Да Галятаў 4 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Яшчэ скажу: спадкаемец, пакуль у маленстве, нічым не адрозьніваецца ад раба, хоць і гаспадар усяго:
Кажу вось: увесь час, пакуль спадкаемца — немаўля, ён нічым ня лепшы за слугу, хоць ён пан усяго,
ён пад апекунамі і кіраўнікамі аж да часу вызначанага бацькам.
але ён пад наглядчыкамі і аканомамі аж да вызначанага ба́цькам часу.
Гэтак і мы, пакуль былі ў маленстве, былі паняволеныя рэчавым пачаткам сьвету;
Гэтак і мы, калі былі немаўлятамі, былі паняволеныя стыхіям сьвету.
але калі споўніўся час, Бог паслаў Сына Свайго (Адзінароднага), Які нарадзіўся ад жанчыны і хадзіў пад законам,
А калі прыйшла поўня часу, Бог паслаў Сына Свайго, Які быў з жанчыны і быў пад Законам,
каб адкупіць падзаконных, каб нам атрымаць усынаўленьне.
каб адкупі́ць тых, якія пад Законам, каб нам атрымаць усынаўленьне.
А як што вы — сыны, дык Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, Які ўсклікае: «Абба, Войча!»
А як вы — сыны, Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, Які кліча: «Абба́, Ойча!»
Таму ты ўжо ня раб, а сын; а калі сын, дык і спадкаемец Божы празь Ісуса Хрыста.
Так што ты ўжо не слуга, але сын; а калі сын, дык і спадкаемца Бога праз Хрыста.
Але тады, ня ведаючы Бога, вы служылі божышчам, якія па сутнасьці не багі;
Але тады, ня ведаючы Бога, вы служылі тым, якія паводле прыроды ня ёсьць богі.
а сёньня, уведаўшы Бога, альбо лепей, атрымаўшы пазнаньне ад Бога, навошта вяртаецеся зноў да бясьсілых і ўбогіх матар’яльных пачаткаў, і хочаце яшчэ зноў падняволіцца ім?
Цяпер жа, пазнаўшы Бога, а больш пазнаныя Богам, як вы вяртаецеся ізноў да нядужых і ўбогіх стыхіяў, якім зноў хочаце служы́ць нанова?
Вы пільна зважаеце на дні, месяцы, поры і гады.
Вы сочыце за днямі, і месяцамі, і порамі, і гадамі.
Баюся за вас, ці ня марна я працаваў у вас.
Баюся за вас, ці не надарма́ я працаваў у вас.
Прашу вас, браты, будзьце, як я, таму што і я, як вы. Вы нічым не пакрыўдзілі мяне:
Прашу вас, браты, будзьце, як і я, бо і я, як вы. Вы нічым ня скрыўдзілі мяне.
ведаеце, што, хоць я ў нядужай плоці зьвеставаў вам першы раз,
А вы ведаеце, што я ў нядужасьці цела дабравесьціў вам раней,
але вы не пагардзілі спакушэньня майго ў плоці маёй і не пагрэбавалі мною, а прынялі мяне, як анёла Божага, як Хрыста Ісуса.
і вы не пага́рдзілі спакусай маёй, якая ў целе маім, і не адапхнулі, але прынялі мяне, як анёла Божага, як Хрыста Ісуса.
Якія вы былі дабрашчасныя! Сьведчу пра вас, што, калі б можна было, вы б вырвалі вочы свае і аддалі мне.
Дык якое было шчасьце вашае! Бо сьведчу вам, што калі б было магчыма, вырваўшы вочы вашыя, вы далі б мне.
І вось, няўжо я стаўся ворагам вашым, кажучы вам праўду?
Дык ці ж я стаўся ворагам вашым, кажучы вам праўду?
Рупяцца за вас нячыста, і хочуць вас адвярнуць, каб вы рупіліся пра іх.
Рупяцца пра вас нядобра, але хочуць аддзяліць вас [ад нас], каб вы рупіліся пра іх.
Добра рупіцца ў добрым заўсёды, а не ў маёй толькі прысутнасьці ў вас.
А добра рупіцца пра добрае заўсёды, а ня толькі, калі я прысутны ў вас,
Дзеці мае! я зноў дзеля вас у пакутах народзінаў, пакуль вобраз Хрыста ня выявіцца ў вас.
дзеткі мае, якімі ізноў му́чуся ў радзі́нах, пакуль не ўкшталтуецца ў вас Хрыстос.
Хацеў бы я цяпер быць у вас і зьмяніць голас мой, бо я ў недаўменьні пра вас.
Хацеў бы я цяпер быць прысутным у вас і зьмяніць голас мой, бо я зьбянтэжаны вамі.
Скажэце мне вы, хто хоча быць пад законам: хіба вы ня слухаецеся закона?
Скажыце мне вы, якія хочаце быць пад Законам: ці ж вы ня слухаеце Закону?
Бо напісана: «Абрагам меў двух сыноў, аднаго ад рабыні, а другога ад вольнай».
Бо напісана, што Абрагам меў двух сыноў: аднаго ад служкі і аднаго ад свабоднай.
Але які рабыніч, той народжаны па плоці; а які ад вольнай, той па абяцаньні.
Але той, які ад служкі, народжаны паводле цела, а той, які ад свабоднай, — праз абяцаньне.
У гэтым ёсьць іншы сэнс. Гэта два запаветы: адзін ад гары Сінайскай, які родзіць на рабства, які ёсьць Агар,
Гэта ёсьць алегорыя. Бо гэта два запаветы: адзін — ад гары Сынай, які нараджае на няволю, які ёсьць Агар,
бо Агар азначае гару Сінай у Аравіі і адпавядае цяперашняму Ерусаліму, бо ён зь дзецьмі сваімі ў рабстве;
бо Агар ёсьць гара Сынай у Арабіі і адпавядае цяперашняму Ерусаліму, які ў няволі з дзецьмі сваімі;
а вышэйшы Ерусалім вольны: Ён — маці ўсім нам.
а Ерусалім, які ўверсе, — свабодны, ён ёсьць маці ўсім нам.
Бо напісана: «узьвесяліся, няплодная, ты, што ня родзіш; усклікні і гукні, ты, што ня мучылася ў родах; бо ў пакінутай куды болей дзяцей, чым у той, што мае мужа».
Бо напісана: «Узьвесяліся, няплодная, якая не нараджала; загука́й і закрычы, якая ня мучылася ў радзі́нах, бо шмат дзяцей у самотнай, больш, чым у той, якая мае мужа».
Мы, браты, дзеці абяцаньня, як Ісаак.
А мы, браты, паводле Ісаака — дзеці абяцаньня.
Але як тады народжаны ад плоці гнаў таго, хто ад Духа, так і сёньня.
Але як тады той, які быў народжаны паводле цела, перасьледаваў таго, які паводле духа, гэтак і цяпер.
Што ж кажа Пісаньне? «Выгані рабыню і сына яе, бо сын рабыніч не спадчыньніць разам з сынам вольнае».
Але што кажа Пісаньне? «Вы́жані служку і сына ейнага, бо сын служкі ня будзе спадкаемцам разам з сы́нам свабоднай».
Таму, браты, мы дзеці не рабыні, а вольнай.
Дык вось, браты, мы — дзеці ня служкі, але свабоднай.