1 летапісаў 21 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І паўстаў сатана на Ізраіля, і падбіў Давіда зрабіць пералік Ізраільцянаў.
 
Ды паўстаў шатан супраць Ізраэля і заахвоціў Давіда палічыць Ізраэль.

І сказаў Давід Ёаву і начальнікам у народзе: ідзеце пералічэце Ізраільцянаў, ад Вірсавіі да Дана і прадстаўце мне, каб я ведаў лік іх.
 
І загадаў Давід Ёабу і князям народа: «Ідзіце і палічыце Ізраэль ад Бээр-Сэбы аж па Дан ды прадстаўце мне лік, каб я ведаў».

І сказаў Ёаў: хай памножыць Гасподзь народ Свой у сто разоў да таго, колькі ёсьць яго. Ці ня ўсе яны, спадару мой цар, рабы гаспадара майго? Навошта ж патрабуе гэтага гаспадар мой? Каб залічылася гэта ў віну Ізраілю?
 
І Ёаб адказаў: «Хай павялічыць Госпад народ свой у сто разоў, чым цяпер. Ці ж, гаспадару мой, цар, не ўсе паслугачы твае? Чаму гаспадар мой дамагаецца таго, што будзе прызнана як грэх для Ізраэля?»

Але царскае слова пераважыла Ёава. І пайшоў Ёаў і абышоў усяго Ізраіля, і прыйшоў у Ерусалім.
 
Але загад цара больш значыў; дык пайшоў Ёаб, і абышоў увесь Ізраэль, ды вярнуўся ў Ерузалім.

І падаў Ёаў Давіду сьпіс народнага перапісу, і было ўсіх Ізраільцянаў тысяча тысяч, і сто тысяч мужоў, якія агаляюць меч, і Юдэяў — чатырыста семдзесят тысяч, якія агаляюць меч.
 
Затым падаў Давіду лічбу перапісанага насельніцтва, і ўвесь Ізраэль налічыў мільён і сто тысяч мужчын, што могуць трымаць меч; а ў Юдзе — чатырыста семдзесят тысяч мужчын ваяроў;

А лявітаў і Веньямінянаў ён ня лічыў сярод іх, бо царскае слова было агіднае Ёаву.
 
бо пакалення Леві і Бэньяміна Ёаб не палічыў разам з імі, таму што загад цара ён выконваў пад прымусам.

І незаўгодная была ў вачах Божых дзея гэтая. І Ён пабіў Ізраіля.
 
Не падабаўся Богу гэты загад, і Ён пакараў Ізраэль.

І сказаў Давід Богу: вельмі зграшыў я, што зрабіў гэта. І цяпер даруй віну раба Твайго, бо я ўчыніў вельмі неразумна.
 
І прызнаўся Давід Богу: «Надта я зграшыў тым, што я зрабіў; малю, адпусці правіннасць паслугача Свайго, бо надта неразумна паступіў».

І гаварыў Гасподзь Гаду празорліўцу, Давідаваму, і сказаў:
 
І загадаў Госпад Гаду Празарліўцу сказаць Давіду:

ідзі і скажы Давіду: так кажа Гасподзь: тры кары я прапаную табе, выберы сабе адну зь іх, — і Я пашлю яе на цябе.
 
«Ідзі і скажы Давіду вось што: “Гэта кажа Госпад: “Тры пакаранні Я кладу табе; выберы адно, што пажадаеш, каб гэта Я зрабіў табе”».

І прыйшоў Гад да Давіда, і сказаў яму: так кажа Гасподзь: выбірай сабе:
 
І калі Гад прыбыў да Давіда, сказаў яму: «Гэта кажа Госпад: “Выберы, што хочаш:

альбо тры гады — голад, альбо тры месяцы будуць цябе перасьледаваць ворагі твае і меч ворагаў тваіх будзе даставаць да цябе; альбо тры дні — меч Гасподні і пошасьць на зямлі і анёл Гасподні зьнішчальны ва ўсіх межах Ізраіля. Дык вось, разгледзь, што мне адказваць Таму, Хто паслаў мяне са словам.
 
або тры гады голаду, або тры месяцы будзеш бегчы ты ад непрыяцеляў тваіх і не зможаш выратавацца ад меча іх, або тры дні меч Госпадаў і пошасць будзе панаваць на зямлі ды анёл Госпадаў будзе забіваць ва ўсіх граніцах Ізраэля. Дык цяпер глядзі, што маю адказаць Таму, Хто паслаў мяне”».

І сказаў Давід Гаду: цяжка мне вельмі, але хай лепш упаду ў рукі Госпада, бо вельмі вялікая мілажальнасьць Ягоная, толькі б ня ўпасьці мне ў рукі чалавечыя.
 
Ды сказаў Давід Гаду: «Адусюль сціскаюць мяне беды, але лепш мне трапіць у рукі Госпада, бо Ён вельмі міласэрны, чым трапіць у рукі людзей».

І паслаў Гасподзь пошасьць на Ізраіля і памерла Ізраільцянаў семдзесят тысяч чалавек.
 
Дык паслаў Госпад пошасць на Ізраэль, і пала ў Ізраэлі семдзесят тысяч людзей.

І паслаў Бог анёла ў Ерусалім, каб вынішчаць яго. І калі ён пачаў вынішчаць, убачыў Гасподзь і пашкадаваў за гэта бедства, і сказаў анёлу-зьнішчальніку: годзе, цяпер апусьці руку тваю. А анёл Гасподні стаяў тады над гумном Орны Евусэяніна.
 
Паслаў таксама Бог анёла ў Ерузалім, каб паразіць яго. І калі ён нішчыў, глянуў Госпад і злітаваўся дзеля вялікага няшчасця, ды загадаў анёлу нішчыцелю: «Хопіць, спыні ўжо руку сваю». Затым анёл Госпадаў стаў каля току Арнана Евусея.

І падняў Давід вочы свае, і ўбачыў анёла Гасподняга, які стаяў паміж зямлёю і небам, з аголеным у руцэ ягонай мечам, працягнутым на Ерусалім; і ўпаў Давід і старэйшыны, пакрытыя вярэтай, на абліччы свае.
 
І Давід, падняўшы вочы свае, убачыў анёла Госпадава, які стаяў між зямлёй і небам, і ў руцэ яго быў меч, выцягнуты над Ерузалімам; Давід тады, і старэйшыны, апранутыя ў зрэбніцы, упалі ніц на зямлю.

І сказаў Давід Богу: ці ж ня я загадаў палічыць народ? я зграшыў, я ўчыніў ліха, а гэтыя авечкі што зрабілі? Госпадзе, Божа мой, хай будзе рука Твая на мне і на доме бацькі майго, а не на народзе Тваім, каб загубіць яго.
 
І сказаў Давід Богу: «Ці ж не я той, хто загадаў палічыць народ? Гэта я зграшыў, гэта я дапусціўся ліха, а што зрабіў гэты статак? Госпадзе, Божа мой, малю, хай Твая рука абернецца на мяне і на дом бацькі майго; а хай народ Твой не будзе пакараны».

І анёл Гасподні сказаў Гаду, каб той сказаў Давіду: хай Давід прыйдзе і паставіць ахвярнік Госпаду на гумне Орны Евусэяніна.
 
Анёл жа Госпадаў загадаў Гаду сказаць Давіду, каб пайшоў і пабудаваў ахвярнік Госпаду на таку Арнана Евусея.

І пайшоў Давід, па слове Гада, якое ён казаў ад імя Госпада.
 
Дык пайшоў Давід па слове Гада, які гаварыў у імя Госпада.

Орна абярнуўся, убачыў анёла, і чатыры сыны яго зь ім зьніклі. Орна малаціў тады пшаніцу.
 
Затым Арнан, азірнуўшыся, убачыў анёла, і чатыры сыны яго схаваліся з ім; бо ён у гэты час малаціў на таку пшаніцу.

І прыйшоў Давід да Орны. Орна зірнуў, і ўбачыўшы Давіда, выйшаў з гумна, і пакланіўся Давіду тварам да зямлі.
 
Такім чынам, калі Давід прыйшоў да Арнана, убачыў яго Арнан, і выйшаў яму насустрач ад тока, і пакланіўся яму, упаўшы ніц на зямлю.

І сказаў Давід Орну: аддай мне месца пад гумном, я пабудую на ім ахвярнік Госпаду; за сапраўдную цану аддай мне яго, каб спынілася вынішчэньне народу.
 
І сказаў яму Давід: «Адпусці мне месца тока твайго, каб я пабудаваў на ім ахвярнік Госпаду, так што, колькі будзе каштаваць, атрымаеш срэбра, і хай спыніцца кара народа».

І сказаў Орна Давіду: вазьмі сабе; хай робіць гаспадар мой цар, што яму заўгодна; вось я аддам і валоў на цэласпаленьне, і малацільныя прылады на дровы, і пшаніцу на прынашэньне; усё гэта аддаю дарам.
 
Сказаў затым Арнан Давіду: «Вазьмі ды хай робіць гаспадар мой, цар, што яму падабаецца; але і валоў даю на цэласпаленні, і матавілы на дровы, дый пшаніцу на ахвяру з ежы; усё гэта ахвотна даю».

І сказаў цар Давід Орну: не, я хачу купіць у цябе за сапраўдную цану, бо ня буду прыносіць я тваёй уласнасьці Госпаду, і ня буду прыносіць на цэласпаленьне ўзятае дарам.
 
І сказаў яму цар Давід: «Ніякім чынам, але я дам, колькі каштуе, срэбрам; мне нельга браць ад цябе ды так ускладаць Госпаду ахвяры цэласпалення, узятыя задарма».

І даў Давід Орну за гэта месца шасьцьсот сікляў золата.
 
Дык даў Давід Арнану за поле шэсцьсот сікляў найчысцейшага золата,

І спарудзіў там Давід ахвярнік Госпаду і ўзьнёс цэласпаленьні і мірныя ахвяры; і заклікаў Госпада, і Ён пачуў яго, паслаўшы агонь зь неба на ахвярнік цэласпаленьня.
 
і пабудаваў там ахвярнік Госпаду, і ўсклаў ахвяры цэласпалення і мірныя ахвяры, і прызваў Госпада. І выслухаў яго, спаслаўшы агонь з неба на ахвярнік цэласпалення,

І сказаў Гасподзь анёлу: вярні меч твой у похвы яго.
 
і загадаў Госпад анёлу схаваць меч свой у ножны.

У гэты час Давід, бачачы, што Гасподзь пачуў яго на гумне Орны Евусэяніна, прынёс там ахвяру.
 
Такім чынам, у той час Давід, бачачы, што Госпад выслухаў яго на таку Арнана Евусея, усклаў там ахвяры.

А скінія Гасподняя, якую зрабіў Майсей у пустыні, і ахвярнік цэласпаленьня былі ў той час на вышыні ў Гаваоне.
 
Палатка ж Госпадава, якую Майсей пабудаваў у пустыні, і ахвярнік цэласпалення, былі тады на ўзвышшы ў Габаоне;

І ня мог Давід пайсьці туды, каб ісьціць Бога, бо напалоханы быў мечам анёла Гасподняга.
 
і Давід не адважыўся туды ісці, каб там памаліцца Богу; бо быў надта напалоханы, бачачы меч анёла Госпадава.