Да Галятаў 2 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Потым, праз чатырнаццаць гадоў, зноў хадзіў я ў Ерусалім з Варнавам, узяўшы з сабою і Ціта.
 
Пасьля, праз чатырнаццаць гадоў, хадзіў я ізноў у Ерусалім з Барнабам, узяўшы з сабою і Ціта.

А хадзіў паводле адкрыцьця і абвясьціў там, і асобна самым пашаноўным, Дабравесьце, якое я прапаведую язычнікам: ці ня марна я дзею альбо дзеяў.
 
Хадзіў жа я паводле адкрыцьця́ і прадставіў ім, асабліва тым, якія лічацца [галоўнымі], Эва́нгельле, якое абвяшчаю сярод паганаў, ці не надарма́ бягу або бег?

Але яны і Ціта, які быў са мною, хоць і Эліна, ня прымушалі абразацца.
 
Але і Ціт, які быў са мною, які быў Грэк, ня быў зму́шаны абрэзацца.

А што да аблудных ілжэбратоў, якія пракраліся да нас падгледзець нашую свабоду, якую мы маем у Хрысьце Ісусе, каб паняволіць нас,
 
Фальшывым жа братам, якія паўкрадаліся і прыйшлі падгледзець нашую свабоду, якую мы маем у Хрысьце Ісусе, каб зьняволіць нас,

дык мы ні на хвіліну не паступіліся і не ўпакорыліся ім, каб ісьціна зьвеставаньня захавалася чыстаю ў вас.
 
мы ні на гадзіну не паддаліся і не падпарадкаваліся, каб праўда Эва́нгельля захавалася ў вас.

І ў знакамітых праз што-небудзь, якія б яны ні былі калі-небудзь, для мяне няма нічога асаблівага: Бог не зважае на аблічча чалавека. І знакамітыя не дадалі мне больш анічога;
 
А тыя, якія лічацца [галоўнымі], (хоць якія яны былі некалі, для мяне няма розьніцы, [бо] Бог не зважае на аблічча чалавека), тыя, якія лічацца [галоўнымі], мне нічога не пярэчылі,

наадварот, што мне даверана зьвеставаньне неабрэзаным, як Пятру абрэзаным,
 
але наадварот, убачыўшы, што мне даверана Эва́нгельле [для] неабрэзаных, як Пятру — [для] абрэзаных,

бо Той, Хто спрыяў Пятру ў апостальстве сярод абрэзаных, спрыяў і мне сярод язычнікаў, —
 
бо Той, Які дзейнічаў праз Пятра ў апостальстве ў абрэзаных, дзейнічаў і праз мяне між паганамі,

і даведаўшыся пра мілату, дадзеную мне, Якаў і Кіфа і Ян, якія былі ўважаныя за стаўпоў, падалі мне і Варнаву руку лучнасьці, каб нам ісьці да язычнікаў, а ім да абрэзаных,
 
і пазнаўшы ласку, якая дадзена мне, Якуб, і Кіфа, і Ян, якія лічацца слупамі, далі мне і Барнабу правіцу супольнасьці, каб мы [ішлі] да паганаў, а яны — да абрэзаных,

толькі каб мы памяталі ўбогіх, што і намагаўся я выканаць дакладна.
 
толькі каб мы памяталі пра ўбогіх, што я гэтаксама і намагаўся рабіць.

Калі ж Пётр прыйшоў у Антыахію, дык я адкрыта выступіў супроць яго, бо ён заслужыў дакораў.
 
Калі ж Пётар прыйшоў у Антыёхію, я асабіста супрацьстаў яму, таму што [варта] было га́ніць [яго].

Бо да прыходу некаторых ад Якава, еў разам зь язычнікамі; а калі тыя прыйшлі, пачаў таіцца і ўхіляцца, апасаючыся абрэзаных.
 
Бо перад тым, як прыйшлі некаторыя ад Якуба, ён еў разам з паганамі; а калі яны прыйшлі, ухіляўся і аддзяляўся, баючыся абрэзаных.

Разам зь ім крывадушнічалі і іншыя Юдэі, так што нават Варнава быў змушчаны іхняй крывадушнасьцю.
 
І з ім крывадушнічалі іншыя Юдэі, так што нават Барнаба быў захоплены іхняй крывадушнасьцю.

Але калі я ўбачыў, што яны ня проста дзеюць паводле ісьціны Дабравесьця, сказаў Пятру пры ўсіх: калі ты як Юдэй жывеш па-язычніцку, а не па-Юдэйску, дык навошта язычнікаў змушаеш жыць па-Юдэйску?
 
Але калі я ўбачыў, што яны ня ходзяць проста паводле праўды Эва́нгельскай, я сказаў Пятру пры ўсіх: «Калі ты, будучы Юдэем, жывеш па-паганску, а не па-юдэйску, чаму паганаў змушаеш жыць па-юдэйску?»

Мы з прыроды Юдэі, а не зь язычнікаў грэшнікі;
 
Мы паводле прыроды Юдэі, а не з паганаў грэшнікі,

аднак жа, даведаўшыся, што чалавек апраўдваецца ня дзеямі закона, а толькі вераю ў Ісуса Хрыста, і мы ўверавалі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца вераю ў Хрыста, а ня дзеямі закона; бо дзеямі закона не апраўдваецца ніякая плоць.
 
ведаючы, што чалавек апраўдваецца не праз учынкі Закону, а толькі праз веру ў Ісуса Хрыста, і мы паверылі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца праз веру ў Хрыста, а не праз учынкі Закону, бо праз учынкі Закону ня будзе апраўданае ніводнае цела.

Калі ж, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце, мы і самі сталіся грэшнікамі, — дык няўжо ж Хрыстос ёсьць служка грэху? Аніяк!
 
А калі, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце, мы самі аказаліся грэшнікамі, дык ці Хрыстос — служыцель грэху? Няхай ня станецца!

Бо калі я зноў будую, што быў разбурыў, дык сам сябе раблю злачынцам.
 
Бо калі я зноў будую тое, што зруйнаваў, сам сябе зьяўляю парушальнікам.

Праз закон я памёр для закона, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваўся з Хрыстом,
 
Бо праз Закон я памёр для Закону, каб жыць для Бога.

і ўжо ня я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, дык жыву вераю ў Сына Божага, Які палюбіў мяне і аддаў Сябе за мяне.
 
Я ўкрыжаваны з Хрыстом, і ўжо ня я жыву, але жыве ў-ва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, жыву праз веру ў Сына Божага, Які палюбіў мяне і выдаў Сябе за мяне.

Не адкідаю мілаты Божай. А калі праведнасьць дасягаецца праз закон, дык Хрыстос марна памёр.
 
Не адкідаю ласкі Божае. Бо калі праз Закон праведнасьць, дык Хрыстос надарма́ памёр.