1 летапісаў 29 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І сказаў цар Давід усяму сходу: Саламоне, сыне мой, якога аднаго выбраў Бог, малады і слабасілы, а дзея гэтая вялікая, бо не чалавеку будова гэтая, а Госпаду Богу.
 
І прамовіў цар Давід да ўсяго сходу: «Саламона, сына майго, адзінага выбраў Госпад — яшчэ маладога і кволага, — а справа важная: бо не для чалавека рыхтуецца жытло, але для Госпада Бога.

Усімі сіламі сваімі я нарыхтаваў на дом Бога майго золата на залатыя рэчы і срэбра на срэбраныя, і медзь на медныя, жалеза на жалезныя, і драўніну на драўляныя, камяні анікса і камяні ўстаўныя, камяні прыгожыя, і ўсялякія дарагія камяні, і мноства мармуру;
 
Я ж па магчымасцях усіх сваіх прыгатаваў матэрыял для дома Бога майго: золата на пасудзіны залатыя, і срэбра на срэбраныя, медзь — на медныя, жалеза — на жалезныя, дрэва — на драўляныя, камяні оніксавыя і камяні ўкладныя, цвёрды цэмент ды камяні розных колераў, і ўсякі каштоўны камень, і вельмі шмат мармуру пароскага.

і яшчэ па любові маёй да дома Бога майго, ёсьць у мяне скарб уласны з золата і срэбра, і яго я аддаю на дом Бога майго, звыш усяго, што нарыхтаваў я на сьвяты дом:
 
І звыш таго, з любові да дома Бога майго, аддаю з маёмасці маёй на дом Бога майго золата і срэбра, за выключэннем таго, што ўжо прыгатаваў на дом святы:

тры тысячы талантаў золата, золата Афірскага, і сем тысяч талантаў срэбра чыстага, на абкладку сьцен у дамах,
 
тры тысячы талентаў золата з золата Афіра, сем тысяч талентаў срэбра найлепшага на пакрыццё сцен святыні;

на кожную з залатых рэчаў, і на кожную з срэбраных, і на ўсякі выраб рук умельскіх. Ці не парупіцца хто яшчэ сёньня ахвяраваць Госпаду?
 
і дзе будзе патрэба: золата на прадметы залатыя, і дзе будзе патрэба: срэбра на прадметы срэбраныя і на ўсялякія ручныя вырабы мастакоў; і калі хто з вас мае ахвоту ўскласці ахвяру, хай напоўніць руку сваю сёння ды ахвяруе, што жадае, Госпаду».

І пачалі ахвяраваць начальнікі сямействаў і начальнікі плямёнаў Ізраілевых, і начальнікі тысяч і сотняў, і начальнікі над маёмасьцю цара.
 
Так добраахвотна ўсклалі ахвяру кіраўнікі родаў, і кіраўнікі пакаленняў Ізраэля, таксама тысячнікі і сотнікі, і загадчыкі работ царскіх;

І далі на ўладкаваньне дома Божага пяць тысяч талантаў і дзесяць тысяч драхмаў золата, і срэбра дзесяць тысяч талантаў, і медзі, і жалеза сто тысяч талантаў.
 
і далі яны на пабудову дома Божага: золата — пяць тысяч талентаў і дзесяць тысяч салідаў золата; срэбра дзесяць тысяч талентаў; і медзі — васемнаццаць тысяч талентаў; таксама жалеза — сто тысяч талентаў.

І ў каго знайшліся дарагія камяні, тыя аддавалі і іх у скарбніцу дома Гасподняга, на рукі Ехіілу Герсаніцяніну.
 
І ў каго знайшліся дарагія камяні, то аддалі іх у скарбоўню дома Госпадава на рукі Ягіэля Гэрсаніта.

І радаваўся народ руплівасьці іх, бо яны ад усяго сэрца ахвяравалі Госпаду, таксама і цар Давід вельмі радаваўся.
 
Дык цешыўся народ дзеля ахвотнага сэрца тых, што ўсім сэрцам ускладалі ахвяру Госпаду; але і Давід цар быў перапоўнены вялікаю радасцю.

І дабраславіў Давід Госпада перад усім сходам, і сказаў Давід: дабраславёны Ты, Гасподзь Бог Ізраіля, бацькі нашага, ад веку і да веку!
 
І дабраславіў Госпада перад усёй супольнасцю, кажучы: «Дабраславёны Ты, Госпадзе, Божа Ізраэля, бацькі нашага, спакон вякоў.

Твая, Госпадзе, веліч, і магутнасьць, і слава, і перамога, і цудоўнасьць, і ўсё, што на небе і на зямлі, Тваё; Тваё, Госпадзе, царства, і Ты найвышэй за ўсё, як Уладаны.
 
Твая, Госпадзе, веліч і магутнасць, слава, хвала і хараство. Усё бо, што ў небе і што на зямлі, — Тваё ёсць. Тваё, Госпадзе, валадарства, і Ты, як Галава, узносішся над усім.

І багацьце і слава ад аблічча Твайго, і ты валадарыш над усім, і ў руцэ Тваёй сіла і магутнасьць, і ва ўсёй уладзе Тваёй узьвялічыць і ўмацаваць усё.
 
Ад Цябе багацце і слава, Ты валадарыш над усім. У руцэ Тваёй моц і магутнасць, Рукою Сваёю ўзвышаеш і ўмацоўваеш усё.

І цяпер, Божа наш, мы славасловім Цябе і хвалім велічнае імя Тваё.
 
Дык цяпер, Божа наш, дзякуем Табе і славім праслаўленае імя Тваё.

Бо хто я і хто народ мой, што мы мелі змогу так ахвяраваць? А ад Цябе ўсё, і ад рукі Тваёй атрыманае мы аддалі Табе,
 
Хто я, хто народ мой, каб маглі мы Табе ўсё гэта скласці ў ахвяру? Тваё ўсё гэта і тое, што з рукі Тваёй мы атрымалі, аддалі Табе.

бо староньнія мы прад Табою і прыхадні, як і ўсе бацькі нашыя, як цень дні нашыя на зямлі, і няма нічога моцнага.
 
Пілігрымы мы перад Табою і чужынцы, як былі ўсе бацькі нашыя; дні нашыя, як цень над зямлёю, і няма надзеі.

Госпадзе Божа наш! усё гэта мноства, якога нарыхтавалі мы на будову дома Табе, сьвятому імю Твайму, ад рукі Тваёй яно, і ўсё Тваё.
 
Госпадзе, Божа наш, усё гэта багацце, якое мы прыгатавалі, каб пабудаваць дом святому імю Твайму, — з рукі Тваёй і Тваё ёсць усё.

Ведаю, Божа, што Ты выпрабоўваеш сэрца і любіш шчырасьць сэрца; я ад чыстага сэрца майго ахвяраваў усё гэта, і цяпер бачу, што і народ Твой, і ўсе, хто тут, з радасьцю ахвяруюць Табе.
 
Ведаю, Божа мой, што Ты выпрабоўваеш сэрцы і любіш шчырасць; таму і я ў шчырасці сэрца свайго радасна ахвяраваў усё гэта, і народ Твой, які тут прысутнічае, як я бачыў, з вялікаю радасцю, ахвотна, ускладаў Табе дары.

Госпадзе, Божа Абрагама, Ісака і Ізраіля, бацькоў нашых! захавай гэта навек, гэтую прыхільнасьць думак сэрца народу Твайго, і накіруй сэрца іхняе да Цябе.
 
О Госпадзе, Божа Абрагама, і Ізаака, і Ізраэля, бацькоў нашых, захавай навек гэтую волю сэрца іх; і хай заўсёды сэрца іх ставіцца да Цябе з пашанаю.

А Саламону, сыну майму, дай сэрца правільнае, каб захоўваць запаведзі Твае, адкрыцьці Твае і пастановы Твае, і выканаць усё гэта і пабудаваць дом, дзеля якога я зрабіў прыгатаваньне.
 
Саламону ж, сыну майму, дай таксама сэрца дасканалае, каб захоўваў прыказанні Твае, сведчанні Твае і законнасць Тваю, і хай зробіць усё і пабудуе святыню, на якую я ўсё прыгатаваў».

І сказаў Давід усяму сходу: дабраславеце Госпада Бога нашага. І дабраславіў увесь сход Госпада Бога бацькоў сваіх, і ўпаў, і пакланіўся Госпаду і цару.
 
І Давід загадаў усёй супольнасці: «Дабраславіце Госпада, Бога вашага!» І дабраславіла ўся супольнасць Госпада, Бога бацькоў сваіх; і пакланіліся, і аддалі паклон Госпаду і пасля цару.

І прынесьлі Госпаду ахвяры, і ўзьнесьлі цэласпаленьні Госпаду, на другі пасьля гэтага дзень: тысячу цялят, тысячу бараноў, тысячу ягнят зь іх паліваньнямі, і мноства ахвяр ад усяго Ізраіля.
 
І ў наступны дзень склалі ахвяры Госпаду і ахвяравалі цэласпаленні: тысячу быкоў, тысячу бараноў ды тысячу ягнят разам з іх ахвярамі вадкімі ды найбагацейшымі ахвярамі за ўвесь Ізраэль.

І елі і пілі перад Госпадам у той дзень, зь вялікаю радасьцю; і другі раз уцаравалі Саламона, сына Давідавага, і памазалі перад Госпадам у кіраўніка вярхоўнага, а Садока ў сьвятара.
 
Ды елі і пілі перад Госпадам у той дзень з вялікаю радасцю; і ў другі раз абвясцілі царом Саламона, сына Давіда, дый намасцілі яго ў імя Госпада валадаром, і Садока — першасвятаром.

І сеў Саламон на троне Гасподнім, як цар, замест Давіда, бацькі свайго, і меў посьпех, і ўвесь Ізраіль упакорыўся яму.
 
І Саламон сеў на пасадзе Госпада, каб быць царом замест Давіда, бацькі свайго, і шчаслівілася яму, і ўвесь Ізраэль быў яму паслухмяны.

І ўсе начальнікі і адважнікі, таксама і ўсе сыны цара Давіда падпарадкаваліся Саламону цару.
 
Ды ўсе князі, і асілкі, і сыны цара Давіда падпарадкаваліся цару Саламону.

І ўзьвялічыў Гасподзь Саламона перад вачыма ўсяго Ізраіля, і дараваў яму славу царства, якой ня меў да яго ніводзін цар у Ізраіля.
 
Так Госпад узвялічыў Саламона ў вачах усяго Ізраэля і даў яму славу царскую, якой не меў перад ім ніводзін цар Ізраэля.

І Давід, сын Есэеў, цараваў над усім Ізраілем.
 
Гэтак Давід, сын Ясэя, быў царом усяго Ізраэля.

Часу цараваньня яго над Ізраілем было сорак гадоў: у Хэўроне цараваў ён сем гадоў, і ў Ерусаліме цараваў трыццаць тры гады.
 
І час царавання над Ізраэлем — сорак гадоў: у Геброне цараваў сем гадоў, і ў Ерузаліме — трыццаць тры.

І памёр у добрай старасьці, насычаны жыцьцём, багацьцем і славаю, і зацараваў Саламон, сын ягоны, замест яго.
 
І памёр у добрай старасці, у поўні дзён, і ў багацці, і ў славе, і па ім цараваў сын яго — Саламон.

Дзеі цара Давіда, першыя і апошнія, апісаны ў запісах Самуіла празорліўца і ў запісах Натана прарока і ў запісах Гада празорліўца,
 
Дзеянні ж цара Давіда, першыя і апошнія, былі апісаны ў Кнізе Самуэля Прадракальніка ды ў Кнізе Натана Прарока і ў Кнізе Гада Прадракальніка,

як роўна і ўсё цараваньне ягонае, і мужнасьць ягоная, і здарэньні, якія былі зь ім і зь Ізраілем, і з усімі зямнымі царствамі.
 
і ўсё цараванне яго, і магутнасць, і час, што прайшоў пад яго ўладаю, і ва ўсіх царствах зямлі.