1 летапісаў 11 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І сабраліся ўсе Ізраільцяне да Давіда ў Хэўрон і сказалі: вось, мы костка твая і плоць твая;
 
Дык сабраліся ўсе ізраэльцы да Давіда ў Геброне і сказалі: «Мы ёсць косць твая і цела тваё.

і ўчора і заўчора, калі яшчэ Саўл быў царом, ты выводзіў і ўводзіў Ізраіля, і Гасподзь Бог твой сказаў табе: ты будзеш пасьвіць народ Мой Ізраіля і ты будзеш правадыр народу Майго Ізраіля.
 
Ты таксама ўчора і пазаўчора, калі яшчэ Саўл цараваў, быў тым, хто выводзіў Ізраэль і прыводзіў; бо табе сказаў Госпад, Бог твой: “Ты будзеш пасвіць мой народ ізраэльскі ды ты будзеш кіраўніком над ім”».

І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраілевыя да цара ў Хэўрон, і заключыў зь імі Давід запавет у Хэўроне перад абліччам Гасподнім: і яны памазалі Давіда ў цара над Ізраілем, па слове Гасподнім, праз Самуіла.
 
Такім чынам, прыбылі да цара ў Геброн усе старэйшыны Ізраэля, і Давід заключыў з імі запавет у Геброне перад Госпадам; і намасцілі яго на цара над Ізраэлем паводле слова Госпадавага, якое сказаў праз Самуэля.

І пайшоў Давід і ўвесь Ізраіль да Ерусаліма, гэта значыць, да Евуса. А там былі Евусэі, жыхары той зямлі.
 
Таксама пайшоў Давід з усім Ізраэлем на Ерузалім, званы Евус, бо жыхары тое зямлі былі евусеі.

І сказалі жыхары Евуса Давіду: ня ўвойдзеш сюды. Але Давід узяў крэпасьць Сіён: гэта — горад Давідаў.
 
І тыя, што жылі ў Евусе, сказалі Давіду: «Не ўвойдзеш сюды». Аднак Давід здабыў крэпасць Сіён, гэта значыць Горад Давідаў,

І сказаў Давід: хто першы за ўсіх паб’е Евусэяў, той будзе галавою і ваенным начальнікам. І ўзышоў самы першы Ёаў, сын Саруі, і зрабіўся ўзначальцам.
 
і сказаў: «Хто першы з усіх паразіць евусеяў, той будзе кіраўніком і князем». Дык выступіў першым Ёаб, сын Сэруі, і стаў кіраўніком.

Давід жыў у той крэпасьці, таму і называлі яе горадам Давідавым.
 
А Давід абжыўся ў крэпасці, і ад таго была названа Горадам Давіда.

І ён забудаваў горад навакол, ад Міло, усю ваколіцу, а Ёаў аднавіў астатні горад.
 
І пабудаваў ён горад навокал ад Мэло аж да ваколіц; Ёаб жа аднавіў астатак горада.

І меў посьпех Давід, і ўзвышаўся больш і больш, і Гасподзь Саваоф быў зь ім.
 
І Давід станавіўся штораз мацнейшым, і Госпад Магуццяў быў з ім.

Вось галоўныя мацакі ў Давіда, якія многа супрацоўнічалі зь ім у царстве ягоным, разам з усім Ізраілем, каб паставіць яго царом, па слове Гасподнім, над Ізраілем,
 
Гэта кіраўнікі адважных ваяроў Давіда, якія дапамаглі яму, каб ён стаў царом над усім Ізраэлем па слове Госпада, якое Ён сказаў Ізраэлю;

і вось лік мацакоў, якія былі ў Давіда: Есваал, сын Ахамані, галоўны з трыццаці: ён падняў дзіду сваю на трыста чалавек і пабіў іх за адзін раз.
 
і такі лік храбрых Давіда: Есбаал, сын Гахамона, сын Гахаманітаў кіраўнік ваяроў з трыццаці; ён падняў дзіду сваю на трыста чалавек, якіх паразіў адным махам.

Пасьля яго Элеазар, сын Дадо Ахахэяніна, адзін з трох мацакоў:
 
І па ім Элеязэр, сын Дадо Агагіта, які быў між трох асілкаў;

ён быў з Давідам у Фасдаміме, куды Філістымляне сабраліся на вайну. Там частка поля была засеяна ячменем, і народ пабег ад Філістымлянаў;
 
быў ён з Давідам у Афэсдаміме, калі там філістынцы падрыхтаваліся да бою. А быў у той мясцовасці палетак, поўны ячменю, і людзі паўцякалі перад філістынцамі.

але яны сталі сярод поля, убераглі яго і пабілі Філістымлянаў. І дараваў Гасподзь выратаваньне вялікае!
 
Ён застаўся на сярэдзіне палетка і абараніў яго; і калі пабіў філістынцаў, Госпад даў свайму народу вялікае збаўленне.

Трое гэтых галоўных з трыццаці правадыроў падняліся на скалу да Давіда, у пячору Адалам, калі табар Філістымлянаў быў разьмешчаны ў даліне Рэфаімавай.
 
А трое з трыццаці сышлі да скалы, у якой быў Давід, да пячоры Адалам, у той час, калі філістынцы расклаліся лагерам у лагчыне Рэфаім.

Давід тады быў ва ўмацаваным месцы, а ахоўнае войска Філістымлянаў было тады ў Віфляеме.
 
Тады Давід быў у крэпасці, і філістынцы стаялі ў Бэтлехэме;

І моцна захацелася піць Давіду, і ён сказаў: хто напоіць мяне вадою з калодзежа Віфляемскага, што каля брамы?
 
а Давід адчуваў смагу і сказаў: «О, хто б даў мне вады напіцца са студні, што ў Бэтлехэме каля брамы!»

Тады гэтыя трое прабіліся праз табар Філістымскі і зачарпнулі вады з калодзежа Віфляемскага, што каля брамы, і ўзялі, і прынесьлі Давіду. Але Давід не захацеў піць яе і выліў яе ў славу Госпада,
 
Такім чынам, яны ўтрох прабраліся праз лагер філістынцаў і зачэрпнулі вады са студні ў Бэтлехэме, што каля брамы, і прынеслі Давіду напіцца. Давід не захацеў яе піць, але выліў яе ў ахвяру Госпаду,

і сказаў: аслані мяне Гасподзь, каб я зрабіў гэта! Ці ж буду я піць кроў мужоў гэтых, якія клалі душы свае? Бо зь небясьпекай свайму жыцьцю яны прынесьлі ваду. І не захацеў піць яе. Вось што зрабілі гэтыя тры мацакі.
 
кажучы: «Сцеражы мяне, Божа мой, каб я гэтак паступіў і піў кроў мужоў гэтых, бо праз небяспеку для жыцця свайго прынеслі мне ваду». І дзеля гэтае прычыны адмовіўся піць. Гэта выканалі трое наймацнейшых.

І Авэса, брат Ёава, быў галоўны з трох: ён забіў дзідай сваёй трыста чалавек, і быў у славе ў тых трох.
 
Таксама брат Ёаба Абісай; ён быў кіраўніком трыццаці і ён падняў дзіду сваю супраць трохсот, якіх пазабіваў, і ён з гэтых трох праславіўся,

З трох ён быў самы знакаміты і быў начальнікам; але з тымі трыма не раўняўся.
 
паміж трыццаці ён у два разы праславіўся і быў іх кіраўніком; але з тымі трыма не параўняўся.

Ванэя, сын Ёдая, мужа адважнага, вялікі па дзеях, з Каўцэпла: ён пабіў двух сыноў Арыіла Маавіцкага; ён жа сышоў і забіў ільва ў рове, у сьнежны час;
 
Баная, сын Ёяды, чалавек найдужэйшы, які многа подзвігаў зрабіў, родам з Кабсээля; ён забіў двух сыноў Арыэля з Мааба, ён таксама спусціўся і забіў ільва ў сярэдзіне вадаёма ў час завірухі.

ён жа забіў Егіпцяніна, чалавека ростам у пяць локцяў: у руцэ ў Егіпцяніна была дзіда, як навой у ткачоў, а ён падышоў да яго з кіем і, вырваўшы дзіду з рукі Егіпцяніна, забіў ягонай жа дзідай:
 
І ён забіў егіпцяніна, які быў ростам пяць локцяў і трымаў у руцэ дзіду, як навой кроснавы; падышоў ён да яго з палкай і схапіў дзіду, якую ён трымаў рукой, і забіў яго яго ўласнай дзідай.

вось, што зрабіў Ванэя, сын Ёдая, і ён быў у славе ў тых трох мацакоў;
 
Гэта зрабіў Баная, сын Ёяды, праслаўлены між трох асілкаў,

ён быў больш знакаміты за тых трыццацёх, але з трыма не раўняўся, і Давід паставіў яго бліжэйшым выканаўцам сваіх загадаў.
 
між трыццаці — першы; хоць з трыма не параўняўся, аднак паставіў яго Давід над сваімі ахоўнікамі.

А галоўныя з воінаў: Асаіл, брат Ёава: Элханан, сын Дадо, зь Віфляема;
 
Далей самыя мужныя ў войску: Асаэль, брат Ёаба, і Эльханан, сын Дадо, з Бэтлехэма.

Шама Гарадыцянін; Хэрэц Пэланіцянін;
 
Сама Харадзіт, Эліка Харадзіт, Гэлес Палаціт,

Іра, сын Ікеша, Тэкаіцянін; Эвіезэр Анатацянін;
 
Хіра, сын Акеса, Тэкуіта, Абіязэр Анатаціт,

Сіўхай Хушацянін; Ілай Ахахіянін.
 
Сабахай Гусаціт, Ілай Агагіт,

Магарай Нэтафатыцянін; Хэлэд, сын Вааны, Хэтафацянін;
 
Магарай нэтафатыт, Хэлед, сын Бааны нэтафатыта,

Ітай; сын Рыбая, зь Гівы Веньямінавай: Ванэя Піратанянін:
 
Ітай, сын Рэбая з Габы сыноў Бэньяміна, Баная Паратаніт,

Хурай з Нагалэ-Гааша; Авіел з Аравы;
 
Гэдай з ручаёў Гааса, Абіэль Арбаціт,

Азмавэт Бахаруміянін; Эліяхба Шаалбанянін.
 
Азмавет Бахурыміт, Эліяба Саалбаніт,

Сыны Гашэма Гізаніцяніна: Ёнатан, сын Шаге, Гарарыцянін;
 
Асэм Гэзаніт, Ёнатан, сын Самы, Арарыт,

Ахіям, сын Сахара, Гарарыцянін; Эліфал, сын Уры;
 
Агіям, сын Сахара, Арарыта, Эліпал, сын Ура,

Хэфэр з Махэры; Ахія Пэланіцянін;
 
Хэфэр Мэхараціт, Ахія Паланіт,

Хэцрой Кармэліцянін; Наарай, сын Эзбая;
 
Гэсра Кармэліт, Наарай, сын Азбая,

Ёіл, брат Натана; Міўхар, сын Гагрыя;
 
Ёэль брат Натана, Мібагар, сын Агарая,

Цэлэк Аманіцянін; Нахарай Бэрацянін, збраяносец Ёава, сына Саруі;
 
Сэлек Аманеец, Нагарай Бэраціт, збраяносец Ёаба, сына Сэруі.

Іра Ітрыянін; Гарэб Ерыянін;
 
Хіра Ятрэй, Гарэб Ятрэй,

Урыя Хэтэянін;
 
Урыя Хетэй, Забад, сын Агалая,

Адына, сын Шызы, Рувімлянін, узначалец Рувімлянаў, і ў яго, было трыццаць;
 
Адзіна, сын Сізы Рубэніта, кіраўнік Рубэнітаў, і з ім трыццаць.

Ханан, сын Маахі; Ёсафат Мітніянін;
 
Ханан, сын Маахі, і Язафат Матаніт,

Узія Аштэрацянін; Шама Еэл, сыны Хатама Араэраніна;
 
Озія Астараціт, Сама і Егіэль, сыны Гатама Араэрыта.

Едэяэл, сын Шымрыя, і Ёха, брат ягоны, Тыціянін;
 
Ядзігэль, сын Сэмры, і Ёга, брат яго, Тасаіты.

Эліел з Махавіма, і Ерывай і Ёшавія, сыны Элнаама, і Ітма, Маавіцянін;
 
Эліэль Магуміт і Ерыбай, і Ёсая, сыны Эльнэма, і Етма, Маабіт.

Эліел, Авэд і Ясіел з Мэцаваі.
 
Эліэль, і Абэд, і Ясіэль з Собы.