўсё, браты мае́, не прысягайцеся ані небам, ані зямлёю, ані якою другою прыся́гаю, але няхай будзе ў вас «Так, так» і «Не, не», каб вам не папасьці пад суд.
Ці ліха пакутуе каторы з вас? хай моліцца. Ці вясёлы хто? хай сьпявае псальмы.
Ма́е цяжкасьці нехта з вас? Няхай моліцца. Бадзёры хто? Няхай псальмы сьпявае.
Ці занядужаў хто з вас? хай пакліча прасьвітэраў царквы, і хай памоляцца над ім, памазаўшы яго алеем у імя Гасподняе,
Захварэў хто з вас? Няхай пакліча старостаў царквы, і няхай тыя памоляцца над ім, памазаўшы яго алеем у імя Госпада,
і малітва веры ацаленьне дасьць хвораму, і падыме яго Гасподзь; і калі ён учыніў грахі, даруюцца яму.
і малітва веры збавіць нямоглага, і Госпад падыме яго; і калі ён грахі ўчыніў, будзе адпушчана яму.
Прызнавайцеся адзін аднаму ў правінах і малецеся адзін за аднаго, каб ачуняць: на многае здольная шчырая малітва праведніка.
Вызнавайце адзін аднаму грахі і маліцеся адзін за аднаго, каб быць аздароўленымі. Шмат можа дзейсная просьба праведніка!
Ільля быў чалавек падобны на вас, і малітваю памаліўся, каб ня было дажджу: і ня падаў дождж на зямлю тры гады і шэсьць месяцаў;
Ільля быў чалавек, падобны да нас, і малітваю памаліўся, каб не ішоў дождж, і не ішоў дождж на зямлю тры гады і шэсьць месяцаў.
і зноў памаліўся: і неба дало дождж, і зямля ўрадзіла плод свой.
І ізноў памаліўся, і неба дало дождж, і зямля ўзрасьціла плод свой.
Браты! калі хто з вас ухіліцца ад праўды, і наверне хто яго,
Браты, калі хто з вас ухіліўся ад праўды, і нехта наверне яго,
хай той ведае, што, хто грэшніка навярнуў з аблуднай дарогі ягонай, той уратуе душу ад сьмерці і пакрые мноства грахоў.
няхай ведае, што той, які навярнуў грэшніка з памылковага шляху ягонага, збавіць душу́ ад сьмерці і прыкрые мноства грахоў.