1 летапісаў 24 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І вось разьмеркаваньні сыноў Ааронавых: сыны Аарона: Надаў, Авіюд, Элеазар і Ітамар.
 
Што да сыноў Аарона — такі іх падзел. Сыны Аарона: Надаб, і Абігу, і Элеязэр, і Ітамар.

Надаў і Авіуд памерлі раней за бацьку свайго, а сыноў ня было ў іх, і таму сьвятарылі Элеазар і Ітамар.
 
А Надаб і Абігу памерлі перад сваім бацькам ды не мелі сыноў; святарства спаўнялі Элеязэр і Ітамар.

І разьмеркаваў іх Давід — Садока з сыноў Элеазара, і Ахімэлэха з сыноў Ітамара, па чарзе на службу іх.
 
І падзяліў іх Давід: сыноў Элеязэра — з Садокам і сыноў Ітамара — з Ахімелехам адпаведна іх чарзе і службе.

І знайшлося, што паміж сынамі Элеазара ўзначальцаў пакаленьняў больш, чым паміж сынамі Ітамара. І ён разьмеркаваў іх так: з сыноў Элеазара шаснаццаць узначальцаў сямействаў, а з сыноў Ітамара восем.
 
І выявілася, што сыноў Элеязэра было намнога больш, чым сыноў Ітамара, дык ён выбраў з іх, гэта значыць з сыноў Элеязэра, шаснаццаць кіраўнікоў родаў, і па родах сыноў Ітамара і сем’ях іх — восем кіраўнікоў родаў.

А разьмяркоўваць іх па жэрабях, бо галоўнымі ў сьвятыні і галоўнымі прад Богам былі з сыноў Элеазара і з сыноў Ітамара,
 
Затым ён падзяліў абодва роды між сабою жэрабем; таму што было пароўну адных і другіх; і каб кіраўнікі святыні і кіраўнікі Божыя былі як з сыноў Элеязэра, так і з сыноў Ітамара.

і запісваў іх Шэмая, сын Натанаіла, пісец зь лявітаў, перад абліччам цара і князёў і перад сьвятаром Садокам і Ахімэлэхам, сынам Авіятара, і перад узначальцамі сямействаў сьвятарскіх і лявіцкіх: бралі пры кіданьні жэрабя адно сямейства з роду Элеазаравага, потым бралі з роду Ітамаравага.
 
І Сямэя, сын Натанаэля, пісар паміж левітаў, перапісаў іх перад царом, і кіраўнікоў, і святара Садока, і Ахімэлеха, сына Абіятара, кіраўнікоў родаў святарскіх і левітаў: адзін род за Элеязэра, і другі — за Ітамара.

І выйшла першае жэрабя Егаярыву, другое Едаі,
 
А першае жэрабя выпала на Ёярыба, другое — на Ядаю,

трэцяе Харыму, чацьвёртае Сэарыму,
 
трэцяе — на Гарыма, чацвёртае — на Сэарыма,

пятае Малхію, шостае Міяміну,
 
пятае — на Мэльхію, шостае — на Міяміна,

сёмае Гакоцу, восьмае Авію,
 
сёмае — на Акоса, восьмае — на Абію,

дзявятае Ешую, дзясятае Шэханію,
 
дзевятае — на Ешуа, дзесятае — на Сахэнію,

адзінаццатае Эліяшыву, дванаццатае Якіму,
 
адзінаццатае — на Эліясіба, дванаццатае — на Якіма,

трынаццатае Хушаю, чатырнаццатае Ешававу,
 
трынаццатае — на Гопфу, чатырнаццатае — на Ісбааба,

пятнаццатае Вілгу, шаснаццатае Імэру,
 
пятнаццатае — на Бэльгу, шаснаццатае — на Эмэра,

сямнаццатае Хэзіру, васямнаццатае Гапіцэцу,
 
семнаццатае — на Гэзіра, васемнаццатае — на Апсу,

дзевятнаццатае Пэтахіі, дваццатае Езэкіілю,
 
дзевятнаццатае — на Пэтагію, дваццатае — на Гэзэхіэля,

дваццаць першае Яхіну, дваццаць другое Гамулу,
 
дваццаць першае — на Яхіна, дваццаць другое — на Гамула,

дваццаць трэцяе Дэлаю, дваццаць чацьвёртае Маазію.
 
дваццаць трэцяе — на Далаява, дваццаць чацвёртае — на Маазіява.

Вось парадак іх пры служэньні іх, як ім прыходзіць у дом Гасподні, па статуце іх праз Аарона бацьку іхняга, як наказваў яму Гасподзь Бог Ізраілеў.
 
Такая была іх чарга, калі прыходзілі ў дом Госпадаў на сваю службу, і па рытуале сваім, і па распараджэнню Аарона, бацькі іх, і па загадзе Госпада, Бога Ізраэля.

У астатніх сыноў Лявія — разьмеркаваньне: з сыноў Амрама: Шуваіл; з сыноў Шуваіла: Едыя;
 
Затым той, хто застаўся з сыноў Леві: з сыноў Амрама: Субаэль, і з сыноў Субаэля — Ягэдэя.

ад Рэхавіі: з сыноў Рэхавіі Ішыя быў першы;
 
Таксама з сыноў Рагобіі — кіраўнік Ясія.

ад Іцгара: Шэламот; з сыноў Шэламота: Яхаў;
 
А з Ісаарытаў — Саламот; з сыноў Саламота— Ягат.

з сыноў Хэўрона: першы Ерыя, другі Амарыя, трэці Яхазііл, чацьвёрты Екамам.
 
З Гэбранітаў: Ерыяў, Амарыя — другі, Яхазіэль — трэці, Екмаам — чацвёрты.

З сыноў Азііла: Міха; з сыноў Міхі: Шамір.
 
Сын Азіэля — Міха; з сыноў Міхі — Самір;

Брат Міхі Ішыя; з сыноў Ішыі: Захарыя.
 
брат Міхі — Ясія; з сыноў Ясіі — Захарыя.

Сыны Мэрары: Махлі і Мушы; з сыноў Яазіі: Бэна.
 
Сыны Мэрары: Махалі і Мусі. Сыны яго: Язіяў і Бані.

З сыноў Мэрары ў Яазіі: Бэна і Шаагам, і Закур і Іўры.
 
Сын Мэрары: з яго сына Язіява: Саам, і Закхур, і Гебры.

У Махлія — Элеазар; у яго сыноў ня было.
 
Затым з Махалі: сын Элеязэр, які не меў дзяцей.

У Кіса: з сыноў Кіса: Ерахмііл;
 
А сын Кіса — Ерамээль;

сыны Мушыя: Махлі, Эдэр і Ерымот. Вось сыны лявітаў па пакаленьнях іх.
 
сыны Мусі: Махалі, Эдэр і Ярмут. Гэта сыны Леві паводле іх родаў.

Кідалі і яны жэрабя, нароўні з братамі сваімі, сынамі Ааронавымі, перад абліччам цара Давіда і Садока і Ахімэлэха, і ўзначальцаў сямействаў сьвятарскіх і лявіцкіх: галава сямейства нароўні зь меншым братам сваім.
 
Таксама і яны кідалі жэрабя, як і браты яго, сыны Аарона, перад абліччам цара Давіда і Садока ды Ахімэлеха, і кіраўнікоў родаў святарскіх і левіцкіх, як большыя, так і меншыя: жэрабя ўсіх роўна дзяліла.