1 летапісаў 16 разьдзел
Першая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
І прынесьлі каўчэг Божы, і паставілі яго сярод скініі, якую зладзіў яму Давід, і ўзьнесьлі Богу цэласпаленьні і мірныя ахвяры.
Дык перанеслі каўчэг Божы і памясцілі яго ў сярэдзіне палаткі, якую расцягнуў для яго Давід, і ўсклалі цэласпаленні і ахвяры прымірэння перад Богам.
Калі Давід закончыў цэласпаленьні і прынашэньне мірных ахвяр, дык дабраславіў народ імем Госпада.
І калі Давід скончыў складанне цэласпаленняў ды ахвяры прымірэння, дабраславіў ён народ у імя Госпада.
І раздаў усім Ізраільцянам, і мужчынам і жанчынам, па адным хлебе і па кавалку мяса і па кубку віна,
Затым надзяліў кожнага ізраэльца ад мужчыны да жанчыны боханам хлеба, і ляпёшкай фінікаў, і фігамі.
і паставіў на службу перад каўчэгам Гасподнім некаторых зь лявітаў, каб яны славасловілі, дзякавалі і ўсхвалялі Госпада Бога Ізраілевага:
І ён устанавіў перад каўчэгам Госпадавым паслугачоў з левітаў, каб памяталі аб абавязках перад Ім, і славілі, і ўсхвалялі Госпада, Бога Ізраэля:
Асафа галоўным, другім пасьля яго Захара, Еела, Шэмірамофа, Ехііла, Мататыю, Эліяфа, і Ванэю, Авэд-Эдома і Еела з псалтырамі і цытрамі, і Асафа для ігры на кімвалах,
Асафа, кіраўніка, і намесніка яго Захарыю, далей Егіэля, і Сэмірамота, і Егіэля, і Матацію, і Эліяба, і Банаю, і Абэдэдома, і Егіэля для ігры на псалтэрыёнах і цытрах, а Асафа, каб граў на цымбалах,
а Ванэю і Азііла, сьвятароў, каб пастаянна трубілі перад каўчэгам запавета Божага.
Банаю ж і Яхазіэля — святароў, каб трубілі ў трубы заўсёды перад каўчэгам запавету Божага.
У гэты дзень Давід першы раз даў псальму для ўсхваленьня Госпада праз Асафа і братоў ягоных:
У той дзень устанавіў Давід у першы раз, каб хвалілі Госпада праз Асафа ды яго братоў:
слаўце Госпада, узносьце імя Яго; абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя;
«Слаўце Госпада, прызывайце Яго імя, распавядайце між народамі Яго справы;
сьпявайце Яму, барабаньце Яму; раскажэце пра ўсе цуды Ягоныя;
спявайце Яму і спявайце псалмы і распавядайце пра ўсе Яго цуды.
хвалецеся імем Ягоным сьвятым: хай радуецца сэрца тых, што шукаюць Госпада;
Хваліце Яго святое імя, хай цешыцца сэрца тых, хто шукае Госпада.
знайдзеце Госпада і сілы Яго, шукайце няспынна аблічча Яго;
Шукайце Госпада і магутнасці Яго, аблічча Яго шукайце заўсёды.
спамінайце цуды, якія Ён стварыў, азнакі Яго і суды вуснаў Ягоных,
Памятайце пра цуды Яго, якія ўчыніў, аб знаках Яго і судах вуснаў Яго.
вы, семя Ізраілевае, рабы Ягоныя, сыны Якава, выбранцы Яго!
Нашчадкі Ізраэля — Яго паслугачы, сыны Якуба — выбраннікі Яго.
Ён Гасподзь Бог наш, суды Яго па ўсёй зямлі.
Ён, Госпад, Бог наш, Яго прысуды на ўсёй зямлі.
Памятайце вечна запавет Яго, слова, якое Ён наказаў ў тысячы родаў,
Памятайце пра Яго запавет вечна, пра Яго слова, якое загадаў на тысячу пакаленняў,
тое, што наказваў Абрагаму, і ў чым запрысягаўся Ісаку,
пра запавет, які заключыў з Абрагамам, і пра прысягу Яго Ізааку.
і што паставіў Якаву ў закон, і Ізраілю ў запавет вечны,
І ўстанавіў яго Якубу як закон, і Ізраэлю як Вечны Запавет,
кажучы: табе дам Я зямлю Ханаанскую, у спадчынны надзел вам.
кажучы: “Дам табе зямлю Ханаана, як долю вашай спадчыны”,
Яны былі тады малалікія і мізэрныя, і прыхадні ў ёй,
калі былі вы яшчэ нямногімі, нямногія і чужыя ў ёй.
і пераходзілі ад народу да народу, і з аднаго царства да другога народу;
І пераходзілі вы з пакалення ў пакаленне, ды ад царства — да другога народа.
але Ён нікому не дазволіў крыўдзіць іх і выкрываў за іх цароў:
І не дазволіў нікому крыўдзіць іх, але за іх караў цароў:
не дакранайцеся да памазаных Маіх, і прарокам Маім не рабеце ліха.
“Не кранайце маіх намашчэнцаў дый прарокам маім не рабіце зла”.
Сьпявайце Госпаду, уся зямля, дабравяшчайце дзень у дзень выратаваньне Яго.
Спявайце Госпаду, уся зямля, дзень пры дні абвяшчайце Яго збаўленне,
Абвяшчайце язычнікам славу Яго, усім народам цуды Ягоныя,
распавядайце між паганамі Яго славу, ва ўсіх народах Яго цуды.
бо вялікі Гасподзь і варты хвалы, страшны больш за ўсіх багоў.
Бо Госпад Магутны і вельмі слаўны і страшны для ўсіх багоў;
Бо ўсе багі народаў нішто, а Гасподзь нябёсы стварыў.
бо ўсе багі паганаў — нікчэмныя, Госпад жа нябёсы стварыў.
Слава і веліч перад абліччам Ягоным, магутнасьць і радасьць на месцы Ягоным.
Слава і веліч перад абліччам Яго, моц і радасць — у Яго месцы.
Узьнясеце Госпаду, плямёны народаў, узьнясеце Госпаду славу і гонар,
Аддавайце Госпаду, сем’і народаў, аддавайце Госпаду славу і ўладу;
узьнясеце Госпаду славу імю Ягонаму. Вазьмеце дар, ідзеце прад аблічча Яго, пакланецеся Госпаду і хараству сьвятыні Яго.
аддавайце Госпаду славу імю Яго, ускладайце ахвяру і прыходзьце перад аблічча Яго, і ў адзенні святочным пакланіцеся Госпаду.
Трымці перад ім, уся зямля, бо Ён запачаткаваў сусьвет, ён не пахісьнецца.
Хай уздрыгвае перад Ім уся зямля; Ён бо аснаваў свет непарушны.
Хай весяляцца нябёсы, хай радуецца зямля, і хай скажуць у народах: Гасподзь валадарыць!
Хай цешацца нябёсы і радуецца зямля і хай кажуць усе народы: “Госпад валадарыць!”
Хай плешча мора і што напаўняе яго, хай радуецца поле і ўсё, што на ім.
Хай шуміць мора і ўсё, што яго запаўняе, хай цешацца палі і ўсё, што на іх існуе,
Хай пераможна радуюцца ўсе дрэвы дуброўныя прад абліччам Госпада, бо Ён ідзе судзіць зямлю.
тады хай перад Госпадам славяць Яго дрэвы лясныя, Ён бо прыйшоў судзіць зямлю.
Слаўце Госпада, бо навечна міласьць Яго,
Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная Яго міласэрнасць.
і скажэце: выратуй, Божа, Выратавальнік наш! зьбяры нас і выбаві нас ад народаў, хай жа ўславім сьвятое імя Тваё і хай жа пахвалімся славаю Тваёю!
І кажыце: “Ратуй нас, Божа, Збаўца наш, і збяры нас, і вырві ад народаў, каб славілі мы святое імя Тваё і каб цешыліся песнямі Тваімі.
Дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў ад веку і да веку! І сказаў увесь народ: амін! алілуя!
Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, на векі вечныя”». Дый увесь народ сказаў: «Амін!» і «Слава Госпаду!»
Давід пакінуў там, перад каўчэгам запавета Гасподняга, Асафа і братоў ягоных, каб яны служылі перад каўчэгам пастаянна, кожны дзень,
Так пакінуў Давід там, перад каўчэгам запавету Госпада, Асафа і братоў яго, каб спаўнялі паслугу пастаянна перад каўчэгам па рытуале кожнага дня.
і Авэд-Эдома і братоў ягоных, шэсьцьдзясят восем чалавек; Авэд-Эдома, сына Ідытунавага, і Хосу — брамнікамі,
Потым Абэдэдома з шасцюдзесяццю васьмю яго братамі, і Абэдэдома, сына Ідытуна, ды Госу паставіў прыдзвернымі.
а Садока сьвятара і братоў сьвятароў перад жытлішчам Гасподнім, што на вышыні ў Гаваоне,
А святара Садока і братоў яго, святароў, паставіў перад скініяй Госпада на ўзгорку, што ў Габаоне,
для прынашэньня цэласпаленьняў Госпаду на ахвярніку цэласпаленьня пастаянна, раніцай і ўвечары, і дзеля ўсяго, што напісана ў законе Госпада, які Ён наказаў Ізраілю;
каб ускладалі Госпаду на ахвярніку цэласпаленні заўсёды: раніцай і вечарам, паводле ўсяго таго, што напісана ў законе Госпада, які паручыў Ізраэлю.
і зь імі Эмана і Ідытуна і іншых выбраных якія назначаны паіменна, каб славіць Госпада, бо вечная міласьць Ягоная.
І з імі былі Геман і Ідытун і астатнія выбраныя, па імю вызначаныя, каб дзякавалі Госпаду: «Бо навек міласэрнасць Яго».
Пры іх Эман і Ідытун праслаўлялі Бога, іграючы на трубах, кімвалах і розных музычных спарудах; а сыноў Ідытуна паставіў пры браме.
І з імі Геман і Ідытун славілі Бога, граючы на трубах, і ўдараючы моцна ў цымбалы і іншыя музычныя інструменты; сыноў жа Ідытуна паставіў прыдзвернымі.
І пайшоў увесь народ, кожны ў свой дом; вярнуўся і Давід, каб дабраславіць дом свой.
Затым вярнуўся ўвесь народ, кожны ў свой дом, і таксама Давід, каб дабраславіць свой дом.